Тэатар Эстоніі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Вытокі тэатральнага мастацтва Эстоніі адносяцца да глыбокай старажытнасьці. У рытуалах, абрадах, народных сьвятах і гульнях выкарыстоўваліся дыялёгі, элемэнты ігры, драматычнага дзейства, тэатральная відовішчнасьць.

Стварэньне прафэсыйнага нацыянальнага тэатра адбывалася ў другой палове 19 стагодзьдзя. У 1870—1872 гадах пры таварыстве «Ванэмуйнэ» ў Тарту пры садзеяньні пісьменьніцы Л. Койдулы пастаўлены яе п’есы «Стрыечны браток з Сарэма», «Гэтакі Мульк, або Сто пураў солі». У 1878—1903 гадах пад кіраўніцтвам А. Війры тут ставіліся музычныя спэктаклі, творы У. Шэкспіра, Мальера. У 1906—1914 гадах трупу ўзначальваў К. Менінг. Пастаўлены эстоснкія п’есы А. Кіцбэрга, Э. Вільдэ, О. Люца. З 1906 года ў Таліне пры таварыстве «Эстонія» наладжваліся паказы драматычных спэктакляў.

«Маленькі дом» тэатра «Ванэмуйнэ»

У 1920—1930-я гады працавалі тэатры: у Таліне«Эстонія», Драматычны тэатр, «Драма-студыя» (з 1937 года Эстонскі драматычны тэатар), Ранішні тэатар, Рабочы тэатар; у Тарту — «Ванэмуйнэ». Дзейнічалі тэатральныя калектывы ў Пярну, Вільяндзі, Нарве і інш.

Расейскі тэатар Эстоніі

У 1940 годзе створаны тэатр у Раквэрэ. У Таліне ў 1941 годзе адкрыты Музэй тэатра і музыкі, у арганізаваны Расейскі тэатар (1948), Эстонскі лялечны тэатр (1952), Дзяржаўны тэатар юнага гледача (1965). У пасьляваенны пэрыяд вялікае пашырэньне набыла драматургія А. Якабсана («Жыцьцё ў цытадэлі», «Барацьба бязь лініі фронту»), пастаўлены п’есы Р. Каўгвэра, А. Лійвеса, Э. Ранэта, Ю. Смула. Сярод найбольш значных спэктакляў: «Чалавек і бог» паводле эпапэі «Праўда і справядлівасьць» А. Тамсарэ, «Дзікі капітан» Смула, «Мужчынскія песьні» і «Жаночыя песьні» на аснове эстонскіх песень, «Антоній і Клеапатра» і «Карыялан» Шэкспіра, «Мілы лгун» Дж. Кілці, «Маці» паводле М. Горкага. Уклад у развіцьцё сцэнічнага мастацтва зрабілі рэжысэры К. Ірд, Э. Кайду, М. Міківэр, М. Панса, І. Тамур, Я. Тоамінг, Э. Хэрмакюла; рэжысэры і акторы А. Лаўтэр, П. Пыльдрас; акторы К. Карм, Л. Рума, А. Тальві, А. Эскала, Ю. Ярвэт і інш.

Эстонскі драматычны тэатар
Гарадзкі тэатар у Таліне

У Эстоніі дзейнічаюць тэатры: у Таліне — Эстонскі драматычны, Дзяржаўны лялечны, Расейскі тэатр Эстоніі, Гарадзкі, Тэатр-студыя Старога горада і інш.; у Тарту — «Ванэмуйнэ»; у Пярну — «Эндла»; у Вільяндзі — «Угала»; у Раквэрэ.

Дачыненьні зь Беларусьсю[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У тэатрах Эстоніі ставіліся беларускія п’есы: «Пяюць жаваранкі» (Раквэрэ), «Хто сьмяецца апошнім» (Талін, Пярну) К. Крапівы, «У ціхім завулку» А. Маўзона (Кохтла-Ярвэ), «Выбачайце, калі ласка!» (Талін, Пярну), «Лявоніха на арбіце» (Пярну) А. Макаёнка, «Радавыя» А. Дударава (Талін) і інш. Беларускія драматычныя калектывы ў час «Прыбалтыйскіх тэатральных вёсен» выступалі ў Таліне, эстонскія — у Менску. Беларускія і эстонскія тэатразнаўцы і крытыкі сумесна удзельнічалі ў навуковых канфэрэнцыях, абмеркаваньнях спэктакляў.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэатар Эстоніісховішча мультымэдыйных матэрыялаў