Экапаселішча

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Экапасе́лішча, экавё́ска — паселішча, створанае для арганізацыі экалягічна чыстае прасторы для жыцьця групы людзей. Зазвычай ягоныя насельнікі сыходзяць з канцэпцыі ўстойлівага разьвіцьця і арганізуюць харчаваньне за кошт арганічнае сельскае гаспадаркі. Адна з формаў ідэйнае грамады.

Прынцыпы парадкаваньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У розных экалягічных паселішчах сустракаюцца розныя экалягічныя (прыродаахоўныя) абмежаваньні і самаабмежаваньні вытворчасьці і звароту тавараў, выкарыстаньня тых або іншых матэрыялаў або тэхналёгіяў, ладу жыцьця[1]. У якасьці найбольш распаўсюджаных прыкладаў можна прывесьці:

  • Устойлівае земляробства — выкарыстаньне неспустошвальных тэхналёгіяў апрацоўкі зямлі (напрыклад, прынцыпы пэрмакультуры). Як правіла, бывае таксама забароненае выкарыстаньне пэстыцыдаў.
  • Устойлівае лесакарыстаньне і полікультурнае лесаўзнаўленьне — беражлівае выкарыстаньне лясоў і працы па высадцы розных пародаў дрэваў для фармаваньня ў лясох устойлівых экасыстэмаў, у адрозьненьне ад монакультурных пасадак (уразьлівых да хваробаў і шкоднікаў).
  • Мінімізацыя энергаспажываньня — дастаткова распаўсюджаная практыка, якая праяўляецца ў будаўніцтве энергаэфэктыўнага жытла, выкарыстаньні аднаўляльных крыніц энэргіі, мінімізацыі бытавога энергаспажываньня.
  • Неўжываньне алькагольных напояў, забарона на паленьне і выкарыстаньне абсцэннае лексыкі.
  • Сыстэмы натуральнага харчаваньня, напрыклад, вэгетарыянства, сыраедзтва, вэганства і да т. п. У асаблівых выпадках забарона ўжываньня мяса або вырошчваньня скаціны на мяса.
  • Большасьць жыхароў экапаселішчаў звычайна прытрымліваецца сыстэмаў здаровага ладу жыцьця, які ўключае ў сябе загартоўваньне, наведаньне лазьні, актыўную фізычную нагрузку, пазытыўны жыцьцёвы настрой.

Часта сустракаецца імкненьне да аўтаномнасьці й незалежнасьці ад паставак звонку, да пэўнага самазабесьпячэньня. У большасьці вясковых і прыгарадных экапаселішчаў іхнія жыхары імкнуцца самі вырошчваць для сябе экалягічна чыстыя прадукты харчаваньня, з выкарыстаньнем тэхналёгіяў арганічнае сельскае гаспадаркі. У некаторых (як правіла, буйных) экапаселішчах атрымоўваецца наладжваньне ўласнае вытворчасьці адзежы, абутку, посуду й іншых рэчаў, неабходных для жыхароў экапасяленьня і (або) таваразвароту са зьнешнім сьветам.

Шэраг экапаселішчаў выкарыстоўваюць аўтаномную дробную альтэрнатыўную энэргетыку.

Колькасьць людзей у экапаселішчах можа вар’явацца ў межах 50—150 жыхароў, паколькі ў гэтым выпадку, паводле зьвестак сацыялёгіі й антрапалёгіі, будзе забясьпечаная ўся неабходная для такага паселішча інфраструктура. Тым ня меней, могуць існаваць і буйныя экапаселішчы (да 2000 жыхароў).

Арганізацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жыхары экапасяленьня, як правіла, аб’яднаныя агульнымі экалягічнымі ці духоўнымі інтарэсамі. Шматлікія зь іх бачаць тэхнагенны лад жыцьця непрымальным, разбуральным для прыроды і прыводзячым да сусьветнай катастрофы. Як альтэрнатыву тэхнагенной цывілізацыі, яны прапануюць жыцьцё ў невялікіх паселішчах зь мінімальным уплывам на прыроду. Экалягічныя паселішчы часта супрацоўнічаюць міжсобку, у прыватнасьці, вялікае іх мноства аб’яднанае ў Сеткі паселішчаў (напрыклад, Глябальная сетка экапаселішчаў[2]).

У некаторай ступені прынцыпы экапаселішчаў могуць быць прымененыя і да ўжо існых вёсак. Абавязковай умовай такіх паселішчаў зьяўляецца гарманічнае ўзаемадзеяньне з прыродай і мінімальны нэгатыўны ўплыў на яе.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]