Instagram

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Instagram
Instagram Android.jpeg
Здымак зроблены тэлефонам на плятформе Android вэрсія 1.0 beta 9
URL instagram.com
Alexa рэйтынг 44 (жнівень 2013)
Тып сацыяльная сетка
Рэгістрацыя абавязковая задарма
Даступныя мовы ангельская, кітайская, француская, нямецкая, італьянская, японская, карэйская, партугальская, гішпанская, расейская
Пачатак працы 6 кастрычніка 2010 (3 гады таму)
Бягучы стан працуе
Прыклад выкарыстаньня дастасаваньня Instagram
Калаж з фатаграфіі, зьмененай 15 рознымі Instagram-фільтрамі

Instagram (чытаецца — Інстаграм) — бясплатнае дастасаваньне абмену фатаздымкамі і відэазапісамі, якое дазваляе карыстальнікам здымаць фатаграфіі і відэа, прымяняць да іх фільтры, а таксама распаўсюджваць іх праз свой сэрвіс і шэраг іншых сацыяльных сетак[1]. Instagram робіць фатаграфіі ў квадратнай форме — як камэры Kodak Instamatic і Polaroid, і як любыя сярэднефарматныя камэры 6×6. Большасьць мабільных фотадастасаваньняў выкарыстоўвае суадносіны бакоў 3:2.

Гэтае дастасаваньне сумяшчальнае з прыладамі iPhone, iPad і iPod Touch на iOS 4.3 і вышэй, а таксама з тэлефонамі на плятформе Android 2.2 і вышэй з падтрымкай OpenGL ES 2. Распаўсюджваецца праз App Store і Google Play адпаведна.

У красавіку 2012 году Instagram быў набыты кампаніяй Facebook. Дакладны кошт пакупкі склаў 300 мільёнаў даляраў грашовымі сродкамі і 23 мільёны акцыяў кампаніі[2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Распрацоўка Instagram пачалася ў Сан-Францыска, калі Кевін Сыстрам (Kevin Systrom) і Майк Крыгер (Mike Krieger) вырашылі пераарыентаваць свой праект Burbn на мабільныя фатаграфіі[3]. Праграма зьявілася ў краме дастасаваньняў App Store кампаніі Apple 6 кастрычніка 2010 году.

Неўзабаве пасьля выпуску дастасаваньня да каманды далучыўся Джош Рыдэль у якасьці мэнэджэра супольнасьці. У лістападзе 2010 году каманда папоўнілася Шэйнам Сўіні — інжынэрам праекту, а ў жніўні 2011 году — Джэсікай Золман як ІТ-эвангелісткай супольнасьці.

У студзені 2011 году да дастасаваньня былі дададзеныя хэштэгі для таго, каб было лягчэй знаходзіць карыстальнікаў і фатаздымкі[4].

У верасьні 2011 году была выпушчаная вэрсія дастасаваньня 2.0, у якой зьявіліся жывыя фільтры, імгненная зьмена нахілу, чатыры новыя фільтры, фатаграфіі высокага разрозьненьня, апцыянальныя межы, паварот адным клікам і абноўлены абразок[4]. У красавіку 2012 году была выпушчаная вэрсія дастасаваньня для плятформы Android[5], якое за содні было запампаванае больш за мільён разоў[6].

9 красавіка 2012 г. Facebook абвясьціў пра набыцьцё мабільнага фотадастасаваньня Instagram за $ 1 млрд. Уладальнікам гэтага фатасэрвісу Facebook пералічыў 300 мільёнаў даляраў і перадаў каля 23 мільёнаў сваіх акцыяў. Акрамя таго, сацыяльная сетка абавязалася ў выпадку зрыву ўгоды выплаціць Instagram няўстойку ў 200 мільёнаў даляраў[7]. У сувязі з купляй 25 чэрвеня выйшла абнаўленьне 2.5.0, у выніку якога ў Instagram зьявілася больш шчыльная інтэграцыя з Facebook.

У жніўні 2012 кожную сэкунду ў Instagram ставілася 575 лайкаў і дадаваўся 81 камэнтар. На Instagram карыстальнікі праводзілі ў сярэднім 257 хвілін на месяц, што на паўтары гадзіны больш, чым у Твітэры.[8]

У канцы 2012 году Instagram анансаваў зьмену правілаў карыстальніцкай дамовы. Сярод новаўвядзеньняў павінны быў зьявіцца пункт, што Instagram атрымлівае правы на выкарыстаньне фатаграфіяў, што запампоўваюцца ягонымі карыстальнікамі, у тым ліку ў рэклямных мэтах.[9] Гэта выклікала рэзкую крытыку ў грамадзтве, як сярод удзельнікаў Instagram, так і з боку юрыстаў па аўтарскім праве. Многія ўдзельнікі Instagram выдалілі свае ўліковыя запісы. Па зьвестках аналітычнай службы AppData, Instagram, магчыма, страціў да 25% карыстальнікаў — яго штодзённая наведвальнасьць зьнізілася з 16 млн да 12 млн. Чуткі аб адмове карыстальнікаў ад Instagram ударылі па акцыях Facebook. Сутыкнуўшыся з крытыкай і пратэстамі, кіраўніцтва сэрвісу перафармулявала спрэчны пункт карыстальніцкай дамовы, заявіўшы, што іх намеры былі няправільна зразумелыя.

У красавіку 2013 году Instagram паведаміў аб пачатку ўкараненьня сваёй новай распрацоўкі, якая дазволіць карыстальнікам адзначаць на фатаздымках сябе, сваіх сяброў, цікавыя месцы, а таксама вядомыя брэнды. Акрамя гэтага будзе прадастаўленая магчымасьць наладжваць сыстэму апавяшчэньняў аб новых адзнаках і, у тым ліку, рабіць іх прыватнымі[10].

У чэрвені 2013 Instagram анансаваў магчымасьць запісу відэа даўжынёй да 15 сэкундаў.

8 жніўня 2013 зьявілася інтэграцыя з сацыяльнай сеткай «Вконтакте»[11].

Маштабы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да сьнежня 2010 году ў Instagram быў адзін мільён зарэгістраваных карыстальнікаў. У чэрвені 2011 году — ужо пяць мільёнаў. Да верасьня гэтая лічба падвоілася, а да сакавіка 2012 колькасьць карыстальнікаў дасягнула амаль 30 мільёнаў[12]. Напрыканцы лютыга 2013 году Instagram абвясьціў аб 100 мільёнах актыўных карыстальнікаў.

Instagram паведаміў пра 100 мільёнаў запампаваных фатаграфіяў у ліпені 2012 году, у жніўні гэта колькасьць дасягнула 150 мільёнаў.

Фінансаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

5 сакавіка 2010 году, падчас працы над дастасаваньнем Burbn, Кевін Сыстром закрыў раўнд фінансаваньня ў памеры 500 000 даляраў ад Baseline Ventures і Andreessen Horowitz. 2 лютага 2011 году было абвешчанае, што Instagram прыцягнуў 7 мільёнаў даляраў ад розных інвэстараў, у тым ліку ад Benchmark Capital, Джэка Дорсэя, Крыса Сака (праз фонд LOWERCASE Capital) і Адама Д’Анджэлё.

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • У студзені 2011 году Instagram заняў другое месца ў намінацыі «Найлепшае мабільнае дастасаваньне» ў конкурсе 2010 TechCrunch Crunchies[13].
  • У траўні 2011 году часопіс Fast Company паставіў CEO Кевіна Сыстрама на 66-е месца ў сьпісе «100 самых крэатыўных людзей у бізнэсе ў 2011 годзе»[14].
  • У чэрвені 2011 году часопіс Inc уключыў заснавальнікаў Сыстрама і Крыгера ў сьпіс «30 тых, каму няма 30»[15].
  • У верасьні 2011 году Instagram выйграў у намінацыі «Найлепшае мясцовае дастасаваньне» ў конкурсе SF Weekly Web Awards[16].
  • У 2011 годзе Састром і Крыгер зьявіліся на вокладцы верасьнёўскага выпуску часопіса 7×7[17].
  • У сьнежні 2011 году Apple выбрала Instagram «дастасаваньнем году для iPhone»

Instagram прылады і сэрвісы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Папулярнасьць дастасаваньня справакавала зьяўленьне мноства распрацовак, так ці інакш зьвязаных з Instagram. У якасьці асобнага напрамку такіх распрацовак можна вылучыць праекты разнастайных прыладаў, прызначаных для працы з Instagram.

Першым з такіх прыладаў зьяўляецца Instagram Socialmatic Camera — камэра, дызайн якой выкананы ў стылі абразкі Instagram. Камэра дазваляе адразу апрацаваць фатаграфію і даслаць яе ў Instagram, а таксама мамантальна раздрукаваць фатаграфію. Такім чынам, распрацоўшчыкі прылады хочуць перанесьці Instagram у рэальны сьвет, прапаноўваючы карыстальнікам дзяліцца фатаздымкамі ня толькі ў сацыяльнай сетцы, але і ў жыцьці[18]. Першыя мадэлі прадукту ADR студыі і Polaroid, якія можна будзе набыць ўжо ў 2013 годзе, будуць мець два аб’ектывы, сэнсарны дысплэй, міні-друкар з 4-ма картрыджамі, аптычны зум, 3G модуль, а таксама абсталяваны WiFi і Bluetooth.[19]

Другой прыладай зьяўляецца адмысловая лічбавая фатарамка Instacube, якая таксама выкананая ў стылістыцы абразкі Instagram і ўмее паказваць на сваім экране фатаграфіі са стужкі абранага Instagram акаўнта.

Таксама зьяўляюцца сэрвісы, якія дазваляюць надрукаваць фатаграфіі карыстальнікаў Instagram на розных прадметах — магнэты, падушкі, саколкі, палотны і інш.

Пашырэньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Instamap — гэта дастасаваньне, якое дазваляе знайсьці Instagram фатаграфіі па зададзеным геаграфічным месцазнаходжаньні або хэштэгу. Вынік можа быць адлюстраваны ў выглядзе галерэі або мапы;
  • 100 Cameras in 1- дастасаваньне для iPhone, якое дазваляе накладаць яшчэ больш эфэктаў на фатаграфіі з Instagram.
  • Statigr.am — бясплатнае дастасаваньне, якое дазваляе праглядаць статыстыку аб Instagram-рахунку, уключаючы інфармацыю аб пасьлядоўніках, лайках і камэнтарах;
  • 4 K Stogram — бясплатнае дастасаваньне з адкрытым кодам, якое дазваляе запампоўваць фатаграфіі Instagram на PC, Mac або Linux.

Аналягі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • BeautyBeat — дастасаваньне, якое дазваляе запампаваць свой малюнак, апрацаваць фільтрамі і падзяліцца зь сябрамі вынікам.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]