Бялінскія гербу Габданк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Бялі́нскія гербу Габданк (па-польску: Bielińscy herbu Abdank) — польскі шляхецкі род гербу Габданк. Паводле Адама Банецкага прозьвішча паходзіла ад Біліны ў Познанскім павеце. Прадстаўнікі роду ў асноўным жылі ў Велікапольшчы, пры чым часта пісаліся як Білінскія. Пасэк, Шыман жанаты з Ганкай і Мацей выступаюць у познанскіх актах ад канца XV ст. Сьвянтаслаў, сын Сэвэрына, запісаў у 1640 годзе сваёй жонцы Агнешцы зь Цялецкіх, падсталянцы познанскай, 3000 флярынаў. Караль, пісар гродзкі ў 1769 годзе, пазьней судзьдзя гродзкі накельскі, у 1784 годзе быў кандыдатам на каменскага кашталяна. Якуб, віцэсгерэнт познанскі, атрымаў у 1775 годзе каралеўскую згоду на выкуп вёскі Гарбаткі ў Шолдрскага. Якуб, рэгент гродзкі познанскі, сын Міхала й Канстанцыі з Войнічаў, набыў у 1781 годзе ў Мнішка Скужэўку.