Пэрсік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Брусква.

Брусква, брусквіца, пэрсік (па-лацінску: Prúnus pérsica: «пэрсыдзкая сьліва», агульнаславянскае слова брусква паходзіць ад праславянскага *bersky, што, ў сваю чаргу, з’яўляецца вымоваю лацінскага persica) — расьліна зь сям’і Ружавых, ад блізкароднасных мігдалаў адрозьніваецца толькі пладамі.

Батанічнае апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кветка, плод, насеньне і лісьцё брусквы на малюнку О. В. Тамэ.

Брусква гэта дрэва з лянцэтападобным лісьцём, ружовымі альбо чырвонымі кветкамі. Плады разнастайнай формы: ад пляскатых да падоўжана-даўгакружных, з баразёнкаю на аднім боку, звычайна аксаміцістыя; костачка зморшчана-баразнаватая, з кропкавымі ямінкамі ды завостранаю верхавінкаю.

Распаўсюджаньне і культывацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прарадзіма брусквы — Кітай, дзе яна вырошчвалася ўжо ў 2000 годзе да нашае эры. Стуль праз Індыю трапіла ў Пэрсыю, Грэцыю і Рым. Брусква гадуецца ў цёплых частках мернае Эўразіі і Амерыкі, куды была прывезеная на пачатку XVI-га стагодзьдзя. Брусква шырока спажываецца, Паўночная Амерыка вывозіць вялікую колькасьць брусквовае кансэрвы. З костачак вырабляецца лікёр «пэрсіка». Насеньне — сродак для атрыманьня брусквовага алею (па-лацінску oleum persicorum), які ўжываецца ў касьметыцы і мэдыцыне.

У культуры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Кітаі брусква гэта сымбаль несьмяротнасьці, даўгалецьця, наогул шчасьця.

На ўсходзе брусква ўсевядомая ня толькі як смачная садавіна, але й як культурны сымбаль. У Кітаі лічылася, што брусквічнае дрэва — добрая ахова ад нячысьцікаў, плод брусквы — атрыбут багоў даўгалецьця кітайскіх народных вераваньняў, а насеньне выкарыстоўваецца ў кітайскае мэдыцыне як сродак для разрэджваньня крыві, ад пякотцы і супроць алерґіі. У клясычнае кітайскае повесьці «Траяцарства» галоўныя гэроі даюць братэрскую прысягу менавіта ў брусквовым садзе. Карэя таксама маець доўгую гісторыю гадоўлі брускваў, падвойнае зернетка лічыцца там прадвесьнікам цёплае зімы. У Японіі казка пра Маматара — хлопчыка нарадзіўшагася з брусквы — адная з найпапулярнейшых.

Хімічны склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У мякішы пладоў зьмяшчаюцца цытрынавая, яблычная, хінная ды вінная кісьлі; каль, жалеза, фосфар, манган, медзь, цынк, сэлен і магн; вітаміны, пэктыны і этарныя алеі.