Радаўніца

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Паганская (тутэйшая) традыцыя
Назва сьвята Радаўніца
Час сьвяткаваньня 10-ы дзень па Вялікадня — аўторак
Абрадавае значэньне памінаньня памерлых
А. Я. Архіпaў. «Радаўніца». 1892

Ра́даўніца (Ра́даніца, Ра́дуніца, Радаўні́цкія Дзяды́, На́ві Дзень) — дзень памінаньня памерлых ва ўсходніх славянаў, на які са старажытных часоў адбываліся трапэзы на магілах бацькоў і блізкіх сваякоў. Назва Наві Дзень паходзіць ад старажытна-славянскага навь — нябожчык.

Праваслаўная Царква ўключыла Радаўніцу ў свой культ.

Радаўніца адзначаецца праз тыдзень пасьля Вялікадня, заўжды на аўторак. Спачатку ідуць памінаць блізкіх у царкву, а потым на могілкі. І хоць існуе звычай памінальнай трапэзы, у тым ліку велікоднае яйка пакідаць «для спачылых», Праваслаўная Царква не ўхваляе гэтага звычаю, паколькі лічыцца, што памерлым патрэбна толькі малітва аб упакаеньні душы і добрыя справы ў памяць пра іх.

Наўскі чацьвер – Радаўніца

Назва свята[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

а) Наўскі Вялікдзень, Наўская Пасха, Наўскі Чацвер, Наўскае Скрысенне, Вялікдзень мёртвых, мяртвых Вялікадне, Паска мяртвых; Радуніца, Радоўніца, Раданіца, Провады, Праводны тыдзень, Мёртвая радыніца, Мёртвы ці Праводны дзень, Хамова пасха;

б) Радаўніца, Радоница (руск.).

Міталягічныя вытокі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

• Па сьведчаньні этымолягаў, лексэма «наўскі» паходзіць ад старажытнаславянскага «наўе», што азначае «дух нябожчыка», душу новапрыстаўленнага, гэта значыць памёршага на працягу году. • Назва «Радаўніца» ад лексэмы «Род». У такім родзе сьвята паядноўвала жывых і мёртвых — духоўна зьнітоўвала ўвесь род і зьвяртала нас да вытокаў, да таго міталягічнага пэрсанажа — першапродка, які некалі стаяў каля вытокаў агульначалавечага Роду і народа. • Ад слова радавацца (?!). Радавацца чаму? Можа таму, што дажыў да вясны, да сустрэчы Новага году, да магчымасьці чарговы раз наведаць сваіх продкаў.

Гісторыя хрысьціянства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

• У беларусаў меўся свой унівэрсальны рытм традыцыйнай культуры:0-3-9-40-1год. Яго зьвязваюць з рытмам памінальнай, радзіннай і вясельнай абраднасьці. У гэтым рытме закладзены наступны сэнс: 0 — момант сьмерці, 3-і — дзень пахаваньня і 9-ы — першае ўласна сямейнае памінаньне. Гэты аспэкт і паўплываў на часовую прымеркаванасьць Радаўніцы да Вялікадня.

Час сьвяткаваньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

• Беларусы-праваслаўныя- сьвяткуюць у аўторак на другім пасьля Вялікодня тыдня (дзявяты дзень пасьля Вялікодня).
• Беларусы-каталікі — (зьвестак няма)

Месца правядзеньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хата — храм — могілкі — хата.

Хата: Раніцай на Радаўніцу гаспадыня, як звычайна, завіхалася каля печы, рыхтавала спэцыяльныя рытуальныя стравы, упраўлялася, а ўжо потым сям’я пачынала зьбірацца на могілкі. Усе апраналіся ў сьвяточнае адзеньне, бралі з сабой ільняны абрус, велікодныя яйкі, бліны, каўбасу, сала, асьвячоную соль, бутэльку гарэлкі, складвалі ўсё гэта ў хусьцінку і адпраўляліся ў царкву на абедню. Прыгатаваньне праходзіла ў абстаноўцы спакою і ўрачыстасьці, з адчуваньнем гордасьці і павагі адно на аднога і да свайго роду. Пасьля могілак па дарозе дадому моладзь і дзеці вадзілі некаторыя магічныя веснавыя карагоды(«Пасеялі дзеўкі лён» — каб лён добры вырас). Застольле часьцей за ўсё прадаўжалася і дома, але ўжо ў больш вясёлай форме, са сьпевамі, танцамі, гульнямі, адбываліся кірмашы, але гэта не было сьвятатацтвам, а мела рытуальнае значэньне — пераадолець сьмерць, не дапусьціць страху перад ёй у душы людзей, сьцьвердзіць жыцьцёвы атымізм. у хаце наладжвалася вячэра.

Храм: Богаслужэньня і паніхіды па нябожчыках.

Могілкі: Памінальная трызна. Калі магілы сваякоў былі ў розных месцах, то ўсе зьбіраліся каля адной чыёй-небудзь магілы (часьцей — апошняга памёршага сваяка) .

Рытуальныя пэрсанажы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

• уся сям’я — гэта абавязковая ўмова сьвяткаваньня.

Рытуальнае адзеньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

• Сьвяточнае, новае адзеньне.

Рытуальныя атрыбуты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

для памёршага:
• сподак, чарка, у якую налівалі гарэлку і якую закрывалі (перакрывалі) лусткай хлеба;
• асьвячонае ў храме яйка.
• ручнік, фартух, вянок — атрыбуты, якія прыстасоўвалі на крыж памёршаму. На крыж павязвалі белы ручнік, калі там быў пахаваны мужчына, невялічкі белы фартушок — калі жанчына, прымацоўвалі белы вянок — калі дзяўчына.

для тых, хто прыйшоў на могілкі:
• абрус, які засьцілалі на магілу (яго выкарыстоўвалі толькі адзін раз на год — на могілках, потым хавалі да наступнай Радаўніцы. У некаторых хатах захоўвалася да 20 абрусаў — па колькасьці магіл родных і сваякоў);
• чарка, якая будзе паядноўваць сям’ю.

Рытуальная ежа[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

• І старыя, і малыя моўчкі рассаджваліся вакол белага абруса, які слалі на папярэдне старана дагледжаную магілку апошняга нябожчыка ў родзе. На абрус клалі куцьцю, яйкі, мяса, хрэн, рыбу, пітво, «грыбкі» — тоўстыя бліны.

Рытуальныя дзеяньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

• у народзе лічылася, што той, хто раней за ўсіх у гэты дзень зьявіцца на могілках, атрымае ад нябожчыкаў асаблівую падзяку і апякунства на працягу года;
• часьцей за ўсё магілы прыбіралі напярэдадні — ў такую званую Жывую Радаўніцу або за некалькі дзён да памінальнага дня. Іх абкладвалі дзёрнам, пасыпалі сьвежым жоўтым пяском, папраўлялі крыж, на які звычайна павязвалі белы ручнік, калі там быў пахаваны мужчына, невялічкі белы фартушок — калі жанчына, прымацоўвалі вянок — калі дзяўчына;
• перш чым сваякі пачнуць абрадавую трапэзу, трэба было на кожную магілу пакласьці рытуальнае ахвяраваньне. Каля кожнага крыжа ці помніка ставілі сем рытуальных атрыбутаў: сподак, чарку, у якую налівалі гарэлку і якую закрывалі — перакрывалі лустай хлеба, адно чырвонае велікоднае яйка (толькі не сьвянцонае), шматок сала ці дамашняй каўбасы, адно дамашняе пячэньне, адну цукерку, штучныя або зробленыя з паперы кветкі. Менавіта няпарную колькасьць, таму што ў памінальнай абраднасьці, якая характарызуецца «разрывам», «разьяднаньнем», вызначальным сымбалям зьяўляецца няцотнасьць. Вясельле, наадварот, сымбалізавала стварэньне пары. Як парадаксальна гучыць сучасная традыцыя хадзіць на могілкі з парнай колькасьцю жывых кветак;
• потым усе зьбіраліся каля адной магілы, часьцей за ўсё каля апошняга памёршага роднага і распачыналі памінальную трызну;
• абавязковым быў абрад «хрыстосаваньня зь мёртвымі». Для гэтага гаспадыня(а ў некаторых мясьцінах гэта рабілі дзеці) брала велікоднае яйка і качала яго крыж-накрыж па насыпе. Затым прама на прыбраную магілу «левым» бокам расьцілаўся абрус, на яго ставілася куцьця з запаленай сьвечкай і ўсе астатнія стравы, зь якіх кожнай трэба было патрошкі адкласьці нябожчыку. Пасьля гэтага па крузе пускалі памінальную чарку(гаспадыня брала з сабой дзьве чаркі — адну ставілі нябожчыку, другая павінна была паядноўваць тых, хто прыйшоў на могілкі) з гарэлкай. Да сярэдзіны XIX ст. гэта была медавуха, спэцыяльна зробленная для велікодных сьвяткаваньняў, піва ці квас. У чару (адсюль: чарадзейства. Дзеяньне над чарай) налівалася пітво і перадавалася самаму старэйшаму сярод прысутных. Трэцьцю чарку пітва той спачатку адліваў на магілу(перш чым сабе — продкам), сярэднюю(таксама трэцьцю частку)выпіваў сам, апошнюю частку — «сьлязу» — абавязкова пакідаў на дне. Затым чару-чарку напаўнялі пітвом і перадавалі наступнаму па ўзросьце родзічу(ад старэйшых да маладзейшых, але толькі жанатых людзей. Той, хто не нарадзіў, не прадоўжыў свой род, у тым ліку і дзеці, за памінальны стол не дапускаліся!). І гэты чалавек дакладна паўтараў тыя ж дзеяньні. Так чара-чарка хадзіла па кругу. Калі ж за трэцім разам яна даходзіла да апошняга, каму можна было прыгубіць рытуальны пакой, то тое, што заставалася на дне так званыя «сьлёзы», зноў такі выліваліся на магілу;
• на могілках елі і гаварылі доўга. Добрым словам успаміналі памёршых родных, расказвалі цікавыя гісторыі зь іх жыцьця, запрашалі прысесьці за жалобны «стол» блізкіх і знаёмых;
• пасьля працяглай размовы і шматлікіх галашэньняў рытуал памінаньня заканчваўся. Рэшткі ежы раздраблялі і раскідвалі па магіле — для птушак, частку аддавалі жабракам;
• к гэтаму дню адносіцца прыказка: «На Радаўніцу раніцай пашуць, па абедзе плачуць, а вечарам скачуць», якая азначая, што пасьля Вялікадня прыступаюць к сельскагаспадарчым работам у поле, што Радаўніца — гэта дзень, калі абавязкова хадзілі на могілкі, а вечарам весяліліся.

Рытуалы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

11. Рытуальнае слова:
• памінальныя малітвы
• галашэньні. Галасілі звычайна пажылыя жанчыны, радзей моладзь і жанчыны;
• замовы засьцерагальнага характару.

12. Рытуальныя танцы: (-)

13. Тэатралізаванае ігрышча: (-)

14. Варажба:(-)

15. Назіраньні за станам надвор’я: (-)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Радаўніцасховішча мультымэдыйных матэрыялаў

1. «Беларуская міфалогія» склад. І. Клімовіч
2. «Беларускі народны каляндар» А.Лоска
3. «Веснавыя святы» А.Катовіч, І. Крук