Беларуская грэка-каталіцкая царква
Беларуская Грэка-каталіцкая Царква (БГКЦ) — адна з усходніх каталіцкіх Цэркваў, якая прытрымліваецца грэцкага (бізантыйскага) абраду, знаходзіцца ў поўнай еднасьці з Рымскім Апостальскім Пасадам ды прызнае ўладу і духоўны аўтарытэт Рымскага Архірэя.
Зьмест |
[рэдагаваць] Гісторыя
Уніяцтва — хрысьціянская плынь, заснаваная на царкоўнай уніі розных хрысьціянскіх Цэркваў з рыма-каталіцкай на ўмовах прызнаньня першымі вяршэнства папы рымскага і каталіцкай дагматыкі пры захаваньні традыцыяў рэлігійнага культу і выкарыстаньня традыцыйна сакральнай ці народнай мовы ў богаслужэньні. У Эўропе існуе чатырнаццаць такіх Цэркваў.
- Асноўны артыкул: Уніяцтва
У Рэчы Паспалітай уніяцтва ўзьнікла пасьля заключэння Берасьцейскай царкоўнай уніі (1596).
- Асноўны артыкул: Берасьцейская царкоўная унія
[рэдагаваць] 1596-1772
[рэдагаваць] 1772-1839
У 1791 годзе на ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ўніяты складалі 39% насельніцтва, а на тэрыторыі сучаснай Беларусі - 75% (у сельскай мясцовасці - больш за 80%). Большасць пасьлядоўнікаў уніяцкай царквы складалі сяляне. Акрамя таго, уніятамі зьяўляліся частка гараджан і дробнай шляхты.
Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай, калі большая частка тэрыторыі сучаснай Беларусі апынулася ў складзе Расійскай імперыі, частка грэка-каталікоў далучылася да Праваслаўнай Расейскай царквы, а частка засталася ў зносінах з Рымам.
У 1787 годзе Кацярына II пастанавіла, што друкаваць духоўныя кнігі ў Расейскай імпэрыі могуць толькі друкарні, падпарадкаваныя Сіноду, і дзейнасць грэка-каталіцкіх друкарняў спынілася.
У 1794 годзе праваслаўныя біскуп Віктар Садкоўскі разаслаў зварот з заклікам да грэка-каталікоў пераходзіць «у правую веру», якія зачытваліся ў гарадах і сёлах як дзяржаўныя акты. Калі зьяўляліся жадаючыя перайсьці ў праваслаўе, то ўлады запісвалі іх у кнігі, выплачвалі ім грашовую дапамогу і дасылалі сьвятара з атрадам салдат, якія канфіскоўвалі царкву ў грэка-каталікоў і перадавалі праваслаўным, а грэка-каталіцкіх святароў высылалі разам зь сем'ямі. Загадвалася касаваць грэка-каталіцкія парафіі, калі да іх прыпісаныя менш за 100 двароў, але ў выпадку, калі яны хацелі перайсці ў праваслаўе, ім дазвалялася існаваць. Грэка-каталіцкія епархіі за выключэннем Полацкай былі скасаваныя, а біскупы адпраўленыя на пэнсію або за мяжу.
Павал I забараніў гвалтоўныя мэтады звароту ў праваслаўе. У 1800 годзе ён вярнуў большасць сасланых грэка-каталіцкіх сьвятароў зь Сібіры, вярнуў грэка-каталікам частку храмаў і базылянскіх манастыроў. Было дазволена існаваць 3 грэка-каталіцкім епархіям: Полацкай, Луцкай і Брэсцкай.
Аляксандр I перадаў кіраваньне грэка-каталіцкімі прыходамі з рук мітрапаліта і біскупаў аўдытарам Грэка-ўніяцкай калегіі.
Пасьля падаўлення паўстання 1830 года расейскія ўлады пачалі праводзіць палітыку звароту грэка-каталікоў у праваслаўе. 7 лютага 1834 г. Грэка-ўніяцкая калегія пастанавіла абнавіць храмы ва ўсходнім духу, набыць кнігі праваслаўнага друку, ліквідаваць запазычанасьці з лацінскага абраду. Было загадана называць немаўлятаў толькі па праваслаўных сьвятцах. Паліцыі ставілася ў абавязак правяраць, каб ва ўніяцкіх храмах сьвятар адпраўляў набажэнствы толькі па праваслаўным служэбніку. У цэрквах сталі будаваць іканастасы. Пасьля гэтага многія грэка-каталікі пераставалі хадзіць у свае цэрквы і сыходзілі ў касцёлы.
У 1839 г. у выніку рэалізацыі таемнага пляну па ліквідацыі Уніі ў Расейскай імпэрыі, які прапанаваў ураду Ёсіф Сямашка, Уніяцкая царква была скасаваная і далучаная да Расейскай праваслаўнай царквы. Да 1874—1875 гадоў уніяцкія парафіі (у якіх было некалькі дзясяткаў тысячаў вернікаў) яшчэ існавалі на невялікай тэрыторыі на паўночным захадзе сучаснай Беларусі (у Сапоцкінскім краі) і на Падляшшы.
[рэдагаваць] БГКЦ і УГКЦ
Украінская Грэка-каталіцкая Царква (УГКЦ) таксама зьяўляецца спадкаемцай Берасьцейскай уніі. На 1596 год як беларускія, так і ўкраінскія япархіі ўваходзілі ў склад Кіеўскай мітраполіі, мітрапаліт якой рэальна знаходзіўся ня ў Кіеве, а ў Наваградку ці ў Вільні. Львоўская і Перамышальская япархіі далучыліся да уніі на сто гадоў пазьней (у 1691 і 1700 г.).
У афіцыйных царкоўных дакумэнтах Рымскай Апостальскай Сталіцы для абазначэньня БГКЦ і УГКЦ раней ужывалі тэрмін Ecclesia Ruthena unita.
[рэдагаваць] Гісторыя адраджэньня
[рэдагаваць] Пачатак 20 стагодзьдзя
Пасьля выданьня ўказу пра верацярплівасьць у Расейскай імпэрыі ў 1905 г. больш за сто дваццаць тысячаў вернікаў, некалі гвалтоўна запісаных з уніятаў у праваслаўныя, а таксама іх нашчадкі перайшлі на каталіцызм лацінскага абраду (адраджаць уніяцтва было па-ранейшаму забаронена).
Тым ня менш, ужо на пачатку XX ст. былі першыя спробы адраджэньня Уніі ў Беларусі, яшчэ да 1-й Сусьветнай вайны. На гэтай ніве працавалі пачынальнік беларускага адраджэньня Іван Луцкевіч, які кантактаваў з Галіцкім мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім, беларуская паэтка і грамадзкая дзяячка Алаіза Пашкевіч-Цётка, якая, жывучы ў Львове, падрыхтавала да выданьня беларускі ўніяцкі малітоўнік для дзяцей і іншыя. Мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі накіраваў у 1908 г. адмысловае пасланьне да вернікаў на тэрыторыі былых уніяцкіх япархіяў у Беларусі, якія ён па-ранейшаму лічыў нескасаванымі ў выніку Полацкага сабору 1839 г. Ён нават зьдзейсьніў таемнае падарожжа па гарадах Беларусі пад выглядам сьвецкай асобы. Разам з І. Луцкевічам ён падрыхтаваў праект набыцьця зямлі на Барысаўшчыне з мэтаю перасяленьня туды безьзямельных грэка-католікаў з Галіцыі, каб яны дапамаглі адрадзіць там Унію беларусам. Царскія ўлады перашкодзілі гэтаму праекту, аднак ня выключана, што ён быў рэалізаваны на Палесьсі ў в. Гарадная (Столінскі раён), дзе сапраўды поруч з мясцовым насельніцтвам дагэтуль жывуць «галіцыяне» — нашчадкі грэка-каталіцкіх перасяленцаў з Галіцыі. Мітрапаліт А.Шаптыцкі прызначыў расейскага сьвятара а. Аляксея Зерчанінава, якія прыняў грэка-каталіцтва, апекавацца ўсімі вернікамі-уніятамі на тэрыторыі Расейскай імпэрыі, у тым ліку і беларусамі.
[рэдагаваць] Міжваенны час
Ва Ўсходняй Беларусі, якая была пад Саветамі, у першай палове 1920-х гг. спробы адрадзіць Унію рабілі рыма-каталіцкі дэкан з Магілёва а. Язэп Белагаловы і расейскі грэка-каталіцкі Экзарх а. Леанід Фёдараў. Апошняму 18 студзеня 1923 мітрапаліт А.Шаптыцкі даручыў часовае кіраваньне ўсімі католікамі ўсходняга абраду ў Беларусі на правах экзарха з усімі належнымі правамі і прывілеямі аж да прызначэньня сталага адміністратара [1].
Сапраўднае адраджэньне уніі пачалося ў 1920-ых гадах у Заходняй Беларусі, якая трапіла ў склад Польшчы. Цэнтрам адраджэньня Уніі стаў Альбярцін (каля Слоніма), дзе была створаная Ўсходняя місія айцоў езуітаў. У Заходняй Беларусі было створана каля двух дзясяткаў парафіяў славяна-бізантыйскага абраду, якія ня мелі свайго ярарха, але падпарадкоўваліся мясцовым лацінскім біскупам (Віленскаму і Пінскаму). У гісторыі гэтае адраджэньне ўніяцтва атрымала назву «нэаунія». Найбольш выдатнымі беларускімі сьвятарамі таго часу зьяўляюцца а. Баляслаў Пачопка, а. Вячаслаў Аношка, езуіт а. Антон Неманцэвіч, а. Іван Гермацюк, а. Васіль Гапановіч, а. Данат Навіцкі, а. Леў Гарошка і інш. Апекавацца парафіямі славяна-бізантыйскага абраду на тэрыторыі Валыні, Падляшша і Палесься было даручана Апостальскаму Візітатару біскупу Мікалаю Чарнецкаму, CSsR.
17 верасьня 1939 году Кіева-Галіцкі мітрапаліт грэка-каталіцкай царквы Андрэй Шаптыцкі на падставе паўнамоцтваў, наданых яму папам Піем Х у 1908 годзе, заснаваў Беларускі Экзархат ГКЦ і прызначыў часовым кіраўніком Экзархату біскупа М.Чарнецкага. Праз год, у кастрычніку 1940 году, першым беларускім Экзархам быў прызначаны айцец Антон Неманцэвіч. Сядзіба Экзархату месьцілася ў Альбярціне пад Слонімам, дзе знаходзілася Ўсходняя місія айцоў езуітаў. Прызначэньне а. А.Неманцэвіча пацьвердзіў прэфэкт Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кард. Э.Тысэран у сваім лісьце ад 22 сьнежня 1941 г. У помач Экзарху была створана Рада Беларускага экзархату ГКЦ з трох сябраў: намесьнікам Экзарха стаў айцец Леў Гарошка, сябрамі Рады — айцец Іван Гермацюк і айцец Вячаслаў (Вацлаў) Аношка.
Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да СССР Грэка-каталіцкая Царква апынулася пад моцным ціскам уладаў. На пачатак 1941 году засталося толькі 3 парафіі і яшчэ некалькі невялікіх асяродкаў вернікаў. Падчас нямецкай акупацыі айцец Экзарх Антон Неманцэвіч быў арыштаваны. Зьнясілены, ён памёр ад тыфу ў 1943 годзе як мучанік у турме СД у Менску.
[рэдагаваць] Паваенны час
Пасьля Другой сусьветнай вайны і ліквідацыі Грэка-каталіцкай Царквы ў 1946 г. яе структураў ў Беларусі афіцыйна не існавала, працягвалася таксама жыцьцё ў падпольлі. Час ад часу ў Беларусь прыязджалі ўкраінскія манахі-базыльяне, якія дзейнічалі ў падпольлі і таемна служылі набажэнствы на кватэрах у сем’ях вернікаў і ў касьцёлах (Лагішын, Слонім). У Пінску пры касьцёле служылі некалькі грэка-каталіцкіх манахіняў з Задзіночаньня Сясьцёр «Дзеці Марыі». Апошняя зь іх памерла ў сярэдзіне 1980-ых. У пасьляваенны пэрыяд легальнае жыцьцё Царквы перанеслася на Захад, дзе былі створаныя беларускія грэка-каталіцкія асяродкі: у Лёндане, Парыжы, Рыме, Чыкага, Лювэне і інш. Пасьля вайны ў жывых заставаліся 2 сябры Рады Экзархату. Намесьнік Экзарха а. Леў Гарошка, які жыў у Парыжы і Лёндане, захоўваў архіў беларускага Экзархату ГКЦ.
Ад 1976 году сыстэматычную апостальскую працу ў Беларусі падпольна праводзіў айцец Віктар Данілаў, высьвячаны на грэка-каталіцкага сьвятара ў 1976 годзе ў Львове Зьверхнікам УГКЦ у падпольлі архібіскупам Уладзімерам Стэрнюком. Цэнтрам дзейнасьці айца В. Данілава была Горадня.
[рэдагаваць] Ад 1989 да нашых дзён
Пачынаючы з 1989 году — пры лібэралізацыі грамадзкага і рэлігійнага жыцьця — групы студэнцкай моладзі і інтэлігенцыі, зацікаўленыя ідэяй уніі, пачалі адраджэньне БГКЦ. 11 сакавіка 1989 г. у Кальварыйскім касьцёле ў Менску а. Аляксандар Надсан адслужыў першую ў гэтым горадзе за 150 гадоў пасьля скасаваньня Уніі ў 1839 г. публічную каталіцкую багаслужбу ў бізантыйскім абрадзе (па-беларуску). Гэты дзень лічыцца пачаткам адраджэньня рэлігійнага і малітоўнага жыцьця Грэка-каталіцкай Царквы ў сучаснай Беларусі.
Першая пасьля 2-й Сусветнай вайны грэка-каталіцкая парафія ўтварылася ў Менску ў верасьні 1990 году. Пасьля больш чым 150-гадовага перапынку першым грэка-каталіцкім сьвятаром, высьвячаным на тэрыторыі Беларусі, стаў а. Яўген Усошын з Менску. 17 чэрвеня 2007 году ён быў рукапакладзены дапаможным біскупам Кіеўскай архіяпархіі УГКЦ Багданам Дзюрахам у Маладэчна. Дагэтуль усе беларускія грэка-каталіцкія сьвятары высьвячваліся па-за межамі Беларусі.
[рэдагаваць] Колькасьць парафіяў і вернікаў
[рэдагаваць] Парафіі
На пачатак 2003 году ў Беларусі дзейнічала 13 зарэгістраваных грэка-каталіцкіх парафіяў: па 2 у Менску і Віцебску, па адной у Берасьці, Баранавічах, Гомелі, Горадні, Магілёве, Маладэчне, Лідзе, Івацэвічах, Полацку. На 2003 г. у БГКЦ было 7 сьвятароў, 1 дыякан, 3 манахі, 1 манахіня. Апеку над грэка-католікамі Беларусі ажыцьцяўляе Апостальскі Візітатар архімандрыт Сяргей Гаек.
На чэрвень 2009 году Беларуская грэка-каталіцкая царква мела ўжо 20 парафіяў (зарэгістраваных зь іх — 15, 5 чакала рэгістрацыі)[2] (у тым ліку 4 — у Менску, 2 — у Віцебску). БГКЦ мела 16 сьвятароў і 2 дыяканы і была прадстаўленая амаль ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі і ў многіх вялікіх гарадах: Менск, Маладэчна, Мар'іна Горка, Жодзіна, Берасьце, Баранавічы, Пінск, Івацэвічы, Віцебск, Ворша, Полацак, Горадня, Ліда, Слонім, Гомель, Магілёў.
У стане рэгістрацыі знаходзіліся місійныя пункты і парафіі ў Сьвіслачы, Ваўкавыску, Барысаве, Бярозе, Камянцы і інш. Па-за межамі Беларусі стала жывуць і служаць 5 беларускіх грэка-каталіцкіх сьвятароў.
Парафіі, разьмешчаныя за межамі краіны:
- Лёндан, Вялікабрытанія.
- Антвэрпэн, Бэльгія - Парафія Сьв. Мучаніка Язафата Полацкага і Ўваскрасеньня Хрыстовага (Lange Beeldekensstraat 22, 2060 Antwerpen).
- Прага, Чэхія[3] - Беларускае грэка-каталіцкае душпастырства Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы (Vyšehradská 49, Praha 2)
- Калінінград, Расея[4] - імша ў будынку рыма-каталіцкай парафіі Сьвятой Сям'і (Калінінград, вул. Лесапільная, 72).
Афіцыйна БГКЦ мае толькі 2 культавыя пабудовы — царкву ў Полацку і маленькую капліцу ў Магілёве. У іншых гарадах пабудаваныя душпастырскія цэнтры з капліцамі. З 1999 г. дзейнічае грэка-каталіцкі душпастырскі цэнтар парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці (вул. Дворнікава, 63), дзе выдаецца адзіная ў Беларусі грэка-каталіцкая газэта «Царква», ёсьць бібліятэка, якой карыстаюцца студэнты і навукоўцы, і вялікая капліца на 80 седзячых месцаў. У канцы чэрвеня 2008 году па вул. Арджанікідзэ, 6 у Менску (раён ст. м. Аўтазаводзкая) пачаў дзейнічаць Грэка-каталіцкі цэнтар сьвятога Язэпа з капліцай, бібліятэкай.
У БГКЦ, акрамя манахаў студыйскага ўставу, ёсьць таксама некалькі манахаў Кангрэгацыі Найсьвяцейшага Адкупіцеля (рэдэмптарысты) і марыянаў.
[рэдагаваць] Вернікі
Парафіі малаколькасныя праз адсутнасьць нармальных месцаў для малітвы — па 20-50 чалавек, якія прадстаўляюць у асноўным інтэлігенцыю і моладзь. Найбольшыя па колькасьці вернікаў парафіі ў Менску, Берасьці, Баранавічах, Віцебску, Полацку і Горадні.
Дадзеныя па колькасьці вернікаў недакладныя, ацэнкі вагаюцца ад 3 тыс.[5] да 10 тыс. чалавек[2]. Колькасьць актыўна практыкуючых католікаў бізантыйскага абраду, якія штонядзелю бываюць на сьвятой літургіі, рэальна складае ў Беларусі каля 500 вернікаў. Значная частка вернікаў усходняга абраду (хрышчаных у праваслаўі), якія прынялі каталіцтва, празь недахоп грэка-каталіцкіх сьвятыняў і душпастыраў, альбо праз нежаданьне, практыкуе ў лацінскім абрадзе (па некаторых ацэнках — да 30 тыс.).
[рэдагаваць] Ярархія і падрыхтоўка кадраў
На чале дэканату БГКЦ у 1993—1998 стаяў а. протапрасьвітар Ян Матусевіч. Сёньня створаны два дэканаты (протапрасьвітараты) БГКЦ: Усходні протапрасьвітарат імя сьв. Язафата (дэкан — а. Зьміцер Грышан з Віцебску) і Цэнтральна-Заходні протапрасьвітарат імя сьвятамучаніка Мікалая Чарнецкага (дэкан — а. Яўген Усошын з Менску).
Беручы пад увагу той факт, што заснаваны мітрапалітам А. Шаптыцкім у 1939 годзе Беларускі Экзархат для грэка-каталікоў Апостальская Сталіца ў Рыме ніколі не скасоўвала, лічыцца, што Экзархат юрыдычна існуе, але застаецца без свайго біскупа-ардынарыя да сёньняшняга дня, і падпарадкоўваецца, такім чынам, наўпрост Апостальскай Сталіцы.[6], але ёсьць і супрацьлеглыя погляды, паводле якіх БГКЦ не зьяўляецца Царквою свайго права (Sui iuris) і толькі чакае атрыманьня гэтага статусу ад Рыму [7].
Рымскім Апостальскім Пасадам у студзені 1994 году прызначаны Апостальскі Візітатар «ad nutum Sanctae sedis» для грэка-каталікоў ў Беларусі — архім. Сяргей Гаек. Візітатарам — Дэлегатам для беларускіх каталікоў (усходняга абраду) замежжа зьяўляецца мітрафорны протаярэй а. Аляксандар Надсан.
У склад духавенства Беларускай грэка-каталіцкай Царквы на дадзены момант уваходзяць 13 сьвятароў:
- протапрасьвітар Зьміцер Грышан,
- протапрасьвітар Яўген Усошын,
- сьвятар Андрэй Абламейка (на дадзены момант студыюе ў Аўстрыі і апякуецца вернікамі ў Празе),
- ераманах Лявонці (Тумоўскі) (на дадзены момант студыюе ў Італіі),
- сьвятар Яўген Маліноўскі,
- ераманах Пахом (Кавалёў),
- сьвятар Ігар Кандрацьеў,
- сьвятар Андрэй Крот,
- сьвятар Аляксандар Шаўцоў,
- сьвятар Андрэй Буйніч,
- сьвятар Аляксандар Шыбека,
- сьвятар Васіль Ягораў,
- ераманах Антон (Нікалаеў) (пакуль служыць ва Ўкраіне).
Акрамя а. Аляксандра Надсана, у замежжы стала жывуць и служаць сьвятары а. Ян Майсейчык, а. Ігар Лабацэвіч, а. Сяргей Стасевіч.
БГКЦ надае ўвагу падрыхтоўцы сьвятарскіх кадраў. Цяпер кандыдаты ў сьвятары праходзяць фармацыю і навучаньне ў духоўных установах Украіны (Львоў, Івана-Франкоўск), Італіі (Рым), Польшчы (Драгічын). На сёньня ў духоўных навучальных установах вучацца 6 сэмінарыстаў, у тым ліку два манахі-рэдэмптарысты.
[рэдагаваць] Галерэя
-
Знак ля беларускай грэка-каталіцкай капліцы ў Marian House у Лёндане
[рэдагаваць] Глядзіце таксама
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Ігар Бараноўскі. Ля вытокаў Беларускага Экзархату // Царква, № 2 (37), 2003, с. 12-13.
- ^ a b Наша Ніва: «У Менску адкрыўся Грэка-каталіцкі цэнтар»
- ^ У Празе пачынаюцца рэгулярныя беларускія набажэнствы
- ^ У Калінінградзе беларусы стварылі грэка-каталіцкую суполку
- ^ Беларуская грэка-каталіцкая царква: cучасны стан, пэрспэктывы разьвіцьця
- ^ БГКЦ – Царква свайго права
- ^ Беларускай Царкве – быць!
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
- Грэка-каталіцкая парафія сьв. Язэпа
- Беларуская грэка-каталіцкая газэта «Царква»
- Фотаздымкі грэка-каталіцкага цэнтру імя сьв. Язэпа ў Менску, блог darriuss’а
- Царква і душпастырскі цэнтр грэка-католікаў у Берасьці
- Уніяцкая царква сьв. Параскевы Полацкай, фота на www.radzima.org
- Беларуская Грэка-каталіцкая Царква
- Кангрэгацыя Найсьвяцейшага Адкупіцеля (рэдэмптарысты)
- Мітрапаліт Андрэй Шэптыцкі і Беларусь
- Парафія Беларускай грэка-каталіцкай царквы ў Антвэрпэне