Гомель

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Гомель
трансьліт. Homieĺ
Палац Паскевічаў у мескім парку
Палац Паскевічаў у мескім парку
Coat of Arms of Homiel, Belarus.svg Flag of Gomel.svg
Герб Гомелю Сьцяг Гомелю
Першыя згадкі: 1142
Магдэбурскае права: 1670
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Гарадзкі савет: Гомельскі
Старшыня гарвыканкаму: Пётар Кірычэнка
Плошча: 135,34 км² [1]
Вышыня: 135 м н. у. м.
Насельніцтва
колькасьць: 521 959 чал. (2014)[2]
шчыльнасьць:
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 23 2
Паштовыя індэксы: 246001—246050 (з выняткамі), 247010
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 52°25′ пн. ш. 30°59′ у. д. / 52.417° пн. ш. 30.983° у. д. / 52.417; 30.983Каардынаты: 52°25′ пн. ш. 30°59′ у. д. / 52.417° пн. ш. 30.983° у. д. / 52.417; 30.983
Гомель на мапе Беларусі
Гомель
Гомель
Гомель
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
gorod.gomel.by

Го́мель — горад у Беларусі, на рацэ Сож. Адміністрацыйны цэнтар гарсавету, раёну і вобласьці. Насельніцтва амаль 522 тыс. чал. (2014)[2], другі колькасьцю насельніцтва ў краіне. Знаходзіцца за 301 км ад Менску, непадалёк ад граніцы з Украінай. Чыгуначны вузел з кірункамі на Жлобін, Калінкавічы, Бабруйск, Чарнігаў. Порт на Сажы. Аэрапорт (пагранічны пункт пропуску).

Гомель — даўняе магдэбурскае места гістарычнай Рэчышчыны (Панізоўя), колішні цэнтар абароны на паўднёвым усходзе дзяржавы. У 1986 пацярпеў ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму «Гомель»:

  • Традыцыйна назву паселішча зьвязваюць са старажытнаславянскім тэрмінам «гаміла» («гамола») — магіла, узгорак[3]. Аднак на думку сучасных дасьледнікаў, яна паходзіць ад слова «гом», якое азначала больш дэталёвую структуру рэльефу — «узвышша над ярам, нізінай». Адпаведна, літаральнае значэньне назвы Гомелю — «мясцовасьць, зрытая ярамі, ярыстая» (што яшчэ можна заўважыць праз тапанімічныя назвы й захаваныя кавалкі дагістарычнага рэльефу: Гамяюк, Кіеўскі спуск, Цыганскі спуск, Гарэлае Балота, Дзеднава й інш.)[4].
  • Ад агульнага продка і першакнязя, якога звалі Гом (ўсё навакольле — Гом’я; а само места й мястэчка — адпаведна Гом’е). Да гэтай вэрсіі пасуе яшчэ той факт, што прозьвішчы карэнных гамелян маюць агульны корань «Гом», да таго адным з удзельнікаў у замірэнчых дамовах зь Бізантыяй пры Аскольдзе быў нейкі невядомы Гомол[4].
  • Ад аднаго з аб’ектаў гідраніміі — рэчкі Гамяюк (Гаміюк). Паводле А. Рогалева, назва складаецца зь дзьвюх частак: Гом- (высокае месца і пад.) і -юк (вада, плынь і пад.)[4].
  • Таксама існуе меркаваньне, што тапонім утварыўся ад спалучэньня «Го! Мель!» (паводле Х. Жудро, І. Сербава, Дз. Даўгялы). Згодна з паданьнем ладзьдзі і чаўны, якія праплывалі каля мястэчка (асабліва пры ўтоку Гамеюка), часта траплялі на мель. З гэтай прычыны, дасьведчаныя людзі крычалі падарожнікам «Го! Го! Мель!» — гэтае значыла, што тут ёсьць мелізна. Адным з абгрунтаваньняў гэтай вэрсіі зьяўляецца тое, што ў XVI ст. Сож меў яшчэ адну назву — Нярэя. He адкідаючы магчымасьць іншага тлумачэньня і ня ведаючы, на якой дзялянцы ракі ўзьнікла гэта назва, тым ня менш трэба адзначыць вельмі красамоўнае ў дадзеным выпадку тлумачэньне: Нярэя — з балцкіх моваў (латыскай і летувіскай) — «вузкая доўгая пясковая водмель уздоўж берага»[4]. У той жа час беларускі тапаніміст В. Жучкевіч крытычна ставіцца да гэтай вэрсіі. Ягонае меркаваньне грунтуецца на тым, што геаграфічныя назвы ніколі не ўтвараліся ад выклічнікаў. Апроч таго, памылковасьць гэтай вэрсіі пацьвярджае наяўнасьць мястэчка Гомель і возера Гомельскае ў Полацкім раёне[5].

Апрача цяперашняй, гістарычныя крыніцы зьмяшчаюць наступныя варыянты назвы места: Гом[6], Гомей[7], Гом’е[8],Гомій і Гомін[9] сустракаліся тамака і іншыя (памылковыя) формы — Гомглій, Гомой, Гобля, Хемль. На многіх эўрапейскіх мапах XVII — пач. XX стагодзьдзяў тапонім перадаваўся лацінкаю як Homel. Варыянты назвы на іншых мовах: польск. Homel, рас. Го́мель. Традыцыйная беларуская трансьлітарацыя — Homiel.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Гомелю

У XIIXVII стагодзьдзяў Гомель быў моцным цэнтрам абароны Панізоўя. Умацаваньні зь земляным валам ды найпрасьцейшым частаколам зьявіліся тут ужо ў XI ст., пазьней вал шматразова дасыпаўся. Археалягічныя дасьледаваньні, якія праводзіліся ў мескім парку на пачатку 90-х гадоў XX ст., паказалі, што першыя паселішчы ўсходніх славянаў-радзімічаў былі тут у IXX стагодзьдзях.

Першы пісьмовы ўспамін пра Гомель зьмяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе й датуецца 1142 годам: «И слышавъ уже билися Ольговичи у Переяславля съ стрыемъ его с Вячеславомъ и съ братомъ его Изяславомъ. И поиде на волость ихъ и взя около Гомия». У той час горад знаходзіўся ў складзе Чарнігаўскага княства. Каля 1157 князь смаленскі Расьціслаў Мсьціславіч выкарыстаў барацьбу за кіеўскі сталец і ўчыніў выправу на Чарнігаўскае княства «и взя около Гомия волость их всю», але неўзабаве чарнігаўскія князі вярнулі Гомель. У 1159 тут ратаваўся ад міжусобіцаў князь кіеўскі Ізяслаў Давыдавіч. Паводле археалягічных зьвестак, горад значна пацярпеў ал Ардынскай навалы.

У 1335 Гомель далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага і з гэтых часоў жыў лёсам пагранічнага гораду на паўднёва-ўсходняй ускраіне дзяржавы, займаў важнае месца ў абарончым поясе замкаў Панізоўя. Разам са Старадубам быў часткаю «ўдзелу» князя Патрыкія Нарымунтавіча, пляменьніка Альгерда. У 14061419 местам кіраваў вялікакняскі намесьнік, потым ім валодалі: Свідрыгайла (да 1435), уцекач з Маскоўскага княства князь Васіль Бароўскі (14361452), які пазьней вярнуўся дадому. З 1452 Гомель зноў у руках састарэлага Сьвідрыгайлы. Па ягонай сьмерці места перайшло да зьбеглых князёў мажайскіх, адмова якіх у 1499 ад прыняцьця каталіцтва прывяла да доўгай барацьбы за валоданьне местам. У гэтую барацьбу ў 1500 умяшаўся маскоўскі гаспадар, у якога мажайскія ўцекачы знайшлі падтрымку.

У чэрвені 1535 войскі Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю гетмана вялікага Юр’я Радзівіла ўзялі Гомель у аблогу. Вялікі князь Жыгімонт Стары паставіў задачу: «замок… моцный и обороною способенный Гомей взять… или хоть огнем его спалить», пазьней замак аднавілі ўжо як умацаваньне пад кантролем ВКЛ. У тым жа годзе Жыгімонт Стары заснаваў Гомельскае староства як асобнае дзяржаўнае ўтварэньне ў складзе гаспадарскіх Падняпроўскіх воласьцяў[10]. Пастановай вялікага князя ў 1537 мяшчане Гомелю ды ўся воласьць вызваляліся ад «роблення замку Гомейского на 1 год… под тым обычаем иж они не мели до году одного замку рубити и ничего в нем оправовати, хиба естли бы которые кгонты в замку опали, або дощчка ся где оторвала, то мели за ся прибити и направити». У гэты час замак меў моцны абарончы вал, драўляныя шмат’ярусныя вежы, сьцены-гародні з баявой галерэяй — «блянкаваньнем», а таксама ўяздную браму з пад’ёмным мастом — «узводам», перакінутым праз роў. З замку ішоў патаемны падземны ход да Сажу, адкуль у час аблогі бралі ваду. З 1561, разам з умацаваньнямі замка, згадваюцца й умацаваньні места — лініі ўласна мескай фартыфікацыі. Гомель атачаўся земляным валам, наверсе якога стаялі драўляныя вежы й сьцены-гародні. Уезд і выезд ажыцьцяўляліся праз брамы: Чачэрскую, Магілёўскую, Рэчыцкую ды Водную, якая выводзіла на мескую гандлёвую прыстань. Перад валам ішоў глыбокі абарончы роў зь перакінутым празь яго пад’ёмнымі мастамі, падведзенымі да брамаў.

21 сакавіка 1560 (паводле іншых зьвестак у 1562[11]) вялікі князь Жыгімонт Аўгуст зацьвердзіў пячатку і герб Гомелю: «у чырвоным полі срэбны крыж»[11][12]. Згодна з вынікамі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы (15651566) мясьціна ўвайшла ў склад Рэчыцкага павету новаўтворанага Менскага ваяводзтва. У Інфлянцкую вайну (15581582) Гомель неаднаразова бралі маскоўскія войскі Івана Жахлівага, аднак у ліпені 1576 аддзел гетмана вялікага Юрыя Радзівіла здолеў адбіць яго. Празь 5 гадоў, 5 траўня 1581, Гомель зноў зазнаў напад царскіх войскаў, якія «...до замку неведоме ночью пришедши, на место ударили и место огнем выпалили». Замак, аднак, захапіць ня ўдалося. У час антыфэадальнага паўстаньня пад камандаю Налівайкі (1595) места на пэўны час зрабілася прыстанкам паўстанцаў-казакаў, якіх падтрымалі тутэйшыя мяшчане.

За часамі вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай у 16141615 у Гомельскім замку несупынна знаходзілася невялікая залога, якая налічвала 40 казакаў ды 40 жаўнераў. Іх падтрымлівала мескае апалчэньне. У 1633 Гомель бараніўся ад казацкіх сотняў Булгакава й Ярмоліна, якія таксама ня здолелі захапіць замак. У кастрычніку 1648 украінскія казакі на чале з палкоўнікам Главацкім і беларускія сяляне занялі места, абрабаваўшы шляхту ды заможных людзей. Мяшчане амаль што ўсе «паказачыліся». Аднак загон Главацкага быў у Гомелі нядоўга, яго адклікаў да Ўкраіны Багдан Хмяльніцкі. Па Корсуньскай бітве (1649) з дапамогаю часткі мяшчанаў Гомель захапілі казакі палкоўніка Нябабы. Але Збароўскі мір дазволіў гетману вялікаму Янушу Радзівілу сканцэнтраваць дастатковую колькасьць войска дзеля аднаўленьня цэнтральнай улады ў Гомелі, Чачэрску ды іншых местах. У чэрвені 1651 палкоўнік Нябаба накіраваў загоны Забелы ды Окшы на Гомель. Спачатку тут было 7 тысячаў казакаў, а пазьней падыйшло яшчэ 10 тысячаў. Места абаранялі вялікая наёмная залога (на чале з капітанам Мантгомэры) ды мясцовае апалчэньне. 13 чэрвеня была першая спроба ўзяць замак з дапамогаю падкопаў ды штурму, але ж абаронцы вытрымалі. Пазьней Нябаба тэрміновым лістом на некаторы час адазваў казакаў ад Гомелю. Пры канцы чэрвеня 1651 яны зноў аблажылі места. Але да залогі прыйшло падмацаваньне і яна ўтрымалася.

У чэрвені 1654, у самым пачатку вайны паміж Маскоўскай дзяржавай зРэччу Паспалітай, да Гомелю з Ноўгарада-Северскага падыйшло войска наказнога атамана Залатарэнкі. Яно налічвала 20 тысячаў конных і пешых ратнікаў. Войска Залатарэнкі без асаблівых намаганьняў пераадолела мескія ўмацаваньні й падыйшло да замку. Паставіўшы навокал яго й па суседніх узгорках гарматы, казакі пачалі аблогу. За ўвесь час ад пачатку аблогі да 11 ліпеня яны чатыры разы хадзілі на штурм, але ўсе прыступы былі марнымі. Абложаныя таксама чынілі вылазкі ў адказ. Разумеючы, што гамельчукі сваёй упартасьцю «всей Литве и войскам ее сердца и смелости додают», Залатарэнка зьвярнуўся да абложаных ад імя цара й Багдана Хмяльніцкага з прапановай здацца, але тыя «гордо и сурово» адмовіліся. Тады казакі ўцягнулі некалькі невялікіх гарматаў на Спаскую царкву, што стаяла за Гамеюком непадалёк ад замка. Страляючы распаленымі ядрамі, яны выклікалі ў замку пажар. Вылазка з мэтай ліквідацыі гэтай артылерыйскай пазыцыі скончылася для абложаных няўдачай. Неўзабаве казакі знайшлі й узарвалі патайны ход да вады, што ў рэшце прадвызначыла лёс замку. У выніку 13 жніўня 1654, па больш як паўтарамесячнай аблозе, жыхары места мусілі здацца. Вайна 16541667 моцна адбілася на стане Гомелю. Аднак замак, калі ўлічваць зьвесткі 1666, усе яшчэ захоўваў сваю моц. У 1670 Гомель атрымаў Магдэбурскае права. Станам на 1681 тут было 165 дымоў[13].

З пачатку XVIII ст. у Гомелі дзейнічаў касьцёл, з 1717 пры грэка-каталіцкая царкве Сьвятога Міколы — базылянскі кляштар. Апроч таго, у Спасавай Слабадзе, што месьцілася каля замка, уцекачы-стараверы заснавалі манастыр. Вядома, што ўладальнік Гомельскага староства князь Міхайла Чартарыйскі ў 1737 збудаваў у месьце новы моцны дубовы замак зь вежамі й сьценамі, у якіх меліся шматлікія байніцы, паглыбіў ровы й паправіў пад’ёмны мост. У 1764 расейскія карныя войскі спалілі слабаду старавераў каля Гомелю, а яе жыхароў вывезьлі ў Расею. На 1765 у месьце налічвалася 206 дымоў[13].

Палацава-паркавы ансамбль Пашкевічаў на карціне М. Залескага, XIX стагодзьдзе
Палацава-паркавы ансамбль Пашкевічаў на карціне М. Залескага, XIX стагодзьдзе

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Гомель апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Рэчыцкай правінцыі Магілёўскай губэрні. Кацярына II падаравала колішняе магдэбурскае места Пятру Румянцаву «для увеселения». Апошні загадаў разабраць вежы й сьцены драўлянага замка, зрыць валы. У 1785, паводле праекту Б. Растрэльлі, на іх месцы пачалі будаваць мураваны палац[14]. Румянцаў, не жадаючы прысутнасьці ў Гомелі павятовых чыноўнікаў, дамогся ператварэньня паселішча ў прыватнаўласьніцкае мястэчка пры ўмове пабудовы ім новага гораду, дзе б разьмясьціўся павятовы цэнтар. Пазьней Гомель увайшоў у склад Беліцкага павету. Румянцаў у 17771786 збудаваў новы павятовы цэнтар (Новая Беліца) на левым беразе ракі Сож, за 3 вярсты ад Гомелю. У 1793 на беразе Сажа збудавалі Ільлінскую царкву. У 18091819 паводле праекту архітэктара Д. Кларка вялося будаваньне Петрапаўлаўскага сабора. 8 лістапада 1819 у Гомелі адкрылася першая ў Расейскай імпэрыі лянкастарская школа. Апроч таго, у месьце існавалі гімназія (з 1797), гасьціны двор, шкляны, кафляны, сьпіртавы заводы, ткацкая і прадзільная фабрыкі, сталы драўляны мост праз Сож. У 1822 завяршылася ўзьвядзеньне касьцёла.

У 1852 новы ўладар князь Іван Паскевіч перавёў павятовы цэнтар у Гомель (павет пераназвалі ў Гомельскі) і абвясьціў Новую Беліцу заштатным горадам, а ў 1854 годзе яе далучылі да Гомелю ў якасьці прадмесьця (цяпер — Навабеліцкі раён). На падставе гербу Новай Беліцы, дараванага ёй у 1781 годзе, распрацавалі герб Гомелю, зацьверджаны ў 1856 годзе. За часамі Паскевіча адкрыліся шкляная мануфактура, цукровы завод (1832), зьнічкавы завод (1840), крупарушка (1853), некалькі канатных і лесапільных прадпрыемстваў, царкоўна-прыходзкая аднаклясная вучэльня (у Новай Беліцы, 1835), народная вучэльня (1841). У 1850 праз Гомель прайшла шашэйная дарога Санкт-Пецярбург — Адэса і першая ў Расейскай імпэрыі тэлеграфная лінія Санкт-Пецярбург — Севастопаль, у 1873 — Лібава-Роменская чыгунка, у 1888 — Палеская чыгунка. Станам на 1854 у месьце было 1219 будынкаў. Гомель значна пацярпеў ад пажару ў 1856, калі згарэла 540 будынкаў[15]. У 1857 праз раку збудавалі аркавы мост. У 1873 пачало ўжывацца газавае асьвятленьне, у 1879 — брукаваньне вуліцаў. Да 1913 Гомель зрабіўся буйным прамысловым цэнтрам, найбуйнейшымі прадпрыемствамі места былі мэханічныя майстэрні Лібава-Роменскай чыгункі і запалкавая фабрыка «Везувий».

У Першую сусьветную вайну 1 сакавіка 1918 Гомель занялі нямецкія войскі, пазьней — украінскія войскі Сымона Пэтлюры, з 14 студзеня 1919 — бальшавікі. Яшчэ 1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Гомель увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 29 красавіка 1923 адбыўся ўвод у эксплюатацыю 1-й чаргі мескай электрастанцыі. У сьнежні 1926 Гомель вярнулі БССР, дзе ён зрабіўся цэнтрам раёну, з 1938 — вобласьці. 4 лістапада 1928 пачаўся рух на чыгуначнай лініі Навабеліца — Прылукі. У 1928 пачалося ўзьвядзеньне заводу «Гомсельмаш». У 1937 годзе, у пэрыяд сталінскіх рэпрэсіяў, супрацоўнікі НКВД у мясьціне пад назвай Шчакатоўскі лес (на поўдзень ад места) праводзілі масавыя расстрэлы мірных жыхароў. Станам на 1940 у Гомелі працавалі 264 прамысловыя прадпрыемствы, аб’ёмам прадукцыі места займала 3-е месца ў БССР пасьля Менску і Віцебску, ягоная ўдзельная вага складала 16,6% прамысловасьці БССР. Функцыянавалі настаўніцкі і лесатэхнічны інстытуты, 2 НДІ. У Другую сусьветную вайну з 19 жніўня 1941 да 23 лістапада 1943 Гомель знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гомель падзяляецца на 4 раёны

Далучаныя населеныя пункты: 1948, 30 красавіка — вёскі Ціценкі і Верхні Брылёва; 1957, 7 кастрычніка — вёскі Прудок і Якубоўка, а таксама пасёлак Чапаева; 1960, 25 ліпеня — вёска Ляшчынец; 1961, 30 сьнежня — вёска Ніжняе Брылёва; 1963, 25 ліпеня — вёскі Павлава, Масьцішча, Хутар; 1968, 29 сакавіка — пасёлак Сонечны і вёска Падгорная; 1972, 6 сакавіка — пасёлак Чырвоны Кастрычнік; 1983, 23 лютага — пасёлак Спадарожнік Сьвету, вёскі Новая Мільча і Старая Мільча; 1983, 12 траўня — пасёлак Будзёнаўскі; 2007 — вёскі Давыдаўка і Хутар [16]; 2010 — вёска Чырвоны Маяк Улукаўскага сельсавету (гэтым рашэньнем плошчу Гомелю павялічылі на 770 га)[17]

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле перапісу насельніцтва Беларусі ў 2009 годзе насельніцтва Гомелю складала 482 652 чалавекі, што адпавядае сярэдняй шчыльнасьці насельніцтва 3 684 чал./км². У горадзе жыве 219 068 мужчынаў (45,39%) і 263 584 жанчыны (54,61%). Паводле нацыянальнага складу насельніцтва разьмяркоўвалася наступным чынам: беларусы — 402 634 чалавекі (83,42%), расейцы — 52 373 чалавекі (10,85%), украінцы — 15 010 чалавек (3,11%), астатнія складаюць 2,62% насельніцтва гораду. У 19 ст. больш за палову насельніцтва Гомелю складалі габрэі, што было зьвязана з устаноўленай расейскім урадам мяжой аселасьці габрэяў. На пач. 1941 у горадзе жыло каля 50 тыс. габрэяў (30% насельніцтва), у апошнюю вайну большасьць мясцовых габрэяў зьнішчылі нацысты.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Гомелі працуюць 5 унівэрсытэтаў і 2 інстытуты:

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць краязнаўчы музэй, драматычны тэатар, экспэрымэнтальны моладзевы тэатар-студыя, тэатар лялек і цырк.

Праводзяцца фэстывалі: міжнародны інструмэнтальнай музыкі «Рэнэсанс гітары», харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод», рэгіянальны харавога мастацтва «Пявучае поле» і інш.

Клюбы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычнай рэканструкцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Гомелі існуюць клюбы гістарычнай рэканструкцыі эпохі Высокага Сярэднявечча, Позьняга Сярэднявечча і Другой сусьветнай вайны. Дзейнасьць клюбаў падтрымліваецца інтэрнэт-форумам «Гомельскі Гістарычны Форум. Мэтады прыкладнай гісторыі.»[24]

Гомельскія клюбы гістарычнай рэканструкцыі эпохі Сярэднявечча (у парадку ўзьнікненьня)[25]:

  • «Сьцяг Алега Сьвятаславіча». Год заснаваньня — 1998. Кірунак дзейнасьці — Паўднёва-Рускія княствы ў 12-13 стагодзьдзях. У цяперашні час існуюць у выглядзе кампаніі сяброў. Працягваюць занятак гістарычнай рэканструкцыяй і прымаюць удзел у фэстах.
  • «Старая Вежа». Год заснаваньня — 2001. Кірунак дзейнасьці — матэрыяльная культура і духоўныя каштоўнасьці Сьвятой Рымскай Імпэрыі Нямецкай Нацыі канца 13 — пачатку 16 стагодзьдзяў. Праводзіць жнівеньскія рыцарскія пешыя турніры. У 2008 годзе — чацьвёрты. Мае статус «зачыненага» (толькі для ўдзельнікаў) рэгіянальнага мерапрыемства.[26]
  • «Грыдні Мсьціслава Глебавіча». Дата заснаваньня — 21 лютага 2004. Кірунак дзейнасьці — гарадзкая культура Паўднёва-Рускіх княстваў у 13 стагодзьдзі («ад Калкі да Нашэсьця»).[27]
  • Клюб старадаўняга танцу «Турдыён». Дата заснаваньня — 17 верасьня 2006. Кірунак дзейнасьці — вывучэньне эўрапейскіх танцаў эпохі Сярэднявечча, Адраджэньня і інш. аж да 17 стагодзьдзя (контрдансы).
  • «Залатая Рысь». Год заснаваньня — 2007. Кірунак дзейнасьці — матэрыяльная культура Польскага Каралеўства 14-16 стагодзьдзяў.

Рэканструкцыя эпохі Другой сусьветнай вайны ў Гомелі прадстаўлена падпадзяленьнем «Пошук» ваенна-патрыятычнага клюбу «Гонар» і прыватнымі асобамі.

Спорт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтарамонтны завод

За 2008 прамысловы комплекс Гомелю вырабіў прадукцыі на 4188,0 млрд рублёў. Станам на пачатак 2008 у месьце налічвалася 126 прамысловых прадпрыемстваў, зь іх 49 (38,9 %) дзяржаўнай формы ўласнасьці, 77 (61,1 %) — недзяржаўнай, у тым ліку 37 (29,4 %) — акцыянэрныя таварыствы, 4 (3,2 %) — замежная ўласнасьць, 10 (7,9 %) — мяшаная ўласнасьць з замежным удзелам, 26 — іншыя.

Найбольшую ўдзельную вагу ў агульным аб’ёме вытворчасьці маюць:

  • прадпрыемствы машынабудаваньня (52) — 48,3%;
  • прадпрыемствы харчовай і перапрацоўчай прамысловасьці (17) — 16,7 %;
  • прадпрыемствы лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасьці (12) — 8,1 %;
  • лёгкай прамысловасьці (12) — 4,6 %;
Прадукцыя ПА «Гомсельмаш»
  • вытворчасьці будматэрыялаў (8) — 7,9 %;
  • хімічнай прамысловасьці (5) — 11,2 %.

Найбуйнейшыя прадпрыемствы: ВА «Гомсельмаш», ЗЛІН, завод гандлёвага абсталяваньня, вагонарамонтны завод, станкабудаўнічы завод ім. Кірава, завод вымяральных прыбораў, завод «Цэнтраліт», кандытарская фабрыка «Спартак», Гомельскі мясакамбінат, Гомельскі тлушчавы камбінат, ВА «Гомельдрэў», ААТ «Гомельбудматэрыялы», Гомельскі хімзавод, завод хімічных вырабаў, завод хімічнай крэйды, завод плястмасавых вырабаў, ВА «Крышталь», РУП «Гомельскі лікёрагарэлачны завод», ААТ «Гомельшпалеры», ААТ «Камінтэрн», радыёзавод, ВА «Беларуснафта», ВА «Гомельшкло», аўтарамонтны завод[28].

Транспарт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аўтобус Багдан-А092 на вуліцы места

Грамадзкі транспарт у Гомелі прадстаўляюць тралейбусы, аўтобусы, маршрутныя таксі. Тралейбусная сетка Гомелю адкрылася 20 траўня 1962 і налічвае 29 маршрутаў (з улікам іх разнавіднасьцяў). Тралейбусны маршрут № 16 адкрыўся 8 верасьня 2007 па пракладаньні кантактнай сеткі вуліцай Мазурава. Працягласьць вулічнай сеткі з транспартнымі лініямі складае каля 74 км, а агульная працягласьць тралейбусных шляхоў — 475 км. Апошнія маршруты: №23 — Хімзавод — Валатава(09.2010), №4 — Крыстал — Валатава (09.2013). Рухомы склад прадстаўлены машынамі АКСМ-201, АКСМ-321, АКСМ-213, АКСМ-101, ЗИУ-682.

Колькасьць аўтобусных маршрутаў — 57 агульнай працягласьцю 666 кілямэтраў, для шэрагу маршрутаў існуюць экспрэс-варыянты. Рухомы склад — галоўным чынам аўтобусы МАЗ-105, МАЗ-107, МАЗ-103 і Ікарус-280, менш прадстаўленыя МАЗ-104 і МАЗ-203. На экспрэс-маршрутах выкарыстоўваюцца аўтобусы Багдан-А092. Дзейнічае 28 лініяў (з улікам адменаў — 32) маршрутных таксі, на лініях працуюць пераважна мікрааўтобусы Ford Transit, Газэль, Mercedes.

Чыгуначны вакзал (Гомель) далёкага прытрымліваньня станцыі Гомель-Пасажырскі

Прымескае і міжмескае аўтобуснае злучэньне ажыцьцяўляецца з аўтавакзалу. Аўтобусныя маршруты злучаюць Гомель з усімі местамі вобласьці і ўсімі абласнымі цэнтрамі Беларусі (акрамя Горадні)і Берасьця, зь неабласных гарадоў у іншых абласьцях з Горкамі, Наваполацкам, Столінам, Пінскам, Бабруйскам, Салігорскам, Баранавічамі, Крычавам, Касьцюковічамі, а таксама з гарадамі за мяжой Чарнігавам, Кіевам, Трускаўцом, Масквой, Берасьцем, Арлом, Навазыбкавам, Клімава, Клінцамі, Брэмэнам, Франкфуртам-на-Майне, Ціраспалем, Палтавай, Харкавам, Мікалаевам, Старадубам.

Прыгарадны вакзал

Чыгуначныя маршруты далёкага прытрымліваньня злучаюць Гомель са шматлікімі местамі Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Цягнікі далёкага прытрымліваньня з Гомелю ходзяць да Менску, Масквы (як праз Смаленск, так і праз Бранск), Санкт-Пецярбурга, Горадні, Берасьця, Полацку (празь Віцебск), Калінінграда, Шчорса, Чарнігава, Адлера (праз Варонеж). Бесьперасадкавыя вагоны ідуць да Валгаграда, Адлера (праз Харкаў), Мурманску, Карагандау, Іркуцку. Транзытныя цягнікі далёкага прытрымліваньня, як рэгулярныя, так і сэзоннага курсаваньня злучаюць Гомель, апрача пералічаных местаў, з Адэсай, Сімфэропалем, Кіевам, Анапай, Эўпаторыяй, Кіславодскам, Днепрапятроўскам, Хэрсонам, Фэадосіяй. У 1996 здадзены ў эксплюатацыю прымескі вакзал, разьмешчаны побач з вакзалам далёкага прытрымліваньня. Прымескае чыгуначнае злучэньне ажыцьцяўляецца ў межах Гомельскай вобласьціі з расейскім местам Навазыбкаў.

Міжнародны аэрапорт «Гомель» у савецкі час штодня абслугоўваў сотні пасажыраў, рэйсы ажыцьцяўляліся ў розныя канцы СССР. Цяпер рэгулярныя рэйсы штотыднёвы ажыцьцяўляюцца ў Калінінград. У 2005 і 2007 адкрывалася злучэньне паводле маршруту Гомель-Масква-Гомель, аднак празь некалькі месяцаў яго скасавалі празь нізкую пасажыраплынь. Таксама ў 2007 вядомая латвійская авіякампанія «Air Baltic» выконвала рэйсы паводле маршруту Рыга-Гомель-Рыга. Нягледзячы на нядрэнную колькасьць прададзеных квіткоў, 14 студзеня 2008 і гэты рэйс быў скасаваны. Да 2011 існавалі штодзённыя рэйсы на Менск, якія ажыцьцяўляліся кампаніяй «Гомельавія». Пасьля закрыцьця «Гомельавія» рэйсы на Калінінград выконвае «Белавія».

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палац Паскевічаў

Гомель — пэрспэктыўны цэнтар турызму Беларусі міжнароднага значэньня[29]. Гатэлі: «Гомель», «Верас», «Дынама», «У палёт», «Кастрычніцкая», «Сож», «Турыст», гасьцінічны комплекс «Уют», Гомельскага дзяржаўнага цырку, «Навучальна-мэтадычны цэнтар прафсаюзаў».

Выдатныя мясьціны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гістарычная забудова (ХІХ — пач. ХХ стагодзьдзяў; фрагмэнты)
  • Капліца-пахавальня Паскевічаў (1870—1889)
  • Касьцёл Раства Найсьвяцейшай Панны Марыі (1896, 1990-я)
  • Палацава-паркавы комплекс (XVIIIXIX стагодзьдзі)
  • Сабор Сьвятых Пятра й Паўла (1809—1824)
  • Сынагога
  • Сядзіба Крушэўскіх (ХІХ ст.)
  • Сядзібна-паркавы комплекс Багуслаўскіх (1849)
  • Царква Сьвятога Мікалая (1805)
  • Царква Сьвятога Прарока Ільлі (1793—1794)

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ратуша (1850)
  • Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (1822)
  • Сынагога Вялікая (1828—1833)
  • Царква Сьвятой Тройцы (1824—1833)
  • Царква Праабражэньня Гасподняга (1901)
  • Царква Сьвятога Георгія (1904)

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гарады-сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік-паказьнік зь сябрамі Гомелю

Вядомыя асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ураджэнцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жыхары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Государственный земельный кадастр Республики Беларусь(рас.) (па стане на 1 студзеня 2012 г.)
  2. ^ а б в Афіцыйная ацэнка Белстату(рас.)
  3. ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 76.
  4. ^ а б в г А. Ф. Рогалеў. Ад Гамеюка да Гомеля // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Гомеля. У 2 кнігах.Кн. 2-я. — Мн.: БЕЛТА, 1999. С. 465—467.
  5. ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 77.
  6. ^ ПСРЛ. Т. 1. — М., 1962. С. 348.
  7. ^ АЗР. Т. 1. С. 192
  8. ^ АЗР. Т. 2. С. 60.
  9. ^ БелФ. Т. 1. С. 112; Спис.
  10. ^ Алег Трусаў. Старадубская вайна // «Наша слова» № 39 (827), 12 кастрычніка 2007.
  11. ^ а б Гомель // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
  12. ^ Валерый Пазднякоў. Гомель // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 542.
  13. ^ а б Валерый Пазднякоў. Гомель // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 543.
  14. ^ Гомельские укрепления // Ткачев М. А. Замки Беларуси / М. А. Ткачев. — Мн.: Беларусь, 2002. С. 63.
  15. ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004.
  16. ^ Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 траўня 2007 г. №234 «Аб змене адміністрацыйна-тэрытарыяльнага складу горада Гомеля і Гомельскага раёна»
  17. ^ Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 сакавіка 2010 г. № 123
  18. ^ Леў Гранін, Георгій Еўдакіменка, Валянціна Лебедзева, Алег Макушнікаў, Міхаіл Старавойтаў. Гомель. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 62.
  19. ^ Гомель // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  20. ^ Леў Гранін, Георгій Еўдакіменка, Валянціна Лебедзева, Алег Макушнікаў, Міхаіл Старавойтаў. Гомель. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. С. 64.
  21. ^ а б в г д е Колькасьць насельніцтва Рэспублікі Беларусь(рас.)
  22. ^ Энциклопедический словарь
  23. ^ Бюлетэнь перапісу насельніцтва Беларусі 2009 году: Гомель(рас.)
  24. ^ Гомельскі Гістарычны Форум. Мэтады прыкладнай гісторыі.
  25. ^ Гомельскі Гістарычны Форум. Клюбы
  26. ^ Рыцарский фест «Старая вежа» открылся под Гомелем // БелаПАН, 1.08.2008
  27. ^ «Грыдні Мсьціслава Глебавіча» — гомельскі клюб гістарычнага мадэляваньня
  28. ^ География Гомельской области / под ред. Г. Н. Каропы, В. Е. Пашука. — Гомель, 2000.
  29. ^ Гомель // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Гомельсховішча мультымэдыйных матэрыялаў