Францыя
| Францыя République française |
|||
|
|||
| Нацыянальны дэвіз: Liberté, Égalité, Fraternité | |||
| Дзяржаўны гімн «La Marseillaise» |
|||
| Афіцыйная мова | Француская | ||
| Сталіца | Парыж | ||
| Найбуйнейшы горад | Парыж | ||
| Форма кіраваньня | Рэспубліка Франсуа Алянд Жан-Марк Айро |
||
| Плошча • агульная • адсотак вады |
41-е месца ў сьвеце 674 843 км² 0,26% |
||
| Насельніцтва • агульнае (2011) • шчыльнасьць |
20-е месца ў сьвеце 65 821 885 116/км² |
||
| СУП • агульны (2010) • на душу насельніцтва |
5-е месца ў сьвеце $2,146 трлн $34 092 |
||
| Валюта | Эўра (€) |
||
| Часавы пас • улетку |
CET (UTC+1) СEST (UTC+2) |
||
| Незалежнасьць | 843 | ||
| Аўтамабільны знак | F | ||
| Дамэн верхняга ўзроўню | .fr | ||
| Тэлефонны код | +33 | ||
Рэспу́бліка Фра́нцыя альбо Фра́нцыя (па-француску: République française альбо France) — краіна, чыя асноўная частка знаходзіцца ў Заходняй Эўропе, паміж Бэльгіяй, Люксэмбургам, Нямеччынай, Швайцарыяй, Італіяй і Манака на ўсходзе, Андорай і Гішпаніяй на поўдні, і аддзеленая пралівам Ля-Манш ад Вялікабрытаніі на поўначы. Таксама ў Францыю ўваходзяць тэрыторыі, разьмешчаныя на розных кантынэнтах.
Зьмест |
Гісторыя [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Гісторыя Францыі
Старжытнасьць і Сярэднявечча [рэдагаваць]
Францыя ў дагістарычны пэрыяд была месцам старажытных стаянак неандартальцаў і краманьёнцаў. У эпоху нэаліту на тэрыторыі Францыі існавала некалькі багатых помнікамі дагістарычных культураў. Дагістарычная Брэтань была культурна зьвязана з суседняй Брытаніяй, на яе тэрыторыі выяўлена вялікая колькасьць мэгалітаў. У пэрыяд позьняга бронзавага і раньняга жалезнага веку тэрыторыю Францыі засялялі кельцкія плямёны галаў, паўднёвы захад сучаснай Францыі — ібэры, плямёны невядомага паходжаньня. У выніку паэтапнага заваяваньня, якое было завершана ў 1 стагодзьдзі да н. э. у выніку Гальскай вайны Юлія Цэзара, сучасная тэрыторыя Францыі ўвайшла ў склад Рымскай імпэрыі як правінцыя Галія. Насельніцтва было раманізавана і да 5 стагодзьдзя размаўляла на народнай латыні, якая стала асновай сучаснай францускае мовы.
У 486 годзе Галія была заваяваная франкамі пад кіраўніцтвам Хлодвіга. Тым самым была створана Франкская дзяржава, а Хлодвіг стаў першым каралём дынастыі Мэравінгаў. У 7 стагодзьдзі ўлада караля істотна аслабла, а рэальнай сілай у дзяржаве завалодалі мажардомы, аднаму зь якіх, Карлу Мартэлу, удалося ў 732 у бітве пры Пуацье разьбіць арабскае войска і прадухіліць заваяваньне арабамі Заходняй Эўропы. Сын Карла Мартэла, Піпін Кароткі, стаў першым каралём дынастыі Каралінгаў, а пры сыне Піпіна, Карле Вялікім, франкская дзяржава дасягнула найвышэйшага росквіту за ўсю гісторыю і займала большую частку тэрыторыі цяперашняй Заходняй і Паўднёвай Эўропы. Пасьля сьмерці сына Карла Вялікага — Людовіка Пабожнага — яго імпэрыя была падзеленая на тры часткі. У 843 паводле Вэрдэнскага дагавора было створана Заходне-Франкскае каралеўства на чале з Карлам Лысым. Яно займала прыблізна тэрыторыю сучаснай Францыі. У 10 стагодзьдзі краіна стала называцца Францыяй.
Пазьней цэнтральная ўлада істотна аслабла. У 9 стагодзьдзі Францыя рэгулярна падвяргалася набегам вікінгаў, у 886 апошнія асаджвалі Парыж. У 911 вікінгі заснавалі герцагства Нармандыя на поўначы Францыі. Да канца 10 стагодзьдзя краіна была практычна цалкам раздробленая, а каралі ня мелі рэальнай улады за межамі сваіх фэўдальных уладаньняў (Парыж і Арлеан). Дынастыю Каралінгаў у 987 зьмяніла дынастыя Капэтынгаў, па імені першага яе караля Гуго Капета. Праўленьне Капэтынгаў характэрнае крыжовымі паходамі, рэлігійнымі войнамі ў самой Францыі (спачатку ў 1170 г. рух вальдэнсаў, а ў 1209—1229 — Альбігойскія войны), скліканьнем парлямэнта — Генэральных штатаў — упершыню ў 1302, а таксама Авіньёнскім палонам пап, калі папа Рымскі быў арыштаваны ў 1303 каралём Філіпам IV Прыгожым, і папы вымушаныя былі заставацца ў Авіньёне да 1378. У 1328 Капэтынгаў зьмяніла бакавая галіна дынастыі, вядомая як дынастыя Валуа. У 1337 пачалася Стогадовая вайна з Ангельшчынай, у якой спачатку посьпех спадарожнічаў англічанам, якія здолелі захапіць істотную частку тэрыторыі Францыі, але ў рэшце рэшт, асабліва пасля зьяўлення Жанны д’Арк, у вайне наступіў пералом, і ў 1453 англічане капітулявалі.
Да пэрыяду праўленьня Людовіка XI (1461—1483) адносіцца фактычная ліквідацыя фэўдальнай раздробненасьці Францыі і ператварэньне краіны ў абсалютную манархію. У далейшым Францыя пастаянна імкнулася іграць прыкметную ролю ў Эўропе. Так, з 1494 па 1559 яна вяла Італьянскія войны з Гішпаніяй за кантроль над Італіяй. У канцы 16 стагодзьдзя ў пераважна каталіцкай Францыі атрымаў распаўсюджаньне пратэстантызм кальвінісцкага толку (пратэстанты ў Францыі называліся гугеноты). Гэта выклікала рэлігійныя войны паміж каталікамі і пратэстантамі, пікам якіх у 1572 стала Барталямэеўская ноч у Парыжы — масавае забойства пратэстантаў. У 1589 дынастыя Валуа перасеклася, і Генрых IV стаў заснавальнікам новай дынастыі Бурбонаў.
Прырода [рэдагаваць]
Рэльеф мясцовасьці [рэдагаваць]
У Францыі прадстаўлены тры розных тыпу рэльефу — высокія горы, старажытныя плято і раўніны. Асаблівасьці будовы паверхні краіны такія, што наяўнасьць некалькіх узнятых тэрыторый не зьяўляецца перашкодай для сувязяў паміж раўнінамі. Пірэнэі, Альпы і Юра — горы альпійскай сыстэмы. Цэнтральны масіў, Армарыканскі масіў, Вагезы і Ардэны — разбураныя астаткі старажытных герцынскіх гор. Парыскі басэйн (Паўночна-Француская нізіна), Гаронская нізіна (Аквітанскі басэйн) і грабен Роны і Соны — раўніны з малымі амплітудамі вышыняў.
Клімат [рэдагаваць]
Над тэрыторыяй Францыі адбываецца бесьперапыннае барацьба паміж масамі акіянічнага паветра з захаду, кантынэнтальнага — з усходу і міжземнаморскага — з поўдню. Клімат любой часткі краіны залежыць ад перавагі той або іншай тэндэнцыі, хоць адбіваецца таксама ўплыў вышыні і мясцовых умоваў.
Акіянічны ўплыў выяўляецца ва ўсталяваньні цёплага вільготнага надвор’я. Заходнія паветраныя масы, праходзячы над цёплымі водамі Паўночна-Атлянтычнага цячэньня (працяг Гальфстрыму), насычаюцца вільгацьцю. Над акіянам гэтае паветра ўлетку астуджаецца, а ўзімку награваецца. У выніку пры распаўсюджваньні заходніх паветраных мас рэдка назіраюцца экстрэмальныя тэмпэратуры. Напрыклад, у Брэсьце сярэдняя тэмпэратура студзеня 7 °C, ліпеня — 17 °C. Тут вільготна, за год налічаецца 185 дзён з ападкамі, а агульная сума ападкаў дасягае 840 мм. Бoльшая частка ападкаў выпадае ў выглядзе зацяжнога дробнага дажджу. Неба звычайна зацягнута аблокамі, але сьнегапады і маразы бываюць рэдка.
Кантынэнтальны ўплыў суправаджаецца сухім надвор’ем з больш рэзкімі тэмпэратурнымі кантрастамі. Паветраныя масы, якія паступаюць з усходу з шырокіх унутраных частак Эўразіі, прыносяць мала вільгаці. Пры гэтым узімку ўсталёўваецца халоднае надвор’е, а ўлетку — гарачае. Напрыклад, у Страсбурзе сярэдняя тэмпэратура студзеня -1 °C, і ўзімку пэрыяд з тэмпэратурамі ніжэй 0 °C звычайна складае 80 дзён, уключаючы ня менш 20 дзён са сьнегам. Аднак лета ў Страсбургу гарачае і часта душнае, характэрныя моцныя дажджы.
Міжземнаморскі ўплыў распаўсюджваецца на прыморскую зону шырынёй 160 км на поўдні Францыі. Зімы тут мяккія і вільготныя, хоць бoльшая частка ападкаў выпадае ў выглядзе непрацяглых ліўняў, а ў прамежках паміж імі стаіць яснае надвор’е. Лета гарачае і сухое. Напрыклад, у Марсэлі сярэдняя тэмпэратура студзеня 7 °C, а ліпеня 22 °C, хоць днём тэмпэратура часам павышаецца да 38 °C. Сярэдняя гадавая сума ападкаў складае 580 мм, за год налічаецца 95 дзён з ападкамі. Містраль, халодны вецер, які часам дзьме з поўначы, асабліва ўзімку, прыносіць незвычайна халоднае надвор’е на міжземнаморскае ўзьбярэжжа Францыі.
Месцамі клімат істотна зьмяняецца з вышынёй — у такіх горных раёнах, як Вагезы, Юра, Цэнтральны масіў, Пірэнеі і Альпы. У цэлым з вышынёй тэмпэратура паніжаецца, а колькасьць ападкаў павялічваецца. У гарах нават у разгар лета днём бываюць нізкія тэмпэратуры і моцныя сьнегапады. Бoльшая частка сьнега ўвесну і ўлетку растае, але на вялікіх вышынях сьнег захоўваецца, там разьвітыя ледавікі. Манблан пакрыты снегам круглы год.
Унутраныя воды [рэдагаваць]
У Францыі чатыры вялікіх ракі — Сена, Люара, Гарона і Рона, сярод іх найбольшай даўжынёй (1000 км) адрозніваецца Люара. Буйныя марскія парты Гаўр, Нант, Бардо і Марсэль разьмешчаныя ў вусьцях гэтых рэк. Сена дрэнуе Парыскі басэйн і ўпадае ў Атлянтычны акіян паблізу Гаўра. Яна адрозьніваецца раўнамерным разьмеркаваннем сьцёку на працягу году, што спрыяе суднаходзтву, і злучаная каналамі зь іншымі рэкамі. Люара бярэ пачатак у Цэнтральным Францускім масіве, перасякае паўднёвую частку Парыскага басэйна і ўпадае ў Атлянтычны акіян каля Нанта. Узровень вады ў гэтай рацэ моцна вагаецца, таму часта бываюць паводкі. Гэта характэрна і для Гароны, якая пачынаецца ў Пірэнэях, перасякае Гаронскую нізіну і ўпадае ў Атлянтычны акіян каля Бардо. Рона бярэ пачатак у Швайцарыі і, выцякаючы з Жэнэўскага возера, трапляе на тэрыторыю Францыі. Яна злучаецца з Сенай паблізу Ліёна і ўпадае ў Міжземнае мора каля Марсэля. Рона адрозьніваецца хуткай плыньню і валодае вялікім гідраэнэргетычным патэнцыялам. На гэтай рацэ збудаваны шэраг гідраэлектрастанцый.
Сыстэма каналаў злучае паміж сабой асноўныя рэкі краіны, уключаючы раку Рэйн, па якой збольшага праходзіць усходняя мяжа краіны і якая зьяўляецца адным з найважных унутраных шляхоў зносінаў ў Эўропе. Рэкі і каналы маюць вялікае значэньне для эканомікі Францыі.
Расьліннасьць [рэдагаваць]
У Францыі захаваліся толькі рэшткі велічных лясоў, якія некалі пакрывалі раўніны і нізкія горы. Бoльшая частка раўнін разараная, а ўчасткі лесу прымеркаваныя да бяднейшых глеб. Аднак раўнінныя раёны Францыі зусім не пазбаўленыя дрэваў: уздоўж дарог і каналаў звычайна цягнуцца лесапасадкі. Яны асабліва тыповыя для краявідаў Нармандыі і Брэтані.
У гарах блізу сьнегавай лініі распаўсюджаныя аголеныя скальныя субстраты з імхамі і лішайнікаў. Далей уніз па схілах, але ўсё жа вышэй верхняй мяжы лясы альпійскія лугі выкарыстоўваюцца для пашы авечак і буйной рагатай жывёлы. Ніжэй верхняй мяжы лесу больш высокі пояс прадстаўлены хвойнымі лясамі з хвоі, лістоўніцы, піхты і елкі, ля самай межы іх рост тармозіцца і пераважае крывалесьсе, але з паніжэньнем вышыні дрэвы становяцца вышэй і зграбней. Хвойныя лясы зьмяняюцца шырокалісьцевымі з дуба, бука і каштана.
Найбольш своеасаблівая расьліннасьць міжземнаморскага ўзьбярэжжа, дзе могуць існаваць толькі расьліны, здольныя пераносіць працяглую летнюю засуху. Замест лясоў тут растуць ізаляваныя невысокія дрэвы і хмызнякі, паміж якімі сустракаюцца выхады карэнных парод. Самыя характэрныя дрэвы — масліна, коркавы дуб і алепская хвоя.
Жывёльны сьвет [рэдагаваць]
Жывёльны сьвет Францыі моцна зьбеднены ў выніку гаспадарчай дзейнасьці чалавека. Тым ня менш тут дзікая фаўна захавалася лепш, чым у суседніх краінах. Сустракаюцца сярэднеэўрапейскія, міжземнаморскія і альпійскія віды жывёлаў, асабліва шмат іх у запаведніках і нацыянальных парках. Напрыклад, у Заходне-Пірэнэйскім парку жывуць бурыя мядзьведзі і сарны, у Нацыянальным парку Вануаз у Савоі — горныя казлы.
З драпежных жывёлаў на тэрыторыі Францыі распаўсюджаныя лісіца, барсук, выдра, а на поўдні — генэта. З грызуноў характэрныя вавёркі, пацукі і мышы. У паўднёвых раёнах шмат кажаноў. Месцамі захаваліся зайцы, а з капытных у асобных буйных лясных масівах сустракаюцца высакародны алень, казуля, дзік і бабёр. На в. Корсыка ў гарах водзяцца муфлёны, або дзікія бараны (ад якіх, верагодна, утварыліся хатнія авечкі).
Вельмі багаты і разнастайны сьвет птушак. У гарах Францыі захаваліся буйныя птушыныя драпежнікі. Выключным багацьцем вадаплаўных і іншых птушак адрозьніваецца раён Камарг у дэльце Роны.
Рыбныя рэсурсы Францыі моцна зьбяднелыя. Бoльшую частка ўлову ў рэках і азёрах складае стронга, якую разводзяць штучна. У Біскайскім заліве вядзецца здабыча сардзінаў, камбалы і селядцоў, а таксама амараў, крэветак і малюскаў.
Палітыка [рэдагаваць]
Сыстэма палітычных ўстаноў сучаснай Францыі вызначана Канстытуцыяй V Рэспублікі, прынятай 4 кастрычніка 1958 году. Некаторыя асобныя пункты Канстытуцыі пазьней пераглядаліся:
- у 1962 было прынята вырашэньне аб абраньні прэзыдэнта Францускай Рэспублікі шляхам агульных прамых выбараў;
- у 1993 годзе быў прыняты новы акт на прадмет угалоўнай адказнасьці членаў урада;
- у 1995 годзе былі прыняты пастановы аб агульным паседжаньні Парлямэнта і пашырэньні кола ўдзельнікаў рэферэндума;
- у 1998 годзе былі прыняты пераходныя палажэньні аб статусе Новай Каледоніі;
- у 1999 годзе быў утвораны Эканамічны і фінансавы зьвяз, было прынята палажэньне аб аднолькавых доступе мужчын і жанчын да выбарчых мандатаў і выбарчых пасад, а таксама была прызнана юрысдыкцыя/такая ўстанова як Міжнародны суд па ўгалоўных справах;
- у 2000 годзе паўнамоцтвы прэзідэнта Францыі былі скарочаныя.
Канстытуцыйны савет [рэдагаваць]
Канстытуцыйны савет Францускай Рэспублікі складаецца зь дзевяці членаў. Яго функцыя - сачыць за правільным правядзеньнем выбараў і за адпаведнасьцю Канстытуцыі арганічных законаў, а таксама падканстытуцыйных законаў.
Прэзыдэнт Францускай Рэспублікі [рэдагаваць]
Кіраўнік дзяржавы абіраецца на пяць гадоў шляхам прамога ўсеагульнага галасаваньня (пяцігадовы тэрмін прэзідэнцкага мандату быў вызначаны рэфэрэндумам 27 верасьня 2000 году).
На дадзены момант пятым прэзідэнтам Францыі зьяўляецца Нікаля Сарказі, а раней быў Жак Шырак, абраны 7 траўня 1995 года і пераабраны 5 траўня 2002 года.
Адпаведна Артыкулу 8 Канстытуцыі, прэзідэнт прызначае прэм'ер-міністра і, па прапанове апошняга, членаў урада.
Адпаведна Артыкулу 16 Канстытуцыі, прэзідэнт кіруе Нарадай міністраў, ратыфікуе законы, а таксама выконвае абавязкі галоўнага кіраўніка арміі. Прэзідэнт мае права распусьціць Нацыянальны сход і, у выпадку сур'ёзнага палітычнага крызісу, прынять чразвычайныя паўнамоцтвы.
Прэм'ер-міністар і ўрад [рэдагаваць]
Пад кіраўніцтвам прэм'ер-міністра ўрад вызначае і праводзіць палітыку францускай нацыі.
Урад адказвае за сваю дзейнасьць перад Парлямэнтам (артыкул 20 Канстытуцыі).
Прэм'ер-міністар ажыцьцяўляе кіраваньне дзейнасьцю ўрада і забясьпечвае выкананьне законаў (артыкул 21 Канстытуцыі). 6 траўня 2002 года прэм'ер-міністрам Францыі быў прызначаны Жан-П'ер Рафарэн.
Парлямэнт [рэдагаваць]
Парлямэнт Французскай Рэспублікі мае дзвюхпалатную структуру і складаецца з Сэнату і Нацыянальнага сходу. Па-за функцыяй кантролю над урадам, абедзьве палаты распрацоўваюць і галасуюць за тыя ці іншыя законы. У выпадку нязгоды палат адна з адной канчатковае вырашэньне выносіць Нацыянальны сход.
- Сэнат
Сэнатары цяперашняга Сэнату былі абраныя на ўскосных усеагульных выбарах ў 2003 годзе на 6 гадоў (раней Сэнат абіраўся на 9-гадовы тэрмін). Кожныя тры гады Сэнат на палову абнаўляецца. Апошняе ўзнаўленьне мела месца ў верасьні 2004 году.
- Нацыянальны сход
Нацыянальны сход складаецца з дэпутатаў, якія абіраюцца на прамых усеагульных выбарах на 5 гадоў. Апошнія выбары ў Нацыянальны сход адбыліся ў чэрвені 2002 году.
Адміністрацыйны падзел [рэдагаваць]
Француская Рэспубліка складаецца зь мэтраполіі, 5 заморскіх дэпартамэнтаў, 4 адміністратыўна-тэрытарыяльных утварэньняў і 1 адміністратыўна-тэрытарыяльнага ўтварэння sui generis.
Француская мэтраполія падзелена на 22 рэгіёны, якія, у сваю чаргу, падзяляюцца на 96 дэпартаментаў.
Заморскія дэпартамэнты (départements d’outre-mer, DOM) Францыі:
Адміністратыўна-тэрытарыяльныя ўтварэньні (collectivités d’outre-mer), ці заморскія тэрыторыі Францыі':
Адміністраыйна-тэрытарыяльнае ўтварэньне sui generis — гэта Новая Каледонія.
Дзяржаўны лад [рэдагаваць]
Дзяржаўнае ўладкаваньне [рэдагаваць]
Францыя - суверэнная ўнітарная дэмакратычная рэспубліка. Дзейная канстытуцыя, прынятая 4 кастрычніка 1958 году, усталёўвае рэспубліканскую прэзыдэнцка-парлямэнцкую форму кіраваньня (Канстытуцыя Францускай Рэспаблікі, разьд. 2). Галава дзяржавы — прэзыдэнт, якія абіраецца на 5 год. Галава ўраду — прэм'ер-міністар. Рада міністраў прызначаецца прэзыдэнтам па ўзгадненьні з прэм'ер-міністрам. Заканадаўчая ўлада належыць дзьвюхпалатнаму парлямэнту, які абіраецца ўсеагульным галасаваньнем.
Заканадаўчая ўлада [рэдагаваць]
Заканадаўчая ўлада ў Францыі належыць парлямэнту, які ўключае ў сябе дзьве палаты — Сэнат і Нацыянальны сход. Сэнат Рэспублікі складаецца з 321 сэнтараў (з 2011 году іх будзе 348), 305 зь якіх прадстаўляюць мэтраполію, 9 — заморскія тэрыторыі, 5 — тэрыторыі Францускай супольнасьці і 12 — францускіх грамадзянаў, якія пражываюць за мяжой. Сэнатары абіраюцца на дзевяцігадовы тэрмін калегіяй выбарнікаў, якая складаецца з дэпутатаў Нацыянальнага сходу, генэральных саветнікаў і дэлегатаў ад муніцыпальных саветаў, пры гэтым Сэнат абнаўляецца на адну траціну кожныя тры гады.
Нацыянальны сход складаецца з 577 дэпутатаў, 555 зь якіх прадстаўляюць мэтраполію, а 22 — заморскія тэрыторыі. Дэпутаты Нацыянальнага сходу абіраюцца наўпроставым галасаваньнем на пяцігадовы тэрмін.
Выканаўчая ўлада [рэдагаваць]
У Пятай рэспубліцы прэм'ер-міністар адказвае за бягучую ўнутраную і эканамічную палітыку, а таксама мае права выдаваць указы гальунага характару. Ён лічыцца адказным асабіста за палітыку дзяржавы.
Прэм'ер-міністар прызначаецца прэзыдэнтам рэспублікі. Зацьвярджэньне ягок андыдатуры Нацыянальным сходам не патрабуецца, але праз тое, што Нацыянальна сход мае права ў любы момант аб'явіць ураду вотум-недаверу. Звычайна прэм'ер прадстаўле адну партыю, якая мае большасьць месцаў у НС. Прэм'ер-міністар складае сьпіс міністраў свайго кабінэта і прадстаўляе яго на зацьвярджэньне прэзыдэнту.
Мясцовае самакіраваньне [рэдагаваць]
Сыстэма мясцовых органаў самакіраваньня ў Францыі будуецца ў адпаведнасьці з адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам. Яны прадстаўленыя камунамі, дэпартамэнтамі і рэгіёнамі, дзе зьяўляюцца выбранымі органамі.
Камуна налічвае каля 36 тыс. чалавек, кіруецца муніцыпальнай радай і мэрам, які зьяўляецца органам выканаўчай ўлады. Рада кіруе справамі камуны, прымае рашэньні па пытаньнях, якія закранаюць інтарэсы яе грамадзянаў па ўсіх сацыяльных праблемах: распараджацца маёмасьцю, ствараць неабходныя слуюбы.
Дэпартамэнт зьяўляецца асноўнай адзінкай адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Францыі. Яны прадстаўленыя ў ліку 96 унутраных і, так званых, заморскіх дэпартамэнтаў. Да ўвядзеньня дэпартамэнцкай Рады адносіцца прыняцьце мясцовага бюджэту і кантроль за яго выкананьнем, арганізацыя дэпартамэнцкіх службаў, кіраваньне маёмасьцю. Выканаўчым ораганм дэпартамэнту зьяўляецца старшыня генэральнай рады.
Найбуйнейшай адзнкай ў адміністрацыйным падзеле краіны зьяўляецца рэгіён. У кожным рэгіёне заснаваныя эканамічныя і сацыяльныя камітэты і рэгіянальны камітэт па займах. У рэгіёне дзейнічае свая рахункавая палата. Рэгіянальная рада абірае свайго старшыню, які зьяўляецца выканаўчай уладай у рэгіёне.
Узброеныя сілы і паліцыя [рэдагаваць]
У цэлым Францыя зьяўляецца адной зь нешматлікіх краінаў, у складзе ўзброеных сілаў якой ёсьць амаль поўны спэктар сучаснай зброі і вайсковай тэхнікі ўласнай вытворчасьці — ад стралковай зброі да ўдарных атамных авіяносцаў.
Францыя таксама зьяўляецца краінай-уладальніцай ядзернай зброі. Афіцыйна пазыцыяй францускага ўраду было стварэньне «абмежаванага ядзернага арсэналу на мінімальна неабходным узроўні». На сёньняшні дзень гэты ўзровень складае чатыры атамных падводных лодкі і каля ста самалётаў зь ядзернымм ракетамі.
У рэспубліке дзейнічае кантрактная сыстэма прахаджэньня службы і адсутнічае воінская павіннасьць. Вайсковы пэрсанал, якія ўключае ў сябе ўсе падразьдзяленьні, складае каля 270 тыс. чалавек. Пры гэтым паводле рэформы, запачаткаванай прэзыдэнтам рэспублікі Нікаля Сарказі, з арміі павінаа быць звольнена 24% служачых, у асноўным на адміністрацыйных пасадах.
Геаграфія [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Геаграфія Францыі
Эканоміка [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Эканоміка Францыі
Дэмаграфія [рэдагаваць]
У 2004 годзе насельніцтва Францыі складала 60 мільёнаў чалавек.
Шчыльнасьць насельніцтва: 111 жыхароў на 1 км².
У Францыі налічваецца 73 гарадзкія зоны, у кожнай зь якіх жывуць больш за 100 000 чалавек. Пяць найбуйнейшых гарадзкіх зон:
| Найбуйнейшыя гарадзкія зоны | Насельніцтва ў 2002 годзе |
|---|---|
| Парыж | 11,2 мільёны |
| Ліён | 1,7 мільёны |
| Марсэль | 1,5 мільёны |
| Ліль | 1,2 мільёны |
| Тулюза | 1 мільён |
Культура [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Француская культура
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Францыя — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Францыя на беларускім Партале падарожжаў
- Ірына Хадарэнка. Непаўторны Эльзас, або Дзе шукаць сэрца Еўропы
|
|||||||||||||||||
|
||||||||
|
|||||||||||||
|
||||||||