Вялікабрытанія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Вялікабрытанія
United Kingdom of Great Britain and Northern Ireland
Сьцяг Вялікабрытаніі Герб Вялікабрытаніі
(Сьцяг) (Герб)
Нацыянальны дэвіз: па-француску: «Dieu et mon droit»
«God and my right»
Дзяржаўны гімн
«God Save the Queen»
Месцазнаходжаньне Вялікабрытаніі
Афіцыйная мова ангельская
Сталіца Лёндан
Найбуйнейшы горад Лёндан
Форма кіраваньня парлямэнцкая манархія
Элізабэта ІІ
Дэвід Кэмэран
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
79-е месца ў сьвеце
243 610 км²
1,34%
Насельніцтва
 • агульнае (2010)
 • шчыльнасьць
22-е месца ў сьвеце
Green Arrow Up Darker.svg 63 705 000[1]
254,7/км²
СУП
 • агульны (2009)
 • на душу насельніцтва
6-е месца ў сьвеце
$2,139 трлн
$34 619
Валюта Брытанскі фунт (GBP)
Часавы пас
 • улетку
GMT (UTC+0)
BST (UTC+1)
Незалежнасьць
 — Акт аб уніі 1707 году

1 траўня 1707
Аўтамабільны знак GB
Дамэн верхняга ўзроўню .uk
Тэлефонны код +44
British Isles.svg


Злучанае Каралеўства Вялікае Брытаніі ды Паўночнае Ірляндыі (па-ангельску: United Kingdom of Great Britain and Northern Ireland), скарочана — Вялікабрытанія, Вялікая Брытанія — краіна і сувэрэнная дзяржава, разьмешчаная па паўночным захадзе Эўропы.

Плошча — 244 820 км². Насельніцтва (паводле ацэнак 2012) — 63 705 000 чалавек[2] (паводле вынікаў перапісу 2001 — 58 789 194 чалавекі).

Прырода[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Краіна знаходзіцца ў Паўночна-Заходняй Эўропе, на Брытанскіх выспах (востраў Вялікабрытанія і паўночна-ўсходняя частка выспы Ірляндыя, выспа Мэн, і вялікая колькасьць дробных выспаў і архіпэлагаў, Нармандзкія выспы), абмываецца Атлянтычным акіянам і яго морамі. Плошча: усяго — 244,820 тыс. км², зямлі — 240,590 тыс. км², вады — 3,230 тыс. км². Самая высокая вяршыня Вялікабрытаніі — г. Бэн-Нэвіс (1343 м) — разьмешчаная на поўначы Шатляндыі (Грампіанскія горы), самая нізкая — Фэнланд (-4 м).

На поўначы і захадзе пераважае горны рэльеф — Паўночна-Шатляндзкае сугор’е (да 1344 м), Пэнінскія і Кембрыйскія горы; на поўдні і паўднёвым усходзе — пагорыстыя раўніны. Клімат умерана акіянічны, вільготны. Сярэднія тэмпэературы студзеня ад 3 да 7 °C, ліпеня 11—17 °C; ападкаў да 3000 мм штогод на захадзе і 600—750 мм на паўднёвым усходзе. Асноўныя рэкі: Тэмза — 334 км, Сэвэрн — 310 км, Трэнт, Мэрсі — 109 км, Клайд — 170 км. Найбуйнейшыя азёры: Лох-Нэс (56 км²), воз. Лох-Ёй (пл. 396 км²). Лясы (бук, дуб, бяроза) займаюць каля 9% тэрыторыі Вялікабрытаніі.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікабрытанія складаецца з 4 адміністрацыйна-палітычных частак (гістарычных правінцыяў):

Пад кантролем Вялікабрытаніі застаюцца 3 тэрыторыі на Брытанскіх выспах і 12 заморскіх тэрыторыяў.

Залежныя тэрыторыі са сталіцамі:

Брытанскія выспы
Эўропа
Амэрыка
Атлянтычны акіян
Акіянія
Індыйскі акіян

Палітычная сыстэма[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міжнароднае становішча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пэўная аддаленасьць Брытанскіх выспаў ад эўрапейскага кантынэнту прывялі да некаторай адрознасьці функцыянаваньня інстытутаў палітычнае сыстэмы брытанскай дзяржавы ад узораў, звыклых на кантынэнце. Як зазначаюць нямецкія дасьледнікі Юрген Кам і Бэрнд Ленц, «астраўное разьмяшчэньне краіны ўспрымаецца і ўспрымалася пераважнай большасьцю брытанцаў ня столькі як небясьпечная ізаляцыя, колькі як бясьпечная дыстанцыя ад кантынэнтальнай Эўропы».

Напрыклад, калі ва ўсіх заходнеэўрапейскіх краінах пісаныя Канстытуцыі зьяўляюцца асновай функцыянаваньня дзяржавы і палітычнага жыцьця, дык у Вялікай Брытаніі ў строгім значэньні гэтага слова Канстытуцыі няма. Вялікая Брытанія таксама стварыла ўласную сыстэму права (па-ангельску: common law). Адметнасьцю брытанскай палітыкі ёсьць таксама канцэпцыя сувэрэнітэту парлямэнту і ягоныя выключна шырокія паўнамоцтвы.

Вялікая Брытанія, адносна абароненая ад кантынэнтальнага ўплыву на сваю палітыку, магла больш аўтаномна (і без такіх рэзкіх рэвалюцыйных зьменаў, як на кантынэнце), чым іншыя эўрапейскія краіны, разьвіваць свае палітычныя інстытуцыі і захоўваць традыцыі. У той самы час, Вялікабрытанія як невялікая астраўная краіна, залежная ад міжнароднай каньюнктуры ў разьвіцьці сваёй эканомікі, пасьпяхова ператварылася ў сусьветную імпэрыю з адпаведнымі для сваёй палітычнай культуры наступствамі.

Вялікая Брытанія зьяўляецца эўрапейскай краінай, але яе палітычная сыстэма не зазнала большасьці тых палітычных трансфармацыяў і разбурэньняў, якія перажылі кантынэнтальныя краіны. У свой час Вялікая Брытанія стала сусьветнай дзяржавай і дагэтуль спрабуе гуляць на сусьветнай арэне, быць своеасаблівым «global player», дый працягвае падтрымліваць існаваньне Садружнасьці — задзіночаньня краінаў, якія некалі былі ейнымі калёніямі.

Эканамічнае разьвіцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Доўгі час Вялікая Брытанія была самай прамыслова разьвітай і эканамічна магутнай краінай сьвету. Аднак паступова тэмпы росту запавольваліся, асабліва праз падзеі ІІ Сусьветнай вайны і дэкалянізацыі. Пачынаючы з 1950-х гадоў і да самага нядаўняга часу гісторыя Каралеўства прасякнутая барацьбой з стагнацыяй і эканамічным адставаньнем. За апошнія два дзесягігодзьдзі мінулага стагодзьдзя вартасьць фунту зьменшылася амаль на сорак адсоткаў. Неабходнасьць барацьбы з рэцэсіяй прывяла нават да ідэялягічнага перараджэньня тае ж Лейбарысцкае партыі Вялікабрытаніі і трансфармацыі ўсёй ідэялягічнай базы брытанскай палітыкі.

Гістарычныя традыцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палітолягі кажуць пра тыповую для брытанцаў гістарычную і традыцыяналісцкую сьвядомасьць, адной з праяваў якой зьяўляецца захаваньне інстытуту манархіі. Палітычная традыцыя мае надзвычай важнае значэньне для функцыянаваньня палітычных інстытутаў. Дзякуючы гэтаму краіне ўдалося вырашаць мноства адміністрацыйных праблемаў. Напрыклад, адсутнасьць фармалізаваных нарматыўных кодэксаў, на якія абапіраюцца іншыя дзяржавы, брытанцы кампэнсуюць традыцыямі. Гэта дазваляе павялічыць гнуткасьць самое сыстэмы. Напрыклад, брытанская «няпісаная канстытуцыя» ўяўляе сабой комплекс законаў, традыцыяў, фармальных і нефармальных нормаў. Дзякуючы незамацаванасьці яе як адзінага дакумэнту, але захаваньні яе як комплексу традыцыяў, брытанцы маглі надзвычай гнутка зьмяняць і дапаўняць яе цягам стагодзьдзяў. Асабліва выразна гэта можна пабачыць на працэсе перадачы сувэрэнітэту ў рамках уладнай гіерархіі, якая адбывалася нефармальным шляхам і спосабам у працэсе доўгачасовага палітычнага разьвіцьця, вынікам якога было стварэньне дэмакратычна структураванай дзяржаўнай формы.

Працэс фармаваньня сучаснай дэмакратыі ў Вялікай Брытаніі расьцягнуўся на доўгі час, але быў эвалюцыйным і заснаваным на пераемнасьці палітычных інстытуцыяў, без грамадзкіх катаклізмаў. Такая ж павольнасьць і адсутнасьць радыкалізму была ўласьцівая і сацыяльным рэформам у працэсе пабудовы «дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту». Калі ж у краіне прайшла так званая «нэакансэрватыўная» рэвалюцыя, дык і яна не прывяла да рэзкіх зьменаў, бо не зруйнавала дзяржаву ўсеагульнага дабрабыту, хаця і прыняла радыкальныя захады па яе рэфармаваньні.

Шматнацыянальнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’яднанае каралеўства паўстала ў сваёй сучаснай форме за часамі Т’юдораў, калі ў яго склад увайшлі (гвалтам ці дабраахвотна) чатыры нацыі — ангельцы, валійцы, шатляндцы ды ірляндцы. У свой час захоп і прыгнёт не-ангельскіх (населеных не-англіканцамі) земляў, перадусім Ірляндыі, спрычыніўся да выштурхоўваньня вялікае масы людзей у заморскія калёніі, спрыяючы разьвіцьцю імпэрыі.

Шматнацыянальнасьць, аднак, вяла таксама і да процістаяньня, якое магло ісьці па двух шляхах. У Паўночнай Ірляндыі яно змусіла Лёндан да ўвядзеньня надзвычайных захадаў дзеля барацьбы з нацыяналістамі, і стварэньня сыстэмы кіраваньня гэтай тэрыторыяй, якая адрозьнівалася ад рэшты краіны, а таксама да згортваньня інстытутаў беспасярэдняе дэмакратыі. У іншых частках Каралеўства разьвіцьцё пайшло шляхам рэформаў.

За адну з самых рэвалюцыйных рэформаў экспэрты ўважаюць аднаўленьне (пасьля зацьвярджэньня на рэфэрэндуме 1997) шатляндзкага парлямэнту ў 1999. Гэтую рэформу варта разглядаць у кантэксьце шырэйшага працэсу, што атрымаў назву «Devolution», па перадачы часткі паўнамоцтваў Вэстмінстэрскага парлямэнту ўстановам ніжэйшага палітычнага ўзроўню.

Для працэсу дэвалюцыі існавалі адпаведныя гістарычныя і палітычныя перадумовы. Асаблівыя правы Шатляндыі, зьвязаныя з доўгай традыцыяй брытанскага парлямэнтарызму, былі гарантаваныя спачатку ў Act of Union 1707 году, а пасьля пашыраліся. Кульмінацыяй гэтага пашырэньня правоў стала заснаваньне адмысловага міністэрства па справах Шатляндыі, разьмешчанага ў Эдынбургу. Для шатляндзкай часткі Каралеўства ўласьцівая наяўнасьць і шэрагу адметнасьцяў падставовага характару. Так напрыклад, паводле ўсё таго ж акту 1707 году, Шатляндыя кіруецца ўласнай традыцыяй права, якая ўлучае ў сябе элемэнты, што бяруць пачатак у рымскім праве.

На думку нямецкага навукоўца Андрэаса Шваба, у выніку працэсу дэвалюцыі (спрычыненай шматнацыянальным характарам Каралеўства) аслабляецца дактрына парлямэнцкага сувэрэнітэту — асноватворны складнік дзяржаўнага ладу Вялікае Брытаніі.

Сёньня насельніцтва Вялікае Брытаніі становіцца ўсё больш разнастайным дзякуючы павелічэньню долі імігрантаў і нашчадкаў імігрантаў перадусім неэўрапейскага паходжаньня, большасьць якіх складаюць перасяленцы з былых брытанскіх калёніяў. Разнастайнасьць гэтая ўжо не абмяжоўваецца нацыянальнымі і канфэсійнымі адзнакамі, але і надае брытанскаму грамадзтву шматрасавы і шматрэлігійны характар. Пры гэтым з дэмаграфічных прычынаў колькасьць карэнных брытанцаў зьмяншаецца.

Структура палітычнай сыстэмы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У брытанскай спадчыннай манархіі ачольнікам дзяржавы зьяўляецца кароль ці каралева. Яго/яе цэнтральная роля ў палітычнай сыстэме выражаецца ў панятку «Crown in the Parliament». У дадзеным выпадку ідзецца пра рэліктавы інстытут, бо парлямэнт даўно пазбавіў манарха рэальных уладных паўнамоцтваў. Дзякуючы брытанскаму разуменьню парлямэнтарызму, якое дазваляе парлямэнту ня толькі займацца стварэньнем законаў, але і фармаваць ды кантраляваць урад, уладныя паўнамоцтвы парлямэнту заходзяць так далёка, што часам кажуць пра парлямэнцкі абсалютызм. Сутнасьць брытанскай дзяржавы палягала і палягае ў цэнтралізацыі краіны пад эгідай манархіі (unter der Krone), чый сувэрэнітэт знаходзіць сваё выражэньне ў парлямэнце і ствараным ім кабінэце; пры гэтым рашэньні прымаюцца парлямэнтам, а каралева падпісвае рашэньні, прынятыя большасьцю.

Такім чынам, манарх у Аб’яднаным Каралеўстве зьяўляецца цырыманіяльным кіраўніком дзяржавы, які ня можа вызначаць палітыку ўраду. Да паўнамоцтваў брытанскага манарха належаць:

  1. фармальнае зацьвярджэньне (падпісаньне законаў), але пры гэтым манарх ня можа выказваць сваю ўласную думку;
  2. фармальнае запрашэньне лідэра партыі, што атрымала найбольш галасоў падчас выбараў, да фармаваньня ўраду;
  3. фармальны роспуск парлямэнту перад выбарамі і г. д.

Выканаўчая ўлада ў Аб’яднаным Каралеўстве належыць Прэм’ер-міністру і Кабінэту міністраў. Гэта зьвязана з парлямэнцкай формай кіраваньня і асаблівасьцямі выбарчай сыстэмы, паводле якой партыя-пераможца атрымлівае надзвычай выгоднае становішча ў парлямэнце. Таму кіраваньне кабінэту меншасьці ёсьць надзвычай рэдкім выпадкам.

Звычайна прэм’ер-міністрам становіцца лідэр партыі, што перамагла на выбарах. У абавязкі прэм’ера ўваходзіць кіраўніцтва кіруючай партыяй, так ён, у прыватнасьці, вызначае, хто з дэпутатаў кіруючай фракцыі трапіць у склад кабінэту, альбо атрымае іншыя важныя пасады ў апараце дзяржаўнага кіраваньня. Хаця фармальна прэм’ер-міністар павінен удзельнічаць у пасяджэньнях парлямэнту і выступаць падчас дэбатаў, аднак цяпер яго ўдзел у працы парлямэнту мае абмежаваны характар.

Прэм’ер-міністар павінен падтрымліваць як найлепшыя стасункі са сродкамі масавай інфармацыі (па-ангельску: media perfomance). Прэм’ер таксама стараецца забясьпечыць перамогу сваёй партыі на наступных выбарах. Найважнейшай жа функцыяй прэм’ер-міністра ёсьць удзел у вызначэньні палітычнага курса, бо ён нясе пэрсанальную адказнасьць за ўсе дзеяньні кабінэту і працуе ў цесным кантакце зь міністрамі свайго кабінэту.

Кабінэт міністраў зьяўляецца калектыўным органам выканаўчай улады, а ягоныя чальцы адначасова зьяўляюцца кіраўнікамі асноўных міністэрстваў і палітыкамі-дэпутатамі кіруючай партыі ў парлямэнце. Прэм’ер павінен знаходзіць кампраміс і спрыяць прыняцьцю Кабінэтам узгодненых рашэньняў. Кабінэт жа павінен прадстаўляць свой палітычны курс для грамадзкасьці як аднадушна ўхваленыя рашэньні. Звычайна на паседжаньнях адбываецца толькі своеасаблівая ратыфікацыя раней узгодненых рашэньняў. Таму пры падрыхтоўцы праектаў рашэньняў важная роля належыць усялякім камітэтам і камісіям, а таксама чынавенству.

Дэпартамэнты і міністэрствы выконваць пастановы Кабінэту міністраў. У Аб’яднаным Каралеўстве няма зафіксаванае колькасьці міністэрстваў. Звычайна сам прэм’ер вызначае, якія з дэпартамэнтаў ды міністэрстваў увойдуць у Кабінэт міністраў.

Трыма традыцыйнымі прынцыпамі працы Кабінэту міністраў ёсьць:

  • Дамінантнае становішча прэм’ера. Моцныя пазыцыі прэм’ера даюць падставы некаторым палітолягам характарызаваць дзяржаўны лад Аб’яднанага Каралеўства як «prime ministerial government» альбо нават палемічна характарызаваць сытуацыю, як «elective dictatorship».
  • Каляктыўная адказнасьць чальцоў кабінэта за прынятыя рашэньні. Крытыка ўрадавых рашэньняў з боку чальцоў ураду можа быць толькі ўнутранай.
  • Прынцып адказнасьці міністра. Кожны міністар адказвае за годнае выкананьне ягоным міністэрствам адпаведных задачаў (па-ангельску: departmental government). У выпадку памылак міністэрства міністар павінен пайсьці ў адстаўку, нават калі асабіста ён у тых памылках не вінаваты.

Важнай асаблівасьцю палітычнага жыцьця краіны ёсьць таксама наяўнасьць так званага ценявога кабінэту, стваранага апазыцыйнай партыяй зь людзей, якія ў выпадку яе перамогі ўвойдуць у склад новага ўраду.

Рэальная ўлада ў Вялікай Брытаніі належыць прэм’еру і Кабміну, якія абапіраюцца на парлямэнцкую партыю большасьці. Гэта спрыяе перараджэньню дзьвюхпалатнага парлямэнту ў цырыманіяльны орган заканадаўчай улады. Уплыў дэпутатаў на вызначэньне палітычнага курса надта абмежаваны. Урад Аб’яднанага Каралеўства можа правесьці праз парлямэнт практычна любы законапраект, у тым ліку бюджэтны. Падлічана, што каля 95% паправак, унесеных ня з боку ўрада, адхіляецца, а 90% галасаваньняў адбываюцца ў адпаведнасьці з партыйнай лініяй.

Што датычыцца ніжняй палаты брытанскага парлямэнту, дык уплываць на вызначэньне палітычнага курсу брытанскія парлямэнтары могуць нават ня столькі праз абмеркаваньне законапраектаў, колькі праз рэалізацыю наступных сваіх функцыяў: удзелу ў дэбатах па палітычным курсе; прад’яўляючы дэпутацкія запыты міністрам ураду і прэм’еру, якія абавязкова павінны на іх адказаць; забясьпечваючы публічнасьць сваёй дзейнасьці (па-ангельску: publicity) праз рэгулярныя кантакты са СМІ. Магчымасьці верхняй палаты паўплываць на вызначэньне палітычнага курсу яшчэ больш абмежаваныя, бо Палата лордаў можа выкарыстаць толькі сваё адкладальнае вэта тэрмінам на год, прычым гэтае вэта не пашыраецца на фінансавыя законапраекты.

Паводле Г. Алманда і С. Вербы ў Вялікай Брытаніі склалася грамадзянская палітычная культура.

Найважнейшым парамэтрам, які дазваляе параўноўваць розныя палітычныя культуры, зьяўляюцца ўзаеміны паміж грамадзтвам і ўладай, іх адлюстраваньне ў сьвядомасьці элітаў і паспалітых грамадзянаў. Існуюць, у прыватнасьці, наступныя падыходы да разуменьня гэтых узаемінаў і, адпаведна, да вывучэньня палітычнае культуры.

  1. Тэорыя даверу, альбо фармаваньне адносінаў даверу паміж палітычнымі элітамі і грамадзянамі (па-ангельску: the trustship theory). Яна грунтуецца на прынцыпе «the government’s job is to govern»[3]. Маецца на ўвазе, што ўрад атрымаў ад народу мандат на правядзеньне той палітыкі, якую ён лічыць слушнай. Тое самае датычыцца і іншых выбраньнікаў народу. Дэпутаты/міністры ня мусяць пастаянна аглядацца на насельніцтва, але кіраваць зыходзячы з уласных перакананьняў, ведаў і досьведу. Сфармуляваная Роўзам «тэорыя даверу» бярэ свой пачатак яшчэ ў высунутым клясыкам кансэрватызму Эдмундам Бэркам патрабаваньні аўтаноміі абраных палітыкаў ад сваіх выбарцаў альбо свабоды дэпутатаў ад «абавязвальнага мандату».
  2. Калектывісцкая тэорыя разглядае ўрад як інстытут, зацікаўлены ў балянсаваньні арганізаваных інтарэсаў асноўных сацыяльна-эканамічных групаў грамадзтва. Агрэгацыя інтарэсаў адбываецца дзякуючы дзейнасьці групаў інтарэсаў і партыяў, якія ўспрымаюцца ўладамі як больш важныя выразьнікі патрэбаў грамадзтва, чым асобныя грамадзяне.
  3. Індывідуялістычная тэорыя прадстаўніцтва мяркуе, што ўрад павінен мець справу з грамадзянамі, якія выражаюць свае сымпатыі і антыпатыі на вольных выбарах, а ня з групамі інтарэсаў.
« There is no such thing as society »

—Маргарэт Тэтчар

Кожная асоба сама адказвае за свае дасягненьні і дабрабыт, а вольны рынак найлепшым чынам гэтаму спрыяе. Таму ўрад не павінен браць на сябе абавязкі перад людзьмі па задавальненьні іх калектыўных інтарэсаў.

Полавая прыналежнасьць у Вялікай Брытаніі мала ўплывае на палітычныя прыхільнасьці і ў пераважнай большасьці пытаньня назіраецца амаль поўнае супадзеньне пазыцыяў мужчынаў і жанчын. Істотнае значэньне грае сыстэма адукацыі, адпачатку арыентаваная на дыфэрэнцыяцыю і гіерархію. Нават сёньня палова брытанскага электарату — гэта людзі з пачатковай адукацыяй. Адначасова існуюць прыватныя школы, што даюць зусім іншы стандарт адукацыі.

Клясавая ідэнтыфікацыя заўжды мела значную ролю ў Брытаніі. Але апошнім часам жорсткая залежнасьць паміж клясавай прыналежнасьцю і палітычнымі прыхільнасьцямі пачала зьнікаць, і клясавая прыналежнасьць ужо не адыграе такой істотнай ролі ў палітычнай сацыялізацыі. Адначасова расьце роля, якую граюць у палітычнай сацыялізацыі электронныя СМІ.

Дзеля эфэктыўнай абароны сваіх агульных інтарэсаў і аказаньня ўплыву на палітыку ўраду ствараюцца групы інтарэсаў[4]. Спосабаў клясыфікацыі групаў інтарэсаў, як і спосабаў клясыфікацыі чаго заўгодна, існуе бясконцае мноства. Так, з пункту гледжаньня выкарыстоўванай стратэгіі ўсе групы інтарэсаў падзяляюцца на інсайдэрскія (унутраныя) і аўтсайдэрскія (вонкавыя). Адзначым, што ў Вялікай Брытаніі асноўным аб’ектам ціску ёсьць урад, а не парлямэнт.

  • Інсайдэрскімі называюцца аб’яднаньні, інтарэсы якіх супадаюць з інтарэсамі ўраду. Таму яны не ідуць на канфлікты з урадам, аддаюць перавагу перамовам і спрабуюць прыцягнуць бюджэтныя сродкі.
  • Аўтсайдэрскімі называюцца аб’яднаньні, інтарэсы якіх разыходзяцца з інтарэсамі ўраду. Таму яны актыўна выкарыстоўваюць ускоснае лабіраваньне, імкнуцца прыцягнуць да сябе ўвагу грамадзкай думкі, працуюць са СМІ і апазыцыяй.

Ступень папулярнасьці партыяў правяраецца падчас усеагульных парлямэнцкіх выбараў. Прэм’ер-міністар можа абвесьціць выбары ў любы момант, і звычайна ён імкнецца пайсьці на выбары тады, калі ягоная партыя карыстаецца значнай падтрымкай сярод насельніцтва.

Выбары ў вялікай Брытаніі праводзяцца па мажарытарнай выбарчай сыстэме ў адзін тур. Краіна падзеленая на 659 акругаў, у якіх спаборнічаюць збольшага па тры-чатыры кандыдаты, а ў парлямэнт трапляюць тыя, хто набраў простую большасьць галасоў. Гэтая сыстэма не адпавядае дакладнай расстаноўцы палітычных сілаў у краіне, напрыклад у 1951 і ў 1974 гадах партыя, што набрала найбольш галасоў, не атрымала большасьці месцаў у парлямэнце, што прывяло да фармаваньня «падвешанага парлямэнту» (па-ангельску: hung parliament) і кабінэту меншасьці, а ў канчатковым выніку — да роспуску парлямэнту і новых выбараў. Звычайна такая сыстэма спрыяе вызначэньню кіруючай партыі ў парлямэнце, дарма, што яна, як правіла, не здабывае абсалютнай большасьці галасоў. Каб атрымаць значную колькасьць месцаў у ніжняй палаце, партыя павінна альбо набраць ня менш за 1/3 галасоў ва ўсёй краіне, альбо дамагчыся посьпеху ў абмежаванай, але дастатковай колькасьці акругаў (стратэгія лейбарыстаў і нацыяналістаў). Цяперашняя сыстэма нявыгадная для трэцяй партыі, электарат якой пароўну разьмеркаваны па ўсёй краіне (лібэрал-дэмакраты). Перавагай сыстэмы «пераможца забірае ўсё» ёсьць тое, што яна ўскладае адказнасьць за кіраваньне краінай на адну партыю, а не раздрабняе яе паміж удзельнікамі кааліцыі. Зараз у Аб’яднаным Каралеўстве разглядаюцца магчымыя варыянты рэфармаваньня выбарчай сыстэмы.

Роўз падкрэсьлівае дабраахвотнасьць брытанскіх партыяў і параўноўвае іх з унівэрсытэтамі. Структура партыяў складаецца з трох узаемазьвязаных узроўняў: масавай партыі, якую складаюць яе выбарцы; невялікае колькасьці актывістаў і функцыянэраў, што працуюць у акругах; а таксама фракцыі ў парлямэнце. Значэньне масавай партыі павялічваецца ў час выбарчай кампаніі, дарма што ў Вялікай Брытаніі выбарцы ня могуць паўплываць на адбор кандыдатаў.

Лёнданскія штаб-кватэры партыяў зьяўляюцца сувязным зьвяном паміж мясцовымі актывістамі і функцыянэрамі ды парлямэнцкімі фракцыямі. Кожная партыя праводзіць штогадовыя зьезды, на якіх удакладняецца палітычны курс партыі і прымаюцца асноўныя рашэньні.

Галоўную ролю ў дзейнасьці партыяў граюць парлямэнцкія фракцыі. Яны валодаюць большай легітымнасьцю, чым іншыя партыйныя структуры, бо абапіраюцца на падтрымку выбарцаў. Калі партыя кіруе краінай, у яе надта мала магчымасьцяў паўплываць на прэм’ера і адначасова лідэра партыі. Брытанскім парлямэнцкім партыям уласьцівая згуртаванасьць і дысцыплінаванасьць. Калі партыя знаходзіцца ў апазыцыі, у чальцоў яе парлямэнцкай партыі ёсьць больш магчымасьцяў для крытыкі лідэра і большай гнуткасьці ў палітыцы.

Доўгі час палітолягі адзначалі моцную ідэалягізаванасьць брытанскіх партыяў і зьвязанасьць іх з пэўнымі сацыяльнымі клясамі. Аднак сёньня гэтая зьява зьнікае, і ідэялягічныя арыентыры асноўных палітычных плыняў вельмі падобныя паміж сабой.

Кансэрватыўная партыя ня мае выразна зафіксаваных прынцыпаў ідэалёгіі ў сваёй праграме. Лібэрал-дэмакраты маюць вельмі цьмяную ідэалягічную праграму, зь якой маглі б згадзіцца многія партыі. Нэалейбарысты адмежаваліся ад рабочага і левага руху.

Галоўнай задачай брытанскіх партыяў звычайна была перамога на выбарах, а не радыкальнае зьмяненьне сытуацыі. Фактычна партыя пры ўладзе гатовая праводзіць любы курс, які дапаможа ёй пры ўладзе ўтрымацца. Гэтая асаблівасьць ня ёсьць зьявай найноўшага пэрыяду, але зьяўляецца традыцыйнай характэрнай рысай брытанскай палітыкі.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікабрытанія — высокаразьвітая індустрыяльная краіна, буйны пастаўнік гатовай прамысловай прадукцыі на сусьветны рынак і буйны экспарцёр капіталу (пераважна ў разьвітыя краіны). СУП на душу насельніцтва 36571 даляраў у год. Займае 13 месца ў сьвеце па ўзроўню жыцьця насельніцтва. Здабыча нафты і прыроднага газу (у асноўным на шэльфе Паўночнага мора), каменнага вугля. Найболей разьвітыя машынабудаваньне (арыентавана на выпуск нестандартнай прадукцыі, а таксама розных выглядаў і тыпаў машын), у тым ліку электратэхнічнае і электроннае, транспартнае (уключаючы буйнае авіяракета-, аўтамабілі- і суднабудаваньне), станкабудаваньне, сельскагаспадарчае, вытворчасьць прамысловага абсталяваньня, пад’ёмна-транспартнай тэхнікі і інш., хімічнае і нафтахімічнае (Вялікабрытанія займае адно з кіроўных месцаў у сьвеце па вытворчасьці і экспарту сынтэтычных валокнаў і фарбавальнікаў, плястмасаў, мыйных сродкаў, угнаеньняў і інш.), фармацэўтычная, нафтаперапрацоўчая прамысловасьць, чорная (якасныя сталі) і каляровая (цынк, алюмін) мэталюргія. Найстарэйшая галіна ангельскай прамысловасьці — тэкстыльная — згубіла ранейшае значэньне. Буйная харчовая (традыцыйная вытворчасьць віскі, піва; перапрацоўка імпартнай сельскагаспадарчай сыравіны) прамысловасьць; вытворчасьць абутку, трыкатажу; вядомы ангельскі парцалян. У сельскай гаспадарцы пераважае малочнае і мяса-малочная жывёлагадоўля і бэконная сьвінагадоўля; мяса-шарстная авечкагадоўля. Выгадоўваюць пераважна ячмень, пшаніцу, цукровы бурак, авёс, бульба.

Грашовая адзінка — фунт стэрлінгаў = 100 пэнсаў.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Культура Злучанага Каралеўства багатая і разнастайная. Яна ў значнай меры ўплывае на культуру ў сусьветным маштабе.

Вялікабрытанія валодае моцнымі культурнымі сувязямі са сваімі былымі калёніямі, асабліва з тымі дзяржавамі, дзе ангельская мова зьяўляецца дзяржаўнай. Значны ўклад у брытанскую культуру за апошнія паўстагодзьдзя ўнесьлі імігранты з Індыйскага субкантынэнта і з краінаў Карыбскага басэйна. Падчас фармаваньня Злучанага Каралеўства ў яго склад увайшлі былыя незалежныя дзяржавы з адрознымі адзін ад аднаго культурамі, якія варта разглядаць у асобнасьці. У Вялікабрытаніі быў заснаваны першы каледж міжнароднай супольнасьці.

Нацыянальныя газэты Вялікабрытаніі: The Times, The Guardian, The Independent, The Daily Telegraph, The Observer, The Financial Times, The Daily Express, The Sun, The Mirror, The People.

Рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вэстмінстэрскае абацтва — месца каранаваньня брытанскіх манархаў — Вярхоўных Кіраўнікоў Царквы Ангельшчыны

На тэрыторыі Ангельшчыны існуе царква зь дзяржаўным статутам — Царква Ангельшчыны, сьвецкі разьдзел якой — брытанскі манарх. Царква Англіі — адна з маёнткавых цэркваў, якія ўваходзяць у англіканскую супольнасьць і мае сваім духоўным лідэрам Арцыбіскупа Кентэрбэрыйскага.

Паводле дасьледаваньняў, Злучанае Каралеўства — краіна зь пераважна сэкулярным насельніцтвам: толькі 38% людзей заяўляюць аб сваёй веры ў Бога («a God»)[5], хоць, па дадзеных ангельскай царквы на 2005 год, «72% насельніцтва Ангельшчыны паказалі сваю рэлігійную прыналежнасьць як хрысьціянскую»[6].

Паводле апублікаванага ў красавіку 2008 году дасьледаваньню, праведзенаму хрысьціянскім дабрачынным фондам Joseph Rowntree Foundation, «пераважным меркаваньнем» зьяўляецца погляд на рэлігію як на «сацыяльнае зло»[7].

Узброеныя сілы Вялікабрытаніі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Намінальным галоўнакамандуючым Брытанскіх Узброеных сілаў (па-ангельску: British Armed Forces) зьяўляецца брытанскі манарх. Узброеныя сілы (УС) Вялікабрытаніі знаходзяцца пад кіраваньнем урада Вялікабрытаніі (Кабінэта міністраў) і непасрэдна — Міністэрства абароны. Асноўнай задачай Брытанскіх Узброеных сілаў зьяўляецца абарона Злучанага Каралеўства і яго заморскіх тэрыторыяў, пасоўваньне інтарэсаў бясьпекі Вялікабрытаніі і падтрымка міжнародных міратворчых высілкаў. Таксама УС Вялікабрытаніі актыўныя і сталыя ўдзельнікі апэрацыяў НАТО і сіл кааліцыі ў Іраку і Аўганістане.

Цікавыя факты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • У Вялікабрытаніі няма пісанай канстытуцыі.
  • Палата абшчынаў — адзінае месца ў Брытаніі, куды ня можа ўвайсьці ангельская каралева, бо яна не зьяўляецца чальцом Палаты.
  • У Вялікабрытаніі па традыцыі пасада Першага лорда Казначэйства займае прэм’ер-міністар, а пасаду Першага лорда Адміралцейства — Каралева.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Афіцыйная ацэнка насельніцтва
  2. ^ Афіцыйная ацэнка насельніцтва
  3. ^ Літаральна: «задачай ураду ёсьць кіраваньне». Перафразаваўшы, маем: «Не народ для ўрада, а ўрад для народа»
  4. ^ У адрозьненьне ад палітычных партыяў, групы інтарэсаў не вядуць барацьбы за ўладу, а толькі ціснуць на яе.
  5. ^ Апытанне Eurobarometer, праведзены ў 2005 году|1.64 MiB}} стар. 9.
  6. ^ Church Statistics 2005/6
  7. ^ Robert Watts. Religion is ‘the new social evil’ The Sunday Times 20 красавіка 2008 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Вялікабрытаніясховішча мультымэдыйных матэрыялаў