Брытанская імпэрыя
Брытанская імпэрыя (па-ангельску: British Empire) — найвялікшая ў гісторыі каляніяльная дзяржава, якая складалася з дамініёнаў, калёній, пратэктаратаў, падмандатных тэрыторый і іншых тэрыторый, кіруемых Вялікабрытаніяй. Утварылася з калёній і гандлёвых пастоў, заснаваных Ангельшчынай ў канцы XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў. У час найбольшага росквіту ў 1920-х — 1930-х ахоплівала звыш 33.000.000 км² з насельніцтвам каля 458 млн. чалавек (23% плошчы і насельніцтва тагачаснага сьвету).
Брытанская імпэрыя дасягнула найбольшай моцы ў пачатку XIX стагодзьдзя пасьля перамогі над напалеонаўскай Францыяй. Рост Нямеччыны й ЗША падарваў эканамічнае лідэрства Брытаніі. Няўдачы падчас Другой сусьветнай вайны, страты многіх азіяцкіх тэрыторый у сутыкненьні зь Японіяй прывялі да паслабленьня аўтарытэту імпэрыі й да наступнага яе распаду. Ужо праз два гады пасьля заканчэньня вайны з-пад брытанскага панаваньня выйшла найбольш каштоўная калёнія — Індыя.
Глябальная дэкалянізацыя давяршыла працэс разбурэньня Брытанскай імпэрыі, які скончыўся зь пераходам у 1997 Ганконга пад кантроль КНР. Пасьля атрыманьня незалежнасьці многія брытанскія калёніі сталі чальцамі Садружнасьці нацый, 14 так званых «заморскіх тэрыторый» застаюцца пад брытанскім сувэрэнітэтам.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць]
Брытанская імпэрыя — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- British Empire. An Internet Gateway by Dr. Jane Samson(анг.)
- British Empire. Пра Брытанскую імпэрыю(анг.)