Новая Зэляндыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Новая Зэляндыя
Aotearoa
New Zealand
Сьцяг Новай Зэляндыі Герб Новай Зэляндыі
(Сьцяг) (Герб)
Дзяржаўны гімн
«God Defend New Zealand»
Месцазнаходжаньне Новай Зэляндыі
Афіцыйная мова ангельская, маары
Сталіца Вэлінгтан
Найбуйнейшы горад Оклэнд
Форма кіраваньня канстытуцыйная манархія
Лізавета II
Джэры Матэпарай
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
75-е месца ў сьвеце
268 021 км²
1,6
Насельніцтва
 • агульнае (2013)
 • шчыльнасьць
122-е месца ў сьвеце
4 451 017
16,5/км²
СУП
 • агульны (2011)
 • на душу насельніцтва
60 месца ў сьвеце
$122,193 млрд
$27 668
Валюта Новазэляндзкі даляр (NZD)
Часавы пас
 • улетку
NZST (UTC+12)
NZDT (UTC+13)
Незалежнасьць
— ад Вялікабрытаніі

26 верасьня 1907
Аўтамабільны знак NZ
Дамэн верхняга ўзроўню .nz
Тэлефонны код +64
Мапа Новай Зэляндыі

Но́вая Зэля́ндыя (па-ангельску: New Zealand; маары звычайна: Aotearoa) — геаграфічна ізаляваная астраўная краіна ў паўднёвай частцы Ціхага акіяна, найбліжэйшымі да Новай Зэляндыі значнымі па памерах тэрыторыямі сушы зьяўляюцца Новая Каледонія на поўначы на адлегласьці 1500 км, Аўстралія на паўночным захадзе на адлегласьці каля 1600 км праз Тасманава мора і матэрыковая частка Антарктыды на адлегласьці амаль што 3000 км на поўдзень. Асноўная тэрыторыя Новай Зэляндыі разьмешчаная на двух галоўных астравах — Паўночным і Паўднёвым, а таксама на шматлікіх невялікіх астравах. Самымі значнымі па плошчы сярод апошніх зьяўляюцца востраў Сьцюарта, Вялікі Бар’ерны востраў і востраў Чатэм.

Ні па геаграфічным, ні па культурным асаблівасьцям Новую Зэляндыю немагчыма адназначна аднесьці да аднаго з кантынэнтаў. Тэрыторыя краіны ляжыць часткова на Аўстралійскай, часкова на Ціхаакіянскай літасфэрных плітах, а насельніцтва паходзіць пераважна з двух розных культурных рэгіёнаў: нашчадкі ў асноўным брытанскіх каляністаў у эўрапейскім і карэннае насельніцтва маары ў палінэзійскім культурным поясе Акіяніі.

Новая Зэляндыя ўваходзіць у склад Каралеўстваў Садружнасьці. Да Каралеўства Новая Зэляндыя, галоўным прадстаўніком якога зьяўляецца брытанскі манарх, належаць таксама на прынцыпе «беспрымусовай асацыяцыі» (in free association) адміністрацыйна незалежныя тэрыторыі Астравоў Кука і Ніўэ, а таксама новазэляндзкая калёнія Такелаў. Акрамя гэтага, Новая Зэляндыя заяўляе аб сваіх тэрытарыяльных прэтэнзіях на рэгіён Рос у Антарктыдзе, які, адпаведна, стаў бы пятай часткай Каралеўства Новая Зэляндыя.

За Новай Зэляндыяй замацавалася назва «зялёны востраў». Выклікана гэта ў першую чаргу адносна нізкай шчыльнасьцю засяленьня і адпаведна некранутай рукой чалавека дзівоснай прыгажосьцю прыроды, а таксама незвычайна разнастайнай і зьвязанай з ізаляваным геаграфічным месцазнаходжаньнем непаўторнай вэгетацыяй.

Назва і яе этымалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вядома, што да назвы Новая Зэляндыя Паўночны востраў называлі Тэ І́ка а Ма́ўі (маары: Te Ika a Māui), што ў перакладзе гучыць як «рыба, што належыць Маўі», а Паўднёвы востраў называлі Тэ Ва́і Паўнаму (маары: Te Wai Pounamu) альбо Тэ Ва́ка о Аоракі (маары: Te Waka o Aoraki). Першая назва перакладаецца як «нефрытавая вада», другая — «каноэ Аоракі». Да пачатку XX стагодзьдзя Паўночны востраў карэннае насельніцтва называла яшчэ як Аотэароа (маары: Aotearoa), што ў перакладзе значыць «краіна доўгага белага воблака» (Ao — воблака, Tea — белы, Roa — доўгі). У цяперашні час менавіта гэтая назва зьяўляецца агульнапрынятай для ўсёй краіны на мове маары.

Першым эўрапейцам, які пабываў у берагоў гэтай краіны ў 1642 годзе, быў нідэрляндзкі мараплавацель Абэл Тасман. Ён даў убачанай зямлі назву Staten Landt. Потым нідэрляндзкія картаграфы трансфармавалі яе ў Nova Zeelandia у гонар адной з правінцыяў Нідэрляндаў — Зэляндыя. Пазьней Джэймз Кук выкарыстаў назву на ангельскі лад — New Zealand, якая і стала афіцыйнай на ангельскай мове.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палінэзійскія пасяленцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Новая Зэляндыя зьяўляецца адной з самых нядаўна заселеных тэрыторыяў. Першымі вядомымі пасяленцамі былі ўсходнія палінэзійцы. Большасьць дасьледчыкаў мяркуе, што яны зьявіліся тут у пэрыяд 1250—1300 гадоў.[1] Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што першая хваля засяленьня Новай Зэляндыі адбывалася ў пачатку нашай эры — каля 50—150 гадоў; гэтыя людзі альбо памерлі, альбо пакінулі астравы. Зь цягам часу пасяленцы асіміляваліся і сталі звацца Маары. Частка зь іх мігравала на астравы Чатэн, дзе асела і празь некаторы час стала звацца Марыяры (Mariori).

Прыход эўрапейцаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першым эўрапейцам, убачыўшым берагі Новай Зэляндыі, быў нідэрляндзец Абэл Янсзан Тасман у 1642 годзе. Маары забілі некалькі экіпажаў і эўрапейцы больш не наведвалі астравы да вандраваньня Джэймза Кука 1768—1771 гадоў. Кук дасягнуў Новай Зэляндыі ў 1769 годзе і адлюстраваў амаль усю берагавую лінію на мапе. Пасьля гэтую зямлю наведваў шэраг эўрапейскіх і паўночна-амэрыканскіх кітабойцаў, гандляроў. Яны гандлявалі прадуктамі харчаваньня, разнайстайнымі вырабамі, асабліва зброяй і мэталічнымі прыладамі, наўзамен маарскіх лесу, ежы, артэфактаў і вады.

Завезеныя эўрапецамі бульба і новая зброя паспрыялі паступоваму зьмяненьню мясцовых земляробства і арміі. Хрысьціянскія місіянэры ў канчатковым выніку канвэртавалі мясцовае насельніцтва ў хрысьціянства, нават нягледзячы на тое, што распаўсюджвалі яго ў асноўным сярод незадаволеных элемэнтаў грамадзтва.[2]

Паступовае пашырэньне інтарэсу Францыі да тэрыторыі Новай Зэляндыі, статус эўрапейцаў на ейнай тэрыторіі прымусілі Брытанскі ўрад адправіць сюды Джэймза Базьбі як першага рэзыдэнта Брытанскай Кароны ў 1832 годзе. Аднак, прынесьці законнасьць і парадак у Базьбі не атрымалася. 20 сакавіка 1834 году ён назіраў за ўсталяваньнем першага нацыянальнага сьцяга пасьля захопу незарэгістраванага новазэляндзкага судна ў Аўстраліі. Пазьней, у кастрычніку 1835 году, Аб’яднаныя плямёны Новай Зэляндыі адправілі каралю Ўільяму IV Дэклярацыю Незалежнасьці Новай Зэляндыі і прасілі яго аб заступніцтве. Для абвяшчэньня суверэнітэту Брытанскай Кароны і вядзеньня перагавораў з маары сюды быў адпраўлены Ўільям Гобсан. 6 лютага 1840 году ў заліве Бэй-оф-Айлендз быў падпісаны першы дагавор паміж прадстаўнікамі брытанскага ўраду і галоўнымі правадырамі маары — Пагадненьне Вайтангі. Нягледзячы на розначытаньні ў перакладзе з ангельскай мовы на мову маары, дагавор стаў падмуркам для стварэньня новай дзяржавы. У адпаведнасьці зь ім Новая Зэляндыя пераходзіла ў валоданьне Брытаніі і для маары гарантаваліся ўсе правы як брытанскім суб’ектам.

21 траўня 1840 году Гобсан, цяпер — генэрал-губэрнатар, абвясьціў сувэрэнітэт Брытаніі на ўсёй тэрыторыі Новай Зэляндыі.

Новая Зэляндыя стала асобнай калёніяй у 1841 годзе. Да гэтага яна лічылася часткай Новага Паўднёвага Ўэльсу. Першай сталіцай стаў Акіято, потым — Оклэнд. Колькасьць эўрапейскіх перасяленцаў павялічвалася. Большая частка зь іх была з Брытаніі. З павелічэньнем колькасьці эўрапейцаў пачаліся канфлікты ў зямельных пытаньнях. Сутыкненьні ў іх прывялі да Новазэляндзкіх зямельных войнаў, якія працягваліся да 1872 году і ў выніку якіх маары страцілі большую частку сваіх земляў. Дэталі гэтых канфліктаў яшчэ застаюцца спрэчнымі.

У сярэдзіне 1850-х Новая Зэляндыя набыла правы абмежаванага самакіраваньня. Аб’яднанае Каралеўства ў 1852 годзе зацьвердзіла Новазэляндзкі канстытуцыйны акт 1852 году. Першы парлямэнт быў сабраны ў 1854 годзе. У 1865 годзе Парлямэнт упершыню сабраўся ў Вэлінгтане, які стаў новай сталіцай. У 1893 годзе Новая Зэляндыя стала першай краінай у сьвеце, якая надзяліла жанчын раўнымі выбарчымі правамі.

20 стагодзьдзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1907 годзе Новая Зэляндыя ўсьлед за Канадай і Аўстраліяй была абвешчана дамініёнам. Як і ўсе дамініёны Брытанскай імпэрыі, Новая Зэляндыя валодала незалежным кіраваньнем, уласнай унутранай і замежнай палітыкай, разьвітай эканомікай, але фармальна цалкам незалежнай яна стала ў 1947 годзе: 25 лістапада быў прыняты «Закон аб прыняцьці Ўэстмінстэрскага Статуту». Менавіта тады краіна фармальна пагадзілася з прапанаванай Вялікабрытаніяй у адпаведнасьці з Ўэстмінстэрскім Статутам 1931 году поўную самастойнасьць усім сваім дамініёнам.

Новая Зэляндыя ўдзельнічала ў Англа-Бурскай вайне 1899—1902 гадоў, Першай і Другой сусьветных войнах. Краіна пацярпела ад Вялікай дэпрэсіі 1930-х, таму што зьяўлялася значнай часткай сусьветнай эканомікі.

Пасьля Другой сусьветнай вайны ў краіне зьявіліся новыя сацыяльныя праблемы. Маары паступова адыходзілі ад свайго традыцыйнага сельскага жыцьця і пачалі перасяляцца ў гарады ў пошуках работы. У выніку гэтага распачаўся пратэстны рух Маары, які крытыкаваў эўрацэнтрызм і імкнуўся да аднаўленьня культуры Маары і Дагавора Ўайтангі, якія, па іх меркаваньні, недастаткова шанаваліся.

Палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прынцыпы дзяржаўнага ладу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Новая Зэляндыя зьяўляецца ўнітарнай дзяржавай, заснаванай на прынцыпах канстытуцыйнай манархіі і парлямэнцкай дэмакратыі.

Новая Зэляндыя сумесна з Такелаў, антарктычнай тэрыторыяй Рос і вольна асацыяванымі дзяржавамі Астравы Кука і Ніўэ складаюць Каралеўства Новая Зэляндыя.

У Новай Зэляндыі няма кадыфікаванай канстытуцыі, аднак існуе шэраг Канстытуцыйных Указаў, першы зь якіх быў прыняты ў 1846 годзе, а апошні ў 1986 годзе. Яны, канстытуцыйныя звычаі і шэраг іншых заканадаўчых актаў фармулююць асноўныя прынцыпы дзяржаўнага ладу. Некаторы лік актаў брытанскага заканадаўства гістарычна ўвайшоў у канстытуцыйную базу Новай Зэляндыі. Аднымі з найважнейшых сярод іх зьяўляюцца Біль пра правы 1688 году і Канстытуцыйны Ўказ 1852 году. У палітычным жыцьці краіны было прадпрынята некалькі спроб уводзін адзінай канстытуцыі (апошняя зь іх, 1986 годзе, не знайшла падтрымкі).

У адрозьненьне ад суседняй Аўстраліі, у Новай Зэляндыі не праводзіліся нацыянальныя рэфэрэндумы па пытаньні пераходу да рэспубліканскай формы кіраваньня, а абмеркаваньні абмяжоўваюцца палітычнымі дэбатамі і ўсе бакі прытрымваюцца палітыкі неабходнасьці далейшых абмеркаваньняў. Дзьве асноўныя партыі краіны маюць процілеглыя меркаваньні па дадзеным пытаньні — лейбарысты прызнаюць магчымасьць абвяшчэньня рэспублікі, у той час як Нацыянальная партыя выступае за захаваньне наяўнага статусу краіны.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Геаграфія Новай Зэляндыі

Геаграфічнае месцазнаходжаньне і тапаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Новая Зэляндыя, здымак са спадарожніка

Новая Зэляндыя — краіна з самай вялікай адлегласьцю да Цэнтральнай Эўропы: часткі тэрыторыі Новай Зэляндыі знаходзяцца якраз у геаграфічна супрацьлеглым Гішпаніі месцы і, такім чынам, утвараюць яе антыподы. Тэрыторыю Новай Зэляндыі ўтвараюць два галоўныя астравы, аддзеленыя адзін ад другога пратокай Кука, і шматлікія значна меншыя астравы. Некаторыя з астравоў, такія як востраў Сьцюарта, Вялікі Бар'ерны востраў, знаходзяцца дастаткова блізка ад узьбярэжжа двух галоўных астравоў Новай Зэляндыі. Адлегласьць да самай дальняй новазэляндзкай тэрыторыі на поўначы — астравоў Кермадэк — складае звыш за 1000 км, самы дальні ўсходні пункт краіны — архіпэляг Чатэм — ляжыць на адлегласьці звыш за 700 км ад Паўночнага вострава. Акрамя гэтага, вялікая колькасьць астравоў, такія як, напрыклад, Оклэндзкія астравы, астравы Кэмпбэла альбо астравы Антыподаў, знаходзіцца ў субанктартычным рэгіёне. У 1998 годзе ўсе субантарктычныя астравы Новай Зэляндыі былі аб’яўленыя Сусьветнай спадчынай ЮНЭСКО.

Агульная плошча Новай Зэляндыі складае 270 534 км² і зьяўляецца некалькі меншай за Італію, але большай за Аб’яднанае Каралеўства альбо Ўсходнюю Нямеччыну. Максымальная шырыня галоўных астравоў ва ўсходне-заходнім напрамку — 200 км, з поўначы на поўдзень Новая Зэляндыя прасьціраецца на 1600 км.

Плошча Паўночнага вострава складае 113 729 км², з шырокімі нізінамі, у першую чаргу ў рэгіёне Вайката. У цэнтральнай частцы вострава дамінуе Цэнтральнае плято, на якім знаходзіцца Нацыянальны парк Тангарыра з вульканамі Нгаўрухоэ, Тангарыра і Руапэху і які быў аб’яўлены ЮНЭСКО першым камбінаваным аб’ектам Сусьветнай спадчыны: як культурнай, так і прыроднай. Самае высокае ўзвышэньне вострава — гара Руапэху (2797 м). На поўначы ад Руапэху, у самым цэнтры Паўночнага вострава раскінулася возера Таупа, самае вялікае возера Новай Зэляндыі. Праз усходнюю частку Паўночнага вострава цягнуцца шматлікія адносна невысокія горныя храбты, адметнай гарой заходняй часкі вострава зьяўляецца гара Таранакі, якая ўздымаецца на раўніне на вышыню 2518 мэтраў і мае амаль што правільную конусападобную форму.

Рэльеф[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вяршыня гары Кука

Рэльеф Новай Зэляндыі ўяўляе галоўным чынам узвышшы і горы. Больш за 75% тэрыторыі краіны ляжыць на вышыні больш за 200 м над узроўнем мора. Большасьць гор Паўночнай выспы не перавышаюць вышынёй 1800 м, 19 пікаў Паўднёвай выспы вышэй за 3000 м. Прыбярэжныя зоны Паўночнай выспы прадстаўлены прасторнымі далінамі. На заходнім узьбярэжжы Паўднёвай выспы разьмешчаны ф’ёрды. У нацыянальным парку Ўэстлэнд знаходзіцца ледавік Фокса.

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Клімат Новай Зэляндыі зьмяняецца ад цёплага субтрапічнага на поўначы Паўночнай выспы, да прахалоднага ўмеранага на поўдні і ў цэнтральных рэгіёнах Паўднёвай выспы; у горных раёнах пераважае суровы альпійскі клімат. Ланцуг высокіх Паўднёвых Альп падзяляе краіну напалову і, заступаючы шлях пераважным заходнім вятрам, дзеліць яе на дзьве розныя кліматычныя зоны. Заходняе ўзьбярэжжа Паўднёвай выспы — самая вільготная частка краіны; усходняя частка, зьмешчаная ўсяго ў 100 км ад яе — самая сухая.

На большай частцы Новай Зэляндыі ўзровень ападкаў складае ад 600 да 1600 мм у год. Яны разьмяркоўваюцца адносна раўнамерна на працягу году, за выключэньнем больш сухога летняга пэрыяду.

Сярэдняя гадавая тэмпэратура складае ад +10 °C на поўдні, да +16 °C на поўначы. Самы халодны месяц — ліпень, а самыя цёплыя месяцы — студзень і люты. На поўначы Новай Зэляндыі адрозьненьня паміж зімовымі і летнімі тэмпэратурамі ня вельмі значныя, але на поўдні і ў перадгорных раёнах розьніца дасягае 14 °C. У гарыстых раёнах краіны з павелічэньнем вышыні тэмпэратура рэзка паніжаецца, прыкладна на 0,7 °C кожныя 100 м.

У Оклэндзе, найбуйнейшым горадзе краіны, сярэднегадовая тэмпэратура складае + 15,1 °C, пры гэтым самая высокая зафіксаваная тэмпэратура склала +30,5 °C, а мінімальная −2,5 °C. У сталіцы краіны, Вэлінгтане, сярэднегадовая тэмпэратура складае +12,8 °C, максымальная зафіксаваная тэмпэратура +31,1 °C, мінімальная −1,9 °C[3].

Колькасьць сонечных гадзін у годзе адносна высокая, асабліва ў раёнах, абароненых ад заходніх вятроў. У сярэднім па краіне яно складае ня меней 2000 гадзін. Узровень сонечнай радыяцыі вельмі высокі на большай частцы краіны.

Сьнегапады вельмі рэдкія ў прыбярэжных раёнах поўначы краіны і ў заходняй частцы Паўднёвай выспы. У астатніх рэгіёнах малаважныя і недоўгачасовыя сьнежныя ападкі магчымыя ў зімовыя месяцы. Начныя замаразкі ў зімовы час могуць мець месца па ўсёй тэрыторыі краіны.

Геалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэктанічная мапа Новай Зэляндыі

Астравы, утвараючыя Новую Зэляндыю, знаходзяцца паміж двума літасфэрнымі плітамі — ціхаакіянскай і аўстралійскай.

Актыўная тэктанічная дзейнасьць у зямной кары працягваецца тут і ў цяперашні час. Яе вынікі бачны нават за гістарычны пэрыяд асваеньня астравоў эўрапейцамі. Напрыклад, у выніку разбуральнага землятрусу 1855 году берагавая рыса каля Вэлінгтана паднялася болей чым на 1,5 м, а ў 1931 годзе, таксама пасьля моцнага землятрусу каля гораду Нэйпір, на водную паверхню паднялося каля 9 км² сушы.

На сучасным этапе зонай павышанай тэктанічнай актыўнасьці зьяўляюцца заходняе ўзьбярэжжа Паўднёвага вострава і паўночна-ўсходняе ўзьбярэжжа Паўночнага вострава. Штогадовая колькасьць землятрусаў у краіне складае каля 15 000, большасьць зь якіх невялікая і толькі каля 250 можа быць аднесена да ліку прыкметных і моцных.[4] У сучаснай гісторыі найбольш моцны землятрус быў зафіксаваны ў 1855 годзе каля Вэлінгтана; найбольш разбуральным стаў землятрус 1931 году ў раёне Нэйпіра, ахвярамі якога сталі 256 чалавек забітымі.

Вульканічная актыўнасьць у сучаснай Новай Зэляндыі па-ранейшаму высокая і на тэрыторыі краіны актыўны 6 вульканічных зон, пяць зь якіх разьмешчаны на Паўночным востраве. У раёне возера Таўпо меркавана ў 186 годзе да н. э. адбылося найбуйнейшае ў гісторыі чалавецтва дакумэнтальна зафіксаванае вульканічнае вывяржэньне.[5] На месцы вывяржэньня цяпер разьмяшчаецца найбуйнейшае ў ціхаакіянскім рэгіёне прэснаводнае возера, сваёй плошчай супастаўнае з тэрыторыяй Сінгапура.

Карысныя выкапні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нягледзячы на разнастайнасьць прыродных выкапняў, прамыслова распрацоўваюцца толькі радовішчы газу, нафты, золата, срэбра, жалезістага пяшчаніку і каменнага вугля. Акрамя вышэйпералічанага, маюцца шырокія запасы вапняка і глін. Алюміній, тытаністы жалязняк, сурма, хром, медзь, цынк, марганец, ртуць, вальфрам, плятына, барыт і цэлы шэраг іншых карысных выкапняў часта сустракаюцца, але выведаныя прамысловыя запасы іх невялікія.

Варта адзначыць, што ўсе радовішчы і ўся здабыча нефрыту з 1997 году аддадзены ў кіраваньне маары, у сувязі з той важнай гістарычнай роляй, якую вырабы зь нефрыту маюць у культуры гэтага народа.

Адміністрацыйны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя эўрапейскія пасяленцы падзялілі краіну на правінцыі. Гэты падзел быў адменены ў 1876 годзе для большай цэнтралізацыі фінансавага кіраваньня тэрыторыямі. Такім чынам, Новая Зэляндыя да цяперашняга часу ня мае сыстэмы адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу падобнай да таго, што ў іншых краінах можа звацца вобласьцю, правінцыяй, штатам. Тут дзейнічае сыстэма, пабудаваная на прынцыпах мясцовага самакіраваньня.

Новая Зэляндыя мае 12 рэгіянальных саветаў, ажыцьцяўляючых мясцовае самакіраваньне і якія адказваюць за праблемы навакольнага асяродзьдзя і сыстэму рэгіянальнага транспарту. Таксама дзейнічае 74 тэрытарыяльныя адміністрацыі — 16 гарадзкіх саветаў, 57 мясцовых саветаў і адзін астраўны савет.

У Новай Зэляндыі існуюць наступныя рэгіёны:

Мапа Новай Зэляндыі з пазначэньнем межаў рэгіёнаў
Рэгіён Адмін. цэнтар Плошча (км²) Насельніцтва(2)
1 Нортлэнд Вангарэй 13 941 147 600
2 Оклэнд Оклэнд 16 140 1 316 900
3 Вайката Гамільтан 25 598 381 800
4 Заліў Плэнці Таўранга 12 447 257 600
5 Гізбарн (1) Гізбарн 8351 44 900
6 Таранакі Стрэтфард 7273 105 500
7 Манавату-Вангануі Вангануі 22 215 227 100
8 Заліў Хоўка Нап’ер 14 164 149 100
9 Вэлінгтан Вэлінгтан 8124 456 900
10 Мальбара (1) Бленхайм 12 484 42 300
11 Нэльсан (1) Нэльсан 445 45200
12 Тасман (1) Рычманд 9786 45 800
13 Кантэрбэры Крайстчорч 45 845 520 600
14 Заходняе Ўзьбярэжжа Грэймаўс 23 000 30 600
15 Атага Дунэдзін 31 476 195 000
16 Саўтлэнд Інвэркаджыл 30 753 93 600
17 Астравы Чатэм (3) Вайтангі 963 750

(1) Гэтыя рэгіёны зьяўляюцца ўнітарнымі адміністрацыйнымі адзінкамі (Unitary Authorities) і выконваюць адначасова функцыі як рэгіёнаў, так і раёнаў.
(2) Лічбы адпавядаюць зьвесткам перапісу насельніцтва 2001 году
(3) Астравы Чатэм знаходзяцца на адлегласьці каля 800 кілямэтраў усходней Новай Зэляндыі і не пазначаныя на мапе. Астравы маюць адмысловы статус астраўнога савету Islands Councils з паўнамоцтвамі ўнітарнай адміністрацыйнай адзінкі Unitary Authority.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле дадзеных на люты 2010 году насельніцтва Новай Зэляндыі складала 4,353 млн чалавек[6].

Асноўную частку насельніцтва краіны складаюць новазэлядцы эўрапейскага паходжаньня, у асноўным нашчадкі выхадцаў зь Вялікабрытаніі. Паводле зьвестак перапісу насельніцтва 2006 году, сумарная доля насельніцтва эўрапейскага паходжаньня складае прыблізна 67,6 %[7] ад агульнага насельніцтва краіны. прадстаўнікі карэннага народу, маоры, складаюць каля 14,6 %[8] насельніцтва. Дзьве наступныя буйнейшыя этнічныя групы — прадстаўнікі азіяцкіх і палінэзійскіх народаў складаюць 9,2 % і 6,5 % насельніцтва краіны адпаведна[7].

Сярэдні ўзрост жыхароў краіны складае каля 36 гадоў. У 2006 годзе ў краіне пражывала больш з 500 чалавек ва ўзросьце старэй за 100 гадоў. Сёлета ж доля насельніцтва ва ўзросьце да 15 гадоў складала 21,5 %[9].

Прырост насельніцтва ў 2007 годзе склаў 0,95 %[10]. Агульны каэфіцыэнт нараджальнасьці сёлета ж склаў 13,61 нараджэньняў на 1000 чалавек насельніцтва[11], а агульны каэфіцыэнт сьмяротнасьці — 7,54 сьмярцей на 1000 чалавек насельніцтва[12].

Вялікая частка новазэляндцаў пастаянна (альбо на працягу доўгага часу) пражывае за межамі краіны. Буйнейшая новазэляндзкая дыяспара пражывае ў Аўстраліі (у 2000 годзе колькасьць новазэляндцаў, якія пражываюць у Аўстраліі склала каля 375 000 чалавек[13]) і ў Вялікабрытаніі (у 2001 годзе каля 50 000 чалавек, пры гэтым каля 17% новазэляндцаў маюць альбо брытанскае грамадзянства, альбо права на яго атрыманьне[14]). Традыцыйна новазэляндцы, якія пражываюць па-за краінай, падтрымліваюць шчыльныя кантакты з радзімай, і шматлікія зь іх заслужана ўвайшлі ў лік выбітных прадстаўнікоў сваёй краіны.

Паводле дадзеных перапісу 2006 году, большая частка насельніцтва, каля 56%, веравызнае хрысьціянства (у 2001 годзе такіх было 60%). Найбольш распаўсюджанымі дэнамінацыямі хрысьціянства ў краіне зьяўляюцца англіканства, каталіцызм лацінскага абраду, прэсьбітэрыянства і мэтадызм. Пасьлядоўнікі сыкхізму, індуізму і ісламу складаюць наступным буйнейшыя рэлігійныя супольнасьці Новай Зэляндыі. Каля 35% насельніцтва краіна ў хадзе перапісу не атаясамліавлі сябе з рэлігіяй (у 2001 годзе такіх было 30%[15]).

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Банкаўская сыстэма[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Новая Зэляндыя валодае наладжанай сыстэмай банкаўскіх паслугаў, пабудаванай на сыстэме абавязковага дзяржаўнага ліцэнзаваньня ўсёй банкаўскай дзейнасьці. Па стане на 2009 год у краіне дзейнічала 19 банкаў, зь якіх 9 зьяўляліся аддзяленьнямі буйных міжнародных банкаў. Арганізацыя банкаўскай дзейнасьці каардынуецца Рэзэрвовым банкам Новай Зэляндыі, які выконвае функцыі цэнтральнага банку краіны і вызначае манэтарную і фінансавую палітыку дзяржавы. Асноўныя банкі краіны маюць разгалінаваную сець аддзяленьняў ва ўсіх асноўных населеных пунктах краіны, пры гэтым аддзяленьні KiwiBank працуюць на базе паштовых аддзяленьняў сувязі. Усе асноўныя банкі краіны ўдзельнічаюць у міжбанкаўскай сыстэме EFTPOS (Electronic Funds Transfer at Point of Sale), якая забясьпечвае ўзаемаразьлікі па плацежам крэдытных і дэбэтовых картак.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ When was New Zealand first settled?(анг.) Te Ara Encyclopedia of New Zealand, 4 сакавіка 2009
  2. ^ Peggy Brock, ed. Indigenous Peoples and Religious Change. Leiden: Brill, 2005(анг.) ISBN 978-90-04-13899-5. С. 67-69
  3. ^ Climate Summaries(анг.) National Institute of Water & Atmospheric Research
  4. ^ GeoNet and Earthquakes(анг.) GeoNet
  5. ^ Taupo, New Zealand(анг.) Volcano World
  6. ^ Estimated resident population of New Zealand(анг.). Statistics New Zealand. Праверана 2010-02-04 г.
  7. ^ а б QuickStats About Culture and Identity(анг.). Statistics New Zealand. Праверана 2008-12-23 г.
  8. ^ QuickStats About Māori(анг.). Statistics New Zealand. Праверана 2008-12-23 г.
  9. ^ New Zealand Population Growth Rate(анг.). Statistics New Zealand. Праверана 2008-12-23 г.
  10. ^ New Zealand Population Growth Rate(анг.). Index Mundi. Праверана 2008-12-23 г.
  11. ^ New Zealand Birth Rate(анг.). Index Mundi. Праверана 2008-12-23 г.
  12. ^ New Zealand Death Rate(анг.). Index Mundi. Праверана 2008-12-23 г.
  13. ^ New Zealanders in Australia(анг.). Australian Bureau of Statistics. Праверана 2008-12-23 г.
  14. ^ New Zealand, country profile(анг.). UK Foreign and Commonwealth Office. Праверана 2008-12-23 г.
  15. ^ Religious Affiliation(анг.). Statistics New Zealand. Праверана 2008-12-23 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Новая Зэляндыясховішча мультымэдыйных матэрыялаў