Джэймз Кук

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Джэймз Кук
James Cook
Captainjamescookportrait.jpg
Джэймз Кук працы Натаніела Дэнс-Голанда
Род дзейнасьці падарожнік, картограф, навігатар
Дата нараджэньня 27 кастрычніка, 1728
Месца нараджэньня Мартан, Ёркшыр, Ангельшчына
Падданства Ангельшчына
Дата сьмерці 14 лютага, 1779
Месца сьмерці Гаваі
Бацька Джэймз Кук
Маці Грэйс Пэйс
Жонка Элізабэт Бэтс
Дзеці Джэймз, Натаніел, Элізабэт, Джозэф, Георг, Г’ю

Джэймз Кук (па-ангельску: James Cook, 27 кастрычніка 1728, Мартан, Ёркшыр, Ангельшчына14 лютага 1779, Гаваі) — брытанскі першаадкрывальнік і навігатар. Ён зьдзейсьніў тры вандраваньні ў Ціхім акіяне і стаў першым эўрапейцам, які дасьледаваў большую частку ягонага ўзьбярэжжа. Кук адкрыў Гаваі і шматлікія іншыя астравы, акрамя таго, ён першым абыйшоў вакол Новай Зэляндыі. Кук таксама быў і картографам. У пошуках паўночнага марскога праходу зь Ціхага акіяна ў Атлянтычны ён дасьледаваў частку ўзьбярэжжа Аляскі. Ягоным імем названы заліў Кука на Алясцы, у горадзе Анкарыдж усталяваны помнік Куку. Дзякуючы асаблівай ўвазе, якой Кук надаваў картаграфіі, многія з складзеных ім мапаў па сваёй дакладнасьці і акуратнасьці не былі перасягнуты на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў і служылі мараплаўцам аж да другой паловы XIX стагодзьдзя.

Кук быў шырока вядомы сваім памяркоўным і сяброўскім стаўленьнем да карэнных жыхароў наведвальных ім тэрыторыяў. Ён зьдзейсьніў своеасаблівую рэвалюцыю ў мараплаўстве, навучыўшыся пасьпяхова змагацца з такой небяспечнай і шырока распаўсюджанай у той час хваробай, як цынга. Сьмяротнасьць ад яе ў час ягоных плаваньняў практычна была зьведзена да нуля. У ягоных плаваньнях прымала ўдзел цэлая плеяда знакамітых мараплаўцаў і дасьледчыкаў, як то Джозэф Бэнкс, Ўільям Блай, Джордж Ванкувэр, Джордж Дыксан, Ёган Рэйнгальд і Георг Форстэр.

Кук быў забіты на Гаваях падчас свайго трэцяга падарожжа ў Ціхі акіян у 1779 годзе. Ён пакінуў пасьля сябе спадчыну навуковых і геаграфічных ведаў, якія паўплывалі на ягоных пераемнікаў, аб чым сьведчаць шматлікія помнікі, якія былі прысьвечаны яму. Тым ня менш, ягоную ролю ў адкрыцьці раёнаў Ціхага акіяна, іхнай калянізацыі й наступнага ўзьдзеяньня на карэнныя народы былі прадмэтам палітычнай і навуковай дыскусіі.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Джэймз Кук нарадзіўся ў Ёркшыры ў Ангельшчыне ў 1728 годзе у сям’і шатляндзкага фэрмэра, у якога Джэймза было яшчэ чатыры дзіцяці. У 1736 годзе сям’я пераехала ў вёску Грэйт Айтан, дзе Кук пачаў наведваць мясцовую школу. Пасьля пяці гадоў навучаньня Джэймз Кук пачынаў працаваць на фэрме пад пачаткам свайго бацькі, які атрымаў да таго часу пасаду кіраўніка. У 1756 годзе Кук паступіў на службу ў якасьці юнгі на вугальшчык «Гэркулес».

Кар’ера на флёце[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Статуя Джэймза Кука ў Лёндане

Кук пачаў кар’еру марака простым юнгай на гандлёвым брыга-вугальшчыкі «Фрылаў», які належыць суднаўладальнікам Джону й Гэнры Ўокерам, на маршруце ЛёнданНьюкасл. Праз два гады быў пераведзены на другі карабель Ўокераў — «Тры браты». Вядома сьведчаньне сяброў Ўокераў пра тое, як шмат часу Кук праводзіў за кнігамі. Вольны ад працы час ён прысьвячаў вывучэньню геаграфіі, навігацыі, матэматыкі, астраноміі, таксама яго цікавілі апісаньні марскіх экспэдыцыяў. Вядома, што Кук пакінуў Ўокераў на два гады, якія правёў на Балтыцы й ля ўсходняга ўзьбярэжжа Ангельшчыны, аднак вярнуўся па просьбе братоў памочнікам капітана на карабель «Фрэндшып».

Праз тры гады, у 1755 годзе, Ўокеры прапанавалі яму прыняць камандаваньне над «Фрэндшып», аднак Кук адмовіўся. Замест гэтага 17 чэрвеня 1755 году ён запісаўся матросам ў Каралеўскі ваенна-марскі флёт і праз 8 дзён атрымаў прызначэнне на 60-гарматны карабель «Ігл». Гэты факт у ягонай біяграфіі прыводзіць у зьдзіўленьне некаторых дасьледчыкаў — невядомыя прычыны, па якіх Кук аддаў перавагу цяжкой матроскай працы замест капітанскай пасады ў гандлёвым флёце. Але ўжо праз месяц пасьля паступленьня Кук становіцца боцманом.

Неўзабаве ў 1756 годзе пачалася Сямігадовая вайна «Ігл» ўдзельнічаў у блякадзе ўзьбярэжжа Францыі. Вядома таксама, што ў траўні 1757 году ля вострава Ўэсан «Ігл» ўступіў у бой з францускім караблём «Герцаг Аквітанскі», які меў водазмяшчэньне ў 1500 тонаў і 50 гармат. У ходзе перасьледу й бою, «Герцаг Аквітанскі» быў захоплены, а «Ігл» у тым баі атрымаў пашкоджаньні й быў вымушаны пайсьці на рамонт у Ангельшчыну.

У 1757 годзе па дасягненьні двухгадовага стажу Джэймз Кук пасьпяхова вытрымаў экзамэн на майстра (анг. Sailing Master), а 27 кастрычніка атрымліваў прызначэньне на карабель «Соўлбэй» пад камандаваньнем капітана Робэрта Крэйга, Куку было ў гэты час 29 гадоў. Пасьля Джэймз быў прызначаны на 60-гарматны карабель «Пэмброк», які ўдзельнічаў у блякадзе Біскайскага заліва, а затым у лютым 1758 году быў адпраўлены да паўночнаамэрыканскае ўзьбярэжжа Канады.

У 1768 годзе Кук атрымаў у камандаваньне карабель «Індэвар».

У XVIII стагодзьдзі 60% маракоў памірала з-за розных хваробаў, як тоцынгі. Кук увёў строгія правілы, каб зьнізіць колькасьць захворваньняў. У яго заўсёды выконваліся правілы гігіены, а таксама заўсёды быў запас сьвежай садавіны, якія ўтрымоўвалі вітамін С.

Падарожжы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэканструкцыя Індэвара

У 1768 годзе Кук быў адпраўлены Брытанскім геаграфічным таварыствам да берагоў Таіці для назіраньня за Вэнэрай, бо ў 1769 годзе яна праходзіла паміж Сонцам і Зямлёй. Разам з Кукам у экспэдыцыі ўдзельнічалі яшчэ натураліст, батанік Джозэф Бэнкс і два мастака. Акрамя таго, Кук атрымаў загад знайсьці Terra Incognita. Дасьледаваньне пачалося 3 чэрвеня, караблі накіраваліся да Новай Зэляндыі. Тубыльцы маоры сустрэлі Кука варожа. Сотні каноэ напалі на «Індэвар». У красавіку 1770 году Кук падышоў да ўсходняга берага Аўстраліі. Ён адкрыў заліў, названы Батанічным. Кук сустрэў тут дзіўных жывёлаў кенгуру і абарыгенаў.

Плывучы на поўнач, карабель натыкнуўся на рыф, названы пасьля Вялікім бар’ерным рыфам, і патрываў крушэньне. Пасьля рамонту Кук вярнуўся дадому ў 1771 годзе. Кук зьдзейсніў яшчэ дзьве экспэдыцыі. Першая зь іх пачалася ў 1772 годзе, калі Кук выйшаў з Плімута на двух суднах. У студзені 1774 году Кук дасягнуў 70° паўднёвай шырыні, але ўмовы былі жудаснымі, і Кук вырашыў, што Terra Incognita калі і існуе, то ўсё роўна недасяжная. Затым Кук наведаў востраў Пасхі, Туамоту, Тонга.

8 студзеня 1778 Кук адкрыў Сэндвічавы або Гавайскія астравы. Гавайцы спачатку прынялі яго за бога Лона, але хутка расчараваліся ў гасьцях. Пасьля гэтага «Дыскавэры» і «Рэзалюшн» паплылі да берага расейскай Аляскі. У наступным годзе Кук вярнуўся на Гаваі, але ягоныя матросы дрэнна ставіліся да першабытнікаў. Капітан Кук загінуў 14 лютага 1779 году падчас трэцяга вандраваньня на Гавайскія астравы, калі быў атакаваны першабытнікамі. Пасьля доўгіх перамоваў ангельцы атрымалі ад гавайцаў рэшткі Кука: скальп, галаву бязь ніжняй сківіцы, сьцегнавую костку, косткі перадплечча і кісьці рук. 21 лютага 1779 году ён быў пахаваны ў водах Ціхага акіяна.

Цікавыя факты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гонар Індэвара, першага карабля, якім камандаваў Джэймз Кук, быў названы камандны модуль касьмічнага карабля Апалён-15. У ходзе ягонага палёту была ажыцьцёўлена чацьвёртая высадка людзей на Месяц.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Джэймз Куксховішча мультымэдыйных матэрыялаў