Вялікая дэпрэсія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Сям’я абяздоленых зборшчыкаў гароху Каліфорніі ў пэрыяд крызісу.

Вялікая дэпрэсія (па-ангельску: Great Depression) — рэцэсія сусьветнай эканомікі, якая пачалася ў большасьці месцаў у 1929 і скончылася ў пачатку 1933 году. Да 1939 году сьвет выходзіў з дэпрэсіі, таму 1930-я ўвогуле лічацца пэрыядам Вялікай дэпрэсіі. У вузкім сэнсе гэты тэрмін прымяняецца толькі ў дачыненьні да ЗША, а ў дачыненьні да ўсяго сьвету гавораць пра сусьветны эканамічны крызіс. Спад найбольш закрануў разьвітыя краіны Захаду: ЗША, Канаду, Вялікабрытанію, Нямеччыну й Францыю. Моцна пацярпелі прамысловыя гарады, у шэрагу краін практычна спынілася будаўніцтва, цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю з-за адсутнасьці плацежаздольнага попыту ўпалі на 40—60%[1].

Прычынай эканамічнага крызісу, верагодна, стала сукупнасьць фактараў: недахоп грашовай масы, крызіс перавытворчасьці, імклівы прырост насельніцтва, скарачэньне міжнароднага гандлю, біржавыя спэкуляцыі, зьмяншэньне ваенных заказаў па заканчэньні Першай сусьветнай вайны. Пад канец пэрыяду рэцэсіі ўзровень прамысловай вытворчасьці быў адкінуты да ўзроўню пачатку XX стагодзьдзя. Колькасьць беспрацоўных у краінах Захаду дасягнула 30 млн чалавек, моцна пагоршыўся стан рабочых, фэрмэраў, дробных гандляроў, прадстаўнікоў сярэдняй клясы, многія зь іх апынуліся за рысай беднасьці. Вырасла колькасьць прыхільнікаў радыкальных ідэалёгіяў.

Як вынік Вялікай дэпрэсіі, кейнсіянскія падыходы ў эканоміцы пацясьнілі клясычны эканамічны лібэралізм і дамінавалі да 1970-х. Вялікая дэпрэсія стала асноўным фактарам усталяваньня сацыял-дэмакратыі й плянаванай эканомікі ў эўрапейскіх краінах пасьля Другой сусьветнай вайны.

Пачатак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эканамічныя гісторыкі звычайна зьвязваюць пачатак Вялікай дэпрэсіі з раптоўным разбуральным крахам коштаў на фондавым рынку ЗША 29 кастрычніка 1929 году, які вядомы як Чорны аўторак. Не зважаючы на гэта, некаторыя гісторыкі прыходзяць да высновы, што фондавы крах быў толькі сымптомам, а ня чыньнікам Вялікай дэпрэсіі[2][3].

Нават пасьля крызісу на Ўол-Стрыт у 1929 годзе аптымізм працягваў захоўвацца на працягу некаторага часу сярод некаторых бізнэсоўцаў і фінансістаў, гэтак Джон Ракфэлер прыгадаў, што дэпрэсіі прыходзяць і сыходзяць, а росквіт заўсёды вяртаецца ізноў[4]. Фондавы рынак напачатку 1930 году пачаў павольны рост, нават вярнуўшыся да паказчыку красавіка 1929 году. Аднак пачазчык амаль на 30% быў ніжэйшым у параўнаньні зь пікавым значэньнем у верасьні 1929 году[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Commodity Data. US Bureau of Labor Statistics.
  2. ^ Frank, Robert H.; Bernanke, Ben S. (2007). Principles of Macroeconomics (3rd ed.). Boston: McGraw-Hill/Irwin. p. 98. ISBN 0-07-319397-6.
  3. ^ Economics focus: The Great Depression. The Economist
  4. ^ Schultz, Stanley K. (1999). Crashing Hopes: The Great Depression. American History 102: Civil War to the Present. University of Wisconsin–Madison. Retrieved 2008-03-13.
  5. ^ 1998/99 Prognosis Based Upon 1929 Market Autopsy. Gold Eagle.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Вялікая дэпрэсіясховішча мультымэдыйных матэрыялаў