Нідэрлянды

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.

Перайсьці да: навігацыя, пошук
Nederland
Сьцяг Нідэрляндаў Герб Нідэрляндаў
(Сьцяг) (Герб)
Нацыянальны дэвіз: Je Maintiendrai
Месцазнаходжаньне Нідэрляндаў
Афіцыйная мова Нідэрляндзкая, фрыская
Сталіца Амстэрдам
Найбуйнейшы горад Амстэрдам
Урад Канстытуцыйная манархія
Бэатрыкс
Ян Пэтэр Балькенэндэ
Плошча
 - Агульная
 - % вады
131-е месца ў сьвеце
41 526 км2
18,41
Насельніцтва
 - Агульнае (2005)
 - Шчыльнасьць
59-е месца ў сьвеце
16 297 196
393/км²
СУП
 - Агульны (2003)
 - на душу насельніцтва
43 месца ў сьвеце
$476,912 мільярду
$29 412
Валюта Эўра (EUR)
Часавы пас
 - улетку
CET (UTC+1)
CEST (UTC+2)
Незалежнасьць
 - ад Гішпаніі

30 студзеня 1648
Дзяржаўны гімн Wilhelmus van Nassauwe
Аўтамабільны знак  ?
Дамэн верхняга ўзроўню .nl
Тэлефонны код +31

Нідэрля́нды (па-нідэрляндзку: Nederland) – краіна ў паўночна-заходняй Эўропе на ўзьбярэжжы Паўночнага мора(даўжыня берагавой лініі - 451 км), мяжуе з Бэльгіяй на поўдні і Нямеччына й на ўсходзе(даўжыня мяжы - 1027 км). Нідэрлянды зьяўляюцца часткай Каралеўства Нідэрляндаў, у якое таксама ўваходзяць Нідэрляндзкія Антылы і Аруба.

Афіцыйная назва краіны - Каралеўства Нідэрлянды (нідэрл. Koninkrijk der Nederlanden).

Сталіцай зьяўляецца Амстэрдам, але парлямэнт і ўрад знаходзяцца ў Гаазе. Іншыя важныя месты: Ратэрдам - самы вялікі порт краіны і адзін з найбуйнейшых партоў сьвету, Утрэхт - цэнтр чыгуначнай сістэмы краіны і Эйндховэн - цэнтр электронікі і высокіх тэхналёгіяў.

Разам з карыбскай выспай Аруба (што мае адмысловы статус) і Нідэрляндзкімі Антыльскімі выспамі, Нідэрлянды складаюць Каралеўства Нідэрляндаў (Koninkrijk der Nederlanden). Стасункі паміж чальцамі каралеўства рэгулююцца Статутам Каралеўства Нідэрляндаў (нідэрл. Statuut voor het Koninkrijk der Nederlanden), прынятым у 1954 году. Чакаецца, што 15 сьнежня 2008 Антыльскія выспы будуць распушчаныя як дзяржаўная адзінка. Некаторыя з выспаў атрымаюць паўнезалежны статус падобны да арубанскага, а іншыя стануць абшчынамі ў саміх Нідэрляндох і нават увядуць эўра.

Назва "Нідэрлянды" ў перакладзе азначае "ніжнія краіны", аднак перакладаць яго літаральна няправільна, бо, па гістарычных чынніках, гэтым тэрмінам прынята зваць тэрыторыю, якая прыкладна адпавядае сёньняшнім Нідэрляндам, Бэльгіі і Люксэмбургу (Бэнілюкс). Нідэрлянды часта завуць Галяндыяй, хоць гэта палітычна некарэктна, бо Паўднёвая і Паўночная Галандыя - гэта толькі дзьве з дванаццаці правінцыяў Нідэрляндаў.

Зьмест

[рэдагаваць] Гісторыя

Асноўны артыкул: Гісторыя Нідэрляндаў

Нідэрлянды былі заселеныя з апошняга ледавіковага пэрыяду. Падчас прыбыцьця рымлянаў, Нідэрлянды былі заселеныя германскімі плямёнамі, гэткімі як тубанты, канінэфаты і фрызы, якія пасяліліся тамака каля 600 гадоў да н. Хр. Кельцкія плямёны, такія як эбуроны і мэнапіі, засялялі поўдзень краіны. У пачатку рымскай калянізацыі ў краіну таксама прыбылі нямецкія плямёны батавы і токсандры. У пэрыяд Рымскай Імпэрыі, паўднёвая частка цяперашніх Нідэрляндаў была акупаваная рымлянамі і стала часткай правінцыі Бэльгіка (лат. Gallia Belgica), а пазьней - правінцыяй Ніжняя Нямеччына (лат. Germania Inferior).

У сярэднявеччы Ніжнія краіны (якія складаюцца прыкладна зь цяперашніх Бэльгіі і Нідэрляндаў) уключалі ў сябе розныя графствы, герцагствы і епархіі, што ўваходзілі ў склад Сьвятой Рымскай Імпэрыі. Яны былі аб'яднаныя ў адную дзяржаву пад уладай Габсбургаў у XVI ст. Пасьля распаўсюджваньня кальвінізму пасьледавала Контаррэфармацыя, што выклікала раскол у краіне. Спробы гішпанскага караля Піліпа II цэнтралізаваць дзяржаву прывялі да паўстаньня супраць гішпанскага панаваньня пад правадырствам Вільгельма I Аранскага. 26 ліпеня 1581 была абвешчаная незалежнасьць краіны, афіцыйна прызнаная іншымі дзяржавамі толькі пасьля Васьмідзясяцігадовай вайны (1568-1648). У гады вайны за незалежнасьць пачаўся "Залаты век" Нідэрляндаў, пэрыяд эканамічнага і культурнага росквіту, які працягваўся усё XVII стагоддзе.

Пасля спыненьня французскай акупацыі ў пачатку XIX стагоддзя, Нідэрлянды ператварыліся ў манархію пад уладай дынастыі Аранскіх. У 1830 Бэльгія канчаткова аддзялілася ад Нідэрляндаў і стала самастойным каралеўствам; Люксэмбург здабыў незалежнасьць у 1890. Пад ціскам лібэральных палітыкаў краіна ў 1848 была ператвораная ў парлямэнцкую дэмакратыю з канстытуцыйным манархам. Такі палітычны лад захаваўся і дагэтуль, з кароткім перапынкам падчас нямецкай акупацыі.

Падчас Першай сусветнай вайны Нідэрлянды захоўвалі нейтралітэт, але падчас Другой сусьветнай вайны на працягу пяці гадоў былі акупаваныя Нямеччынай. Падчас нямецкага ўварваньня Ратэрдам быў падвергнуты бамбаваньню, падчас якого быў амаль цалкам разбураны цэнтр места. Падчас акупацыі ахвярамі галакоста сталі каля пяцідзесяці тысячаў нідэрляндскіх габрэяў.

Пасьля вайны пачалося хуткае аднаўленьне краіны, чаму спрыяў план Маршала, арганізаваны Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Дзякуючы гэтаму Нідэрляндам хутка змаглі стаць сучаснай індустрыяльнай краінай. Дзяржаўную незалежнасць набылі былыя калоніі Інданэзія і Сурынам. У выніку масавай іміграцыі зь Інданэзіі, Турэччыны, Марока, Сурынаму і Антыльскіх Выспаў Нідэрлянды сталі краінай са шматлікімі культурамі і вялікай доляй мігрантаў.

У шасцідзясятыя і сямідзясятыя гады адбыліся вялікія сацыяльныя і культурныя змены. Каталікі і пратэстанты сталі больш мець зносіны між сабой, і адрозьненьні паміж клясамі таксама сталі меней прыкметнымі з-за росту роўня жыцця і адукацыі.

25 сакавіка 1957 Нідэрлянды сталі адным з заснавальнікаў Эўрапейскіх супольніцтваў. На рэфэрэндуме па Эўрапейскай канстытуцыйнай дамове ў чэрвені 2005 больш паловы нідэрляндцаў прагаласавалі супраць яе прыняцьця. Такім чынам Нідэрлянды сталі другой краінай, якая адхіліла гэты праект (пасля Францыі).

[рэдагаваць] Палітыка

Першая канстытуцыя Нідэрляндаў 1815 гады надавала асноўную ўладу каралю, але давала заканадаўчыя паўнамоцтвы двухпалатнаму парлямэнту (Генэральным штатам). Сучасная канстытуцыя краіны была прынятая ў 1848 зь ініцыятывы караля Вільлема II і вядомага лібэрала Ёхана Рудольфа Торбэке. Гэтую канстытуцыю можна лічыць "мірнай рэвалюцыяй", таму што яна рэзка абмежавала ўладу караля і перадала выканаўчую ўладу кабінэту міністраў. Парлямэнт з гэтага часу абіраўся на прамых выбарах, і ён атрымаў вялікі ўплыў на рашэньні ўрада. Такім чынам, Нідэрлянды аднымі зь першых у Эўропе зьдзейсьнілі пераход ад абсалютнай манархіі да канстытуцыйнай манархіі і парлямэнцкай дэмакратыі.

У 1917 празь зьмяненьні ў канстытуцыі выбарчыя правы былі дадзеныя ўсім мужчынамз 23 гадоў; у 1919 права голасу атрымалі ўсе жанчыны. З 1971 права голасу маюць усе грамадзяне з 18 гадоў. Канстытуцыя была істотна перагледжаная ў 1983. З гэтага часу насельніцтву гарантаваліся ня толькі палітычныя, але і сацыяльныя правы: абарона ад дыскрымінацыі (на падставе рэлігіі, палітычных перакананьняў, расы і інш.), скасоўвалася сьмяротнае пакараньне, і абвяшчалася права на пражытковы мінімум. Урад атрымаў абавязак бараніць насельніцтва ад беспрацоўя і ахоўваць навакольнае асяроддзе. Шэраг зьменаў у канстытуцыі пасьля 1983 адмянілі службу ў войску па прызыву і дазволілі выкарыстоўваць узброеныя сілы для міратворчых апэрацыяў за мяжой.

Манарх Нідэрляндаў афіцыйна зьяўляецца ачольнікам дзяржавы, аднак дэлегуе ўладу кабінэту міністраў. З 1980 каралевай зьяўляецца Бэатрыкс з старадаўняй Аранскай дынастыі, спадчыннікам пасаду - яе сын Вільлем-Аляксандар. З 1890 на пасадзе знаходзіліся толькі жанчыны. Манарх нярэдка адракаецца ад пасаду на карысьць спадчыньніка па дасягненьні паважнага веку, аднак Бэатрыкс (1938 году нараджэньня) пакуль не зьбіраецца гэтага рабіць. На практыцы манарх амаль ня ўмешваецца ў палітычнае жыцьцё, абмяжоўваючыся афіцыйнымі цырымоніямі, але ў той самы час мае вырашальны ўплыў на фармаваньне новага ўраду пасля парлямэнцкіх выбараў і на прызначэньне каралеўскіх камісараў у правінцыях.

Заканадаўчай уладай валодаюць Генэральныя штаты (парлямэнт) і ў меншай ступені ўрад. Парлямэнт складаецца з дзьвюх палатаў: першай (75 месцаў) і другой (150 месцаў). Другая палата, якая валодае асноўнай уладай, абіраецца ўсеагульным прамым галасаваньнем на 4 гады (апошнія выбары адбыліся 22 лістапада 2006 году). Першая палата абіраецца правінцыйнымі парлямэнтамі. Яе функцыі зводзяцца да ратыфікацыі законапраектаў, ужо распрацаваных і прынятых другой палатай. Асноўнымі палітычнымі партыямі Нідэрляндаў зьяўляюцца Хрысьціянска-дэмакратычны заклік (41 месца ў ніжняй палаце парлямэнта з 150), Партыя за працу (33 месцы), Сацыялістычная Партыя (25 месцаў) і Народная партыя за волю і дэмакратыю (23 месцы).

Выканаўчая ўлада засяроджаная ў руках кабінэту міністраў (ураду). Урад абавязаны ўзгадняць асноўныя рашэньні з парлямэнтам, і таму фармуецца на аснове парлямэнцкай большасьці. Ніводная партыя ў нядаўняй гісторыі Нідэрляндаў ня мела большасьці ў парлямэнце, таму ўрады заўсёды мелі кааліцыйны характар. Прэм'ер-міністрам з 22 ліпеня 2002 зьяўляецца лідэр Хрысьціянска-дэмакратычнага закліку Ян-Петэр Балкенэндэ. 22 лютага 2007 ён сфармаваў свой чацьверты кабінэт міністраў: кааліцыю Хрысьціянска-дэмакратычнага закліку, Партыі за праца і малой партыі Хрысьціянскі Зьвяз (6 месцаў у парламенце).


[рэдагаваць] Геаграфія

Нідэрлянды - самая густанаселеная краіна Эўропы (калі ня ўлічваць некалькі краінаў-карлікаў). Краіна разьмешчаная на землях у вусьцях рэк Райна, Мааса і Шэльды. З глебы, нанесенай гэтымі рэкамі, утварыліся дэльта і шырокая пляскатая нізіна. Палова тэрыторыі ляжыць ніжэй узроўня мора, і толькі на поўдні Нідэрляндаў мясцовасьць падвышаецца да 30 мэтраў і вышэй. Вялікая частка нізінаў знаходзіцца ў правінцыях Паўночная Галяндыя, Паўднёвая Галяндыя і Флевалянд. Берагавая лінія сфармаваная наноснымі выдмамі. За імі ідуць некалі адваяваныя ў мора зямлі, званыя польдерамі і абароненыя выдмамі і дамбамі ад марскіх водаў.

З часоў Рымскай Імперыі галяндцы адваёўваюць зямлю ў мора. Першыя польдэры зьявіліся яшчэ ў XIII стагоддзі, і з тых часоў уздоўж узбярэжжа былі асушаныя значныя плошчы. Буйныя мэліярацыйныя праекты былі ажыцьцёўленыя ў 1930-1950. Пасьля моцнай паводкі 1953, калі мора прарвала шматлікія берагавыя дамбы, было вырашанае ажыцьцявіць "Плян Дэльта", які прадугледжваў аддзяленьне ад мора вусьцяў рэк, з захаваньнем суднаходзтва па шматлікіх каналох.

Нідэрлянды дзеляцца на 12 правінцыяў (апошняя правінцыя Флевалянд створаная ў 1986 годзе на асушаных тэрыторыях), правінцыі дзеляцца на гарадскія і сельскія грамады. Правінцыі маюць выбарны орган самакіраваньня - Правінцыйныя штаты, абіраныя на чатыры гады. На чале Правінцыйных штатаў стаіць каралеўскі камісар.

[рэдагаваць] Эканоміка

[рэдагаваць] Дэмаграфія

Колькасць насельніцтва па стане на 1 ліпеня 2007 складала каля 16 377 200 чалавек 2. У сьпісе краінаў па колькасьці насельніцтва 2 Нідэрлянды займаюць 59-е месца. У параўнаньні зь іншымі краінамі Эўропы, насельніцтва Нідэрляндаў вельмі хутка расло апошнія паўтара стагоддзі: 3 мільёна жыхароў у 1850, 5 мільёнаў у 1900 і 16 мільёнаў у 2000. Для параўнаньня: насельніцтва Бэльгіі ў той жа час павялічылася ўсяго прыкладна ўдвая: з 4,5 мільёнаў жыхароў у 1850 году да 10 мільёнаў у 2000.

Пры плошчы краіны 41.526 км2 Нідэрлянды маюць шчыльнасьць насельніцтва 395 чалавек на км2 (або 484 чалавека на км2, калі ўлічыць, што 18,4 % тэрыторыі каралеўства займае вада). Такім чынам, Нідэрлянды зьяўляюцца 15-й па шчыльнасьці насельніцтва дзяржавай у сьвеце.

У Нідэрляндах жывуць дзве карэнныя групы насельніцтва - нідэрляндцы і фрызы, а таксама шмат імігрантаў. Этнічны склад насельніцтва: 80,8 % нідэрляндцы, 2,4 % немцы, 2,4 % інданэзійцы, 2,2 % туркі, 2,0 % сурынамцы, 1,9 % мараканцы, 1,5 % індыйцы і 6,0 % іншыя этнічныя групы. Склад насельніцтва па веравызнаньні: 30 % каталікі, 21 % пратэстанты, 5,8 % мусульмане, 0,6 % індуісты, 1,6 % вызнаюць іншыя рэлігіі, і 41 % не належаць ні да адной рэлігіі. Насельніцтва Нідэрляндаў зьяўляецца самым высокім у сьвеце: сярэдні рост дарослых мужчынаў - 1,83 мэтра, дарослых жанчын - 1,70 мэтра.


[рэдагаваць] Транспарт

[рэдагаваць] Культура

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

[1] http://www.cbs.nl/en-GB/menu/cijfers/default.htm

[2] https://www.cia.gov/cia/publications/factbook/rankorder/2119rank.html



Краіны Эўропы
Азэрбайджан | Альбанія | Андора | Армэнія | Аўстрыя | Баўгарыя | Беларусь | Босьнія і Герцагавіна | Бэльгія | Ватыкан | Вугоршчына | Вялікабрытанія | Гішпанія | Грузія | Грэцыя | Данія | Ірляндыя | Ісьляндыя | Італія | Казахстан¹ | Кіпр | Латвія | Летува | Ліхтэнштайн | Люксэмбург | Малдова | Мальта | Манака | Нарвэгія | Нідэрлянды | Нямеччына | Партугалія | Польшча | Расея¹ | Рэспубліка Македонія | Румынія | Сан-Марына | Славаччына | Славенія | Сэрбія | Турцыя¹ | Украіна | Фінляндыя | Францыя | Харватыя | Чарнагорыя | Чэхія | Швайцарыя | Швэцыя | Эстонія
Спэцыяльныя тэрыторыі: Акратыры | Выспа Мэн | Гернсі | Гібралтар | Косава | Ян Маен | Джэрсі | Дэкелія | Свальбард | Фарэрскія выспы
¹ Часткова знаходзіцца ў Азіі
Асабістыя прылады
На іншых мовах