Летува
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
- Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Літва (неадназначнасьць).
Летува́, Летуві́ская Рэспу́бліка (па-летувіску: Lietuvos Respublika) належыць да трох балтыйскіх краінаў у Паўночнай Эўропе. На поўначы Летува мяжуе з Латвіяй (працягласьць мяжы 610 км), на ўсходзе — зь Беларусьсю (724 км), на паўднёвым захадзе з расейскай Калінінградзкай вобласьцю (303 км), на поўдні таксама з Польшчай (110 км). На захадзе Летуву амывае Балтыйскае мора (працягласьць узьбярэжжа 99 км). Сталіца сучаснай Летувы -- Вільня (з 1940 году па сёньняшні час), з 1918 па 1939 часовай сталіцай была Коўна. Дзяржаўны герб -- Віціс (па-летувіску: Vytis). Сьцяг -- жоўта-зялёна-чырвоны.
Летува ёсьць сябрам NATO і Эўрапейскага Зьвязу.
|
|||||
| Нацыянальны дэвіз: Vienybė težydi | |||||
![]() |
|||||
| Афіцыйная мова | Летувіская | ||||
| Сталіца | Вільня | ||||
| Найбуйнейшы горад | Вільня | ||||
| Урад | Парламенцкая рэспубліка Валдас Адамкус Гедзімінас Кіркілас |
||||
| Плошча - Агульная - % вады |
122-е месца ў сьвеце 65 200 км2 нязначны |
||||
| Насельніцтва - Агульнае (2005) - Шчыльнасьць |
125-е месца ў сьвеце 3 596 617 55/км² |
||||
| СУП - Агульны (2005) - на душу насельніцтва |
77-е месца ў сьвеце $49,38 млрд $13 700 |
||||
| Валюта | Летувіскі літ (LTL) |
||||
| Часавы пас - улетку |
EET (UTC+2) EEST (UTC+3) |
||||
| Незалежнасьць -Абвешчаная -Прызнаная -Згубленая Незалежнасьць |
Ад Расейскай Імпэрыі 16 лютага 1918 12 ліпеня 1920 1940 Ад СССР 11 сакавіка 1990 4 лютага 1991 |
||||
| Дзяржаўны гімн | Tautiška Giesmė | ||||
| Аўтамабільны знак | LT | ||||
| Дамэн верхняга ўзроўню | .lt | ||||
| Тэлефонны код | +370 |
||||
Зьмест |
[рэдагаваць] Гісторыя
[рэдагаваць] Перадгісторыя Летувы
[рэдагаваць] Летува ў старажытнасьці
Зьяўленьне на тэрыторыі Летувы першых людзей адбылося напачатку сучаснага пэрыяду галацэну кайназойскай эры (10-8 тыс год да н.э.). Гэта было зьвязана з канчатковым пацяпленньнем клімату і адноснага росту папуляцыі позьняга палеаліту. Амаль да 8 тысячагодзьдзя да н.э. тут працягвалася культура эпіпалеаліту, якая адносіцца да тыпу Мадленскай культуры. З поўдня тэрыторыю Летуры пачалі асвойваць прадстаўнікі Свідэрскай культуры (X-IX тыс. год да н.э.). На сёньняшні дзень у Летуве даследавана некалькі дзесяткаў стаянак, якія належаць гэтым культурам. У VII-VI тысячагодзьдзях да н.э. на большай частцы сучаснай Летувы сфармавалася культура мезаліту, так званая Нёманская культура. У эпоху позняга мезаліту клімат пацяплеў (ён стаў нават цяплейшым за сёньняшні). Гэта, а таксама ўдасканаленьне тэхнікі апрацоўкі крэменю і касці палепшылі быт. Прыкладна 7 тысяч год на н.э. сувязь Балтыйскага мора з акіянам зьнікла, надоўга ўтварыўшы Анцільскае возера. Нягледзячы на тое, што рэгіён прыбалтыкі тэктанічна ўстойлівы, усё ж перамены зямнога рэльефу ўплывалі на рэгіён балтыйскага басейна. Каля 5500-500 г да н.э. Анцільскае возера зноў злучылася з акіянам і стала Літарынскім морам. У пэрыяд існаваньня гэтага мора на дне сучаснай Куршскай затокі ўтварыліся бурштынавыя слаі другаснага ўтварэньня. Неаліт на тэрыторыі Летувы пачаўся пазней, чым ён закончыўся на тэрыторыі цывілізацый паўднёвай Месапатаміі (IV ст. да н.э.).У гэты час пачынаюць рабіць кераміку з апаленай гліны, прыручаюць валоў, распачынаецца матыжнае земляробства (вырошчваюць проса). На тэрыторыі Паўднёвай Летувы Нёманская культура мезальту зьмянілася на раннюю культуру неаліту. У паўночна-заходняй частцы Летувы панавала Наварская культура неаліту. Уграфіны, якія ўтварылі невялікія групы культуры грабенчатай керамікі ў другой палове III тысячагодзьдзя да н.э. на землях, абжытыя эўрапеоідамі, значнага ўплыву не мелі. У паселішчах культуры Нарвы знойдзеныя клады і рэшткі майстэрняў па вырабу ўпрыгажэньняў з бурштыну.
[рэдагаваць] Індаэўрапейцы на тэрыторыі Летувы
Індаэўрапейцы прыйшлі на тэрыторыю Летувы з поўдня і паўднёвага захаду. Індаэўрапейцы асацыююцца з культурай неаліту - культуры шнуравой керамікі і лодачных баявіх тапароў. Верагодна, прадстаўнікі гэтай культуры прыйшлі сюды не ў адначасьсі. У III тысячагодзьдзі да н.э. гэта былі толькі асобныя групы, якія не заставаліся надоўга. У пачатку ж II тысячагодзьдзя да н.э. прадстаўнікі шнуравой керамікі складалі большасьць насельніцтва. Выдзяляюць тры археалагічныя культурных арэала балтаў : Прыморскі (басейны Нёмана і ніжняга цячэньня Даўгавы), Верхне-Падняпроўскі, Фацьянаўскі (вярхоўі Волгі). Храналягічна культура Дняпроўскага арэала была крыху пазьнейшай за Прыморскую, а Фацьянаўская - пазьнейшая за Дняпроўскую. Прыморская культура захавала найбольш выразныя рысы шнуравой культуры. На ўсходзе Летувы яна не адразу стала панаваць: тут яшчэ ў II тысячагодзьдзі да н.э. панавала культура Нарвы. Каля XX ст. да н.э. у арэалах Прыморскай і Верхне-Падняпроўскай шнуравой культуры выявіўся этнас, які размаўляў на дыялектах балцкай прамовы. Існуе альтэрнатыўная "чыстым" балтам гіпотэза венедычнага інстрата, якая грунтуецца на шэрагу характэрных тапонімаў. Бронзавыя вырабы на тэрыторыі Летувы зьявіліся ў другой чвэрці II тысячагодзьдзя да н.э., аднак іх мясцовая вытворчасьць пачалася толькі каля 1500 году да н.э. З-за адсутнасьці радовішчаў медзі зьяўленьне бронзавых вырабаў істотна не зьмянілі ладу жыцьця, які быў характэрным для неаліту. Але ў гэты час ужо існавала група мясцовых рамесьнікаў, якія займаліся вырабам прадметаў раскошы. З прыдунайскіх краёў у Летуву прывозілі бронзу, адтуль жа распаўсюдзіўся абрад спаленьня памерлых. Бронзавы век працягваўся на Летуве прыкладна да сярэдзіны I тысячагодзьдзя да н.э. Падчас раньняга жалезнага веку ў прыморскім арэале закончылася фармаваньне заходняга і ўсходняга балцкіх этнасаў (адпаведна курганная архэалягічная культура і культура гарадзішчаў). З апошняй яшчэ ў бронзавым веку вырасла культура штрыхавой керамікі.
[рэдагаваць] Племянны этнас літоўцаў
Напачатку нашай эры балты пачынаюць гандаль з Рымскай імпэрыяй. У выніку Вялікага перасяленьня народаў гэтая сувязь перарвалася. Жалезны век а Летуве працягваўся да сярэдзіны I тысячагодзьдзя н.э. Варта адзначыць, што балты самі навучыліся здабываць крычнае жалеза з балотнай руды. Першай вядомай крыніцай, у якой апісваліся балты была "Германія" рымскага гісторыка Тацыта. Ён адзначае перавагу ва ўзбраеньні драўлянай дубінай і адсутнасьць інтарэсу да рымскіх грошай. Разам з тым ён лічыў балтаў добрымі земляробамі. Пра першыя балцкія племянныя ўтварэньні ўпамінаюць у II-III стст. Гэта галінды, судувы(судавы), селы. Яны ўваходзілі ў арэал курганнай культуры. Пра арэал культуры штрыхавой керамікі пісьмовыя крыніцы I тысячагодзьдзя не паведамляюць. У V-VI стагодзьдзях з поўдня ў землі Дняпроўскіх балтаў уварваліся славяне. Усходнія балты былі продкамі літоўцаў і латгалаў. Літоўская і латыская мовы выдзяліліся з прабалцкай мовы прыкладна ў VI-VII стст. н.э.
Упершыню назва Lituae, ад якой паходзіць сучасная назва краіны, згадваецца ў 14 лютага 1009 году ў Квэдлінбурскай хроніцы. Гэтае ўпамінаньне зьвязана з забойствам місіянэра Буцкона Баніфацыя, які ў 1008 годзе наведваў Русь і знаёміўся зь яе суседзямі. Кведлінбурскія аналы распавядаюць пра правадыра племені Нетылера, у якога пад камандай было 300 воінаў, які перадаваў уладу ў спадчыну і меў вартаўнікоў на межах сваіх зямель. Ён пахрысьціўся, але супраць гэтага выступіла апазіцыя, у выніку чаго місіянэр Баніфацый быў забіты. Мяркуецца, што ў гэтым урыўку распавядаецца пра летувіскага правадыра. У гэты час адбываліся сутыкненьні паміж Летувой і швэдзкімі вікінгамі, ад іх сюды прыйшло адальнае права, што прывяло да фармаваньня ў XI-XII стст. вікінгавага летувіскага грамадзтва з канём замест чоўна. У сувязі з агрэсіўнай зьнешняй палітыкай Русі летувіскія землі былі абкладзеныя данінай на карысьць Кіеўскага княства (у 1040 і 1044 годзе кіеўскі князь Яраслаў Мудры хадзіў на Летуву; мяркуецца, што гэта быў адзін паход, дата якога была пераблытаная ў летапісах). Гэта стрымлівала палітычнае разьвіцьцё летувіскіх зямель. У выніку ж палітычнай раздробленасьці, якая распачалася на землях Русі напачатку XII стагодзьдзя, у 1131 даніну зьнялі.
[рэдагаваць] Раньняя летувіская манархія
[рэдагаваць] Канфедэацыя летувіскіх зямель
У XII стагодзьдзі адальнае грамадзтва набыло характар усеагульнай грамадзкай зьявы. Яна заключалася ў рабаўніцкіх паходах князя з дружынай для здабыцьця новых багацьцяў, а таксама рабоў. Інтэнсіўна разьвіваліся рамёствы: металургія, кавальства, слясарства, ганчарства; апрацоўка і выдзелка скуры разьдзяліліся на асобныя віды рамёстваў. Тэхнічны ўзровень абарончых збудаваньняў імкліва дасягаў узроўню абароны Польшчы і Русі. У XII - пачатку XIII стагодзьдзя большасьць насельніцтва Летувы, як і раней складалі абшчыньнікі, якія фармавалі супольнасьць паводле месца жыхарства - суседзкую абшчыну. Напрыканцы XII стагодзьдзя па ўсёй Летуве ўлада належала адной групе князёў, прадстаўнікамі якой былі Сакіс і Дангеруціс. Гэтым "вышэйшым князям" падпарадкоўваліся іншыя князі. Склалася канфедэрацыя летувіскіх зямель, хоць сувязі паміж яе часткамі і былі яшчэ слабыя.
[рэдагаваць] Летува і нямецкі рух на ўсход
У 1180-я гады была заснаваная факторыя любецкіх купцоў у вусьці Заходняй Дзьвіны. Неўзабаве ёй падпарадкавалься лівы, якія жылі навокал. А ў 1186 годзе ў Ікескюлі (Ніжняе Падзьвіньне) манахі заснавалі місіянэрскую епархію. Ад імені ліваў гэтая нямецкая калёнія атрымала назву "Лівонія". Ні балты, ні палачане, якія зьбіралі даніну на Заходняй Дзвіне, не маглі спыніць росту Лівоніі. У 1205 годзе адзін з князёў Упітэ Жвялгайціс (Žvelgaitis, Свялгатас) на чале войска старэйшага князя разрабаваў землі эстаў. На адваротным шляху ён быў забіты раскімі немцамі. У тым жа годзе раскаму біскупу падпарадкаваўся расейска-латгальскі князь з Кукенойса Вячка. Паход аднаго са старэйшых князёў пад Рыгу ў 1207 годзе быў адбіты немцамі, а напачатку 1208 году з Селпіліса імі быў прагнаны летувіскі гарнізон. У тым жа годзе летувісам удалося адбіць паход зямгалаў і рыжан на Утіпэ, хоць летувіскі напад у адказ і не прынёс удачы. Неўзабаве васаламі рыскага біскупа стаў князь Гецыке Усевалад, у ў 1210 Альберт заключыў з полацкім князем Уладзімерам мір. Такі імклівы рух нямецкай экспансіі тлумачыцца, у першую чаргу, тэхнічнай перавагай нямецкіх узбраеньняў над летувіскімі і рускімі. У 1213 годзе старэйшы князь Дангеруціс заключыў саюзнае пагадненьне з Наўгародзкай рэспублікай, але на шляху дадому быў схоплены мечаносцамі і памёр у палоне; праз год у бітве зь немцамі загінуў іншы старэйшы князь Стакіс. У гэтых князёў засталіся яшчэ зусім малыя сыны. Пры заключэньні мірнай дамовы паміж Летувой і Валынскім княствам з боку летувісаў выступілі адразу пяць "старэйшых" князёў: Жывінбудас, Даўётас (Доўят) з братам Вілігайла і Даўспрунгас(Доўспрунг) з братам Міндоўгам (Mindaugas). 22 верасьня 1236 году адбылася гістарычная перамога жамойцкіх войскаў над мечаносцамі пад Шаўляй, але праз год рашэньнем папы рымскага Грыгорыя IX мечаносцы аб'ядналіся з Тэўтонскім ордэнам і ўтварылі Лівонскі ордэн - аўтаномную галіну Тэўтонскага ордэна. Такім чынам, нямецкія калёніі ў Балтыцы былі аб'яднаныя. Разам з тым намецкі ціск з поўначы быў спынены больш чым на дзесяцігодзьдзе, што давала Летуве магчымасьць аб'яднацца.
[рэдагаваць] Стварэньне і ўмацаваньне Летувіскай дзяржавы
Яшчэ ў 1235 годзе рускі летапісец успамінаў пра "Летуву Міндоўга"(Літва Мендога), а ў 1245-1246 гадох нямецкі храніст (аўтар Лівонскай рыфмаванай хронікі) назваў Міндоўга "вярхоўным каралём". Міндоўг імкнуўся, каб на далучаных землях (жамойтаў, Упітэ, Дзятлувы, Шаўляя) былі ягоныя намесьнікі (у граматах Міндоўга 1250-х яны называліся баронамі). У 1240-я гады ўлада вялікага князя Міндоўга яшчэ распаўсюджвалася толькі на паўднёвую частку Летувіскай зямлі, самым важным замкам якой быў Варута (Voruta). У 1235 годзе памёр старэйшы брат Міндоўга Даўспрунгас, якому належала паўночная частка Летувіскай зямлі зь Віленскім замкам і эмпорыяй (гадлёвым пасадам). Ягоныя сыны Таўцівіл і Эдзівід былі яшчэ занадта малыя, што дало магчымасьць Міндоўгу на правах старэйшага ў родзе аб'яднаць Летуву. На землях, якія Міндоўг пачаў заваёўваць, сяліліся арганізаваныя па-ваеннаму лаўкінікі зь ягонага дамена, якія павінны былі самі сябе карміць. Іх называлі лейці (лейты, leiuiai). Гэта істотна становішча Летувы сярод суседзяў. Рускія сталі называць Міндоўга вялікім князем, а немцы - каралём. Ад 1237 да 1240 году на Русь напалі татары. Гэта дало магчымасьць Міндоўгу накіроўваць сваіх падначаленых княжыць на займаемых землях, пры гэтым ён прыствойваў іх уладаньні. Паўднёвая мяжа Летувіскай дзяржавы істотна перамясцілася і ўключыла ў сябе Навагрудак, Слонім і Ваўкавыск з навакольлем. Намесьнікам Міндоўга на гэтых землях стаў ягоны сын Войшалк. Першай рэальнай праявай балта-славянскага саюза, першым крокам да стварэньня старажытнай дзяржавы сучасных беларусаў і летувісаў Вялікага Княства Літоўскага заўважаным і ацэненым у тагачасных суседніх краінах была аперацыя, праведзеная пад кіраўніцтвам Міндоўга, у выніку якой, па словах летапісца, "поимана бЪ вся земля Литовьская". Таму час правядзеньня гэтай акцыі - 1248 год можна прыняць за пачатак стварэньня беларуска-летувіскай дзяржавы ВКЛ. У 1249-1252 гадох Летуву ахапіла міжусобная вайна, супраць Міндоўга ўзьнікла кааліцыя на чале зь ягонымі пляменьнікамі Таўцівілам ды Эдзівідам. Таўцівіл быў аб'яўлены спадкаемцам Летувіскага трону і прыняў каталіцтва, каб атрымаць ваенную падтрымку Лівонскага ордэна. У адказ на гэта Міндоўг сам прыняў каталіцтва і, такім чынам, пазбавіў Таўцівіла падтрымкі ордэна. Адначасова Таўцівіл быў вымушаны зьехаць у Галіцыю. 6 ліпеня 1253 году Міндоўг быў каранаваны і атрымаў тытул "Кароль Літоўскі". Ужо ў 1255 годзе ён атрымлівае дазвол папы Аляксанра IV на каранацыю сына, што надавала Летуве статус спадчыннага каралеўства. Каля 1256 году аб'яднаныя дружыны летувісаў разрабавалі навакольлі Кіева, пасьля чаго пачалася новая хваля летувіскага пранікненьня на Рускія землі. У адказ на гэта ў 1258 - 1259 гадох вялікае татарскае войска на чале з Бурундаем разрабавала Летувіскую і Нальшайскую землі. Саюз Летувы з Лівонскім ордэнам на падставе прыняцьця каталіцтва дазволіў патрабаваць у Міндоўга "мірнай" перадачы яшчэ не ахрышчаных зямель. Так, у 1255 годзе Міндоўг напісаў грамату дарэньня Лівонскаму ордэну Селы, у 1259 - Скалвы, Нардувы, Паўночнай Судувы і Жамойціі (гэта было пацьвярджэньне - спачатку Жамойція перайшла Лівоніі яшчэ пры каранацыі Міндоўга). Новы намесьнік магістра Лівонскага ордэна Эберхардт Зэйн быў накіраваны кіраўніцтвам Тэўтонскага ордэна, каб паправіць незвычайныя дзеяньні Андрэаса Шцірлянда. Акрамя гэтага перад ім стаяла задача ўзначаліць барацьбу супраць жамойтаў. Увосень 1252 году ў вусьці ракі Даны лівонцамі быў пабудаваны Клайпедзкі замак. У гэтым месцы сутыкаліся інтарэсы жамойтаў ды самбаў. Улетку 1253 году іхнія войскі асадзілі Клайпеду, але ўзяць не змаглі. У гэтым жа годзе на Самбію пачалі нападаць крыжакі. Але іхняе войска, якое напала на навакольлі Гірмавы ўзімку 1253-1254 гадоў было разбіта. Нарэшце ў студзені 1255 году Самбія была захопленая чэскім войскам на чале з каралём Чэхіі Пжэмыслам II. Яна была перададзеная Тэўтонскаму ордэну. У гэты час Жамойцкія князі зьбіралі сілы для далейшай барацьбы зь Лівонскім ордэнам. У 1255 годзе савет выбраў военачальніка - князя Альгміна, які прапаноўваў замацаваньне агульных пазыцый у Куроніі. Напачатку 1256 году жамойты разрабавалі Куронію а праз год асадзілі Клайпеду. З-за адсутнасьці перавагі на чыю-небудзь карысьць быў заключаны мір тэрмінам на паўтары гады. Тымчасам Рымскі папа распачаў чарговую праграму Крыжовых паходаў. У ягоных булах сярод непакораных паганцаў былі і летувісы. Вайна паміж канфедэрацыяй жамойцкіх зямель і Лівонскім ордэнам зноў распачалася ўвосень 1258 году. З боку Канфедэрацыі выступіла 3000 воінаў. Адразу ж лівонскае войска было разбіта каля Скуодаса. Напрыканцы году жамойты зноў зьявіліся ў Курляндыі, але былі вымушаныя бегчы ад Лівонскага войска блізу Вартаняй. Паўстаньне земгалаў напрыканцы 1258 году прымусіла Лівонскае войска аб'яднацца з датчанамі з Паўночнай Эстоніі. На некалькі год вайна прыняла пазіцыйны характар, пакуль 13 ліпеня 1260 году не адбылася страшнае пабоішча пры Дурбе, у якім загінула 130 рыцараў і магістр Лівонскага ордэна Бургхард Горнгузэн. У адказ на такую балючую паразу папа Аляксандар IV хутка арганізаваў падмогу Тэўтонскаму ордэну. На мяжы 1260-1261 гадоў лівонцы занялі два замка ў Куроніі. 3 лютага 1261 году жамойты разбілі лівонцаў ля Лелвардэ. Напрыканцы лета гэтага году дэлегацыя жамойтаў прыбыла да Міндоўга з просьбай прыняць Жамойцію пад уладу Летувы і пачаць вайну супраць Тэўтонскага ордэна.Пад націзкам Траняты Міндоўг прыняў просьбу жамойтаў.
Падчас княжаньня дынастыі Гедымінавічаў(1316-1430) Вялікае княства Літоўскае займала тэрыторыі сучасных Беларусі, Украіны, часткова Польшчы і Расеі. Напрыканцы 14 стагодзьдзя княства было чацьвертым паводле плошчы ў Эўропе. Яно займала тэрыторыю ад Балтыйскага да Чорнага мора. Летува прыняла хрысціянства ў 1386 годзе, калі Вялікі князь Ягайла стаў Каралём Польскім (каранацыя адбылася 2 лютага). Такім чынам Польшча і Вялікае княства Літоўскае былі аб'яднаныя пэрсанальнай уніяй, бо манархамі ў абедзьвюх дзяржавах былі прадстаўнікі адной дынастыі Ягайлавічы( па-польску: Ягелоны).
У 1401 годзе фармальная унія была скасаваная, што сталася вынікам барацьбы за ўладу паміж Ягайлам і ягоным братам вялікім князем Вітаўтам. Разам з тым у 1410 годзе ў Грунвальдзкай бітве злучаныя войскі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага перамаглі Тэўтонскі ордэн. Гэтая бітва лічыцца самай буйной у Сярэднявеччы.
У 1429 годзе Вітаўт павінен быў каранавацца. Але карону, зробленую для яго імпэратарам Свяшчэннай Рымскай Імпэрыі Сігізмундам, на шляху да Вітаўта зьнішчылі польскія магнаты, якія не хацелі палітычнага ўзмацненьня ВКЛ. Была замоўленая другая карона, але неўзабаве Вітаўт памёр.
У 1569 годзе, у час Лівонскай вайны з Вялікім Княствам Маскоўскім, паміж Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім была заключаная Люблінская унія, у выніку чаго ўтварылася федэратыўная дзяржава - Рэч Паспалітая Абодвух Народаў. Літоўская шляхта прадпрыймала шматлікія спробы захаваць палітычную аўтаномію (напрыклад, прыняццё Статуту 1588 году, паводле якога Вялікае Княства Літоўскае фармальна заставалася асобнай дзяржаваю; а старабеларуская мова ў Статуце 1588 зьяўлялася адзінай мовай дзяржаўнай справаводзтва). У ВКЛ захоўваліся ўласнае войска, манета, судовая сістэма. Разам з тым на троне караля польскага і вялікага князя літоўскага была адна асоба. Паступова польская культура, і, у першую чаргу, мова, занялі галоўнае месца ў Вялікім Княстве Літоўскім: усё справаводзтва з 1696 пераводзілася на польскую мову. Разам з каталіцкай царквой (а ў каталіцкіх касцёлах набажэнствы праводзіліся па-польску) польская мова ўвайшла ў жыцьцё шляхты. У 1795 годзе ў выніку Трэцяга падзелу, Рэч Паспалітая падзеленая паміж Расейскай Імпэрыяй, Аўстра-Венгрыяй ды Прусіяй.
16 лютага 1918 году Летува абвясьціла незалежнасьць. Пасьля ўтварэньня ЛітБел - Літоўска-Беларускай ССР У 1940 годзе СССР анэксаваў Летуву.
11 сакавіка 1990 году была зноў абвешчаная незалежнасьць Летувы. 17 верасьня 1991 году Летува стала сябрам ААН.
29 сакавіка 2004 Летува ўвайшла ў NATO, а 1 траўня 2004 – у Эўрапейскі Зьвяз.
Крыніцы
- Эдвардас Гудавичюс. История Литвы с древнейших времйн до 1569 года. Москва: Фонд имени И.Д.Сытина:Baltrus,2005.
- Кацель И.А. История Литвы. Ковно, 1922. - 140 с.
- Zigmantas Kiaupa. Lietuvos valstybĕs istroija. Vilnius: Baltos lankos, 2006. ISBN 9955-584-63-7. 312 s.
[рэдагаваць] Палітычная сыстэма
- Асноўны артыкул: Палітыка ў Летуве
Галава дзяржавы ў Летуве - прэзыдэнт, што абіраецца простымі выбарамі на пяцігадовы тэрмін. Прэзыдэнт вызначае асноўныя накірункі зьнешняй палітыкі, зьяўляецца галоўнакамандуючым летувіскага войску. Прэзыдэнт вылучае палямэнту для зацьверджаньня кандыдатуру прэм'ер-міністра, а потым па рэкамэндацыі апошняга - кандыдатуры сябраў Ураду, таксама як і шэраг іншых вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў і судзьдзяў Канстытуцыйнага Суду (Konstitucinis Teismas).
Аднапалатны летувіскі парлямэнт, Сэйм, мае 141 чальца, якія абіраюцца на чатырохгадовы тэрмін. Крыху болей за палову дэпутатаў абіраюцца па аднамантатных акругох (71), а іншая частка (70) - паводле партыйных сьпісаў. Бар'ер праходжаньня ў Сэйм для партыі роўны 5%.
[рэдагаваць] Мова і насельніцтва
- летувіская: каля 2.694.000
- расейская: каля 344.000
- польская: 258.000–400.000
- беларуская: каля 63.000
- украінская: каля 45.000
- татарская: каля 5.100
- латыская: каля 5.000
- караімская: < 100[Няма крыніцы інфармацыі]
Расейцы у асноўным зьявіліся ў Летуве пасьля Другой сусьветнай вайны, калі краіна трапіла ў склад Савецкага Саюзу, і жывуць пераважна ў рэгіёнах Вільні й Клайпэды. Сярод старэйшага пакаленьня летувісаў вялікая ступень валоданьня расейскаю мовай, у той час, як моладзь збольшага валодае ангельскаю. У раёне Клайпэды (былога прускага Мэмэлю) ёсьць доля нямецкамоўнага насельніцтва. Рэгіён вакол Вільні і ўздоўж беларускай мяжы гістарычна быў заселены беларусамі, дагэтуль там шырока распаўсюджаныя дыялекты беларускай (“польскай”, “тутэйшай”) мовы.
Этнічны склад насельніцтва(паводле перапісу насельніцтва, праведзенага ў красавіку 2001 году[1]):
[рэдагаваць] Геаграфія
- Асноўны артыкул: Геаграфія Летувы
Летува падзяляецца на 4 гістарычныя рэгіёны, якія розьняцца сваімі традыцыямі, дыялектамі і ляндшафтам: Аўкштота (Aukštaitija), Жамойць (Žemaitija), Сувалкія (Suvalkija) і Дзукія (Dzukija). Пяты рэгіён – “Малая Летува” (Mažoji Lietuva, на мапе зялёным колерам), што да 1918 году належаў да Ўсходняй Прусіі. Тут Летува пясочнымі пляжамі і дзюнамі мяжуе з Балтыйскім морам. Далей на ўсход цягнецца халмісты марэнны ляндшафт. Віленшчына багатая халмамі і азёрамі. Бліжэй да польскай мяжы знаходзіцца рэгіён Сувалкія (сінім колерам на мапе). Разам з раўнінай між Панявежай і Коўняй гэта раён, які найбольш актыўна выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. На ўсход ад Сувалкіі, на беларускай мяжы знаходзіцца лясная Дзукія. Там, ля Друскенікаў пачынаецца летувіскі адрэзак Нёману (па-летувіску: Nemunas). Даўжынёю ў 475 км (з усяго 937 км), Нёман ёсьць найбольш працяглай ракой у Летуве, і свае апошнія 200 км утварае натуральную мяжу з Калінінградзкай вобласьцю. Пры мястэчку Руснэ Нёман упадае ў Балтыйскае мора.
З паўднёвага захаду на паўночны ўсход у Паўднёвай і Усходняй Летуве распрасціраецца Балтыйская града, якая у межах краіны складаецца з Судуўскага, Дзукскага да Аукштайцкага ўзвышша (дасягаюць вышыні 250-280 м). З паўднёвага боку да Летувіскай дугі Балтыйскай грады далучаецца Паўднёва-Усходняя пяшчаная раўніна. З усходу тэрыторыю краіны займаюць часткі Швенчанска-Нарачанскага і Ашмянскага ўзвышшаў, на апошнім разьмешчаны адзін з самых высокіх пунктаў краіны - гара Юозапінэ (292 м.) На захадзе разьмешчана выспавае жамойцкае ўзвышша з найвышэйшым пунктам гарой Мядвегаліс (234 м.). Уздоўж Балтыйскага мора распрасціраецца Прыморская раўніна - нізіна шырынёй 15-20 км. На поўдні гэтай нізіны - дэльта Нёмана. На астатняй тэрыторыі паміж Балтыйскай градой ды Жамойцкім узвышшам рассцілаюцца плоскія ці крыху хвалістыя нізіны - Сярэднелітувіская, Зямгальская і інш. Галоўным чыньнікам ва ўтварэньні рэльефу краіны быў ледавік.
Летува разьмяшчаецца на Рускай пліце Усходне-Эўрапейскай плятформы. Крышталічны фундамент залягае глыбока (ад 300 да 2000 м ніжэй за ўзровень мора). З карысных выкапняў маюцца вапнякі, даламіты, гліны, крэйда. Таксама нетры Летувы маюць пласты мінеральных вод.
Клімат
Клімат Летувы пераходны - ад марскога да кантынентальнага. Сярэняя гадавая тэмпература складае +6,1°С. Сярэдняя тэмпература студзеня -4,9°С (ад -2,8°С на ўзьбярэжжы да -6,5°С на паўночным усходзе). Сярэдняя тэмпература ліпеня +17,2°С (у межах краіны адрозьніваецца меней, чым на 2°С). Гадавая колькасьць ападкаў складае 540 мм на Сярэднелітувіскай нізіне і 930 мм на паўднёва-заходніх схілах Жамойцкага ўзвышша. Найбольшая колькасьць ападкаў прыпадае на жнівень, найменшая - на кастрычнік. Да галоўных асаблівасьцяў клімату Летувы адносяць шмат атмасферных ападкаў і перавагу адносна цёплага надвор'я. Наяўнасьць вялікай колькасьці атмасферных ападкаў, наяўнасьць блізкіх да паверхні водных пластоў стварылі ўмовы для разьвіцьця густой сеткі рэк. У Летуве налічваюць 722 ракі даўжынёю больш за 10 км агульнай працягласьцю 27 500 км. 71,5% рэк належаць басэйну Нёмана. Рэкі Летувы сілкуюцца дажджавымі, талымі ды грунтовымі водамі. У сярэднім каля трох месяцаў рэкі пакрытыя ільдом. На тэрыторыі Летувы больш за 2500 азёр плошчай больш за 0,1 км² кожнае і 1000-1500 дробных азёр. Самыя буйныя азёры - Друкшай, Дзіснай, самае глыбокае - Таўрангас (60,5 км). У Летуве налічваюць 40 тысяч тарфяных балот, шмат дзе здабываецца торф.
Глебы
Амаль 45% тэрыторыі Летувы займаюць дзярнова-падзолістыя глебы, 17% - балотна-падзолістыя глебы, 4% - падзоліста-Баравыя глебы, 8% - дзярнова-карбанатныя глебы, столькі ж карбанатныя дзярнова-глеева-падзолістыя, 5% - балотныя і 1,4% - алювіяльныя глебы ў Дэльце Нёмана і поймах рэк.
Расьлінны сьвет
Летува разьмешчаная ў падзоне зьмяшаных лясоў лясной зоны. Выдзяляюць правінцыю з грабам і правінцыю без яго, мяжа пралягае ў сярэдняй частцы тэрыторыі. Агулам лясы займаюць 27,6% тэрыторыі. Пераважаюць сасновыя(37,2%) і бярозавыя (23,0%) лясы. У Летуве сустракаюцца больш за 2000 відаў кветкавых раслін і папаратнікаў, вядома каля 250 відаў мхоў, 400 відаў лішайнікаў і 2000 відаў грыбоў.
Жывёльны сьвет
У Летуве распаўсюджаныя жывёлы тайгі й шырокалісных лясоў. Пазваночных налічваецца 426 відаў, з іх 61 від млекакормячых, 290 - птушак, 7 - гадаў , 11 - земнаводнх і 57 рыб.Дробныя млекакормячыя - лятучыя мышы, яжы, краты, землярыйкі, мышы-палёўкі і інш. Большасьць птушак належаць атраду вераб'іных. Сярод гадаў варта адзначыць трытонаў, жаб ды раптух.
У рэспубліцы разьмяшчаюцца Летувіскі нацыянальны парк (напаўночным усходзе, плошча каля 300 км²), 3 запаведнікі (Жувінтас, Чапкаляй, Каманос).
Крыніца:
- Кунчина И.П. і інш. Литва//Страны и народы; Науч.-попул. геогр.-этнограф. изд. в 20-ти т. Советский союз. Республики прибалтики. Белоруссия. Украина. Молдавия. - М.:Мысль, 1984. - 349 с.
Глядзі таксама: Гарады Летувы
[рэдагаваць] Адміністрацыйны падзел
- Асноўны артыкул: Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Летувы
Летува складаецца зь 10 паветаў (па-летувіску: apskritys), якія называюцца адпаведна сваёй сталіцы:
Паветы дзеляцца на акругі. Некаторыя буйныя гарады утвараюць самастойныя адміністрацыйныя адзінкі.
[рэдагаваць] Эканоміка
- Асноўны артыкул: Эканоміка Летувы
Летува - індустрыяльная краіна з разьвітай сельскай гаспадаркай. На 1 сакавіка 1998 году Летуве было дадзена 1,976 млрд. $ пазык з-за мяжы, прычым каля траціны зь іх былі крэдытамі МВФ. Істотнае значэньне для разьвіцьця эканомікі Летувы мела ўступленьне ў Эўрапейскі Зьвяз. Сукупны ўнутраны прадукт краіны вырас за першы квартал 2004 году на 7,7%. Найбуйнешым інвестарам зьяўляюцца ЗША - 25% усіх зьнешніх інвестыцый, потым ідуць Швэцыя (13%), Нямеччына (12%) і Вялікабрытанія(8%). Структура ВУП:(у % ад агульнага кошту) сельская і лясная гаспадарка - 9,3, здабывальная і перапрацоўчая прамысловасьць - 25,9, будаўніцтва - 6,7, камунальныя паслугі - 3,0, транспарт і сувязь - 7,6, гандаль - 23,9, фінансы - 3,2, іншае - 20,4. Цеплавыя электранстанцыі працуюць на замежнай сыравіне, найбуйнейшыя - Летувіская і Віленскія. Маюцца гідраэлектрастанцыі - Кайшадорская, Ковенская. Самай магутнай зьяўляецца Ігналінская атамная электрастанцыя. Найважнейшая галіна прамысловасьці - машынабудаўніцтва і металаперапрацоўка. Найбольшае разьвіцьцё атрымала станкабудаўніцтва з асноўнымі цэнтрамі ў Вільні, Коўне, Шаўляі; прыборабудаваньне, электратэхніка і радыётэхніка (Вільня, Коўна, Панявежыс і інш.), суднабудаванне і рамонт караблёў (Клайпеда), вытворчасьць абсталяваньня для харчовай прамысловасьці (Марыямполе), вытворчасьць ровараў і рухавікоў для мапедаў (Шаўляй). Прамысловасць па перапрацоўцы нафты дае мазут, бензін, дызельнае паліва, бітум, парафін і інш. прадукты (Мажэйкяй). Разьвітая хімічная прамысловасьць: вытворчасьць сернай кіслаты, амафосу, суперфасфату (Кедайнай), азотных угнаеньняў (Іонава), штучных валокнаў (Коўна), пластмасавых вырабаў (Вільня) штучнай скуры (Плунге), фармацэўтычнай прадукцыі (Вільня, Коўна і інш.), прадукцыі мікрабіялагічнай прамысловасьці (Вільня, Кедайняй). Вытворчасьць будаўнічых матэрыялаў ажыццяўляецца з мясцовай сыравіны. Разьвіта вытворчасьць цэменту (Наўёі-Акмянэ), сілікатных вырабаў, мяккага пакрыцьця даху і да т.п. (Вільня, Коўна, Гаргаждай), керамікі (Таўраге), шкла (Вільня, Коўна і інш.). Здаўна ў Летуве існуе дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая прамысловасьць з развітай вытворчасьцю мэблі (Іонава, Клайпеда, Коўна, Шаўляй), паперы і кардону (Коўна, Грыгішкес), цэлюлозы ды фанеры (Клайпеда), запалак (Коўна), двп (Клайпеда, Вільня, Грыгішкес, Казлу-Руда). Крыніца:
- Большая энциклопедия: в 62 томах. Т.26. - М:ТЕРРА,2006. - 592 с. ISBN 5-373-00432-2.
[рэдагаваць] Транспарт
- Асноўны артыкул: Транспарт у Летуве
Летува мае важкае значэньне як транзытная краіна між Цэнтральнай і Паўночнай Эўропай, між Скандынавіяй і Беларусяй. Ключавую ролю Летува грае як транзыт між Расейскай Фэдэрацыяй і ейным эксклявам Калінінградзкай вобласьцю. Сталіца Летувы Вільня знаходзіцца вельмі блізка да закрытай беларускай мяжы, таму больш важным транспартным вузлом Летувы зьяўляецца гістарычная сталіца Коўня.
[рэдагаваць] Аўтатранспарт
Летува мае разьвітую сець аўташашаў, у тым ліку аўтастраду, што злучае Коўню і Клайпэду і аўтабан E67 "Via Baltica" з Варшавы праз Коўню, Рыґу, Талін да Хэльсынкі. Акрамя таго, Летува мае вялікае значэньне для транзыту нафты з Расеі.
[рэдагаваць] Карабельны транспарт
У Клайпэдзе знаходзіцца буйны марскі порт, злучаны паромнымі маршрутамі з важнымі гарадамі ўзьбярэжжа Балтыйскага мора.
[рэдагаваць] Чыгунка
Пры Шастоках і Сувалках (Польшча) знаходзіцца важны чагуначны перавал у Польшчу, які ў апошнія гады, з-за зьнешнепалітычнай самаізаляцыі Беларусі, атрымаў ключавую важнасьць, бо альтэрнатыўны маршрут ідзе празь Беларусь. Важнасьць гэтага шляху, пасьля адкрыцьця летувіска-польскай мяжы ў ходзе пашырэньня Эўразьвязу на ўсход, будзе толькі расьці. Летувіская чыгунка, таксама як чыгунка ў іншых краінах былога Савецкага Саюзу і ў Фінляндыі, мае шырокую каляю (1 524 мм замест 1 435 мм у Заходняй Эўропе).
[рэдагаваць] Турызм
- Асноўны артыкул: Турызм у Летуве
У Летуве расьце роля турызму на Балтыйскім моры, напрыклад гарады Ніда і Паланґа. Менш важны, але таксама расьце прыцягальнасьць для турыстаў гарадоў Вільні і Коўні.
[рэдагаваць] Культура
- Асноўны артыкул: Культура Летувы
[рэдагаваць] Пераходная зона
З пункту гледжаньня культуры Летува знаходзіцца ў зоне пераходу. На захадзе краіны, пры Балтыйскім моры, ёсьць відавочны ўплыў ганзейска-паўночна-эўрапейскіх архітэктурных і фальклёрных традыцый — нямецкай, дацкай і швэдзкай культураў. З часоў уваходжаньня ў Вялікае Княства Літоўскае праз прыняцьце каталіцтва ў першую чаргу ў архітэктуры зьявіліся італійскія элемэнты (Сабор часоў Рэнэсансу ў Вільні).
Усход і поўдзень Летувы традыцыйна быў пад моцным беларускім, пазьней таксама польскім уплывам. У гарадах да Другой Сусьветнай Вайны была шматлікая жыдоўская дыяспара.
[рэдагаваць] Сусьветная культурная спадчына UNESCO
Старое места Вільні ўваходзіць у Сусьветную Культурную Спадчыну паводле UNESCO, гэтаксама як і дзюны на Куршскай касе і старажытныя гарадзішчы ў Кернаве.
[рэдагаваць] Помнікі
Нацыянальным сымбалям Летувы зьяўляецца Крыжовая Гара (па-летувіску: Kryžių Kalnas) ля Шаўляў.
[рэдагаваць] Паганскія помнікі
Культура Летувы, як апошняга хрысьціянізаванага рэгіёну Эўропы, багатая на паганскія элемэнты. Распаўсюджаныя рэшткі культаў розных бажкоў, у першую чаргу побытавых (дамавік, лазьнік, лесавік і іншыя). Край багаты старажытнымі паганскімі помнікамі, капішчамі. У Коўні ёсьць музэй паганства, а ў Юодкрантэ - "Вядзьмарская гара".
[рэдагаваць] Глядзі таксама
| Краіны Эўропы |
|---|
| Азэрбайджан | Альбанія | Андора | Армэнія | Аўстрыя | Баўгарыя | Беларусь | Босьнія і Герцагавіна | Бэльгія | Ватыкан | Вугоршчына | Вялікабрытанія | Гішпанія | Грузія | Грэцыя | Данія | Ірляндыя | Ісьляндыя | Італія | Казахстан¹ | Кіпр | Латвія | Летува | Ліхтэнштайн | Люксэмбург | Малдова | Мальта | Манака | Нарвэгія | Нідэрлянды | Нямеччына | Партугалія | Польшча | Расея¹ | Рэспубліка Македонія | Румынія | Сан-Марына | Славаччына | Славенія | Сэрбія | Турцыя¹ | Украіна | Фінляндыя | Францыя | Харватыя | Чарнагорыя | Чэхія | Швайцарыя | Швэцыя | Эстонія |
| Спэцыяльныя тэрыторыі: Акратыры | Выспа Мэн | Гернсі | Гібралтар | Косава | Ян Маен | Джэрсі | Дэкелія | Свальбард | Фарэрскія выспы |
| ¹ Часткова знаходзіцца ў Азіі |
| п • а • р Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы (NATO) | |
|---|---|
| Удзельнікі | Баўгарыя • Бэльгія • Вугоршчына • Вялікабрытанія • Гішпанія •
Грэцыя • Данія • Злучаныя Штаты Амэрыкі • Ісьляндыя • Італія • Канада • Латвія • Летува • Люксэмбург • Нарвэгія • Нідэрлянды • Нямеччына • Партугалія • Польшча • Румынія • Славаччына • Славенія • |

