Паўстаньне 1863—1864 гадоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Паўстаньне 1863—1864 гадоў
Дата: 22 студзеня 1863 — восень 1864
Месца: Царства Польскае, Беларусь (Літва), Летува, Латвія, Правабярэжная Ўкраіна
Вынік: Поўная параза паўстанцаў
Супернікі
January Uprising.svg Паўстанцы Romanov Flag.svg Расейская імпэрыя
Flag of Prussia 1892-1918.svg Прусія8 лютага 1863)
Герб Рэчы Паспалітай у часы паўстаньня 1863—1864 гадоў

Паўстаньне 1863—1864 гадоў — паўстаньне нацыянальна-рэвалюцыйных сіл на частцы земляў былой Рэчы Паспалітай (сучасныя Польшча, Беларусь, Летува, Латвія й частка Ўкраіны) супраць расейскага панаваньня й за аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах 1772 году. Пачалося абвяшчэньнем Маніфэсту Часовага нацыянальнага ўраду 10 (22) студзеня 1863 году.

Таксама ўжываецца назва паўстаньне Кастуся Каліноўскага, але Каліноўскі ў пачатку паўстаньня кіраваў Часовым правінцыйным урадам Літвы й Беларусі, а потым зьяўляўся кіраўніком паўстаньня на Гарадзеншчыне.

Гісторыяграфічная навука дае спрэчныя ацэнкі паўстаньню, асабліва ў пляне нацыянальнай матывацыі кіраўнікоў і сацыяльнай базы ўдзельнікаў: ад «польскай шляхецка-клерыкальнай смуты» да «беларускага нацыянальна-вызваленчага» або «сялянска-рэвалюцыйнага руху».[1]

Зьмест

На тэрыторыі Беларусі [рэдагаваць]

Літоўскі правінцыйны камітэт (ЛПК) з пачаткам паўстаньня быў рэарганізаваны ў Часовы правінцыйны ўрад Літвы й Беларусі на чале з Кастусём Каліноўскім. Першым маніфэстам гэтага ўраду быў пераказ варшаўскага маніфэсту (20 студзеня (1 лютага) 1863). Аднак у «Паўстанцкую інструкцыю» быў уключаны адметны пункт пра права камандзіраў аддзелаў паводле пастановы ваеннага суду караць сьмерцю «найбольш злосных прыгнятальнікаў сялянаў».

Варшаўскі ўрад адхіліў ад улады Часовы ўрад Літвы й Беларусі (27 лютага (11 сакавіка) 1863), перадаўшы ўладу віленскаму камітэту «белых», які стаў называцца «Аддзелам кіраўніцтва правінцыямі Літвы». Гэты Аддзел распаўсюдзіў дэкрэт, якім касаваліся ўсе паўнамоцтвы і мандаты ЛПК. Каліноўскі ад імя ЛПК выказаў пратэст супраць перадачы ўлады «ў рукі контррэвалюцыянэраў» й зьняў зь сябе адказнасьць за ўсе будучыя памылкі й страты, але падпарадкаваўся.

Тады, калі Каліноўскі разгортваў шырокую дзейнасьць у Гарадзеншчьше, выступаючы пад рознымі мянушкамі, як Яська Гаспадар з-пад Вільні, Васіль Сьвітка, Макарэвіч і Чарнэцкі, у Вільні тварыліся ўжо паўстанцкія арганізацыі. На чале іх стаялі: Старжынскі, Зьвірждоўскі, Агрызка, Пшыбыльскі, Длускі, Аскерка, Далеўскі, Малахоўскі„ Вярыга і др.

Усе яны ведалі пра Кастуся Каліноўскага, у паглядах з ім не ўсе, аднак, згаджаліся. Бальшыня гэных людзей была за тое, каб віленскія паўстанцкія арганізацыі мелі цесную лучнасьць з Варшавай і схіляліся на бок «белых», а Каліноўскі заяўляў, што «сякера паўстанца не павінна спыняцца нават над калыскаю шляхоцкага дзіцяці» і што «такой бесталковай галаве, як Варшава, ня можна даверыць долю Беларусі». Таму сярод віленскіх правадыроў паўстаньня, калі зьявіўся туды Каліноўскі, настаў разлом. Да Каліноўскага далучыліся: капітан Зьвірждоўскі, інжынэр-паручнік Малахоўскі, Вярыга і лекар Длускі. Наколькі палякі думалі ўвесь паўстанцкі рух абапёрці на шляхце і на абшарніках, нагэтулькі Каліноўскі і ягоныя сябры ўважалі, што паўстаньне ўдасца тады толькі, калі за ім пойдзе сялянства, якому трэба аддаць усю зямлю бяз выкупу і з якога трэба было выбраць паўстанцкі апарат. Адначасна Каліноўскі пашыраў думку вуніі на рэлігійным груньце на Беларусі, хочучы з вуніі зрабіць нацыянальную беларускую рэлігію, веру, дзе была б беларуская мова і дзе не было б уплыву ані польскага, ані расейскага.

Палякі ўсьцяж стараліся падпарадкаваць Каліноўскага варшаўскаму камітэту, а ён заяўляў, што беларусы самі сябе могуць кіраваць. Тады «белыя» загразілі, што калі ён з сваім Камітэтам не падпарадкуецца Варшаве, дык іхныя іменьні будуць апублікаваныя ў газэтах і такім парадкам яны будуць раскрытыя ды панясуць адказнасьць перад урадам і перад Польшчай. Каліноўскі, запратэставаўшы супроць гэтага, змушаны быў выехаць з Вільні ў Гарадзеншчыну, дзе далей праводзіў сваю дзейнасьць. Зьвірждоўскі выехаў на ўсход і праводзіў рэвалюцыйную акцыю сярод студэнтаў Горы-Горэцкага Сельскагаспадарчага Інстытуту. У Вільні зястаўся Малахоўскі, і ён у лучнасьці з Каліноўскім патаёмна праводзіў самастойную беларускую лінію. Яны далей пашыралі сваю акцыю і заклікалі змагацца з царскім урадам, а таксама думку пра тое, што трэба стварыць мужыцкую Беларусь, незалежную і ад польскага пана і ад расейскага самаўладзтва, што разам эксплёатавалі беларускага селяніна.[2]

Ваенныя сілы паўстанцаў у Паўночна-Заходнім краі царскія ўлады ацэньвалі як 68—77 тыс. чал. Паўстанцкія аддзелы здолелі правесьці на Беларусі й Летуве 237 баёў з царскімі карнікамі.[3] Падчас паўстаньня на кароткі час інсургентамі быў захоплены горад Горкі. У красавіку 1863 г. атрад Людвіка Зьвяждоўскага з дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытуту захапіў павятовы горад, але быў разьбіты царскім войскам.

На Меншчыне ваенныя дзеяньні пачаліся 19 красавіка 1863. Найбольш вялікія баі адбыліся:

  • 21 красавіка пад Азярцамі (Слуцкі раён) быў разьбіты аддзел паўстанцаў Уладзімера Машэўскага;
  • пад Тараканаўкай (Лагойскі раён) 27 красавіка 1863;
  • пад Пятровічамі (Смалявіцкі раён) 28 красавіка 1863, пацярпелі паразу інсургенты Антона Трусава;
  • пад Лядамі (Старадароскі раён) 30 красавіка 1863;
  • пад Падбярэзьзем (Барысаўскі раён) 7 траўня 1863;
  • адбыўся жорсткі бой пад Юравічамі (Чэрвеньскі раён) 9 траўня 1863;
  • пад Уладыкамі 16 (ці 28) траўня 1863 аддзел Вінцэнта Козела быў пераможаны, тут загінула каля 100 паўстанцаў.
  • пад Іжай (Вялейскі раён) 24 траўня 1863.

На Гарадзеншчыне ваенныя дзеяньні былі адметныя значна большым, чым у іншых мясьцінах, удзелам сялянаў, што тлумачыцца ўмелай прапагандай рэвалюцыйных дэмакратаў пад кіраўніцтвам Каліноўскага[4], а таксама значна большым адсоткам каталікоў. 11 красавіка 1863 году каля вёскі Новы Двор (Шчучынскі павет) атрад Людвіка Нарбута вытрымаў бітву з жаўнерамі палкоўніка Цімафеева. 3 чэрвеня адбылася знакамітая бітва пад Мілавідамі. 13 чэрвеня атрады Ф. Уладака і Я. Ваньковіча трымалі бой каля вёскі Новыя Пяскі (Бярозаўскі павет). Праз два дні атрады Валерыя Урублеўскага перамаглі на Пружаншчыне. У чэрвені — ліпені 1863 у выніку рэпрэсіяў Мураўёва ад падтрымкі паўстаньня адышлі памешчыкі Беларусі й Летувы. Тады ў склад Віленскага камітэту быў вернуты Каліноўскі, а 31 ліпеня 1863 узначаліў яго. 22 жніўня Каліноўскаму былі перададзеныя паўнамоцтвы камісара варшаўскага ўраду ў Вільні. Такім чынам, у руках Каліноўскага была сканцэнтраваная ўся паўната ўлады ў паўстанцкай арганізацыі на землях Беларусі й Летувы. На важнейшыя пасады Каліноўскі паставіў сваіх аднадумцаў — так, В. Урублеўскі стаў ваенным начальнікам Гродзенскага ваяводзтва, І. Ямант — камісарам у Менску, А. Мацкевіч — ваенным арганізатарам узброеных сілаў Ковенскага ваяводзтва. Аднак і новаму складу кіраўніцтва не ўдалося дамагчыся пералому ў ваенных дзеяньнях. Пад пачатак верасьню 1863 паўстаньне ў літоўска-беларускіх губэрнях было практычна задушанае.

Каліноўскі і ягоныя сябры былі людзьмі высокаасьвечанымі, поўныя энэргіі і любасьці да свайго краю і народу, і свае акцыі ня спынілі нават тады, калі палякі ў 1863 годзе праігралі паўстаньне. Наадварот, Каліноўскі, абвесьціўшы сябе дыктатарам Беларусі, яшчэ больш узмацніў і найдаўжэй праводзіў сваю рэвалюцыйную працу. Калі-ж польскія паны, спалохаўшыся пагромшчыка паўстанцаў віленскага гэнэрал-губэрнатара Мураўёва, пачалі падпісваць лісты з «верноподданническим» адрысам да цара, дык па загадзе Каліноўскага паўстанцы зрабілі замах на арганізатара гэнага падпісваньня абшарніка Дамэйку і моцна яго парэзалі. Гэты факт страшэнна ўзбурыў расейцаў. Мураўёў асабіста пачаў кіраваць асочваньнем Каліноўскага і ягоных найбліжэйшых супрацоўнікаў. Круг дзейнасьці паўстанцаў звужаўся і ў канцы 1863 году па даносе паліцыі ўдалося арыштаваць памоцніка Каліноўскага Далеўскага, загадчыка гаспадарска-грашовае часткі паўстаньня на Беларусі Здановіча і паўстанцкага камісара Віленшчыны Дарміноўскага. Паліцыя, ведаючы, што яны былі найбліжэйшымі супрацоўнікамі Каліноўскага, старалася рознымі спосабамі вымусіць ад іх паказаньні аб месцы прабываньня Каліноўскага, але ніхто з іх свайго правадыра ня зрадзіў, хоць усім прышлося згінуць на эшафоце. Здановіча і Дарміноўскага павесілі ў сьнежні 1863 г., а Далеўскага — у студзені 1864 году.

Пасьля паліцыя натрапіла на сьляды Малахоўскага, і ён мусіў выехаць за межы. Францішак Багушэвіч, які браў таксама ўдзел у паўстаньні, быў ранены ў нагу і, каб заблытаць сьляды, выехаў на Украіну ў Нежын, дзе паступіў у Юрыдычны Ліцэй. Каліноўскі застаўся блізу што адзін, але дарма, ён і далей сьмела, энэргічна працаваў, спадзяючыся падняць працоўныя беларускія масы проці польскіх паноў і расейскага цара. Аднак расстаўленыя агенты Мураўёва дзеілі. Яны шукалі Каліноўскага ня толькі ў Вільні, але і ў Менску, і там, натрапіўшы на сьляды падпольнае беларускае арганізацыі, злавілі шляхцюка Парфіновіча. Парфіновіч ведаў, дзе знаходзіцца дыктатар і, калі паліцыя дакляравала яму падараваць жыцьцё, дык ён паказаў памешканьне Каліноўскага ў Вільні, у сьвятаянскіх мурох, дзе Каліноўскі жыў пад прозьвішчам Вітаўта Вітожэнца. Арышт Каліноўскага адбыўся 29.1.1864 г., і пасьля яго паўстаньне было канчальна зьліквідавана, а сам Каліноўскі 22.III. 1864 г. павешаны на Лукіскім пляцы ў Вільні. Перад сьмерцяй сваёй Каліноўскі, будучы ў вастрозе, напісаў яшчэ ліст да беларускага народу наступнага зьместу [5]:

«Мужыкі, браты мае родныя!

З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіцца мне пісаць да вас і можа астатні раз Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мне народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, але ня жаль згінуць за тваю праўду. Прымі, народзе, да шчырасьці мае слова перадсьмертнае, бо яно як-бы з таго сьвету толькі для дабра твайго напісана. Нямаш, браткі, большага шчасьця на гэтым сьвеце, як калі чалавек мае розум i навуку. Тады ён толькі ў радзе жыць у дастатках, і тады толькі, памаліўшыся Богу, заслужыць неба, бо, узбагаціўшы навукай розум, разаўе сэрца і народ свой цэлы шчыра палюбіць. Але як дзень з ноччу ня ходзіць разам, так і навука праўдзівая ня ідзе разам з няволяй маскоўскай. А пакуль яна у нас будзе, у нас нічога ня будзе. Ня будзе праўды, ня будзе багацьця і ніякае навукі, адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, а на пагібель нашу. Ваюй, народзе, за свае чалавечае і народнае права, за сваю веру, за зямлю сваю родную Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тады толькі зажывеш шчасьліва, калі над табой маскаля ўжо ня будзе».

Пасьля паразы ў ваенных дзеяньнях у 1863 паўстанцы перайшлі да партызанскай барацьбы. У далейшым барацьба перайшла ў сфэру грамадзкага непадпарадкаваньня й адміністрацыйных рэпрэсіяў, яна працягвалася й пасьля сканчэньня паўстаньня.

Вынікі [рэдагаваць]

Удзельнікі паўстаньня на Радзіме падвергліся бязьлітасным рэпрэсіям, а іх маёмасць канфіскоўвалася. Маёнткі датычных да паўстаньня забіраліся ў казну і на льготных умовах прадаваліся выхадцам з цэнтральных расейскіх гуэрняў. За падтрымку паўстаньня студэнтамі ўлады закрылі Горы-Горацкі земляробчы інстытут, скарацілі колькасць сярэдніх навучальных устаноў. Настаўнікі і іншыя катэгорыі мясцовай інтэлігенцыі (медыцынскія работнікі, землямеры) былі пераведзеныя на службу ў цэнтральныя губэрні і замененыя новымі. Згодна з афіцыйнай статыстыкай расейскіх уладаў, за дачыненне да паўстаньня 128 паўстанцаў былі пакараныя смерцю, каля 800 чалавек былі сасланыя на катаргу, каля 12,5 тысяч чалавек былі высланыя ў іншыя мясцовасьці, у тым ліку — на пасяленьне ў Сыбір (частка зь іх у 1866 годзе падняла Кругабайкальскае паўстаньне).

Вядомыя ўдзельнікі [рэдагаваць]

Глядзіце таксама [рэдагаваць]

Крыніцы [рэдагаваць]

  1. ^ Фірыновіч А. Э. «Жаночы фактар» у Паўстаньні 1863—1864 гг.: Інфармацыйны патэнцыял беларускіх архівасховішчаў // Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітарных навук. — 2011. — № 2. — С. 59—65.
  2. ^ Беларусь учора і сяньня. Касяк Іван, Найдзюк Язэп.- Менск: Навука і тэхніка, 1993
  3. ^ Гісторыя Беларусі. Ад старажытнасці да XXI стагоддзя. Кароткі нарыс. — Мн.: Лекцыя, 2000.
  4. ^ М. Біч…
  5. ^ Беларусь учора і сяньня. Касяк Іван, Найдзюк Язэп.- Менск: Навука і тэхніка, 1993

Літаратура [рэдагаваць]

  • Смирнов, А. Ф. Восстание 1863 года в Литве и Белоруссии / А. Ф. Смирнов. — М. : АН СССР, 1963. — 392 с.
  • Лазутка, С. А. Революционная ситуация в Литве, 1859—1862 / С. А. Лазутка. — М. : Высшая школа, 1961. — 260 с.
  • Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг.: материалы и документы / гл. ред. : С. Кеневич. — М. : Наука, 1964. — 707 с.
  • Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.: материалы и документы / гл. ред. : С. Кеневич. — М. : Наука, 1965. — 586 с.
  • Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913. — T. 1. — 422 s.
  • Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913. — T. 2. — 384 s.
  • Ramotowska, F. Tajemnie państwo polskie w powstaniu styczniowym 1863—1864: struktura organizacyjna : w 2 cz. / F. Ramotowska. — Warzsawa : DiG, 1999—2000. — Cz. 1. — 1999. — 727 s.
  • Карев Д. В. Восстания 1830—1831 гг. и 1863—1864 гг. в белорусской историографии конца XIX—XX вв. // Повстанческое движение в Гродненской губернии 1863—1864 гг. // сост. Т. Ю. Афанасьева [и др.]; под ред. Д. В. Карева. — Брест : Академия, 2006. — 404 с. ISBN 985-505-025-8. С.3—16.
  • Смалянчук A.Ф. Кастусь Каліноўскі ў польскай гістарычнай традыцыі
  • Смалянчук A.Ф. Раткевіч versus Каліноўскі
  • Швед В. В. Вайсковы начальнік Лідскага павета грамадзянін Нарбут
  • Суднік С. Лідчына ў паўстаньні 1863 года
  • Малеўскі Часлаў. Лідская шляхта ў паўстанні 1863 года
  • Гісторыя Беларусі. Ад старажытнасці да XXI стагоддзя. Кароткі нарыс. — Мн.: Лекцыя, 2000 г.
  • Бендин, А. Без ярлыков и штапмов. Образ виленского генерал-губернатора М.Н. Муравьева в белорусской историографии / А. Бендин //Беларусская думка, чэрвень 2008 [1]

Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]

Commons-logo.svg  Паўстаньне 1863—1864 гадоўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў