Джынсавая рэвалюцыя
Джынсавая, або Валошкавая рэвалюцыя — умоўная назва акцыяў пратэсту 19—26 сакавіка 2006 року супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.
Зьмест |
Назва [рэдагаваць]
Тэрмін «джынсавая рэвалюцыя» зьявіўся пасьля дэманстрацыі 16 верасьня 2005 году супраць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля таго, як міліцыянтамі былі адабраныя бел-чырвона-белыя сьцягі пратэстоўцаў, актывіст моладзевага руху «Зубр» Мікіта Сасім узьняў над галавой замест сьцягу ўласную джынсавую кашулку[1]. Пазьней «Зубр» прапаноўваў апранаць джынсавую вопратку штомесяц 16-га чысла, у дзень успамінаў аб зьнікненьнях у Беларусі.
Папярэднія падзеі [рэдагаваць]
На сустрэчы з выбарцамі 25 лютага Аляксандар Мілінкевіч абвясьціў: «Я катэгарычна супраць усялякіх рэвалюцыяў. Я за эвалюцыю. Але ўлада робіць усе, каб выбары ужо сёньня былі незаконнымі. Назіральнік на беларускіх выбарах мае фактычна нулявыя магчымасьці прасачыць правільнасьць падліку галасоў. Але, як бы не перашкаджала ўлада, ужо ўвечары 19 сакавіка мы будзем ведаць з дакладнасьцю да дзясятых, які адсотак галасаваньня».
26 лютага на сустрэчы з жыхарамі Менску Мілінкевіч заявіў: «Мы нікому не дамо права скрасьці нашу перамогу. 19 сакавіка будзе вызначацца, ці ідзем мы ў будучыню, ці зьявіцца будучыня ў нашых дзяцей, або мы застаемся на месцы, што сёньня азначае адкат назад».
Храналёгія [рэдагаваць]
Увечары 19 сакавіка каля Палацу Рэспублікі на Кастрычніцкай плошчы ў цэнтры Менску пачалі зьбірацца прыхільнікі Мілінкевіча і Казуліна. Паводле зьвестак міліцыі, у несанкцыянаваным мітынгу ўзялі ўдзел каля васьмі тысячаў чалавек, паводле іншых зьвестак сабралася болей за 20—30 тысячаў удзельнікаў.
На мітынгу Аляксандар Мілінкевіч абвясьціў, што мае намер дамагацца прызнаньня вынікаў падліку выбараў несапраўднымі. Паводле ягоных словаў, «беларуская ўлада радасна рапартуе, што за Лукашэнку прагаласавалі 90% выбарцаў. Гэта няпраўда». Як сьцьвярджаў Мілінкевіч, Лукашэнка набраў па рэспубліцы толькі 45% галасоў, а ў Менску — 30%.
У 22:45 Аляксандар Казулін паведаміў, што яны з Аляксандрам Мілінкевічам вырашылі пайсьці на пляц Перамогі, каб ускласьці кветкі, пасьля чаго завяршыць мітынг, а таксама заклікаў сваіх прыхільнікаў сабрацца назаўтра ў 18:30.
Міліцыя ў ход мітынгу ня ўмешвалася.
У ноч на 20 сакавіка былі абнародаваныя вынікі папярэдняга падліку 100% бюлетэняў: яўка на галасаваньне склала 92,6% (6 614 998 грамадзянаў), Аляксандра Лукашэнку падтрымалі 82,6% выбарцаў (5460 тыс.), Аляксандра Мілінкевіча — 6% (каля 400 тыс.), Сяргея Гайдукевіча — 3,5% (250 тыс.), Аляксандра Казуліна — 2,3% (154 тыс.).
Увечары 20 сакавіка на Кастрычніцкім пляцы паўстала намётавае мястэчка. Цягам першых трох дзён пратэстаў колькасьць людзей, якія прымалі ўдзел у акцыі, павялічвалася, а пасьля закліку Аляксандра Мілінкевіча разыходзіцца паступова скарачалася. У вечаровы час ля намётаў знаходзіілся ў сярэднім некалькі тысячаў чалавек, у астатнія чыс — каля трохсот[2][3]. Уночы на 24 сакавіка намётавае мястэчка было ліквідаванае міліцыяй, ягоныя ўдзельнікі затрыманыя і арыштаваныя на розныя тэрміны адміністрацыйнага арышту.
25 сакавіка, на Дзень Волі, спэцназ разагнаў 45-тысячны натоўп, былі арыштаваныя болей за 100 чалавек, сярод іх і кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін. 14 ліпеня ён быў прыгавораны да 5,5 году турэмнага зьняволеньня за ўдзел у акцыі пратэсту[4].
У мастацтве [рэдагаваць]
Пасьлявыбарчыя пратэсты на Кастрычніцкім пляцы задакумэнтаваныя беларускім рэжысэрам Юрыем Хашчавацкім у фільме «Плошча»(en).
У лістападзе 2006 году польскі рэжысэр Мірослаў Дэмбінскі выпусьціў дакумэнтальную стужку «Урок беларускай мовы(en)» (па-польску: Lekcja białoruskiego), прысьвечаную ўдзелу апазыцыі ў прэзыдэнцкіх выбарах.
Глядзіце таксама [рэдагаваць]
Крыніцы і заўвагі [рэдагаваць]
- ^ Charter97: АМАП супраць праўды(рас.)
- ^ Около 300 человек остаются на центральной площади Минска // РИА Новости
- ^ Сотрудники милиции устроили для журналистов экскурсию на крышу Дворца Республики, чтобы продемонстрировать количество участников акции оппозиции // Навіны TUT.BY
- ^ Belarus opposition leader jailed. BBC (14 ліпеня 2006). Праверана 1 кастрычніка 2006 г.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 2006 — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
