Аляксандар Лукашэнка
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
![]() |
|
| 1-ы Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь |
|
|---|---|
| 20 ліпеня 1994 — цяперашні час | |
| Прэм'ер-міністар: | Вячаслаў Кебіч Міхаіл Чыгір Сяргей Лінг Уладзімер Ярмошын Генадзь Навіцкі Сяргей Сідорскі |
| Папярэднік: | пасада заснаваная |
| Асабістыя зьвесткі: | |
| Нарадзіўся: | 30 жніўня 1954 (афіцыйна, па словах А. Лукашэнкі — 31 жніўня[1]) |
| Сужэнец: | Галіна Лукашэнка |
| Дзеці: | Віктар, Дзьмітры, Мікалай |
Алякса́ндар Рыго́равіч Лукашэ́нка (нарадзіўся 30 жніўня 1954, па іншых дадзеных — 31 жніўня[1][2]) — беларускі палітык, першы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусі (з 1994 году). Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Рэспублікі Беларусь, старшыня Савета бясьпекі.
Зьмест |
Раньнія гады жыцьця
Нарадзіўся ў мястэчку Копысь у беднай сялянскай сям'і, выхоўваўся бяз бацькі. У маладосьці будучы прэзыдэнт займаў некалькі дробных пасадаў у Камсамоле.
У 1971—1975, падчас студэнцтва, ён быў сакратаром ВЛКСМ у Сярэдняй школе №1 гораду Шклова. У 1975 годзе Аляксандар Лукашэнка скончыў Магілёўскі пэдагагічны інстытут па спэцыяльнасьці «настаўнік гісторыі», у 1985 — Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасьці «эканаміст — арганізатар сельскагаспадарчае вытворчасьці».
З 1975 па 1977 і з 1980 па 1982 гады Лукашэнка служыў у памежных войсках КГБ СССР, быў інструктарам палітычнага аддзелу ваеннае часткі 2187 Заходняе памежнае акругі ў Берасьці.
За сваё жыцьцё Аляксандар Лукашэнка зьмяніў шмат месцаў працы. З 1977 па 1978 гады ён займаў пасаду сакратара камітэту ВЛКСМ Дзяржхарчгандлю ў Магілёве. У 1978—1980 гадах А. Лукашэнка працаваў сакратаром раённага таварыства «Веды» ў Шклове.
У 1980—1982 гадах А. Лукашэнка зноў служыў у войску намесьнікам камандзіра роты па палітычнай частцы ў в/ч 04104.
Пасьля зыходу з арміі ў 1982 Лукашэнка стаў намесьнікам дырэктара саўгасу «Ўдарнік» Шклоўскага раёну. У 1983—1985 гадах быў намесьнікам дырэктара камбінату будаўнічых матэрыялаў у Шклове. У 1985—1987 гадах — сакратар партыйнага камітэту калгасу імя Леніна Шклоўскага раёну. З 1987 году — дырэктар саўгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну Магілёўскае вобласьці.
Пачатак палітычнае кар'еры
У 1989 годзе Аляксандар Лукашэнка балятаваўся на выбарах народных дэпутатаў СССР, але прайграў у другім туры Вячаславу Кебічу з розьніцай у 1% галасоў.
У 1990 годзе Лукашэнка быў абраны народным дэпутатам Рэспублікі Беларусі 12-га скліканьня; быў чальцам канстытуцыйнай камісіі [3]. Стварыў фракцыю «Камуністы за Дэмакратыю», якая выступала за захаваньне СССР у дэмакратычнай форме. Пасьля падзеяў 13 студзеня 1991 году ў Вільні, дзе ад рук савецкіх вайскоўцаў генэрала Ўсхопчыка загінула 13 мірных жыхароў, што бралі ўдзел у дэманстрацыях пратэсту супраць савецкай акупацыі Летувы, Лукашэнка разам зь іншымі дэпутатамі Вярхоўнага Савету БССР выязджаў на месца здарэньня дзеля збору фактаў.
Лічылася, што Лукашэнка быў адзіным дэпутатам беларускага парлямэнту, што прагаласаваў супраць ратыфікацыі Белавескіх пагадненьняў, аднак было высьветлена, што гэтым чалавекам быў Валеры Ціхіня, які потым стаў старшынём Канстытуцыйнага Суду Беларусі. Пры гэтым дакладна вядома, што А. Лукашэнка ўласнаручна ўносіў у залю паседжаньняў Вярхоўнага Савету бел-чырвона-белы сьцяг і пэўны час намагаўся далучыцца да фракцыі Беларускага Народнага Фронту, куды яго так і не прынялі.
Заваяваўшы сваёй рыторыкай рэпутацыю апантанага барацьбіта за справядлівасьць, у 1993 годзе Лукашэнка быў абраны старшынём часовае камісіі Вярхоўнага Савету па барацьбе з карупцыяй, створанай для вывучэньня дзейнасьці камэрцыйных структураў пры ўладзе. У гэтай сваёй якасьці Лукашэнка абвінаваціў у карупцыі шэраг сябраў кабінэту Кебіча, а самога В. Кебіча назваў галавой «прамаскоўскае мафіі». 1 красавіка 1994 году «камісія Лукашэнкі» была ліквідаваная як «выканаўшая задачу па дасьледваньні».
У пачатку 1994 году была прынятая новая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусі. Паводле яе ў ліпені таго году адбыліся прэзыдэнцкія выбары, на якія выставілі свае кандыдатуры шэсьць палітыкаў. Аляксандар Лукашэнка ўдзельнічаў у выбарах як незалежны кандыдат, базуючыся на папулісцкай праґраме ў духу лёзунґаў барацьбы з карупцыяй, павышэньня заробкаў і інтэґрацыі з Расеяй. Лукашэнка публічна заяўляў у сваіх прамовах і інтэрвію: «Я ў Маскву на каленях папаўзу». Скандальным эпізодам перадвыбарчае кампаніі Лукашэнкі быў (верагодна, падстроены) замах на яго жыцьцё. Калі па факце замаху была ўзбуджаная крымінальная справа, сьледчыя адзначылі разыходжаньне вынікаў балістычнай экспэртызы й экспэртызы адтулінаў у аўтамабілі «Мэрсэдэс» з паказаньнямі Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Шэймана, якія быццам знаходзіліся ў аўтамабілі падчас інцыдэнту. Справа была прыпыненая. З прыходам да ўлады Лукашэнкі яна не была ўзноўленая.
Сярод іншых кандыдатаў былі Станіслаў Шушкевіч, Зянон Пазьняк і прэм'ер-міністар Беларусі Вячаслаў Кебіч, які лічыўся фаварытам. У першым туры Лукашэнка атpымаў 45% галасоў. За Кебіча прагаласавалі 15% выбарцаў, а 10% прагаласавалі за Шушкевіча. Лукашэнка быў падтрыманы шэрагам палітыкаў з дэмакратычнага стану: (Анатолем Лябедзькам, Віктарам Ганчаром). Пазьней яны тлумачылі, што бачылі ў Лукашэнку супрацьвагу постсавецкае намэнклятуры ў асобе Кебіча і будучы інструмэнт правядзеньня рэформаў. Другі тур адбыўся 10 ліпеня, на ім А. Лукашэнка канчаткова перамог, атрымаўшы 80% галасоў.
Першы прэзыдэнцкі тэрмін (1994—2001)
Перамога Лукашэнкі была нечаканасьцю для многіх у Беларусі і за мяжою, зважаючы на ягоную маладосьць і недасьведчанасьць.
Эканамічная палітыка: вяртаньне да камандна-адміністрацыйнай сыстэмы
Да прыходу Лукашэнкі да ўлады вельмі малыя рэформы былі праведзеныя ў Беларусі. На сярэдзіну 1994 году былі прыватызаваныя толькі 2% эканомікі Беларусі. Каляпс савецкае каманднае эканомікі, ад якой Беларусь моцна залежыла, прывёў у 1994 годзе да зьніжэньня прамысловае вытворчасьці на 50% у параўнаньні з 1991 годам Беларусь перажывала эканамічны крыз.
Лукашэнка пачаў актыўна прымаць меры дзеля «стабілізацыі» эканомікі: былі ўдвая падвышаныя заробкі бюджэтнікаў, уведзены дзяржаўны кантроль за коштамі і адмененыя тыя нешматлікія рынкавыя рэформы, якія былі праведзеныя на той момант. Не магло ня ўзьнікнуць цяжкасьцяў з адраджэньнем каманднае эканомікі ў адной асобнай краіне, абкружанай разьвіваючыміся краінамі з рынкавай эканомікаю. Беларуская эканоміка моцна завязаная на пастаўкі энэрганосьбітаў з Расеі, але большасьць беларускіх прадпрыемстваў былі ня ў стане аплачваць іх. Недахоп валюты для аплачвання энэрганосьбітаў вымушаў урад Беларусі дамагацца хаўрусу з Расеяй, які быў адным з асноўных пунктаў у праграме як Лукашэнкі, так і Кебіча.
З самога пачатку свайго прэзыдэнцтва А. Лукашэнка пачаў палітыку, скіраваную супраць эўрапрыхільнікаў Беларусі і супраць заходняе дапамогі гэтым сілам (напрыклад, ад Фонду Фрыдрыха Эбэрта). Была спыненая прыватызацыя, у дзяржаўнай палітыцы запанавала рыторыка адраджэньня СССР. Пачаўся ціск і перасьлед палітычнае апазыцыі і незалежнае прэсы. АБСЭ пачала дакладаць аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі.
У пачатку 1998 году цэнтральны банк Расеі адмовіўся праводзіць апэрацыі зь беларускімі рублямі, што прывяло да абвалу курсу беларускае валюты. Лукашэнка ўзяў пад жорсткі кантроль Нацыянальны банк Беларусі, прыказаў вярнуць абменны курс валюты на папярэдні ўзровень, замарозіць рахункі камэрцыйных банкаў і абмежаваць апэрацыі банкаў. Натуральна, гэта прывяло да масавага адцёку грошаў з банкаў. Лукашэнка абвінаваціў у праблемах краіны «шкоднікаў» унутры Беларусі і з-за мяжы. Былі арыштаваныя трыццаць высокапастаўленых чыноўнікаў, сотні больш дробных былі таксама пакараныя.
Дзяржаўны пераварот 1996 году. Усталяваньне аўтарытарнага рэжыму
Улетку 1996 году 70 дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларусі паставілі подпісы пад імпічмэнтам А. Лукашэнку за «парушэньне Канстытуцыі». У адказ Лукашэнка правёў 24 лістапада 1996 году рэфэрэндум, пасьля якога атрымаў права распушчаць парлямэнт і працягнуў сабе тэрмін паўнамоцтваў на два гады. Ужо 25 лістапада было абвешчана аб перамозе Лукашэнкі. Вынікі рэфэрэндуму моцна аспрэчваліся, але апазыцыя была цалкам выцесьненая з тэлевізіі і радыё, апазыцыйным газэтам не давалі друкавацца. У гэтых варунках Злучаныя Штаты й Эўразьвяз адмовіліся прызнаваць легітымнасьць рэфэрэндуму.
А. Лукашэнка адразу скарыстаўся з сваіх паўнамоцтваў, распусьціўшы Вярхоўны Савет 13 скліканьня. АМАП ачапіў будынак парлямэнту, а ў суседнім памяшканьні разьмясьціўся новы парлямэнт, складзены з стаўленікаў А. Лукашэнкі. У знак пратэсту у адстаўку падалі прэм'ер-міністар Беларусі, два іншыя міністры і сем судзьдзяў Канстытуцыйнага суду. Іх хутка замянілі прыхільнікамі Лукашэнкі, прашэньню аб імпічмэнце было адмоўлена. Лукашэнка канцэнтраваў у сваіх руках уладу з дапамогаю ўзмацненьня спэцслужбаў, у прыватнасьці КДБ.
Пачаўся перасьлед незалежнае прэсы і вядомых апазыцыянэраў. Было зачыненае незалежнае Радыё 101,2. Пасьля публічных заклікаў Лукашэнкі расправіцца з апазыцыяй, у 1999—2000 гадах пры загадкавых абставінах зьніклі тры апазыцыянэры, у тым ліку былы старшыня перадвыбарчага штабу Лукашэнкі Віктар Ганчар і апэратар расейскага тэлеканала ОРТ Зьміцер Завадзкі. Раптоўна памірае важная апазыцыйная фігура Генадзь Карпенка, ходзяць упартыя чуткі аб верагодным атручэньні. У замежжы зьяўляюцца беглыя супрацоўнікі КДБ і Міністэрства Ўнутраных Справаў, якія даюць паказаньні аб санкцыі на зьнішчэньне апазыцыянэраў з боку ўлады і аб існаваньні ў Беларусі для гэтых мэтаў г. зв. «Эскадронаў сьмерці». Некалькі чыноўнікаў у Беларусі былі арыштаваныя, але зь цягам часу расьсьледваньне спраў амаль заглыхла.
Аднаўленьне русіфікацыі
Урад Лукашэнкі ўзяў курс на аднаўленьне русіфікацыйнае, антынацыянальнае палітыкі ў Беларусі. У 1995 годзе быў праведзены рэфэрэндум, на якім была адмененая гістарычная дзяржаўная сымболіка Беларусі, уведзеныя новыя сымбалі, створаныя на базе гербу і сьцягу БССР. Расейская мова атрымала статус дзяржаўнае, пасьля чаго пачалося плянамернае выцісканьне беларускае мовы са сродкаў масавай інфармацыі, адукацыі, дзяржаўных установаў. Супраць адмены бел-чырвона-белага сьцягу, «Пагоні» і статусу беларускае мовы як адзінае дзяржаўнае, група дэпутатаў ад БНФ абвясьціла галадоўку ў залі парлямэнту. Яны былі зьбітыя і выгнаныя з будынку сіламі АМАП.
Расейская праваслаўная царква атрымала прывілеяваны статус у Беларусі, у той самы час іншым рэлігіям чыняцца перашкоды ў дзейнасьці. Каталіцкім ксяндзам-замежнікам не выдаюцца беларускія візы. У некаторых афіцыйных выданьнях, напрыклад «Народнай газэце» пачалі зьяўляцца артыкулы, ачарняючыя рэпутацыю іншых рэлігіяў, у тым ліку нават традыцыйнага для Беларусі пратэстантызма. Улады гвалтоўна супраціўляюцца стварэньню ў Беларусі грамадаў Беларускае аўтакефальнае праваслаўнае царквы.
Страта рэпутацыі Беларусі ў сьвеце
Цягам першых двух гадоў прэзыдэнцтва Лукашэнка моцна крытыкаваўся як унутры краіны, так і на міжнародным узроўні. У 1995 годзе Сусьветны банк і Міжнародны валютны фонд спынілі крэдытаваньне Беларусі, абвінаваціўшы ўрад у адсутнасьці рынкавых рэформаў.
Беларусь і Лукашэнка апынуліся ў цэнтры буйных міжнародных скандалаў. 12 верасьня 1995 году над Берасьцейскай вобласьцю супрацьпаветранымі войскамі быў зьбіты паветраны шар, які ўдзельнічаў у міжнародных спаборніцтвах на кубак «Гордэн Бэнэт-95». Беларускія пілёты лічылі, што страляюць па мэтэаралягічным зондзе. Увесь экіпаж паветранага шару — два амэрыканскія пілёты-спартоўцы — загінуў. У лістападзе 1995 году Лукашэнка выклікаў іншы скандал, заявіўшы ў інтэрвію, што ўнутраная палітыка Адольфа Гітлера мела і станоўчыя бакі. Многія расцанілі гэтае выказваньне як намер будаваць у Беларусі рэжым аўтарытарнага кшталту.
Зьдзейсьнены А. Лукашэнкам у 1996 годзе дзяржаўны пераварот быў адразу асуджаны міжнароднай супольнасьцю. Абвастрыліся стасункі з замежнымі дзяржавамі. У красавіку 1998 году з сваіх рэзыдэнцыяў у пасёлку Дразды былі гвалтоўна выселеныя амбасадары Злучаных Штатаў, Вялікабрытаніі, Францыі, Нямеччыны, Грэцыі, Італіі і Японіі. Гэта было пачаткам буйнага міжнароднага скандалу, бо беларускія ўлады парушылі Венскую канвэнцыю. Закранутыя краіны, а таксама Расея, адазвалі зь Менску сваіх амбасадараў.
Хаця амбасадары пазьней вярнуліся пасьля згасьленьня канфлікту, Лукашэнка не спыніў свае выпады супраць заходніх краінаў і пачаў абвінавачваць унутраную апазыцыю ў рабоце на карысьць замежных спэцслужбаў. Ён абвінавачваў замежныя ўрады ў дыскрымінацыі Беларусі на ўсіх узроўнях, ад эканомікі (зь Беларусі была выгнаная дэлегацыя МВФ, а сама арганізацыя абазначаная Лукашэнкам як «махляры») да спорту (Лукашэнка абвінаваціў Захад у змове супраць беларускае зборнае на Зімовых Алімпійскіх гульнях у Наґана, Японія).
Лукашэнка не абмяжоўваўся словамі ў сваім непрыяцьці Захаду. Пад канец 1990-х гадоў Беларусь экспартавала ўзбраеньняў, у тым ліку супрацьпаветраных, на 400 мільёнаў даляраў у Іран, Ірак, Судан, Югаславію. Пасьля пачатку вайны ў Косава Лукашэнка адстойваў ідэю «Славянскага саюзу» Расеі, Беларусі і Югаславіі.
Заходняя палітыка ў дачыненьні зь Беларусяй сталася больш жорсткаю. Пасьля падзеньня рэжыму Слабадана Мілошавіча ў Югаславіі, адносна лукашысцкай Беларусі ўсё часьцей пачаў ўжывацца выраз «апошняя дыктатура Эўропы». Тым ня меней, ані Эўрапейскі Зьвяз, ані Злучаныя Штаты Амэрыкі не прадпрымалі рашучых дзеяньняў супраць беларускага рэжыму, бо баяліся небясьпекі закрануць расейскія інтарэсы і пастаўкі расейскага газу празь Беларусь.
Інтэграцыя з Расеяй
Асноўным і адзіным паўнавартасным напрамкам вонкавае палітыкі за Лукашэнкам сталася інтэграцыя з Расеяй. У красавіку 1998 году быў створаны г. зв. «Саюз Расеі і Беларусі», пазьней абвешчана аб стварэньні г. зв. «Саюзнае Дзяржавы» Расеі і Беларусі. Тым ня меней, стварэньне паўнавартаснга зьвязу не атрымалася з-за розных мэтаў, якія перасьледваліся расейскім бокам і рэжымам Лукашэнкі. Беларускі прэзыдэнт меў амбіцыі на расейскім палітычным полі і ўмела граў на імпэрскай настальгіі расейскага паспольства і эліты. Лукашэнка карыстаўся вялікай папулярнасьцю сярод нацыяналістаў і левакансэрватараў, асабліва выгадна ён выглядаў на тле старога і хворага прэзыдэнта-дэмакрата Барыса Ельцына.
Расея ж была не зацікаўленая ў пранікненьні Лукашэнкі на расейскую палітычную сцэну, але ёй патрэбная Беларусь як ляяльная краіна-сатэліт і для забесьпячэньня бесперашкоднага транзыту газу ў Заходнюю Эўропу. Ня гледзячы на напружаныя адносіны Беларусі з Захадам, для Расеі гэтае хаўрусьніцтва доўгі час не стварала праблемаў і не выклікала пытаньняў на міжнародным узроўні.
Другі прэзыдэнцкі тэрмін (2001—2006)
Першапачатковы тэрмін прэзыдэнцтва Лукашэнкі скончыўся ў ліпені 1999 году, але па яго волі быў пасьля рэфэрэндуму 1996 году прадоўжаны да 2001 году. Паколькі рэфэрэндум ня быў прызнаны сусьветнай супольнасьцю легітымным, легітымнасьць прэзыдэнцтва А. Лукашэнкі пасьля 1999 году таксама не прызнавалася.
Прэзыдэнцкія выбары адбыліся 9 верасьня 2001 году Аб'яднаная апазыцыя выставіла супраць А. Лукашэнкі адзінага кандыдата, прафзьвязнага дзеяча Ўладзімера Ганчарыка. Перамога А. Лукашэнкі была абвешчаная ўжо пасьля першага туру. Арганізацыя па Бясьпецы і Супрацоўніцтве ў Эўропе не прызнала легітымнасьць выбараў з-за перасьледу апазыцыі, байкоту апазыцыйнага кандыдата ў сродках масавай інфармацыі і фальсыфікацый вынікаў галасаваньня. Толькі Расея і некалькі аўтарытарных дзяржаваў СНД прызналі легітымнасьць выбараў.
Правы чалавека ў Беларусі
У Беларусі працягваўся ціск на палітычную апазыцыю і парушэньні правоў чалавека. Павальна зачыняліся незалежныя газэты і неўрадавыя арганізацыі, зачыняліся школы зь беларускаю мовай навучаньня. Быў зачынены Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, адзіная навучальная ўстанова ў краіне, дзе выкладаньне йшло на беларускай мове, і Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт. Арыштам падвяргаліся незалежныя журналісты, прафсаюзныя лідэры Васільеў і Леванеўскі, а таксама былы кандыдат у прэзыдэнты Міхал Марыніч. У красавіку 2003 году Камісія ААН па Правах Чалавека прыняла рэзалюцыю па сытуацыі ў Беларусі, у якой выказвалася «глыбокая занепакоенасьць». ААН заклікала ўлады Беларусі вызваліць палітычных зьняволеных і спыніць ціск на няўрадавыя арганізацыі і палітычныя партыі. У 2003 годзе міжнародны Камітэт па абароне журналістаў (CPJ) паставіў Беларусь у сьпіс дзесяці краінаў з найгоршымі ўмовамі працы журналістаў. У справаздачах буйнейшых міжнародных праваабарончых арганізацый Amnesty International, Human Rights Watch, Freedom House краіна атрымала сталае мейсца ў шэрагу сусьветных адыёзных дыктатураў, як Паўночная Карэя, Лібія, Іран, М'янма, Зымбабвэ.
Міжнародная ізаляцыя
У другі прэзыдэнцкі тэрмін яшчэ болей пагоршыліся адносіны Беларусі з Захадам. Эўрапейскі Зьвяз выдаў сьпіс высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якім быў забаронены ўезд на тэрыторыю ЭЗ. Пасьля ўступленьня 1 траўня 2004 году ў ЭЗ бліжэйшых суседзяў Беларусі — Польшчы, Латвіі, Летувы — у складзе Зьвязу зьявілася «беларускае лёбі», у сувязі з чым пытаньні датычна Беларусі пачалі часта падымацца на паседжаньнях. Павысілася цікаўнасьць да Беларусі з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі.
Падчас вайны ў Іраку ў 2003 годзе высьветлілася, што некалькі высокапастаўленых ірацкіх чыноўнікаў мелі беларускія пашпарты і нават, верагодна, атрымалі прытулак у Беларусі. Амэрыканскімі вайскоўцамі і выведчыкамі былі высьветленыя факты процізаконнага гандлю з Іракам зьвязаных з рэжымам Лукашэнкі асобаў і арганізацый — ад старшыні ЛДПБ Гайдукевіча да беларускага экзахарту Расейскае праваслаўнае царквы. Беларусь была замешаная ў скандалах з пастаўкамі зброі (часам з Расеі празь беларускае пасярэдніцтва) тэрарыстычным арганізацыям і дыктатарскім рэжымам, што ўсё болей і болей прыцягвала ўвагу Захаду і асабліва ЗША.
На тле Рэвалюцыі Ружаў у Грузіі, Памаранчавая рэвалюцыі ва Ўкраіне і рэвалюцыі ў Кыргыстане рэзка ўзмацнілася ўвага сусьветнае супольнасьці да беларускае дыктатуры. У ЗША быў прыняты «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі», які прадугледжвае выдзяленьне 40 мільёнаў даляраў на разьвіцьцё дэмакратыі ў краіне. У пачатку 2005 году пачалі гучаць жорсткія заявы з боку новых краін-сябраў ЭЗ, Украіны, Грузіі, Малдовы што да рэжыму А. Лукашэнкі.
Адносіны з Расеяй
З прыходам да ўлады ў Расеі Уладзімера Пуціна А. Лукашэнка згубіў шансы на палітычную кар'еру ў Расеі. Наадварот, зьявілася небясьпека паглынаньня Беларусі Расеяй і страты Лукашэнкам улады нават у сваёй краіне. Пабудова «Саюзнае дзяржавы» заступарылася, канфлікты датычна паставак у Беларусь расейскага газу, жорсткія заявы Лукашэнкі і Пуціна быццам бы зрабілі выключанымі далейшыя спробы інтэграцыі, хаця на словах палітыкі ўсё яшчэ казалі аб станоўчым разьвіцьці «Саюзу».
Эканоміка
Урад Лукашэнкі трапіў пад моцны ціск з боку Захаду і Расеі. Хаця беларускі рэжым моцна прасунуўся ў пляне дазволу прыватнага бізнэсу, дагэтуль не пачалася прыватызацыя буйных дзяржаўных прадпрыемстваў і ня зьняты ціск з дробнага бізнэсу. Замежныя інвэстары, прыйшоўшыя ў пачатку 1990-х гадоў у Беларусь, пакідаюць краіну, як Ford Motors. Беларускія тавары мала прадаюцца за межамі, 60% экспарту ідзе ў Расею. Усё гэта прывяло да эканамічных цяжкасьцяў, у прыватнасьці працягваючайся гіпэрінфляцыі (па паказчыку інфляцыі Беларусь займае першае месца ў Эўропе і сярод краінаў былога СССР).
Лукашэнка моцна апэруе ў сваёй рыторыцы тым фактам, што хаця Беларусь і сутыкнулася з пэўнымі эканамічнымі праблемамі, але пазьбегнула такога сацыяльнага расшыхтаваньня, як у Расеі ці Ўкраіне, дзе ішлі эканамічныя рэформы. Афіцыйныя паказчыкі беспрацоўя і галечы ў Беларусі таксама застаюцца нізкімі. Між тым, замежныя аналітыкі лічаць, што палітыка Лукашэнкі ў будучыні запатрабуе яшчэ больш жорсткіх і радыкальных рэформаў.
Рэфэрэндум 2004 году
Падчас тэлевізійнага звароту да нацыі 7 верасьня 2004 году Лукашэнка абвясьціў правядзеньне рэфэрэндуму па адмене абмежаваньняў на колькасьць тэрмінаў, якія адна асоба можа займаць пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі.
Рэфэрэндум адбыўся 17 кастрычніка 2004 году разам з парлямэнцкімі выбарамі. Паводле афіцыйных вынікаў, якія былі абвешчаныя адразу пасьля заканчэньня галасаваньня, болей за 70% выбаршчыкаў выказаліся ў падтрымку прапановы, якая здымала абмежаваньне ў два тэрміны для знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта. Такім чынам, Аляксандар Лукашэнка атрымаў права балятавацца неабмежаваную колькасьць разоў, у тым ліку на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году, што пры створанай ім сыстэме фальсыфікацыі вынікаў выбараў азначала магчымае пажыцьцёвае праўленьне.
Міжнародныя арганізацыі, назіральнікі (акрамя назіральнікаў з Расеі, Туркмэністану і некаторых іншых краін СНД) і апазыцыя зноў не прызналі вынікі рэфэрэндуму і парлямэнцкіх выбараў. Агітацыя за зьняцьце абмежаваньняў ішла ў тым ліку ў дзень галасаваньня, што забаронена беларускім заканадаўствам. Exit-poll, праведзены Baltic Surveys[4], летувіскім аддзелам Gallup, паказаў, што толькі 48% выказаліся за прапанову Лукашэнкі.
Прэзыдэнцкі фонд
У Беларусі быў створаны адмысловы Прэзыдэнцкі фонд, які не падляжыць дзяржаўнаму і грамадзкаму кантролю і куды йдуць буйныя сумы зm зьнешнегандлёвых апэрацыяў. У Злучаных Штатах Амэрыкі пачалося расьследваньне з мэтай вышуку і замарожаньня прыватных рахункаў дыктатара ў замежных банках.
13 верасьня 2004 году ў Менск прыбыў новы самалёт маркі Boeing 737-500, пабудаваны ў Сыэтле спэцыяльна для прэзыдэнта Лукашэнкі. Цана аэрапляну не публікавалася, экспэрты ацэньваюць яе ў прыкладна 100 мільёнаў амэрыканскіх даляраў.
Злоўжываньні
У парушэньне Статуту Міжнароднага алімпійскага камітэту, А. Лукашэнка займае пасаду старшыні Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Гэта становішча супярэчыць таксама Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: «Прэзыдэнт ня можа займаць іншыя пасады» (арт. 86).
Прызначэньне Віктара Лукашэнкі памагатым прэзыдэнта зроблена ў разрэз са становішчам аб дзяржаўнай службе, якая забараняе блізкім сваякам знаходзіцца ў падначаленьні адзін у аднаго.
Трэці прэзыдэнцкі тэрмін (ад 2006 году)
У выбарах 2006 году прынялі ўдзел 4 кандыдаты: Аляксандар Лукашэнка, Аляксандар Казулін, Сяргей Гайдукевіч і Аляксандар Мілінкевіч. Па зьвестках штабоў Казуліна і Мілінкевіча, значная частка выбаршчыкаў, асабліва студэнты, прагаласавала датэрмінова пад націскам з боку начальнікаў.
Паводле афіцыйных вынікаў выбараў Лукашэнка набраў каля 83% галасоў выбаршчыкаў. Зь перамогай яго павіншавалі прэзыдэнт Азэрбайджана Ільхам Аліеў, прэзыдэнт Кітаю Ху Дзінь Тао, прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, а таксама лідэр лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч.
23 лістапада 2006 году А. Лукашэнка прызнаў, што гэтыя выбары былі сфальсіфікаваныя, ён сказаў, што на самой справе за яго прагаласавала больш за 90% выбаршчыкаў.
Сям'я
Аляксандар Лукашэнка жанаты з 1975 году, мае трох сыноў — Мікалай[5], Зьміцер і Віктар. Старэйшы Віктар прызначаны памагатым па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, а сярэдні Зьміцер кіруе Прэзыдэнцкім спартовым клюбам.
Жонка Галіна Лукашэнка дагэтуль жыве ня з мужам, а ў вёсцы Рыжкавічы Шклоўскага раёну, да нядаўняга часу рабіла настаўніцай у дзіцячым садку. Жонка ніколі не суправаджае прэзыдэнта на афіцыйных мерапрыемствах і ў нешматлікіх замежных візытах. Пасьля таго, як жонку Лукашэнкі з каровай засьнялі карэспандэнты брытанскае газэты Sunday Times, вакол яе дому быў пабудаваны цагляны плот і прыстаўленая ахова.
Малодшы сын Мікалай
Слых аб тым, што ў прэзыдэнта зьявіўся трэці сын, сталі распаўсюджвацца ўвосень 2004 году. Менавіта тады 31 жніўня[1] нарадзіла хлопчыка Ірына Абельская — былы асабісты лекар Лукашэнкі і на той момант кіраўнік Рэспубліканскай лякарні Кіраваньня справамі прэзыдэнта. У красавіку 2007 году Абельскую зьнялі з гэтай пасады, і сёньня яна працуе ў кабінэце ЎГД жаночай кансультацыі.
Новая хваля гутарак аб трэцім сыне прэзыдэнта паднялася прыкладна год назад, калі Аляксандар Лукашэнка на прэс-канфэрэнцыі для кіраўнікоў беларускіх СМІ (12 красавіка 2007)[6], адказваючы на пытаньне аб сваіх наступных прэзыдэнцкіх даляглядах, заявіў, што будзе рыхтаваць у пераемнікі ня Віктара, які «будзе слабей у найблізкай будучыні чым дзейсны глава дзяржавы», а «самога маленькага буду рыхтаваць — унікальны чалавек». Менавіта тады з вуснаў Лукашэнка прагучала прызнаньне, што ў яго ёсьць трэці сын[7].
Ізноў аб малодшым сыне Аляксандар Лукашэнка абмовіўся ў красавіку 2008 году ў Хойніках, дзе быў у рамках свайго штогадовага чарнобыльскага турнэ. Адказваючы на пытаньні журналістаў, прэзыдэнт заявіў: «Усюды мусуецца пытаньне, што нібы гэтая арганізацыя (маецца на ўвазе грамадзкае аб'яднаньне «Белая Русь») стваралася пад будучага прэзыдэнта, і што гэтым прэзыдэнтам будзе мой старэйшы сын. Я ўжо сказаў: малодшы сын будзе прэзыдэнтам Беларусі».
А нядаўна Аляксандар Лукашэнка стаў выходзіць у сьвет з маленькім хлопчыкам. Спачатку фотакамэры дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА захавалі главу дзяржавы з хлопчыкам на рэспубліканскім суботніку 19 красавіка 2008, у той жа дзень хлопчык разам з главой дзяржавы выйшаў на лёд перад гульнёй прэзыдэнцкай хакейнай каманды.
Ізноў хлопчык зьявіўся побач з прэзыдэнтам падчас працоўнай паездкі апошняга па чарнобыльскіх рэгіёнах. 27 красавіка 2008 Аляксандар Лукашэнка быў у Тураве, дзе на Вялікдзень наведаў праваслаўную царкву. Хлопчык увесь гэты час быў побач зь ім. Агенцтва «Інтэрфакс» нават пасьпела паінфармаваць сваіх чытачоў, што хлопчык — 4-гадовы Мікалай — трэці сын Аляксандра Лукашэнка. Але пазьней гэтая інфармацыя з сайта агенцтва зьнікла.[8] [9]
Практычна ўсё мерапрыемствы з удзелам прэзыдэнта, А. Лукашэнка наведвае са сваім малодшым сынам.
Узнагароды і званьні
- Ордэн «За заслугі перад Айчынай» II ступені (Расея, 2001)
- Ордэн Хасэ Марці (Куба, 2000)[10]
- Ордэн Рэвалюцыі (Лібія, 2000)[11]
- Ордэн Вызваліцеля (Вэнэсуэла, 2007)[12]
- Ордэн РПЦ cьвятого роўнаапостальнага вялікага князя Ўладзімера I ступені (2007)[13]
- Ордэн РПЦ Сьвятога Сергія Раданежскага I ступені (2002)
- Ордэн сьвятога вернага вялікага князя Дзімітрыя Данскога I ступені (РПЦ, 2005)[14]
- Ордэн Сьвятога Кірылы Тураўскага (Беларуская Праваслаўная Царква РПЦ, 2006)[15]
- Ордэн Крыжа Прападобнай Эўфрасіньні Полацкай (Беларуская Праваслаўная Царква РПЦ, 1998)
- Ланцуг ордэна Рыцараў Гроба Гасподня (Ерусалімскі Праваслаўны Патрыярх, 2000)
- Ганаровы грамадзянін Ерэвана (2001) [16]
- Ганаровая грамата Эўразійскай эканамічнай супольнасьці (2006) [17]
- Спэцыяльны прыз МАК «Спорт і грамадзтва» (2006)
- Спэцыяльны прыз МАК «Брама Алімпу» (2000)[18]
- Мэдаль Міжнароднай фэдэрацыі фэставых арганізацый «За разьвіцьцё сусьветнага фэставага руху» (2005)[19]
- Ляўрэат Міжнароднай прэміі Андрэя Первазваннага «За Веру й Вернасьць» (1995)[20]
Воінскае званьне
- Падпалкоўнік запасу [21]
Глядзіце таксама
- Прэзыдэнт Беларусі
- Зьнешняя палітыка Беларусі
- Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 1994 году
- Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 2001 году
- Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 2006 году
Крыніцы
- ^ a b c "Завтра": "Так говорит Лукашенко"(рас.) // Завтра
- ^ Опасный синдром: Лукашенко теряет память(рас.) // Белорусский партизан
- ^ Постановление Верховного Совета Республики Беларусь от 20 июля 1990 г. №166-XII "Об избрании Конституционной комиссии" (рас.)
- ^ http://marketsdirectory.com/tmdintm/2790m.htm
- ^ Прэзыдэнт вывеў у сьвет малодшага сына?(рас.)
- ^ У агляднуе будучыню — не з царом, а з аратым(рас.)
- ^ Прэзыдэнт Беларусі заявіў, што ў агляднай будучыні застанецца на сваім пасту(рас.)
- ^ Наша Ніва: Лукашэнка браў 4-гадовага сына Мікалая ў паездку на Гомельшчыну
- ^ Інфармацыя аб сынах Лукашэнка была зьнятая «Інтэрфаксам» без тлумачэньня прычын(рас.)
- ^ А. Р. Лукашэнка ўзнагароджаны ордэнам Хасэ Марці(рас.)
- ^ Інстытут дыяспары й інтэграцыі. Інфармацыйна-аналітычны бюлетэнь № 18 ад 15.11.2000. Беларусь.(рас.)
- ^ Лукашэнка ўзнагароджаны вышэйшай узнагародай Вэнэсуэлы — ордэнам Вызваліцеля(рас.)
- ^ Аляксандар Лукашэнка ўзнагароджаны ордэнам Сьвятога Ўладзімера I ступені(рас.)
- ^ Патрыярх узнагародзіў Аляксандра Лукашэнка(рас.)
- ^ Аляксандар Лукашэнка ўзнагароджаны ордэнам Беларускай Праваслаўнай Царквы(рас.)
- ^ Мэрыя г. Ерэвана — Ганаровыя грамадзяне г. Ерэвана(рас.)
- ^ У Менску прайшло паседжаньне Міждзяржаўнай Рады ЭЎРАЗЭС(рас.)
- ^ Алімпійскі прыз для Беларусі(рас.)
- ^ Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка ганараваны мэдалі «За разьвіцьцё сусьветнага фэставага руху»(рас.)
- ^ Ляўрэаты Міжнароднай прэміі Андрэя Первазваннага «За Веру й Вернасьць». 1993—2005 гады(рас.)
- ^ «Генэралісімус» Аляксандар Лукашэнка. Незалежная газэта. 15.10.2004(рас.)
Вонкавыя спасылкі
Аляксандар Лукашэнка — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Афіцыйная старонка
- Афіцыйная біяграфія
- Справаздачы Human Rights Watch па Беларусі (анг.)
- Даклад «Рэпартэраў бязь межаў» па Беларусі (рас.)
- «Третий Путь». Цені беларускай прыватызацыі (рас.)
- Лукашенко-2008 (рас.)
- Президент и орденоносец (рас.)
- Старонка на праекце "Хто ёсьць хто ў РБ" (рас.)
| Кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі на выбарах 1994 году | |
|---|---|
| Аляксандар Дубко • Вячаслаў Кебіч • Аляксандар Лукашэнка • Васіль Новікаў • Зянон Пазьняк • Станіслаў Шушкевіч |
| Кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2001 году | |
|---|---|
| Сяргей Гайдукевіч • Уладзімер Ганчарык • |
| Кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2006 году | |
|---|---|
| Сяргей Гайдукевіч • Аляксандар Казулін • Аляксандар Лукашэнка • Аляксандар Мілінкевіч |


