Рэформа беларускага правапісу 1933 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Рэформа беларускага правапісу 1933 году была праведзеная пастановай СНК БССР (апублікаваная 26 жніўня 1933 году). Уводзіўся збор правілаў граматыкі (выдадзены ў 1934 годзе), які дзейнічаў да 1959 году.

Палітычны праект рэфомы беларускага правапісу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нягледзячы на заўважны русіфікацыйны ўхіл акадэмічнага праекту 1933 году, ён не задаволіў кіраўніцтва СССР праз занадтую памяркоўнасьць у справе набліжэньня беларускай мовы да расейскай.[1][2] Да таго ж, новы этап барацьбы зь беларускім нацыяналізмам задаў артыкул «Под фальшиво-национальным флагом», надрукаваны 3 лютага 1933 году ў маскоўскай газэце «Правда». Спэцыяльны карэспандэнт выданьня А. Давідзюк паведаміў зь Менску:


« Речь идет об активизации буржуазных националистов в Белоруссии, о политической сущности их выступлений, отражающих сопротивление мероприятиям пролетарского государства со стороны гибнущего кулачества. »

—Газета «Правда», 3 февраля 1933 г.

Адразу пасьля дадзенай публікацыі Акадэмічны праект пасьпешліва разгледзелі і абмеркавалі і ў Наркамаце асьветы пад кіраўніцтвам новапрызначанага (замест рэпрэсаванага) народнага камісара, Аляксандра Чарнушэвіча, і ў Пэдагагічным інстытуце, і ў розных савецкіх і партыйных арганізацыях. У выніку чаго да дакумэнту былі дададзеныя выразна русіфікацыйныя прапановы, што мела сьведчыць пра ляяльнасьць, «правільную ідэалягічную арыентацыю» і стваральнікаў, і абмеркавальнікаў Праекту. Але, нягледзячы на гэта, дакумэнт быў цалкам перапрацаваны.

5 траўня ЦК КП(б)Б стварыла адмысловую «Палітычную камісію для перагляду руска-беларускага слоўніка і новых правілаў правапісу беларускай мовы».[3] Паказальна, што ў склад камісіі не ўвайшоў ніводны лінгвіст, а ейнымі чальцамі сталі пераважна палітыкі.

Ужо да 21 ліпеня выйшла пастанова Бюро ЦК КП(б)Б, якая сьведчыла пра сканчэньне працы над праектам рэформы: «Згадзіцца з прапановай т. Чарнушэвіча аб перасылцы проэктаў новага беларускага правапісу на разгляд культпропа ЦК УсеКП(б)»[4]. 26 жніўня дакумэнт зацьверджаны пастановаю Саўнаркаму БССР, а 27 жніўня — рашэньнем беларускага ЦК. Такім чынам, праект быў прыняты без аніякага грамадзкага абмеркаваньня.

Пастанова мела назву — «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу», аднак у сапраўднасьці артаграфічныя зьмены не прынесьлі спрашчэньня. Некаторыя з уведзеных рэформаю правілаў прапаноўвалася зьмяніць ужо ў наступных правапісных праектах (1939 і 1951 гг.), і гэта зрабілі практычна адразу ж у выніку зьмены палітычнага рэжыму — пасьля «разьвянчаньня культу асобы» (1956)

Дакумэнт пераняў усе прапановы Акадэмічнага праекту 1933 году, якія прадугледжвалі збліжэньне з расейскаю моваю. Пры гэтым дадзеная частка дакумэнту тэхнічна падрыхтаваная значна лепей за наваствораныя разьдзелы, у якіх сустракаюцца шматлікія супярэчнасьці, фактычныя й мэтадалягічныя памылкі ды недагляды.[1]

Сутнасьць зьменаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Збор правілаў граматыкі ўлучаў 84 правілы. Асноўныя адрозьненьні парэформавага правапісу (наркамаўкі) ад дарэформавага (тарашкевіцы):

Зьмены ў беларускім правапісе
(пасьля перагляду праекту 1933 году адмысловай Палітычнай камісіяй)
Акадэмічны праект 1930 году Акадэмічны праект 1933 году
(да перагляду Палітычнай камісіяй)
Зьмены ў перадачы пазычаньняў
1. Перадача складоў [л’а], [л’о], [л’у]) празь цьвёрдае «л». (напрыклад: маналог замест маналёг) Symbol oppose vote.svg Захоўваліся існыя правілы. Symbol oppose vote.svg Аўтары праекту характаразуюць дадзеныя прапановы, як «вялікадзяржаўніцкія», «уласьцівыя расейскаму вымаўленьню».[5][6]
2. Зьмякчэньне зычных [з], [с], [б], [п], [в], [ф], [м], [н] перад галосным [е] (напрыклад: кааперацыя, фанетыка замест каапэрацыя, фанэтыка)
3. Замена спалучэньняў -тар, -дар на -тр, -др на канцы словаў (напрыклад: літр, цэнтр замест літар, цэнтар) Symbol oppose vote.svg Захоўваліся існыя правілы.
4. Перадача літары «θ» у грэцызмах праз «ф» або «т» у залежнасьці ад правілаў расейскай мовы (міф, кафедра замест міт, катэдра) Symbol support vote.svg Гэты захад мусіў адпавядаць агучанаму партыйным кіраўніцтвам патрабаваньню «па замацаваньні расейскай мовы як пасярэдніка для пазычаньняў з трэціх моваў»[7]
Зьмены ў артаграфіі ўласнабеларускіх словаў
1. Скасаваньне пазначэньня асыміляцыйнага зьмякчэньня зычных [з], [с], [ц] (напрыклад: (свет, след замест сьвет, сьлед) Symbol oppose vote.svg Symbol support vote.svg Дадзеная прапанова зьявілася толькі ў карэктуры (г. зн. пасьля згортваньня палітыкі беларусізацыі — і гвалтоўнага адхіленьня ад кіраваньня праектам акадэміка Сьцяпана Некрашэвіча, які выступаў катэгарычна супраць яе прыняцьця. Таксама супраць гэтай прапановы быў Янка Купала[7] Symbol support vote.svg Аўтары абгрунтоўваюць прыняцьцё гэтай прапановы «палягчэньнем і эканоміяй для паліграфічнай справы».[5][8]
2. Скасаваньне напісаньня мяккага знаку паміж падоўжанымі зычнымі [з], [с], [ц], [н], [л] (напрыклад: насенне, галлё, ззяе, рыззё, калоссе, суддзя, жыццё замест насеньне, гальлё, зьзяе, рызьзё, калосьсе, судзьдзя, жыцьцё) Symbol support vote.svg Каміся прыняла гэтую прапанову як кампрамісны варыянт — пры ўмове захаваньня пазначэньня мяккасьці ўва ўсіх астатніх выпадках.[7] Symbol oppose vote.svg Прапаноўвалася сьцягненьне падвоеных зычных на манер заходнебеларускіх гаворак (напрыклад: насене, галё, зяе, рызё, калосе, судзя, жыцё)
3. Увядзеньне нязьменнага напісаньня часьціцы і прыназоўніка «не» (напрыклад: без нас, не руш замест бяз нас, ня руш) Symbol oppose vote.svg Захоўваліся існыя правілы[7][9] Symbol oppose vote.svg Захоўваліся існыя правілы.

Апроч гэтага:

  1. Рэглямантаваўся правапіс уласных імёнаў, адбывавалася адступленьне ад народнага іменаслову, калі замест народных формаў пачыналі ўжывацца кананічныя праваслаўныя імёны, прынятыя ў расейскай мове (напрыклад: Юрый замест Юрка, Юры, Юра, Юрась).
  2. У марфалёгіі рэглямантаваны правапіс канчаткаў -а/-у ў родным склоне, перавага надавалася канчатку , як у расейскай мове, а не народнаму . На манер расейскай мовы ўніфікавалася напісаньне канчаткаў назоўнікаў у давальным і месным склонах.

Увогуле, у выніку рэформы ў беларускую мову было ўведзена больш за 30 фанэтычных і марфалягічных асаблівасьцяў, уласьцівых расейскай мове,[10] якія зьяўляліся чужымі і дагэтуль неўжыванымі ў беларускай мове і былі проста перанесеныя ў яе з расейскай.[11]

Правапісная рэформа 1933 году закранула ня толькі фанэтычныя і марфалягічныя асаблівасьці, але таксама і лексыку беларускае мовы. Так, напрыклад, калі дарэформавы «Расейска-беларускі слоўнік» С. Некрашэвіча і М. Байкова (1928) для перакладу расейскага слова «государство» прапаноўваў сынонімы «дзяржава», «гаспадарства», «панства», то пасьлярэформавы «Руска-беларускі слоўнік» А. Александровіча (1937) — толькі «дзяржава», тым жа словам перакладалася і расейскае «держава», эквівалентам расейскага «город» у першым слоўніку былі «места», «горад», а ў другім — толькі «горад»[12].

Пра мэтанакіраваную працу па далейшай русыфікацыі беларускіх слоўнікаў сьведчыць апошні пункт (№ 27) Пастановы СНК «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу»:


« Даручыць Народнаму Камісарыяту Асьветы і Прэзыдыуму Беларускай Акадэміі Навук арганізаваць сыстэматычную навуковую працу па далейшым разьвіцьці і ўпарадкаваньні беларускага правапісу, усяе граматыкі і тэрміналёгіі, а таксама арганізаваць новае выданьне беларуска-рускіх слоўнікаў, вытраўляючы з беларускай мовы ўсялякія буржуазна-нацыяналістычныя плыні і скажэньні. »

Пастанова Савету Народных Камісараў БССР «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу», г. Менск, 26 жніўня 1933 г.

Такім чынам рэформа правапісу была скіраваная на зьліцьцё народаў і культураў у адну культуру з адзінай мовай і адлюстравала ня столькі нацыянальную спэцыфіку беларускай мовы, як асаблівасьці расейскай мовы, у адпаведнасьці зь якой праводзіліся зьмены артаграфічных і граматычных прынцыпаў і нават лексыкі беларускай мовы.

Ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скрайняя непасьлядоўнасьць, і русіфікацыйныя мэты рэформы прызнаваліся за відавочныя яшчэ за часамі г.зв. «Хрушчоўскай адлігі»:

« ...не ўрэгуляваным засталося правіла аб перадачы акання і якання. Шматлікія неабгрунтаваныя выключэнні з гэтага правіла не ўносілі жаданай палёгкі пры напісанні іншамоўнай лексікі, вельмі складаным і неўпарадкаваным было правіла напісання складаных слоў. Выклікала цяжкасці і арфаграфічны разнабой правіла аб пераходзе д і т у дз’ і ц’. Блытана і супярэчліва былі сфармуляваны правілы напісання імёнаў, прозвішчаў і геаграфічных назваў...
Тым не менш, нягледзячы на недахопы, пастанова СНК БССР увогуле выканала сваю задачу...
...наколькі гэта магчыма, наблізіць беларускі правапіс да рускага.
»

—Я. М. Камароўскі, Беларускі правапіс. Мінск, 1965. С. 31—32

Рэформа 1933 выклікала крытыку ўжо з пачатку яе правядзеньня. Пад назовам «рэформа правапісу» крылася рэформа ня толькі правапісу, але адначасова граматыкі і марфалёгіі беларускай мовы, бо паняцьце «правапіс» мае на ўвазе форму напісаньня, а не адвечнага спосабу вымаўленьня. Рэформай ахоплена 25 моўных асаблівасьцяў, зь якіх у 24 выпадках маем адначасова дачыненьне з граматыкай і правапісам, і толькі адна зьмена (пункт 4) датычыць выключна правапісу.[13]

Як зазначыў Янка Станкевіч з нагоды рэформы, «нідзе, дзе няма НКВД, Беларусы іхнае зьмены ня прынялі».[14]

Сучасныя беларускія філёлягі паказваюць на тое, што рэформа 1933 году скажала ўсталяваныя нормы беларускай літаратурнай нормы шляхам штучнага, ненатуральнага і прымусовага накладаньня на іх правілаў расейскай мовы.[15]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Зьміцер Саўка. Мэханіка зьнявечаньня // Часопіс «Arche», 10 кастрычніка 2009
  2. ^ Клімаў І. Два стандарты беларускай літаратурнай мовы. — 2004 // Мова і соцыум. (TERRA ALBA. Том III). Магілёў, ГА МТ «Брама».
  3. ^ Гісторыя беларускага мовазнаўства, 1918—1941: Хрэстаматыя для студэнтаў філалагічнага факультэта. Ч. 1—2. Мінск: БДУ, 2005—2008. Ч. 2. 2008. С. 156
  4. ^ Гісторыя беларускага мовазнаўства, 1918—1941: Хрэстаматыя для студэнтаў філалагічнага факультэта. Ч. 1—2. Мінск: БДУ, 2005—2008. Ч. 2. 2008. С. 168
  5. ^ а б Прадмова // Акадэмічны праект рэформы беларускага правапісу 1933 году
  6. ^ Інстытут мовазнаўства Беларускай Акадэміі Навук. Галоўныя моманты спрашчэньня беларускана правапісу // Гісторыя беларускага мовазнаўства, 1918—1941: Хрэстаматыя для студэнтаў філалагічнага факультэта. Ч. 1—2. Мінск: БДУ, 2005—2008. Ч. 2. 2008. С. 163
  7. ^ а б в г Зьміцер Саўка. Мазаічная артаграфія // Часопіс «Arche», 16 сьнежня 2008
  8. ^ Інстытут мовазнаўства Беларускай Акадэміі Навук. Галоўныя моманты спрашчэньня беларускана правапісу // Гісторыя беларускага мовазнаўства, 1918—1941: Хрэстаматыя для студэнтаў філалагічнага факультэта. Ч. 1—2. Мінск: БДУ, 2005—2008. Ч. 2. 2008. С. 159
  9. ^ Беларускі правапіс (проект) / Апрацаваны Правапіснай Камісіяй Беларускае Акадэміі Навук. Менск, 1930. С. 12
  10. ^ Ніна Баршчэўская Русыфікацыя беларускае мовы // Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава: Катэдра Беларускай Філялёгіі Факультэт Прыкладной Лінгвістыкі і Ўсходнеславянскіх Філялёгіяў Варшаўскі Ўнівэрсытэт, 2004. — С. 169. — 368 с. — ISBN 83-920472-0-6
  11. ^ Станіслаў Станкевіч. Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу. — Мн.: Навука і тэхніка, 1994. — 79 с.
  12. ^ Дзмітрый Шыманскі. «Хто знішчыў беларускую мову?» // Дзедзіч, № 5 (24) (лістапад, 2003 г.)
  13. ^ Ян Станкевіч. За родную мову й праўдзівы назоў. Выбранае. — Вільня, Інстытут беларусістыкі, 2006. С. 104-105
  14. ^ http://alex73mi.livejournal.com/4488.html
  15. ^ Плотнікаў Б. А., Антанюк Л. А. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум. — Мн.: Інтэрпрэссэрвіс, Кніжны Дом, 2003. С. 88

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ніна Баршчэўская Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава: Катэдра Беларускай Філялёгіі Факультэт Прыкладной Лінгвістыкі і Ўсходнеславянскіх Філялёгіяў Варшаўскі Ўнівэрсытэт, 2004. — 368 с. — ISBN 83-920472-0-6
  • Клімаў І. Два стандарты беларускай літаратурнай мовы. — 2004 // Мова і соцыум. (TERRA ALBA. Том III). Магілёў, ГА МТ «Брама».
  • Запрудский С.Н. Научный и политический аспекты реформы белорусского языка 1933 года // Славяноведение. 2007. № 3. С. 73–88.
  • Запрудський С.М. Ситуаційні чинники здійснення реформи білоруської мови 1933 року // Мовознавство. — 2006. — № 6. — С. 52 – 64.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]