Янка Купала

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошук
Янка Купала
Yanka Kupala.jpg
Янка Купала
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні: Іван Дамінікавіч Луцэвіч
Псэўданімы: Адзін з «парнасьнікаў»; Вайдэльота; Здарэнец; Левы; Марка Бяздольны; Ня-Гутнік; Стары Мінчук; Янук з-пад Мінска; Янук Купала; К.; І.К.; Я.К.; К-а; Л.; І.Л.; Л.І.
Нарадзіўся: 7 ліпеня 1882
Вязынка, Менскі павет, Беларусь, Расейская імпэрыя
Род: Луцэвічы
Бацькі: Дамінік Ануфрыевіч Луцэвіч
Бянігна Іванаўна Валасевіч
Жонка: Уладзіслава Францаўна Станкевіч
Рэлігія: каталік
Памёр: 28 чэрвеня 1942
Масква, РСФСР, СССР
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці: паэт, драматург, публіцыст
Гады творчасьці: 19031942
Напрамак: паэзія, драматургія
Дэбют: «Modlitwa» // часопіс «Ziarno», №13, 1903[1]
Прэміі: Народны паэт БССР (1925)
Сталінская прэмія (1941)
Wikisource-logo.svg Творы ў ВікіКрыніцы
Творы на сайце Knihi.com

Я́нка Купа́ла (сапраўднае імя Іва́н Даміні́кавіч Луцэ́віч; 7 ліпеня 1882 (25 чэрвеня паводле старога стылю) — 28 чэрвеня 1942) — клясык беларускай літаратуры, паэт, драматург, публіцыст, выбітны дзяяч беларускага Адраджэньня пачатку XX стагодзьдзя.

Зьмест

[рэдагаваць] Біяграфія

[рэдагаваць] Дзяцінства і юнацтва

Нарадзіўся 7 ліпеня 1882 году (па новым стылі) ў фальварку Вязынка пад Менскам (цяпер у Маладэчанскім раёне Менскай вобласьці). Бацькі — Дамінік Ануфрыевіч Луцэвіч і Бянігна Іванаўна Валасевіч — належалі да дробнай зьбяднелай шляхты, арандавалі зямлю ў памешчыцкіх фальварках. Пры хрышчэньні ў Радашкавіцкім касьцёле Івана Луцэвіча запісалі дваранінам, але пазьней паводле афіцыйных дакумантаў ён належаў да мяшчан. У 1898 годзе Купала закончыў Бяларуцкае народнае вучылішча. Пасьля сьмерці бацькі ў 1902 годзе працаваў на гаспадарцы, таксама на пасадах хатняга настаўніка, пісара ў судовага сьледчага ў Радашкавічах (1903), практыканта на бровары ў Яхімоўшчыне і іншых.[2]

[рэдагаваць] Першыя публікацыі

Першыя творы Купалы — некалькі сэнтымэнтальных вершаў на польскай мове, надрукаваных ў 19031904 гадох у часопісе «Ziarno» пад псэўданімам «К-а». Першы верш на беларускай мове — «Мая доля» (датуецца 15 ліпеня 1904 году). Першае беларускамоўнае выступленьне ў друку — публікацыя 15 траўня 1905 году ў газэце «Северо-Западный край» верша «Мужык». Першая публікацыя ў беларускамоўнай прэсе — верш «Касцу», надрукаваны ў «Нашай Ніве» 11 траўня 1907 году. Улетку таго ж году ў «Нашай Ніве» зьяўляюцца й іншыя творы Купалы. Яго раньнім вершам уласьцівае падабенства да фальклёру й беларускай паэзіі XIX стагодзьдзя.

На працягу 19061907 гадоў пішуцца паэмы «Зімою», «Нікому», «Адплата каханьня», 18 сьнежня 1908 году «Наша Ніва» публікуе паэму «У Піліпаўку». У тым жа годзе скончана праца над паэмамі «Адвечная песьня» і «За што?». Тэмаю гэтых твораў стала сацыяльная несправядлівасьць ды прыгнёт.

[рэдагаваць] Віленскі і пецярбурскі пэрыяды

Вокладка першага зборніку вершаў «Жалейка», 1908 г.

Восеньню 1908 году Купала пераяжджае ў Вільню, дзе супрацоўнічае з рэдакцыяй «Нашай Нівы». У віленскі пэрыяд узьнікаюць шмат шырокавядомых потым вершаў — «Маладая Беларусь», «Заклятая кветка», «Адцьвітаньне» ды іншыя, некаторыя зь іх друкуе «Наша Ніва».

Хата, у якой нарадзіўся Янка Купала (фальварак Вязынка, Менская вобласьць, Беларусь)

У 1908 годзе ў Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выходзіць першы зборнік Купалы пад назвай «Жалейка». У кастрычніку таго ж году санкт-пецярбурскі камітэт па справах друку пры міністэрстве ўнутраных спраў вырашае канфіскаваць зборнік як антыдзяржаўны і прыцягнуць аўтара і выдавецтва да адказнасьці. Цаною нямалых клопатаў арышт з кнігі быў зьняты, аднак у 1909 годзе наклад кнігі паўторна канфіскаваны па загадзе віленскага генэрал-губэрнатара Мікалая Кршывіцкага. Каб не зашкодзіць афіцыйнай рэпутацыі «Нашай Нівы», Купала кідае працу ў рэдакцыі.

У сьнежні 1909 году Купала падаецца ў Пецярбург. Там ён уладкоўваецца на курсы А. Чарняева, дзе выкладалі вядомыя пецярбурскія вучоныя. 8 ліпеня 1910 году асобнай кніжкай выходзіць паэма Купалы «Адвечная песьня», а 13 кастрычніка 1910 году — другі яго зборнік «Гусьляр». У зьмешчаных у зборніку вершах гучаць прызывы да абуджэньня нацыянальнай годнасьці ды змаганьня за волю, але ж вершы з адкрытымі заклікамі да паўстаньня («Зваяваным» і іншыя) былі выкрэсьленыя са зборніку перад выданьнем, каб пазьбегнуць цэнзуры. У траўні 1910 году завершаная паэма «Курган», а ў жніўні таго ж году — драматычная паэма «Сон на кургане», адзін з найбольш значных твораў паэта, сымбалічная выява беднаснага становішча ў тагачаснай Беларусі, спроба вылучыць яго глыбінныя прычыны. Асобным выданьнем паэма выйшла ў 1912 годзе там жа, ў Пецярбургу.

Вокладка зборніка вершаў «Гусьляр». Пецярбург, 1910 г.
Рукапіс вершу «Вярба», аднаго з напісаных Янкам Купалам пад час першага прыезду ў Акопы ў 1911 годзе

У 19111913 гадох Купала ўлетку наведвае маці й сясьцёр у Беларусі, у фальварку Акопы. 3 чэрвеня 1912 году ён завяршыў свой першы сцэнічны твор — камэдыю «Паўлінка», якая ў наступным годзе была выдадзена ў Пецярбургу, а потым і пастаўлена на сцэне — спачатку ў Пецярбургу, потым у Вільні, нарэшце летам 1913 году ў Радашковічах. На спэктаклях прысутнічаў сам аўтар. У чэрвені 1913 году там жа, ў Акопах, завершана гістарычная паэма «Бандароўна», сьледам за ёю — паэмы «Магіла льва», «Яна і я», а таксама сцэнічны жарт «Прымакі».

Вокладка выданьня п’есы «Раскіданае гняздо», 1919 г.

Вясной 1913 году быў выдадзены трэці зборнік Купалы — «Шляхам жыцьця». У вершах, што склалі гэты зборнік, у адрозьненьне ад папярэдніх двух, прыметны значны ўплыў эстэтыкі мадэрну й сымбалізму. Сярод іншых твораў у зборніку была зьмешчана драматычная паэма «На папасе».

Верасьнем 1913 году датуецца цэнтральны твор у дарэвалюцыйнай творчай спадчыне Купалы — драма «Раскіданае гняздо». Ў ёй на прыкладзе адной сялянскай сям’і, якая застаецца безь зямлі й прытулку, адлюстраваная трагедыя беларускага народу. Купала ставіць перад сваімі героямі праблему выбару: вечнаму маўкліваму трываньню ды прыстасаваньню да абставінаў супрацьпастаўляецца ўтапічная ідэя «вялікага сходу», як адзіны паратунак ад несправядлівасьці. П’еса была пастаўлена на сцэне толькі ў 1917 годзе, пасьля рэвалюцыі, а надрукавана яшчэ пазьней — у 1919 годзе у Вільні.

Увосень 1913 году Купала вяртаецца ў Вільню, дзе спачатку працуе сакратаром Беларускага выдавецкага таварыства, а потым ізноў супрацоўнічае з «Нашай Нівай». З 7 сакавіка 1914 году газэта выходзіць за подпісам Купалы як рэдактара. Адначасова ён дапамагае Максіму Багдановічу ды Канстанцыі Буйло ў выданьні зборнікаў іх паэзіі.

[рэдагаваць] Гады вайны і акупацыі

У жніўні 1914 году пачынаецца першая сусьветная вайна, і Купала зь верасьня па сьнежань 1914 году працуе над цыклам антываенных вершаў «Песьні вайны». Таксама ён піша артыкулы ў «Нашай Ніве», накіраваныя супраць вайны. За артыкул «Думкі» Купала меўся быць прыцягнуты да судовай адказнасьці, але з прычыны набліжэньня фронту да Вільні ды пачатку эвакуацыі суд не адбыўся. У верасьні 1915 году Купала пераяжджае зь Вільні ў Акопы.

У канцы верасьня 1915 году ён едзе ў Маскву, там вучыцца ў Народным унівэрсытэце імя А. Л. Шаняўскага. Там жа ён 23 студзеня 1916 году жэніцца з Уладзіславай Францаўнай Станкевіч ды пераяжджае ў Менск. У студзені 1916 году Купала прызываецца ў армію, трапляе ў дарожна-сапёрны атрад, які знаходзіўся ў Менску, а летам таго ж году быў пераведзены ў Полацак. Час нямецкай акупацыі правёў у Смаленску. З 1916 да восені 1918 году ніводнага твора ён не напісаў. У кастрычніку-сьнежні 1918 году стварае нізку вершаў-заклікаў, якая станае яго водгукам на падзеі тых гадоў — рэвалюцыі, акупацыі, абвяшчэньне БНР: «Час!», «На сход!», «Пчолы», «Званы» і іншыя.

Купала вяртаецца ў Менск у студзені 1919 году. 25 жніўня выйшаў першы нумар рэдагаванай Купалам газэты «Звон». Ён піша новыя вершы і друкуе шматлікія артыкулы на тэмы нацыянальнага адраджэньня ды змаганьня за волю, адначасова перакладае на беларускую мову «Слова аб палку Ігаравым». 24 чэрвеня 1920 году быў налажданы банкет з нагоды 15-годзьдзя літаратурнай творчасьці Купалы. На ім паэт выступіў з прамовай, тэкст якой да 1988 году ня быў апублікаваны.

[рэдагаваць] Пачатак 20-х гадоў

На пачатку 20-х гадоў, пасьля абвяшчэньня БССР, Купала працуе намесьнікам загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Наркамасьветы БССР, рэдагуе часопіс «Вольны сьцяг», дапамагае ўтварэньню Інстытута беларускай культуры, сапраўдным членам якога быў абраны ў 1922 годзе (па ўтварэньні на базе Інбелкульту Акадэміі навук у 1928 годзе Купала стаў акадэмікам). У 1922 годзе выходзіць зборнік «Спадчына», які складаецца як з новых вершаў, так і са створаных падчас першай сусьветнай вайны. Вершы «Паўстань з народу нашага, прарок…» і «Жыды!» былі выдаленыя са зборніку з цэнзурных меркаваньняў. У 1923 годзе падрыхтаваў літаратуразнаўчы слоўнік «Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва», які ўвайшоў у сэрыю «Беларускай навуковай тэрміналёгіі», выдаванай Інбелкультам.

24 студзеня 1922 году зьяўляецца верш «Перад будучыняй», а за ім — верш «Пазвалі вас…» У гэтых вершах Купала выказвае сваё стаўленьне да бальшавікоў і заклапочанасьць бягучай сытуацыяй. Абодва творы былі забароненыя. Першы нумар толькі што заснаванага часопісу «Адраджэньне», у якім быў надрукаваны верш «Перад будучыняй», быў канфіскаваны.

31 жніўня 1922 году ў Акопах Купала завяршае працу над трагікамедыяй «Тутэйшыя» — іранічнай панарамай гарадзкога жыцьця акупацыйных часоў. Афіцыйная крытыка абвінавачвае аўтара ў «дробнабуржуазным народніцтве» ды «супрацьстаўленьні сябе пралетарскай дыктатуры». У тым жа 1922 годзе разам зь іншымі беларускімі паэтамі ўдзельнічае ў спробе стварыць літаратурную суполку пад назвай «Вір». Калі ДПУ пачало праверку будучых членаў суполкі, то амаль усе яны атрымалі адмоўныя характарыстыкі, у тым ліку Купала быў названы «беларускім пісьменьнікам-шавіністам». Суполку забаранілі.

У 1924 годзе друкуе паэму «Безназоўнае», у якой усхваляе барацьбу за незалежнасьць папярэдніх гадоў і заклікае не спыняць змаганьня, замацоўваць ужо дасягнутае і пакінуць пасьля сябе цалкам вольную Беларусь. У 1925 годзе паэт атрымлівае тытул Народнага паэта БССР. Летам 1926 году ў часопісе «Полымя», што прыйшоў на зьмену «Адраджэньню», была надрукаваная нізка вершаў, многія зь якіх былі пратэстнымі і трапілі пад строгую забарону: «Царскія дары», «Каб», «Акоў паломаных жандар…» і іншыя.

[рэдагаваць] Канец 20-х і 30-я гады

У 1927 годзе Купала ўзначальвае літаратурную суполку «Полымя», якая аб’яднала пісьменьнікаў-«адраджэнцаў». 7 лістапада 1927 году беларускія газэты друкуюць паэму Купалы «З угодкавых настрояў», прысьвечаную 10-годзьдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі. У паэме ўхваляюцца падзеі кастрычніка 1917 году з надзвычай вялікім патасам, празь які праглядае яўная насьмешка.

Падчас візыту ў Чэхаславаччыну ў 1927 прадстаўнік эміграцыйнага ўраду БНР патаемна прапанаваў Купалу палітычны прытулак у Чэхіі. Паэт адмовіўся, спаслаўшыся на радню ў Беларусі[3].

У наступныя гады пачынаецца хваля рэпрэсіяў сярод творчай інтэлігенцыі, і Купала, як і шмат іншых беларускіх ды расейскіх паэтаў, прымушаны пісаць на замову ўлады ўхвальныя вершы на тэмы «будаўніцтва сацыялізму». Ён шмат разоў выклікаўся на допыты па справе контррэвалюцыйнай арганізацыі «Саюз вызваленьня Беларусі», якая ў рэальнасьці не існавала. 20 лістапада 1930 году, ня вытрымаўшы зьдзекаў, Купала робіць спробу самагубства, але застаецца жывы. Лежучы ў шпіталі, канчаткова зломлены, падпісвае г. зв. «Адкрыты ліст Я. Купалы» з адрачэньнем ад нацыянальнай ідэі. У гэтым лісьце, надрукаваным у газеце «Зьвязда» 14 сьнежня 1930 году, Купала «шчыра» раскайваецца ў контр-рэвалюцыйнай дзейнасьці, у сваёй ідэйна-натхняючай ролі ў беларускім нацыянальна-дэмакратычным руху. У 1935 годзе Купала разам з дэлегацыяй савецкіх журналістаў і пісьменьнікаў наведвае Славаччыну, у прыватнасьці жывапіснае мястэчка Сьвяты Юр.

Творчасьць Купалы 30-х гадоў складаецца з прасавецкіх вершаў ды артыкулаў, пазбаўленых мастацкае вартасьці, апроч цыклу вершаў 1935 году, створаных у вёсцы Ляўкі («Сонцу», «Лён», «Дарогі» і іншыя), паэмы «Над ракой Арэсай» (1933), прысьвечанай калектывізацыі, паэмы «Барысаў» (1934) і паэмы «Тарасова доля» (1939) памяці Тараса Шаўчэнкі. Зь вершаў 30-х гадоў быў складзены зборнік «Ад сэрца» (1940), за які Купала ў 1941 годзе атрымаў Сталінскую прэмію ў галіне літаратуры і мастацтва.

[рэдагаваць] Апошнія гады жыцьця

Другая сусьветная вайна застала Купалу ў Коўне, дзе 22 чэрвеня 1941 году ён спыніўся па дарозе з Рыгі, вяртаючыся са зьезду пісьменьнікаў савецкай Латвіі. Забраўшы зь Менску жонку, пісьменьнік зьехаў у Маскву, а адтуль напрыканцы кастрычніка эвакуяваны ў Печышчы (Татарстан). Ён стварае шэраг вершаў — зваротаў да свайго народу, у якіх заклікае да барацьбы з акупантамі: «Беларускім партызанам», «Зноў будзе шчасьце мець і волю…», «Паўстаў народ…» і іншыя.

4 чэрвеня 1942 году Купала быў раптоўна выкліканы ў Маскву тэлеграмай ад старшыні Саўнаркаму БССР І. С. Былінскага. 28 чэрвеня ў Маскве Купала трагічна загінуў, упаўшы зь лесьвіцы ў гатэлі «Масква». Паэт быў пахаваны ў Маскве на Ваганькаўскіх могілках, а праз 20 гадоў яго прах быў перавезены ў Беларусь. Цяпер магіла Янкі Купалы знаходзіцца на Вайсковых могілках у Менску, побач з магілай Якуба Коласа. Тамсама знаходзіцца й магіла маці паэта Бянігны Іванаўны, якая памерла ў акупаваным Менску, перажыўшы сына на два дні[3].

[рэдагаваць] Вэрсіі гібелі паэта

  1. Афіцыйная вэрсія — няшчасны выпадак. Па заключэньні сьледчых, паэту зрабілася блага (паводле іншых зьвестак, ён быў у стане алькагольнага ап’яненьня), ён абапёрся на парэнчы, але не ўтрымаўся, перакуліўся празь іх і зваліўся ў лесьвічны пралёт.
  2. Другая вэрсія — забойства, справа рук НКВД. Ніякіх дакумэнтальных пацьвярджэньняў гэтаму няма, але шмат хто з дасьледнікаў прытрымліваецца гэтай вэрсіі. Ускосным пацьверджаньнем гэтага можна лічыць хіба тое, што ніякага грунтоўнага высьвятленьня абставінаў гібелі Купалы не праводзілася — кіраўнікі партыі толькі абвясьцілі: «Напіўся ды ўпаў…». У любым выпадку, у дасьледнікаў у 1960-х гадох так і не атрымалася знайсьці матэрыялаў крымінальнай справы пра сьмерць Янкі Купалы.
  3. Апошняя вэрсія - самагубства. Дэпрэсія, у якой знаходзіўся паэт, таксама магла аказаць вялізны ўплыў на ягоны псыхічны стан, тым болей, што паэт раней ужо рабіў спробу самагубства ў 1930 годзе.

Галоўнаю прычынаю ўсіх трох вэрсіяў сьмерці Янкі Купалы маглі стаць чуткі пра прысваеньне ў акупаваным Менску адной з вуліцаў імя Івана Луцэвіча. Ціск НКУС і пастаянныя даносы на паэта пра ягоныя сувязі з нацыстамі, падагрэтыя гэтымі чуткамі, уплывалі на псыхалягічны стан паэта і маглі стацца прычынаю забойства. Хоць насамрэч менская вуліца была названая ў гонар Івана Луцкевіча — заснавальніка «Беларускай рэвалюцыйнай грамады». А вуліца імя Янкі Купалы магла зьявіцца ў Менску яшчэ да вайны, аднак тагачасны сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка выкрасьліў з партыйнай пастановы прозьвішча паэта, унесенае з фармулёўкай «на прапанову працоўных»[3].

[рэдагаваць] Літаратурная спадчына

Адносна непрацяглы дарэвалюцыйны пэрыяд творчай актыўнасьці Янкі Купалы (19071913 гг.) зьяўляецца найбольш плённым ў ягонай літаратурнай біяграфіі. Менавіта ў гэтыя гады выходзіць тры зборнікі вершаў («Жалейка», 1908; «Гусьляр», 1910 і «Шляхам жыцьця», 1913) і тры з чатырох яго драматычных твораў (п’есы «Паўлінка», 1912; «Прымакі», 1913; «Раскіданае гняздо», 1913).

У гэты ж час Купала стварае трынаццаць з 18 сваіх паэмаў. Умоўна Купалавы паэмы гэтага пэрыяду падзяляюць на раньнія («Зімою», «Нікому», «Калека», «Адплата каханьня», усе 1907 г.), фальклёрна-рамантычныя («Курган», 1910; «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я», усе 1913 г.), драматычныя («Адвечная песьня», 1908; «Сон на кургане», 1910; «На папасе», 1913) і апавядальныя («У Піліпаўку», «За што?», абедзве 1908 г.).[4]

Асэнсаваньнем неадназначных лёсавызначальных падзеяў у жыцьці беларускага грамадзтва ў першыя пасьлярэвалюцыйныя гады прасякнуты зборнік вершаў Купалы «Спадчына» (1922), трагікамэдыя «Тутэйшыя» (1922), рамантычная паэма «Безназоўнае» (1924), лірыка-публіцыстычная паэма «З угодкавых настрояў» (1927).

Апошнія паэмы Купалы «Над ракой Арэсай» (1933), «Барысаў» (1934), «Тарасова доля» (1939) і зборнік вершаў «Ад сэрца» (1940) сталі сьведчаньнем трагічнага спыненьня творчага ўздыму паэта, пазбаўленага магчымасьці ствараць свабодна.

Значную частку літаратурнай спадчыны Янкі Купалы ўтварае ягоны перакладчыцкі набытак. Зь пяці моваў (расейскай, украінскай, польскай, францускай і нямецкай) Купала пераклаў 92 творы 36 аўтараў (у т. л. 9 невядомых), зь іх 71 верш, 15 паэмаў ці ўрыўкаў зь іх, опэрнае лібрэта «Галька» С. Манюшкі, драму «Эрас і Псіха» Е. Жулаўскага і інш. Найчасьцей зьвяртаўся да творчасьці Т. Шаўчэнкі (пераклаў 26 твораў), М. Канапніцкай (12), М. Някрасава (6), А. Міцкевіча (5) і Ул. Сыракомлі (5).[5] Дзякуючы Купалу па-беларуску загучалі «Слова аб палку Ігаравым» (прозай і вершам), «Інтэрнацыянал», паэма А. Пушкіна «Медны коньнік» ды іншыя творы.

Творы Купалы перакладзены на 117 моваў сьвету.

[рэдагаваць] Ушанаваньне памяці

Даследваньню жыцьця і творчасьці, захаваньню літаратурнай спадчыны беларускага песьняра прысьвечана праца Літаратурнага музэю Янкі Купалы ў Менску, філій музэю ў Вязынцы, Ляўках, Харужанцах (філіял «Акопы»), Яхімоўшчыне, дзейнасьць Міжнароднага фонду Янкі Купалы.

Імём Янкі Купалы названыя Інстытут мовы і літаратуры Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі (разам з імём Якуба Коласа), Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1957 г.), вуліца, парк і станцыя мэтро ў Менску, мэмарыяльныя запаведнікі у Вязынцы і Ляўках, ландшафтны заказьнік у Акопах, праспэкт у Горадні. У 1959 годзе пачала прысуджацца Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы (ад 1965 году прэмія мае статус дзяржаўнай).

2 ліпеня 1942 году была прынятая пастанова аб прысваеньні Беларускаму дзяржаўнаму унівэрсытэту імя Янкі Купалы. Пастанова так і не была ажыцьцёўленая, хоць дасюль і не адмянялася[3].

Папулярызацыю ведаў пра жыцьцё і творчасьць першага народнага паэта Беларусі маюць на мэце Купалаўскія чытаньні. За апошнія гады чытаньні сталі галоўным прафэсійным форумам для абмеркавання навуковых дасягненняў і праблемаў купалазнаўства.

[рэдагаваць] Помнікі

[рэдагаваць] Янка Купала на мэдалях, манэтах, значках і марках

[рэдагаваць] Глядзіце таксама

[рэдагаваць] Бібліяграфія

[рэдагаваць] Крыніцы тэкстаў

  • Поўны збор твораў: у 9 тт. / АН Беларусі, Iн-т літ. імя Я. Купалы. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1995 — 2003.
  • Выбраныя творы / Аўт.уклад. У. Гніламедаў, А. Шамякіна; аўт.прадм. Н. Гілевіч; камент. А.Шамякіна. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2002. — 640 с.[8]с.:iл.
  • П'есы. Публіцыстыка. Янка Купала пра сябе / Уклад. і прадмовы Н. Гілевіча. — Мн.:Кніга, 2002. — 527 с.

[рэдагаваць] Дасьледаваньні жыцьця і творчасьці

[рэдагаваць] Кнігі

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.
  • Багдановіч, I.Э. Авангард і традыцыя: беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння / НАН Беларусі, Iн-т літаратуры імя Я.Купалы. — Мн.: Беларуская навука, 2001. — 387 с.
  • Бондарава, Е.Л. Кінематограф і літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў на экране. — Мн.: Універсітэцкае, 1993. — 175 с.
  • Васючэнка, П. Драматургічная спадчына Янкі Купалы: Вопыт сучаснага прачытання. — Мн.: Навука і тэхніка, 1994. — 173 с.
  • Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: у 4-х т. Т.1 : 1901-1920 / НАН Беларусі, Аддзяленне гуманіт. навук і мастацтваў, Ін-т літаратуры імя Я.Купалы; рэд.кал.: У.В.Гніламедаў і інш. — 3-е выд. - Мн.: Беларуская навука, 2003. — 583 с.
  • Гніламедаў, У.В. Ад даўніны да сучаснасці: нарыс пра беларускую паэзію. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2001. — 246 с.
  • Гніламедаў, У.В. Янка Купала: Жыццё і творчасць / НАН Беларусі, Ін-т літаратуры імя Я.Купалы. — Мн.: Беларуская навука, 2002. — 238 с.
  • Гніламедаў, У.В. Янка Купала: новы погляд. — Мн.: Народная асвета, 1995. — 176 с.
  • Кіпелі В. і З. Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе: Бібліягр. — Нью-Ёрк, 1985.
  • Колас, Г.Д. Карані міфаў: Жыцце і творчасць Я.Купалы. — Мн.: БГАКЦ, 1998. — 346 с. — ISBN 985-6012-56-2
  • Купалаўскія чытанні: навуковая канферэнцыя, прысвечаная 106-й гадавіне з дня нараджэння Янкі Купалы і 80-годдзю яго першага зборніка "Жалейка". Склад. С. Майхровіч. Рэд. калегія: А.Лойка, В.Рагойша, Ж.Дапкюнас. — Мн.: Літаратурны музей Янкі Купалы, 1991. — 92 с.
  • Ліпскі, Ул. Янкаў вянок: дзецям пра Янку Купалу. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2009. — 222 с.
  • Лойка А. Як агонь, як вада…: Раман-эсэ пра Янку Купалу. ― Мн., 1984.
  • Ляшчынская, В.А. Метафара ў паэзіі Янкі Купалы / Навук. рэд. А.М.Булыка. — Гомель, 2003. — 159 с.
  • Мастацкі свет Янкі Купалы: класычна-анталагічнае і непаўторна-індывідуальнае: VIII Міжнародныя купалаўскія чытанні — навуковая канферэнцыя, Мінск, 26-27 чэрвеня 2007 г. Уклад. А. Бурбоўская; рэдкал.: В.Рагойша (гал. рэд.), А. Мацевасян, А. Сташкевіч. — Мн., 2009.
  • Пракопчык Л. Даўгінаўскія вёрсты. Нарысы. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1977. — 160 с.
  • Пуцявінамі Янкі Купалы: дакументы і матэрыялы. — Мн., 1981.
  • В.Рагойша Напісана рукой Купалы. Архіўныя знаходкі. — Мн.: Выдавецтва БДУ імя Леніна, 1981. — 136 с.
  • Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі… — Мн., 1990.
  • Слоўнік мовы Янкі Купалы: у 8 тт. / Гомельскі дзярж.ун-т імя Ф.Скарыны; склад. У. В. Анічэнка і інш.; рэдкал. У. В. Анічэнка і інш. — Мн.: Беларуская навука, 1997-2003.
  • Содаль, У.I. Тут бачу свой край. — Мн.: Полымя, 1994. — 78 с: iл.
  • Спадчына Янкі Купалы і яго музей у сучасным асэнсаванні: міжнародная навуковая канферэнцыя. Склад. А. Хатэнка. Рэд. рада: Ж.Дапкюнас,В.Рагойша, С. Панізнік. — Мн.: Беларускае выдавецкае таварыства «Хата», 1996. — 64 с.
  • Чырскі, М.А. Гасцінцам Купалы. — Мн.: Універсітэцкае, 2002. — 36 с.
  • Янка Купала: да 100-годдзя з дня нараджэння: біябібліягр. паказ. / склад. Л. М. Бабкова, Н. А. Вітушка, Л. У. Камінская. — Мн., 1984. — 410 с.
  • Янка Купала і Адам Міцкевіч: IV Мiжнародныя купалаўскiя чытаннi, Менск, 9 верасня 1998 г.: Да 200-годдзя зь дня нараджэння А.Мiцкевiча. З Купалаўскiх мясьцiн: II Мiжнародныя ракаўскiя чытаннi, Ракаў, 10 верасня 1998 г.: Зб. дакл. Пад рэд. Ж.Дапкюнас, В.Рагойшы. — Мн., 2000.
  • Янка Купала і еўрапейскі літаратурны працэс: VI Мiжнародныя купалаўскія чытаннi — навуковая канферэнцыя, Мінск, 4-3 лiпеня 2002 г. Уклад.: А.Бурбоўская; Рэдкал.: В.Рагойша і інш. — Мн., 2003.
  • Янка Купала і «Наша Ніва»: міжнародная навуковая канферэнцыя, 7-8 кастрычніка 1996 г. Склад. С. Панізнік. Рэд. рада: Ж.Дапкюнас,В.Рагойша, С. Панізнік. — Мн.: Беларускае выдавецкае таварыства «Хата», 1997. — 200 с. * Янка Купала і праблемы беларускага самапазнання: V Мiжнародныя купалаўскiя чытаннi — навуковая канферэнцыя, Мінск, 7-8 снежня 2000 г. Уклад. А.Бурбоўская; Рэдкал.: Ж.Дапкюнас і інш. — Мн., 2002.
  • Янка Купала — публіцыст: ІІІ Міжнародныя Купалаўскія чытанні, 20-21 кастрычніка 1997 г., Мінск. Уклад. С.Панізнік; Рэд. рада: Ж.Дапкюнас і інш. — Мн., 1998.
  • Янка Купала ў літаратурнай крытыцы і мастацтвазнаўстве: бібліяграфія / рэд. М. Я. Ярош, І. К. Жыдовіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1980. — 288 с.
  • Янка Купала ў творчасці мастакоў. Мн.: 1982.
  • Ярош, М.Р. Пясняр роднай зямлі: Жыцце і творчасць Я.Купалы / НАН Беларусі, Ін-т літ-ры імя Я.Купалы. — 2-е выд. — Мн.: Беларуская навука, 2003. — 341 с. — ISBN 985-08-0577-3

[рэдагаваць] Артыкулы

  • Абламская, I. Янка Купала ва ўспамінах Вацлава Ластоускага // Роднае слова. — 1995. - N4. — С.156-161.
  • Анічэнка, У. Янка Купала — наш гонар і слава: пра слоўнiк мовы Я.Купалы // Роднае слова. — 1999. — N7. — С.49—52.
  • Багдановіч І., Саламевіч І. Купалазнаўства // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 9. — Мн.:, 1999. —С. 28—29.
  • Багдановіч І., Дапкюнас Ж. Купала Янка // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 3 / Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь, Беларус. Энцыкл.; Пад рэд. А.В. Мальдзіса. —Мн., 1994. — С. 489—494
  • Бандарэнка, К. Купалаускія вобразы на балетнай сцэне: балет Яугена Глебава "Выбраннiца" // Роднае слова. — 1999. — N1 . — С.139—142.
  • Вальчук, А. В. Янка Купала і духоўна-рэлігійнае адраджэнне Беларусі // Беларуская мова і літаратура. — 2005. — N 7. — С. 47—51.
  • Вольскi, А. Не можа Беларусь без Купалы... // Пачатковая школа. — 2000. — N2. — С.30—32.
  • Гарадніцкі, Я. А. Хранатоп у мастацкім свеце Янкі Купалы // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманітарных навук. — 2004. — N 2. — С. 102—106.
  • Гарэцкі, Р. Янка Купала і браты Гарэцкія // Роднае слова. ― 2004. ― №7. ― С. 96―99.
  • Гніламедаў, У.В. Ен адкрыў Беларусь: пра Янку Купалу // Роднае слова. — 2002. — N7. — С.3—7.
  • Запартыка, Г. З гісторыі архіва Янкі Купалы // Роднае слова. — 1999. — N11. — С.208—212.
  • Івашын, В.У. Асветніцкія ідэі ў творчасці Янкі Купалы // Адукацыя і выхаванне. — 2002. — N6. — С.50—52.
  • Івашын, В. Філасофская лірыка Янкі Купалы // Роднае слова. — 2003. — N5. — С.13—15.
  • Кабржыцкая, Т. Драматургічны геній Янкі Купалы // Полымя. — 2001. — N11. — С.166—180.
  • Казбярук, У. Вытокі і магія паэтычнага слова: Верш Янкi Купалы "Мая навука" // Роднае слова. — 1998. — N8. — С.16—22.
  • Камейша, К. Беларускай песні уладар: пра Я.Купалу // Маладосць. — 1997. — N 7. — С.208—216.
  • Конан, У. Прарок у вобразе музыкі: арфiчныя матывы у творчасцi Янкi Купалы // Роднае слова. — 2005. — N 7. — С. 24—27.
  • Купала Янка // Беларускія пісьменнікі (1917 — 1990): даведнік / нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Маст. літ., 1994. — 653 с.
  • Купала Янка // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн.: 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Лепешаў, I.Я. П'еса Янкі Купалы «Тутэйшыя»: рэальна-гiстарычны каментарый // Беларуская мова і літаратура. — 2001. — N1. — С.107—121.
  • Лойка А., Саламевіч І. Янка Купала // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 9. — Мн.:, 1999. — С. 25—28.
  • Ляшчынская, В.А. Аб ролі Янкі Купалы ў развіцці беларускай літаратурнай мовы // Беларуская мова і літаратура. — 2003. — N6. — С.117—122.
  • Ляшчынская, В. А. Асаблiвасцi паэтычнай мовы Янкi Купалы // Весцi НАН Беларусi. Сер. гуманiтарных навук. — 2004. — N 3. — С. 106—109.
  • Максімовіч, В. Метамарфозы жыцця: «метафарычная міфатворчасць» Я.Купалы // Беларуская мова і літаратура. — 1998. — N1. — С.121—128.
  • Міцкевіч, В. Першая сустрэча Янкі Купалы і Якуба Коласа // Роднае слова. — 2002. — N8. — С.98—99.
  • Мушынскi, М. Актуальнасць класiкi: поўны збор твораў Янкi Купалы ў сенняшняй сацыякультурнай сiтуацыi // Беларуская думка. — 2005. — N 1. — С. 160—169.
  • Мятліцкая, Г. Міф і гісторыя ў паэзіі Янкі Купалы // Полымя. — 2006. — N 7. — С. 139—154.
  • Несцяровіч, В.Б. Калыхала маці сына ў калысцы ў ліповай...: тэма дзяцiнства ў паэзii Янкi Купалы// Пачатковая школа. — 2002. — N7. — С.21—24.
  • Нуждзіна, Т. Купала. Народ. Песня: [творчасць Янкi Купалы] // Полымя. — 2002. — N7/8. — С.237—244.
  • Някляеў, Ул. Шлях. / Папулярны біяграфічны нарыс // Дзеяслоў. - 2005. — №6.
  • Рагойша, В. Янка Купала // Роднае слова. — 2001. — N7—9.
  • Раманоўская Я.. Акопы ― творчая калыска Купалы // Маладосць. ― Мн., 2010. ― № 7. ― С. 84―92.
  • Саламаха, У. Да Купалы ў Вязынку // Маладосць. — 2002. — N7—8. — С.112—114.
  • Санюк, З. Харызматычны статус творчасці Янкі Купалы // Роднае слова. — 2000. — N1. — С.14—16.
  • Скачкова, В.А. Прыметнікі памеру ў мове Янкі Купалы // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманітарных навук. — 2000. — N1. — С.141—144.
  • Сідарэвіч, А. Антон Луцкевіч і Янка Купала // Тэрмапілы. Літ.-маст. І беларусазнаўчы часопіс. — Беласток, 2003. — N7. — С.163—226.
  • Тычка, Г.К. Тэма паэта-прарока ў творчасці Янкі Купалы і яе повязь з рэгіянальнай польскамоўнай традыцыяй // Беларуская мова і літаратура. — 2001. — N3. — С.81—102.
  • Тычына, М. Сын і маці: вобраз маці у творчасці Янкі Купалы // Роднае слова. — 2006. — N 7. — С. 8—11.
  • Kupała, Janka // Zaprudnik, Jan. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998.— 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. ^ Уладзімір Конан. Жанры малітвы ў паэзіі Янкі Купалы // Наша вера, 28 лютага 2004
  2. ^ Янка Купала // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А.К. Гардзіцкі. Нав.рэд. А.Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. С. 317
  3. ^ a b c d Васючэнка, Пятро (7 ліпеня 2007) Купала прадказаў таталітарызм і глабалізацыю. «Труд-7». Праверана 8 лютага 2009 г.
  4. ^ Энцыклапедычны даведнік «Янка Купала». Артыкул «Паэма». — Мн., БелСЭ, 1986. — C.469.
  5. ^ Энцыклапедычны даведнік «Янка Купала». Артыкул «Пераклады Янкі Купалы». — Мн., БелСЭ, 1986. — C.472.

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg  Янка Купаласховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Асабістыя прылады
Прасторы назваў

Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах