Гданьск
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
| Гданьск | ||||
|
|
||||
| Плошча | 262 км² | |||
| Насельніцтва | 457 630 (2006) | |||
| Тэлефонны код | +48 58 | |||
| Паштовы індэкс | ад 80-008 да 80-958 | |||
| Часавы пас - улетку |
+1 +2 |
|||
| Мэр | Павел Адамовіч
|
|||
Гданьск (па-нямецку: Danzig, па-польску: Gdańsk, па-кашубску Gduńsk, з 1308 па 1466, і з 1793 па 1945 год — Данцыг) — горад у паўночнай Польшчы, каля 500 000 жыхароў. Разам з суседнімі Сопатам і Гдыняй утварае агламерацыю Траймяста, г.зн. патройны горад, з агульным насельніцтвам каля мільёну чалавек. Гданьск — буйны порт на Балтыйскім моры, цэнтар прамысловасьці, у прыватнасьці нафтахімічнай і машынабудаваньня (разьвітыя суднабудаваньне і суднарамонт).
Зьмест |
[рэдагаваць] Кароткая гісторыя
- Гданьск упершыню згадваецца ў летапісах ў 997 годзе ў сувязі зь місіяй сьвятога Адальбэрта (Войцэха) ў Прусію. Аднак па зьвестках археалягічных раскопак, паселішча на месцы Гданьска існавала ўжо ў пятым стагодзьдзі.
- 14 лістапада 1308 году Гданьск быў захоплены рыцарамі Тэўтонскага ордэна і быў далучаны да Прусіі. Горад быў пераназваны ў Данцыг.
- У 1466 годзе, пасьля cканчэньня Трынаццацігадовай вайны Тэўтонскага Ордэна з Польшчай, падчас якой Ордэн пацярпеў паразу, Гданьск быў узьяднаны з Польшчай і яму быў вернуты яго першапачатковы назоў.
- Аднак у 1793 годзе, у выніку падзелу Рэчы Паспалітай, Гданьск дастаўся Прусіі і зноўку стаў Данцыгам.
- Пасьля Першай сусьветнай вайны Гданьск атрымаў статут вольнага гораду і знаходзіўся пад кіраваньнем Лігі Нацый. Большую частку насельніцтва гораду складалі немцы, але палякі мелі права на свае ўласныя ўстановы, напрыклад, школы, бібліятэкі і г. д.
[рэдагаваць] Другая сусьветная вайна
1 верасьня 1939 году ў Гданьску фактычна пачалася Другая сусьветная вайна. Нямецкімі войскамі былі атакаваныя Польская Пошта і невялікі польскі гарнізон у форце Вестэрплатэ.
На працягу некалькіх гадзін Польскую Пошту абаранялі некалькі дзясяткаў польскіх патрыётаў, узброеных у асноўным спартовай і паляўнічай зброяй. Форт Вестэрплатэ быў абстраляны караблямі нямецкага ВМФ. На наступны ж дзень Гданьск увайшоў у склад Усходняй Прусіі як Данцыг.
Падчас бамбаваньня і штурму савецкімі войскамі горад быў вельмі моцна разбураны, у цэнтры разбурэньні дасягалі 70—80%.
Пасьля вайны, на рашэньне Патсдамскай канфэрэнцыі Ўсходняя Прусія была ліквідаваная. Яе паўночная частка, прыкладна 2/3 агульнай тэрыторыі, у тым ліку і Гданьск, была перададзеная Польшчы. Нямецкае насельніцтва было дэпартаванае.
[рэдагаваць] Сучаснасьць
Напрыканцы 1980-х гадоў у Гданьску паўстаў незалежны прафсаюз суднабудаўнікоў Салідарнасьць, на чале якога ўстаў зваршчык з гданьскай суднавэрфі Лех Валенса. Дзейнасьць гэтага прафсаюза стала адным з фактараў распаду сацыялістычнай сыстэмы. Пасьля Лех Валенса стаў прэзыдэнтам Польшчы.
Адразу жа пасьля вайны, ужо напрыканцы 1940-х гадоў, нягледзячы на значныя эканамічныя цяжкасьці, у Гданьску пачалося аднаўленьне старога гораду.
Гэты працэс не завершаны дагэтуль, хоць вялікая частка прац ужо выкананая. У асноўным не адноўленымі застаюцца руіны зерневых сьвіранаў на высьпе Складоў і высьпе Алавянка. У цэлым жа стары горад адноўлены амаль поўнасьцю.
[рэдагаваць] Славутасьці
Стары горад уяўляе сабою архітэктурны комплекс XIII—XVIII стагодзьдзяў. Асноўныя славутасьці:
- Касьцёл Сьвятой Панны Марыі, другі па велічыні ў Эўропе (пасьля Кёльнскага сабору) і ў той жа час самы вялікі цагляны храм у Эўропе. Ён быў пабудаваны ў XIII—XVI стагодзьдзях у строгім гатычным стылі.
- Каралеўскі гасьцінец — парадны ўезд у горад, які пачынаецца ў комплексу гарадзкіх брамаў (Высокая брама, Ліхадзейская брама і Залатая брама), далей гасьцінец ідзе па вуліцы Длугай (Доўгай) і сканчаецца на пляцы Длугі Тарг (Доўгі рынак).
- На Длугім Таргу знаходзяцца шматлікія помнікі эпохі Рэнэсансу:
- гарадзкая ратуша,
- двор Артуса,
- фантан Нэптуна,
- Залатая Дом,
- Зялёная брама.
У Гданьску разьмешчаныя шматлікія музэі, у тым ліку галерэя жывапісу. Цікавы археалягічны музэй, разьмешчаны ў гістарычным цэнтры горада. Там жа разьмешчаны гданьскі Марскі музэй. Да марскога музэя адносіцца таксама і Жураў — будынак XV стагодзьдзя, які спалучаў у сабе некалькі функцыяў — гарадзкой брамы, абарончай вежы і партовага крана. Да пачатку дваццатага стагодзьдзя Жураў быў найвялікшым партовым кранам Эўропы. Яго таксама выкарыстоўвалі дзеля ўсталёўкі шчоглаў на караблі.
У прыгарадзе Гданьска разьмешчаны заапарк.
[рэдагаваць] Знакамітыя ўраджэнцы Гданьска
- Габрыель Фарэнгейт, фізык, вынаходца аднайменнай шкалы тэмпэратур
- Ян Гевелі, півавар і астраном
- Артур Шапэнгаўэр, філёзаф
- Гюнтэр Грас, пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі (1999)
[рэдагаваць] Фотаздымкі
[рэдагаваць] Спасылкі
Гданьск — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў

