Максім Гарэцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошук
Максім Гарэцкі
Gor 05.jpg
Максім Гарэцкі (справа) са сваім братам Гаўрылам Гарэцкім, 1926
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 18 лютага 1893
Сьцяг Расеі в.Малая Багацькаўка, Амсьціслаўскі павет, Магілёўская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр: 10 лютага 1938
Сьцяг СССР Вязьма, Смаленская вобласьць, РСФСР, СССР
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці: пісьменьнік, літаратуразнаўца, лексыкограф, фальклярыст
Гады творчасьці: 19121937 гг.
Напрамак: паэзія
Дэбют: «У лазьні», 1913
Значныя творы: «Ціхая плынь»
Творы на сайце Knihi.com

Максі́м Іва́навіч Гарэ́цкі (18 лютага[1] 1893, в. Малая Багацькаўка, Амсьціслаўскі павет, Магілёўская губэрня[2] — 10 лютага 1938, Вязьма[3]) — беларускі пісьменьнік, дзяяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэньня, літаратуразнаўца, лексыкограф, фальклярыст; прафэсар[4]. Брат Гаўрылы Гарэцкага.

Карыстаўся літаратурнымі псэўданімамі Максім Беларус, М. Б. Беларус, М. Г., А. Мсьціслаўскі, Дзед Кузьма, Мацей Мышка, Мізэрыус Монус і іншымі; у сваіх творах таксама выступаў як Кузьма Батура і Лявон Задума.

Зьмест

[рэдагаваць] Сям’я

Максім Гарэцкі нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Меў двух братоў — Гаўрылу і Івана. У 1919 (?) годзе ў Вільні пабраўся шлюбам. Жонка, Леаніла Ўсьцінаўна Чарняўская-Гарэцкая, працавала настаўніцай у I Віленскай беларускай гімназіі, працавала над складаньнем чытанак «Родны край». Першае, напісанае ёй апавяданьне, — «Мікітка» (Вільня), стала аўтарам малога зборніка «Дзяціныя гульні».

Сын Леанід, загінуў у баях пад Ленінградам (1944). Вядомыя яго «Пісьмы з фронту» да сям’і. Дачка Галіна.

[рэдагаваць] Жыцьцё і дзейнасьць

У 1913 годзе Максім Гарэцкі скончыў каморніцка-агранамічнае вучылішча ў Горы-Горках, у 1916 — Паўлаўскае ваеннае вучылішча ў Петраградзе. Прапаршчык расейскай арміі (1916).

Чарцёжнік, каморнік землеўпарадкавальных камісіяў Віленскай губэрні (Вільня, 19131914).

У час Першай сусьветнай вайны быў прызваны ў расейскую армію (восень 1914). Цяжка паранены (25 кастрычніка 1914), доўга лячыўся ў ваенных шпіталях Вільні, Масквы, Магілёва. У чыне прапаршчыка служыў у Іркуцку і Гжацку, у канцы 1916 на фронце ў Пінскіх балотах. Там быў прызначаны ў камісію па рэквізіцыі сена ў сялян, але не любіў гэтай працы і адпрасіўся ў акопы. Цяжка захварэў, быў адасланы ў тыл на лячэньне (Жалезнаводзк, 1917), потым зусім звольнены з войска.[5]

Пераехаў у Смаленск, паступіў у Археалягічны інстытут (1917). Кастрычніцкія падзеі сустрэў тамсама, хутка пасьля таго — на савецкай службе[6], у Смаленскім савеце (адзначаецца яго добрае знаёмства з В. Кнорыным[7]). Працуе камэндантам жыльлёвага адзьдзела[8] ў Смаленску (1918), паралельна, потым і стала супрацоўнічаў у мясцовых газэтах «Известия Смоленского Совета», «Западная коммуна», «Звязда» (з жніўня 1918, запрошаны на сталую працу ў «Звязду» Кнорыным пасьля абвяшчэньня БССР[5]). Супрацоўнічаў з газэтай «Дзяньніца».

Разам з рэдакцыяй «Звязды» пераехаў у Менск, потым у Вільню (пачатак студзеня 1919). Пры раптоўным захопе Вільні польскім войскам (канец красавіка 1919) апынуўся на акупаванай тэрыторыі. Настаўнік Віленскай беларускай гімназіі і беларускіх настаўніцкіх курсаў. Супрацоўнічаў у газэце «Беларускія ведамасьці», «Беларускі звон». Рэдактар і выдавец газэты «Наша думка» (сьнежань 1920 — ліпень 1921), «Беларускія ведамасьці» (зь верасьня 1921).

У студзені 1922 году, перад выбарамі ў Віленскі сойм, быў арыштаваны польскімі ўладамі як цяжкі палітычны злачынца[9], зьняволены ў Лукіскай турме ў Вільні. У выніку пратэстаў за мяжой супраць масавых арыштаў беларускіх і жамойцкіх дзеячоў прымусова высланы ў Беларусь[10]. У канцы кастрычніка 1923 году пераехаў зь сям’ёй зь Вільні у Менск.

Выкладчык мовы і літаратуры (у тым ліку у БДУ, Камуністычным унівэрсытэце БССР, Менскім вэтэрынарным тэхнікуме, Горацкай сельгасакадэміі1 студзеня 1926). Загадчык катэдры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Горацкай сельгасакадэміі[11]. Правадзейны чалец Інбелкульта, навуковы сакратар Літаратурнай камісіі (да 10 чэрвеня 1925), вучоны спэцыяліст (2 кастрычніка 1928) Інстытута навуковай мовы Інбелкульта. Удзельнік Беларускай акадэмічнай канфэрэнцыі, дакладчык па пытаннях мастацкай літаратуры. (1926).

[рэдагаваць] Рэпрэсіі

Разам зь іншымі беларускімі дзеячамі стаў аб’ектам кампаніі «крытыкі» ў друку (1929).

Арыштаваны (19 ліпеня 1930) па абвінавачаньні ў прыналежнасьці да Саюза вызваленьня Беларусі, у красавіку — траўні 1931 засуджаны да высылкі на пяць гадоў у горад Вятку. У Вятцы працаваў чарцёжнікам (17.8.1931 — 1.3.1932), тэхнікам-сьметчыкам мясцовага ФУП[12], на іншых працах. Зь 1 верасьня 1935 настаўнік расейскай мовы і літаратуры ў СШ г. п. Пясочня[13]. Увесь гэты час займаўся літаратурнай працай.

Арыштаваны (4 лістапада 1937), пазьней расстраляны па прысудзе «тройкі» НКУС. Рэабілітаваны 15 лістапада 1957.

[рэдагаваць] Ацэнкі

Пасьля рэпрэсій 1930-х гадоў і далейшага замоўчваньня, публікацыі і дасьледаваньні творчасьці пісьменьніка былі ўзноўлены ў 1960-х гадах. У іх ліку — манаграфіі Дзьмітрыя Бугаёва «Максім Гарэцкі» (Менск, 1968), А. Адамовіча «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» (Менск, 1980), І. Чыгрына «Паміж былым і будучым» (Менск, 1994), артыкулы і прадмовы да выданьняў Дз. Бугаёва, М. Лужаніна, М. Мушынскага, Ю. Пшыркова, І. Чыгрына і інш.

У наш час Максім Гарэцкі прызнаецца клясыкам беларускай літаратуры. Фактычна, пачынальнік твораў маральна-этычнай праблематыкі ў беларускай літаратуры[14]. Адзін з пачынальнікаў эпічнага жанру, інтэлектуальна-філязофскай, лірычнай, дакумэнтальнай прозы ў беларускай літаратуры[11].

Пачынальнік дасьледаваньняў гісторыі беларускай літаратуры [15].

Адзначаецца шмаграннасьць здольнасьцяў пісьменьніка — літаратурных, матэматычных, музычных[16].

Ваенныя творы Гарэцкага былі заўважаны крытыкай за мяжой, напрыклад, Т. Н. Браран (Н.Рандаў) у НДР[17]. У вышыні антываеннага духу апавяданьні «Генэрал» і «Рускі» параўноўваюцца крытыкамі з творамі Васіля Быкава «Мёртвым не баліць» і «Адна ноч»[18], аповесьць «На імпэрыялістычнай вайне» — з ваеннымі творамі Рэмарка, Барбюса, Дзюамеля[17].

[рэдагаваць] У літаратуры

Максім Гарэцкі

У творчасьці Гарэцкага вызначаюцца наступныя пэрыяды (так, як іх акрэсліў Г. Гарэцкі ў лісьце да А. Адамовіча[19]):

  • 1912—1913: Горацкі першы
  • 1913—1914: Віленскі першы
  • 1914—1917: часу імпэрыялістычнай вайны
  • 1917—1919: пачатка Кастрычніцкай рэвалюцыі
  • 1919—1923: Віленскі другі
  • 1923—1926: Менскі першы
  • 1926—1928: Горацкі другі
  • 1928—1930: Менскі другі
  • 1931—1935: Вяцка-Кіраўскі
  • 1935—1937: Пясочынска-Кіраўскі

Гарэцкі зьвяртаўся да праблемы ўзаемаадносін інтэлігента і народа, да ролі і місіі інтэлігенцыі ў нацыянальным разьвіцьці (аповесьць «Меланхолія», апавяданьні «Фантазія» і інш.). Расцэньваў ролю беларускага літаратара як надзвычай адказную і патрабавальную да грамадзянскай і нацыянальнай сьвядомасьці. Выступаў супраць правінцыйнай замкнёнасьці маладой беларускай літаратуры.

Пасьля 1917 шмат піша на тэму рэвалюцыі. У 1918—1919 у палемічных допісах рэзка крытыкуе «буржуазных беларускіх дзеячоў», услаўляе бальшавізм; адначасова, крытыкуе «новую (камуністычную) буржуазію», кладзе выразны націск на неглыбокую далучанасьць «буржуазных дзеячоў» да нацыянальнага руху[20].

Зьвяртаўся да жыцьця беларускіх перасяленцаў у Сыбіры («Сыбірскія абразкі», апавяданьні «Хадзяка», «Моцнае каханьне», «Хоцімка» і інш.).

Кнігі Гарэцкага выдаваліся на расейскай, украінскай, польскай, нямецкай мовах.

[рэдагаваць] Творы

  • «У лазьні» (1912, надрукавана ў 1913), першае апавяданьне.
  • «Антон» (1914, упершыню надрукавана ў газэце «Гоман», 1918; асобна — у 1919), драматызаваная аповесьць.
  • «На імпэрыялістычнай вайне» (1914—1919, фрагмэнты друкаваліся ў «Полымі», першае асобнае і цэлае выданьне — 1926), ваенныя запіскі.
  • «Літоўскі хутарок» (1915, надрукаваны ў газэце «Беларусь», 1920), апавяданьне, першая спроба літаратурнага, ня дзёньнікавага твора пра вайну.
  • «Генэрал» (1916, першы раз надрукавана газэтай «Вольная Беларусь», 1918), апавяданьне.
  • «Рускі» (1915), апавяданьне.
  • «Чарнічка», апавяданьне.
  • «Хадзяка» (1916), апавяданьне.
  • «На этапе» (1916), апавяданьне.
  • «Меланхолія», (урыўкі друкаваліся ў 1916), аповесьць (незавершаная).
  • «Сыбірскія абразкі» (1926—1928, часткова выданы ў 1973), збор 42 падарожных замалёвак.
  • «Ціхая плынь», аповесьць (першы варыянт, «За што?», напісаны ў 1917—1918, быў надрукаваны ў газэце «Известия Смоленского Совета», травень 1918; урыўкі друкаваліся аўтарам у заходнебеларускім друку, асобныя выданьні — 1926 і 1930). Называецца крытыкамі адзіным завершаным і скончаным ва ўсіх адносінах буйным творам Гарэцкага[21].
  • «Дзьве душы» (1918—1919, у газэце «Беларуская думка», чэрвень—ліпень 1919, першы раз асобна — Вільня, 1919), аповесьць.
  • «Усебеларускі зьезд 1917-га году» (1922), апавяданьне.
  • «Фантазія», апавяданьне.
  • «Віленскія камунары», раман-кроніка (рукапіс быў адасланы аўтарам у Менск у жніўні 1934, і быў знойдзены ў фондах бібліятэкі АН Летувіскай ССР у лютым 1961; першае выданьне ў 1965). Расейскі варыянт «Виленские воспоминания» прапаноўваўся да друку ў Маскву ў сакавіку 1935, але ня быў прыняты.
  • «Чырвоныя ружы» (1922), драматычны твор.
  • «Камароўская кроніка» (1930—1932—1937, апублікавана 1966), раман-эпапея (незавершаны).
  • «Меланхолія»
  • «У чым яго крыўда?» (1926), аповесьць.
  • «Жартаўлівы Пісарэвіч» (1925, апублікавана «Полымя», 1926), п’еса.
  • «Лявоніус Задумекус», аўтабіяграфічны твор (пісаўся ў 1930-я гады ў Вятцы, надрукаваны з адзінага чарнавіка у часопісе «Полымя» 2/1993).
  • Аўтабіяграфічныя матэрыялы («Храналёгія маіх твораў», успаміны, пісьмы); пераклады асобных прац і твораў Леніна, Горкага, А. Фадзеева, Ю. Лібядзінскага; іншыя творы і допісы ў пэрыядычным друку («Наша Ніва», «Полымя» і інш.)

[рэдагаваць] Кнігі

  • «Рунь» (Вільня, 1914), зборнік прозы, першая кніга.
  • «Расейска-беларускі слоўнік» (Смаленск, 1918, 2-е выд. — Вільня, 1920; разам з Гаўрылам Гарэцкім).
  • «Беларуска-расейскі слоўнічак» (Вільня, 1919, 3-е выд. — Менск, 1925).
  • «Практычны расейска-беларускі слоўнік» (2-е выд. — Менск, 1926; разам з М. Байковым).
  • «Гісторыя беларускае літаратуры» (Вільня, 1919 і 1920, 4-е выд. — Менск, 1926).
  • «Хрэстаматыя беларускай літаратуры. XI век — 1905 г.» (Вільня, 1922).
  • «Народныя песьні з мэлёдыямі» (Менск, 1928; разам з А. Ягоравым), зборнік песень.
  • «Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928» (Менск, 1928).
  • «Апавяданьні», зборнік, рыхтаваўся ў 1928, але ня быў выдадзены. Частка матэрыялаў была выдадзена ў 2-томным зборніку «Выбраныя творы» (Менск, 1973).
  • «Люстрадзён», нявыдадзены зборнік, рыхтаваўся ў 1929 годзе.

[рэдагаваць] Архіў

Пасьля высылкі М. Гарэцкага ў Вятку, ён атрымліваў ад жонкі матэрыялы па пошце, а ў канцы чэрвеня 1932 у Вятку быў прывезены і архіў цалкам. Архіў пасьля 4 сьнежня 1937 перахоўвала жонка Гарэцкага (у Пясочні, Кіраве, Ленінградзе). 12 сакавіка 1971 амаль усе рукапісы былі (ёю?) перададзены ў ФБ АН БССР.

[рэдагаваць] Крыніцы і заўвагі

  1. ^ 6 лютага паводле старога стылю
  2. ^ Цяпер в. Багацькаўка, Амсьціслаўскі раён
  3. ^ У савецкай гістарыяграфіі дата сьмерці падавалася як 20 сакавіка 1939
  4. ^ Ігар Кузняцоў. Носьбіты ідэі беларускай дзяржаўнасці — ахвяры таталітарнага рэжыму // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 16
  5. ^ a b Пшыркоў Юліян. Максім Гарэцкі і яго раман «Віленскія камунары» // Гарэцкі Максім. Віленскія камунары. Раман-хроніка. — Мн. : Беларусь, 1965. С. 7
  6. ^ Адамовіч Алесь. «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» — Мн.: Выд-ва БДУ, 1980. С. 92.
  7. ^ Адамовіч Алесь. «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» — Мн.: Выд-ва БДУ, 1980. С. 89
  8. ^ Кіраваў рэквізіцыяй «лішкаў жытла ў буржуазіі».
  9. ^ Быў абвінавачаны ў прыналежнасьці да партыі камуністаў, арганізацыі замаху на дзяржаўную ўладу, друкаванай і вуснай агітацыі, атрымліваньні грошай ад камуністаў. Такія дзеяньні паводле польскага КК маглі карацца сьмерцю або катаргай.
  10. ^ Адамовіч Алесь. «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» — Мн.: Выд-ва БДУ, 1980. С. 92.
  11. ^ a b Каўка А. К. Гарэцкі Максім Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 494.
  12. ^ ФУП: фабрика учебных пособий.
  13. ^ З 1936 — г. Кіраў Смаленскай, потым Калускай вобласьці.
  14. ^ Чыгрын І. П. Паміж былым і будучым: Проза М. І. Гарэцкага / І. П. Чыгрын. — 2-е выд., выпр. — Мн.: Бел. навука, 2003. С. 70—81.
  15. ^ Пшыркоў Юліян. Максім Гарэцкі і яго раман «Віленскія камунары» // Гарэцкі Максім. Віленскія камунары. Раман-хроніка. — Мн. : Беларусь, 1965. С. 8.
  16. ^ Адамовіч Алесь. «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» — Мн.: Выд-ва БДУ, 1980. С. 23.
  17. ^ a b Чыгрын І. П. Паміж былым і будучым: Проза М. І. Гарэцкага / І. П. Чыгрын. — 2-е выд., выпр. — Мн.: Бел. навука, 2003. С. 50.
  18. ^ Адамовіч Алесь. «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» — Мн.: Выд-ва БДУ, 1980. С. 67.
  19. ^ Адамовіч Алесь. «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» — Мн.: Выд-ва БДУ, 1980. С. 41,42.
  20. ^ Чыгрын І. П. Паміж былым і будучым: Проза М. І. Гарэцкага / І. П. Чыгрын. — 2-е выд., выпр. — Мн.: Бел. навука, 2003. С. 92—96.
  21. ^ Адамовіч Алесь. «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» — Мн.: Выд-ва БДУ, 1980. С. 111.

[рэдагаваць] Літаратура

  • Адамовіч Алесь. «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» — Мн.: Выд-ва БДУ, 1980. — 224 с., іл., 1 л. партр.
  • Чыгрын І. П. Паміж былым і будучым: Проза М. І. Гарэцкага / І. П. Чыгрын. — 2-е выд., выпр. — Мн.: Бел. навука, 2003. — 166 с. ISBN 985-08-0539-0.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
  • Бугаёў Дз. Гарэцкі Максім Іванавіч // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т.Т.3. Веды — Графік / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1971. — С. 374.
  • Пшыркоў Юліян. Максім Гарэцкі і яго раман «Віленскія камунары» // Гарэцкі Максім. Віленскія камунары. Раман-хроніка. — Мн. : Беларусь, 1965. — 356 с., іл.
  • Гарэцкі Радзім. Янка Купала і браты Гарэцкія. // Роднае слова: Навук. і метад. часоп. ― Мн., 2004. ― № 7. ― С. 96―99.
  • Гарэцкі Максім // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А.К. Гардзіцкі. Нав.рэд. А.Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994.— 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Асабістыя прылады
Прасторы назваў

Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах