Алесь Гарун
| Алесь Гарун | |
| Аляксандар Прушынскі | |
![]() |
|
| Асабістыя зьвесткі | |
|---|---|
| Псэўданімы | Алесь Гарун, І. Жывіца; А. Новадворскі; Сальвэсь; А. Сумны; А.Г.; І.Ж.; А.Н.; А.Н-і. |
| Нарадзіўся | 11 сакавіка 1887, ф. Новы Двор, Менскі павет, Расейская імпэрыя |
| Памёр | 28 ліпеня 1920, Кракаў, Польская Рэспубліка |
| Літаратурная дзейнасьць | |
| Дэбют | верш «Маці-Беларусі» («Наша Ніва», 1907) |
Алесь Гарун (сапраўднае імя Алякса́ндар Уладзі́меравіч Прушы́нскі; 11 сакавіка [ст. ст. 27 лютага] 1887 — 28 ліпеня 1920) — беларускі паэт, празаік, публіцыст, дзяяч беларускага Адраджэньня пачатку XX стагодзьдзя.
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Нарадзіўся 11 сакавіка 1887 году ў фальварку Новы Двор (цяпер у межах Менску) у сям’і чорнарабочага. Скончыў гарадзкую прыходзкую вучэльню ў Менску (1897), вучыўся ў рамесьніцкай вучэльні. З 1902 году працаваў сталяром у розных майстэрнях і на мэблевай фабрыцы ў Менску.
У 1904 годзе уступіў у партыю эсэраў і актыўна ўключыўся ў падпольную рэвалюцыйную дзейнасьць. У 1907 годзе арыштаваны. 26 лютага 1908 году Віленская судовая палата прыгаварыла Алеся Гаруна да чатырох гадоў астрогу, як непаўналетняга. Аднак пракурор апратэставаў пастанову судовай палаты, і ў ліпені 1908 г. Алесь Гарун быў асуджаны на катаргу. 6 лістапада катарга была заменена на дзевяцігадовую высылку ў Сібір. Высылку паэт адбываў у Кірэнскім павеце Іркуцкай губэрні, дзе займаўся сталярнай і цясьлярнай працай. У 1914 годзе працаваў на Лене вадалівам. З 1915 году — на залатых капальнях у Бадайбо, дзе сустрэў Лютаўскую рэвалюцыю. Там быў абраны дэпутатам Савету Ленінскай золатапрамысловай акругі.
У Менск Гарун вярнуўся ў верасьні 1917 году. У 1918 годзе, падчас нямецкай акупацыі, рэдагаваў газэту «Беларускі шлях». У 1919 годзе, пасьля заняцьця Менску палякамі, стаў сябрам Беларускай вайсковай камісіі. У жніўні 1919 году ўзначаліў Часовы беларускі нацыянальны камітэт, які ўключаў радных Рады БНР.
У ліпені 1920 году, пасьля паразы палякаў на Бярэзіне, БВК зьехала зь Менску ў Ваўкавыск. Тамака Алесь Гарун разам зь сябрамі БВК зьеў вішняў, якія прадавалі мясцовыя сяляне, пасьля выпіў некалькі кубкаў зімнае вады. Увечары яму стала блага. Дохтар вызначыў крываўку і параіў перадаць хворага на бліжэйшы санітарны цягнік. Францішак Кушаль і Антон Аўсянік завезьлі на фурманцы Гаруна на станцыю. Санітарны цягнік вывез яго ў Кракаў.
Увосень 1920 БВК, якое знаходзілася ў Лодзі атрымала польскі ўрадавы ліст з вайсковага шпіталя, у якім паведамлялася, што Аляксандар Прушынскі памёр ад дызэнтэрыі і падавалася дакладнае месца яго пахаваньня. Памёр 28 ліпеня 1920 г. Пахаваны ў Кракаве на вайсковых Ракавіцкіх могілках[1].
БВК выправіла ў Кракаў Паўліну Мядзёлку, якая атрымала ў Кракаўскім вайсковым шпіталі ўсю інфармацыю і бачыла месцазанаходжаньне магілу Гаруна, якая была пазначана простым драўляным крыжыкам з таблічкай.
У 1947 годзе быў сярод іншых беларускіх літаратараў абвешчаны «здраднікам беларускаму народу», да 1980-х гадоў яго творы не выдаваліся.
У 1980-я закінутую магілу на Ракавіцкіх могілках адшукаў Алег Латышонак. 24 верасьня 1988 на месцы пахаваньня Гаруна быў усталяваны надмагільны помнік.
Творчасьць [рэдагаваць]
Пісаць пачаў зь дзяцінства. У друку дэбютаваў вершам «Маці-Беларусі» ў 1907 годзе (газэта «Наша Ніва»). Шмат вершаў ды апавяданьняў публікаваліся ў газэтах «Наша Ніва», «Беларус», «Вольная Беларусь», у калектыўных зборніках і календарах, атрымлівалі станоўчыя водгукі з боку крытыкаў (у прыватнасьці, М. Багдановіча й Я. Купалы). Галоўная тэма творчасьці Гаруна — Радзіма, барацьба за свабоду і шчасьце, але таксама ён стварыў шмат выдатных узораў пэйзажнае лірыкі. У паэзіі Гаруна прыметны адначасовы ўплыў сымбалізму ды народных традыцыяў.
Выйшаў зборнік паэзіі «Матчын дар» (меўся быць выдадзены ў Вільні ў 1914 годзе, але праз вайну выйшаў толькі ў 1918, перавыданьне 1929, факсымільнае выданьне ў 1988), таксама зборнік «Жывыя казкі» (1920), куды ўвайшлі тры п’есы для дзіцячага тэатру: «Хлопчык у лесе» (ставілася ў Вільні ў 1921 годзе), «Шчасьлівы чырвонец» і «Дзіўны лапаць, або Ня ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць». У Вільні асобным выданьнем выйшла паэма «Мае каляды» (пад псэўданімам «А. Сумны», 1920). Выступаў у друку як публіцыст.
Памяць [рэдагаваць]
У Менску адна з вуліц носіць імя Алеся Гаруна (Фрунзэнскі раён).
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Францішак Кушаль. Сорак два гады таму (1960) // Конадні (Нью-Ёрк) №7, 1963
Літаратура [рэдагаваць]
- Алесь Гарун. Выбраныя творы. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2003. — 448 с.: іл. — ISBN 985-6730-08-2.
- Гарун Алесь // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А.К. Гардзіцкі. Нав.рэд. А.Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994.— 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
- Алесь Баркоўскі. Пра месца нараджэння Алеся Гаруна і род Прушынскіх // «Кантакты і дыялогі» № 2—3, 1999
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
| Вікікрыніцы зьмяшчаюць арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы артыкула: |
