Андрэй Мрый

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Андрэй Мрый
Andrej Mryj.jpg
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Андрэй Антонавіч Шашалевіч
Нарадзіўся 13 ліпеня 1893
в. Палуж, Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ. Расейская імпэрыя
Памёр 8 кастрычніка 1943
Мурманская вобласьць, РСФСР
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, журналіст
Мова беларуская
Дэбют 1924
Значныя творы Запіскі Самсона Самасуя
Творы на сайце Knihi.com
Творы на сайце Kamunikat.org

Андрэ́й Мрый (сапраўднае імя Андрэ́й Анто́навіч Шашалевіч; 13 ліпеня 1893 — 8 кастрычніка 1943) — беларускі празаік, журналіст.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў вёсцы Палуж, паводле іншых зьвестак у вёсцы Доўгавічы Чэрыкаўскага павету Магілёўскай губэрні, цяпер Краснапольскі раён. Брат драматурга Васіля Шашалевіча. Зь сям’і валаснога пісара. Скончыў духоўную вучэльню і Магілёўскую духоўную сэмінарыю (1914). Працягваў вучобу ў Кіеўскай духоўнай акадэміі. З трэцяга курсу (1916) мабілізаваны ў школу прапаршчыкаў. Праз 4 месяцы адпраўлены на фронт у 94 енісейскі полк. З 1918 да 1921 год у Чырвонай арміі, камандзір 345 роты 14 палка. У 1921 — 1926 гады настаўнічаў у мястэчку Краснапольле (выкладаў гісторыю і францускую мову).

Рэпрэсіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Арыштаваны 22 лютага 1934 году па справе краснапольскіх настаўнікаў. 26 сакавіка 1934 году асуджаны «тройкай» на 5 гадоў зьняволеньня і этапаваны ў Карагандзінскі ППЛ. Пасьля падачы апэляцыі Генпракурору СССР 21 лістапада 1934 году тэрмін пазбаўленьня волі зьменены: тры гады высылкі ў Волагду, потым у Вельск, дзе працаваў бухгальтарам да сьнежня 1937 году. У пачатку 1938 году прыехаў у Мурманск, настаўнічаў у адной зь сярэдніх школ.

Зноў арыштаваны 2 чэрвеня 1940 году. Асуджаны (празь дзесяць дзён) на 5 гадоў пазбаўленьня волі. Пакараньне адбываў у Карагандзе, у Валагодзкай і Мурманскай абласьцях. У ссылцы працягваў літаратурную дзейнасьць, напісаў раман зь лягернага жыцьця «Жывы дом». 1 сакавіка 1943 году мэдычнай камісіяй прызнаны інвалідам і адпраўлены паміраць дамоў. Памёр у Мурманская вобласьці. Паводле некаторых зьвестак забіты рэцыдывістамі ў цягніку. Рэабілітаваны 6 студзеня 1961.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Запіскі Самсона Самасуя, выданьне 1953, Мюнхэн

Публікаваўся з 1924 году. Са сваякамі стварыў у Краснапольлі тэатар; выдаваў рукапісны часопіс «Пралеска». Зьбіраў народную лексыку, дасылаў яе ў Слоўнікавую камісію Інбелкульту. У жніўні 1926 году выехаў у Менск, дзе на прапанову Зьмітрака Бядулі стаў супрацоўнікам часопісу «Наш край», потым інспэктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства БССР. З 1933 году стыльрэдактар у газэце «Зьвязда». Сябра літаратурнага аб’яднаньня «Узвышша» (з 1929 году; друкаваўся ў аднайменным часопісе з 1927 году).

У 1929 годзе напісаў сатырычны раман «Запіскі Самсона Самасуя», які быў абвешчаны «злосным пасквілем на савецкую рэчаіснасьць» (цалкам апублікаваны ў 1988 годзе: Полымя, №1; экранізаваны ў 1990 годзе: «Пратарчака жыцьця, або Запіскі Самсона Самасуя»).

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Запіскі Самсона Самасуя. — Мюнхэн, 1953.
  • Творы. — Менск, 1993.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Васючэнка П. Вяртаньне рамана, або Дзіўнае стварэньне Самасуя // ЛіМ. 1988, 29 красавіка
  • Яго ж. Рэпрэсаваны сьмех: Роздум над лёсам і творчасьцю беларускага савецкага празаіка Андрэя Мрыя // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1989, №3
  • Грахоўскі С. Праўдзівыя дакумэнты жыцьця // Полымя. 1988, №1
  • Чыгрын І. Андрэй Мрый: спроба сатырычнай прозы // Чыгрын І. Крокі: Проза «Узвышша». — Менск, 1989
  • Маракоў Л. Вядомы пад псэўданімам А.Мрый // Роднае слова. 2001. №9.

Гэты тэкст напісаны пры дапамозе матэрыялаў старонкі Мартыралёг Беларусі.