Ігнат Дамейка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.

Перайсьці да: навігацыя, пошук

геоляг, мінэроляг, географ
Дата нараджэньня: 31 ліпеня 1802
Месца нараджэньня: Сьцяг Расеі Мядзьведка, Наваградзкі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці: 23 студзеня 1889
Месца сьмерці: Сьцяг Чылі Сант'яга-дэ-Чылі, Чылі
Грамадзянства: Расейская імпэрыя, Чылі
Навуковая сфэра: геалёгія і мінэралёгія
Месца працы: Чылійскі ўнівэрсытэт
Узнагароды і прэміі Ганаровы доктар мэдыцыны Ягелёнскага ўнівэрсытэту


Ігнат Іпалітавіч Дамейка (па-польску: Ignacy Domeyko; па-гішпанску: Ignacio Domeyko) (31 ліпеня 1802, Мядзьведка — 23 студзеня 1889, Сант'яга (Чылі) — беларускі і чылійскі навуковец-дасьледчык, геоляг, мінэроляг.

Займае важнае месца ў гісторыі навукі і культуры Беларусі, Чылі, Польшчы і Летувы. Нацыянальны герой Чылі.

Зьмест

[рэдагаваць] Раньнія гады

Нарадзіўся ў маёнтку Мядзьведка (сустракаецца таксама варыянт Недзьвядка) Наваградзкага павету Менскай губэрні (цяпер у Карэліцкім раёне ў 15 км на захад ад Міра). Бацька — Іпаліт Дамейка — быў старшынём Наваградзкага земскага суда. Дзяцінства Ігната прайшло ў беларускай вёсцы.

З 1812 году разам са старэйшым братам Адамам Дамейкам вучыўся ў манастырскай школе ордэна піяраў у Шчучыне. Скончыўшы школу, у 1816 годзе Ігнат паступіў на фізыка-матэматычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту.

14-гадовы Дамейка быў адным з самых юных студэнтаў унівэрсытэту. У чэрвені 1817 атрымаў ступень кандыдата філязофіі. Вучобу скончыў у першай палове 1820 году. У далейшым, у 1822 годзе, наведваў лекцыі астранома Пятра Славінскага, у 1823 годзе слухаў лекцыі філёзафа Галухоўскага і гісторыка Яўхіма Лялевеля. У чэрвені 1822 году яму была прысуджаная ступень магістра філязофіі.

[рэдагаваць] Таварыства філяматаў

З 1820 году ўдзельнічаў у Таварыстве філяматаў разам зь Янам Чачотам, Адамам Міцкевічам. Браў удзел у дзейнасьці даччыных арганізацыяў філяматаў — таварыства філядэльфістаў, прамяністых, загадваў бібліятэкай філяматаў.

У лістападзе 1823 году арыштаваны. Разам з большасьцю арыштаваных быў заключаны ў сьценах бызылянскага Манастыра сьвятой Тройцы ў Вільні. Дзякуючы намаганьням сваякоў у студзені альбо лютым 1824 году Ігнат Дамейка быў вызвлены. Прыгавор суда, замацаваны імпэратарам 14 жніўня і абвешчаны 16 верасьня 1824 году, быў, у параўнаньні з прыгаворамі, напрыклад, Тамаша Зана альбо Яна Чачота, мяккім: судовае рашэньне прадпісвала жыць пад доглядам паліцыі ў сямейным маёнтку без права куды-небудзь выяжджаць альбо займаць дзяржаўныя пасады.

Дамейка пасяляецца ў в. Запольле на Лідчыне, а потым у в. Жыбуртоўшчына паблізу Дзятлава. Зрабіў пераклад на польскую мову песьні Асіяна і Каран (разам са сьвятаром Дыянізам Хлявінскім). Распачаў досьледы па вырошчваньні жывёлы на навуковай аснове, укараняў сельскагаспадарчыя навінкі, будаваў млыны, вінакурні, тартакі. Аднак, жыцьцё памешчыка ня вабіла. Пазьней Міцкевіч у паэме «Дзяды» паказаў Дамейку ў вобразе агранома Жэготы (так называлі яго сябры па ўнівэрсытэце).

У 1829 годзе паліцэйскі нагляд быў зь яго зьняты. Гэта дазволіла прымаць удзел у легальнай грамадзкай дзейнасьці. У 1830 годзе быў абраны ў гродзенскі сеймік.

[рэдагаваць] Паўстаньне, эміграцыя

У тым жа 1830 годзе ўпершыню выехаў зь Літвы (Беларусі). Наведаў Варшаву, дзе сустрэў Яўхіма Лялевеля. Калі ён вярнуўся на радзіму, пачалося паўстаньне 1830—1831 гадоў у Польшчы і Беларусі. Дамейка ўзяў у ім удзел, ваяваў ў часьці Д. А. Хлапоўскага, адзін час з Эміліяй Плятэр і яе стрыечнымі братамі Ц. і В. Плятэраміерамі. Пасьля прайгранай бітвы пад Шаўлямі летам 1831 году разам зь іншымі паўстанцамі адступіў у Прусію, дзе быў інтэрнаваны.

У канцы таго ж, 1831 году, атрымаў дазвол на выезд і ў пачатку 1832 году выехаў у Дрэздэн. У Дрэздэне Дамейка зноў сустрэўся з Адамам Міцкевічам. Выяжджаў у Саксонію, Швайцарыю, наведаў Фрайбург, дзе пазнаёміўся з Горнай акадэміяй.

[рэдагаваць] Францыя

У жніўні 1832 году разам зь Міцкевічам і іншымі эмігрантамі перабіраецца ў Парыж, які на той час стаў цэнтрам жыцьця эмігрантаў з тэрыторыі Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.

Удзельнічаў у жыцьці розных эмігранцкіх аб’яднаньняў. Дапамагаў Міцкевічу перапісваць паэму «Пан Тадэвуш». Наведваў лекцыі ў вышэйшай школе горнай справы Сарбонскага ўнівэрсытэта і ў Францускай калегіі, займаўся ў Батанічным садзе, удзельнічаў у геалягічных экскурсіях.

У 1834 годзе паступіў у Горную школу (франц. École des Mines). У 1837 годзе склаў геалягічную, гідраграфічную і гаспадарчую карты былой Рэчы Паспалітай і напісаў да яе вялікі камэнтар (карта і камэнтар не былі выдадзеныя, матэрыялы выкарыстоўваліся ў іншых выданьнях). У 1837 годзе атрымаў дыплём горнага інжынэра.

[рэдагаваць] Чылі

Бюст Ігнату Дамейку каля галоўнага будынка Чылійскага ўнівэрсытэту

У 1837 годзе прыняў прапанову чылійскага ўраду і падпісаў кантракт на пасаду выкладчыка горнай школы Ля Сэрэна ў г. Какімба (за тры месяцы вывучыў гішпанскую мову). У 1838 годзе атрымлівае званьне прафэсара. У г. Какімба Дамейка выкладаў да 1846 году (цяпер унівэрсытэт у гэтым горадзе носіць яго імя).

Праводзіў разнастайныя дасьледаваньні. Камплектаваў мінэралягічныя калекцыі, заснаваў фізычную лябараторыю, навуковую бібліятэку, заалягічную калекцыю. У 1845 годзе выдаў кнігу на гішпанскай мове з апісаньнем побыту, культуры, мовы, індзейцаў араўканаў, у далейшым пеакладзеную на некалькі моваў.

Па заканчэньні кантракта пераехаў ў Сант'яга. У 1847 годзе атрымаў катэдру хіміі ў Чылійскім унівэрсытэце (гішп. Universidad de Chile) (адрэдагаваў праект рэформаў унівэрсытэту і школаў). У сьнежні 1848 году атрымаў чылійскае грамадзянства, летам 1850 году пабраўся шлюбам з чылійкай. У 1852 годзе быў прызначаны кіраўніком дэлегатуры па справах вышэйшай школы і з таго часу пачаў актыўна займацца арганізацыяй адукацыі і навуковых установаў Чылі.

У 1867 годзе быў абраны рэктарам Чылійскага ўнівэрсытэта і пераабіраўся чатыры разы. Да 1883 году быў рэктарам унівэрсытэту і ад рэктарскай пасады адмовіўся, ў знак пратэсту супраць захопніцкай вайны Чылі з суседняй Пэру.

У заснаванай па яго ініцыятыве Горнай школе былі падрыхтаваныя чылійскія нацыянальныя кадры выкладчыкаў горнай справы, геолягаў, мінэролягаў.

Арганізаваў мэтэаралягічную службу ў Сант’яга-дэ-Чылі.

Працягваў займацца мінэралягічнымі дасьледаваньнямі. Адзін зь першых дасьледчыкаў Атакамы — самай сухой пустыні сьвету. Вывучаў знойдзены ў Атакаме мэтэарыт, дасьледаваў абарыгенаў Паўднёвай Амэрыкі. Арганізаваў вывучэньне мінэралёгіі і геалёгіі Андаў. У гарах адкрыў паклады невядомага навуцы альгамату срэбра — аркерат, арганізаваў золатаздабычу і здабычу салетры. Яго вучань Ніколас Нарньё знайшоў багатую срэбраную жылу, якую назваў імем свайго настаўніка — «Міна дэ Дамейка».

Навуковыя працы, якія налічваецца каля 130, пісаў пераважна па-француску і гішпанску. Некалькімі выданьнямі выйшаў яго падручнік і разам з тым навуковая праца Elementos de mineralojia' (1854, 1860, 1879), зь некалькімі дадаткамі.

Падтрымліваў сувязі з унівэрсытэтамі Варшавы і Кракава, пасылаючы туды свае працы і іншыя выданьні, якія выходзілі ў Чылі. Клапаціўся пра стварэньне ў Кракаве мінэралягічнага музэя. Стаў сябрам многіх эўрапейскіх навуковых таварыстваў.

Ігнат Дамейка ўвёў у Чылі мэтрычную сыстэму мераў і вагі. Займаўся будаўніцтвам шахтаў і капальняў па здабычы медзі, срэбра, золата. Стварыў падручнікі па хіміі, мінэралёгіі (на гішпанскай ды францускай мовах). Аўтар 130 навуковых працаў.

[рэдагаваць] Позьнія гады, прыезд у Беларусь

Надмагільле Ігната Дамейкі на Цэнтральных могілках у Сант’яга

У 1884 годзе Дамейка адпраўляецца ў Эўропу. Улетку разам з сынамі прыбыў у Бардо. У Парыжы сустрэўся зь сябрамі юнацтва Ўладзіславам Ласковічам і Язэпам Багданам Залескім, наведаў сям’ю Ўладзіслава Міцкевіча, сына знакамітага паэта. У Кракаве быў з энтузіязмам прыняты навуковай грамадзкасьцю. Пабываў у Варшаве і Вільні. Наведаў Мядзьведку, Мір, Наваградак, Крошын, пасадзіў у Крошыне дубок.

З сабою Дамейка таксама вёз вялікую мінэралягічную калекцыю — падарунак некалькім эўрапейскім унівэрсытэтам.

Увосень вярнуўся ў Парыж. У 1885 годзе пабываў у Рыме (атрымаў аўдыенцыю ў Папы Рымскага Леона XIII) і Нэапалі, затым зноў наведаў Кракаў, адкуль зь Пятром Сямёненкам адправіўся ў паломніцкае падарожжа па Сьвятой зямлі. Вярнуўся ў Парыж, затым зноў кароткачасова врнуўся на радзіму і правёў там два зь лішнім гады, ненадоўга зрэдку выяжджаючы.

У красавіку 1887 году Кракаўскі Ягелонскі ўнівэрсытэт прысвоіў Дамейку ступень ганаровага доктара мэдыцыны.

Летам 1888 году накіраваўся ў Чылі. Па дарозе цяжка захварэў. Памёр 23 студзеня 1889 году ў Сант’яга]. Быў пахаваны на сродкі чылійскага ўраду. Дзень яго пахаваньня быў абвешчаны ў Чылі днём нацыянальнай жалобы, а сам ён быў абвешчаны нацыянальным героем.

[рэдагаваць] Ушанаваньне памяці

Мінэрал дамейкіт (domeykite)
Мэмарыяльная шыльда ў Вільні
Манэта нацыянальнага банка Беларусі

Ягоным імем названыя вульканічны ланцуг гораў у Андах (Cordillera Domeyko); мінэрал дамейкіт (domeykite, Cu3As), выяўлены самім Дамейкам; фіялкавая кветка (віёла дамейкона, Viola domeykana) — новы від адкрыты на поўначы Чылі; малая плянэта 2784 Domeyko, адкрытая чылійскім астраномам Карлам Торэсам ў 1975 годзе.

Ammonites Domeykanus Dufr — аманіт Дамейкі — від аманіту, адкрыты Дамейкам у фармацыі юрскага пэрыядуў ваколіцы Chanarcillo. Andiela Domeykoi — новы від каўчуканосу. Azylea Domeyki — aзалія Дамейкі — гатунак азаліі выгадаваны варшаўскім садоўнікам у 1845 г. Trigonia Domeykoana — від сьлімака. Nautilus Domeykus d’Orb — від акамянелых малюскаў, адкрыты Дамейкам у 1841 г.

Puerto Domeyko — порт Дамейкі на паўднёва-заходнім беразе возера Llanquihue ў Чылі. Pueblo Domeyko ці Localidad Domeyko ці Domeyko — мястэчка Дамейка на мяжы ІІІ і ІV рэгіёнаў Чылі. Lugarejo Domeyko — пасёлак каля порта Дамейка[1].

У Сант'яга стаіць помнік «Грандэ Эдукатору» («Вялікаму Асьветніку»).

У яго гонар названы ўнівэрсытэт і нацыянальная бібліятэка ў Сант'яга; горад Пуэрта-Дамейка (недалёка ад Антафагасты); вуліцы ў Сант’яга-дэ-Чылі, Вальпараіса і яшчэ васьмі гарадах Чылі, а таксама ў Вільні.

Польская бібліятэка ў Буэнас-Айрэсе (гішп. Biblioteca Polaca Ignacio Domeyko'), некалькі ліцэеў, іншых навучальных і навуковых устаноў Чылі.

На месцы родавай сядзібы Дамейкаў у Медзьвядцы ўсталяваны памятны валун. У школе вёскі Крупава Лідзкага раёну створаны музэй, у якім на дадзены час сабрана каля 500 экспанатаў, у тым ліку кніга Дамейкі «Мае падарожжы», выдадзеная пры жыцьці навукоўца ў Вільні. Да 200-годзьдзя Ігната Дамейкі ў вёсцы пасаджана алея ў яго гонар.

У Карэлічах традыцыйна праходзяць чытаньні, прысьвечаныя жыцьці і дзейнасьці Ігната Дамейка.

2002 год у сувязі з 200-годзьдзем нараджэньня Дамейкі, UNESCO назвала «Годам Ігната Дамейкі». Юбілейныя мерапрыемствы пад патранажам прэзыдэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага і прэзыдэнта Чылі Рыкарда Лагаса прайшлі ў Чылі, а таксама ў Беларусі і Летуве. У верасьні 2002 году на браме базылянскага манастыра сьв. Троіцы ў Вільні, дзе Дамейка быў у турэмным зьняволеньні пад час сьледзтва па справе філяматаў, была адкрытая мэмарыяльная табліца зь яго барэльефам (скульптар Валдас Бубялявічус, архітэктар Ёнас Анушкявічус).

Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь ў 2002 годзе выпусьціў памятную манэту ў гонар Ігната Дамейкі[2]. У яго гонар выпускаліся манэта ў Польшчы, паштовыя маркі ў Польшчы і Летуве.

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. ^ http://dyatlovo.com/modules/content/index.php/ignat-dameika-naciy
  2. ^ http://www.belcoins.com/coin.phtml?num=26

[рэдагаваць] Літаратура

  • Мыслiцелi i асветнiкi Беларусi. Энцыклапедычны даведнiк. Мiнск: Беларуская энцыклапедыя, 1995. ISBN 985-11-0016-1. С. 408—411.(бел.)
  • Ignotas Domeika Lietuvai, Prancūzijai, Čilei. 1802—1889. Ignacy Domeyko for Lithuania, France, Chile. Ignacy Domeyko Lituanie, France, Chili. Vilnius: Vilniaus universitetas, Lietuvos istorijos institutas, Lietuvos nacionalinis muziejus. 2002. ISBN 9955-415-20-7.(лет.)(анг.)(фр.)
  • Ignacy Domeyko. Moje podróże: pamiętniki wygnańca. Wrocław: Ossolineum, 1962.(пол.)
  • Zbigniew Wójcik. Ignacy Domeyko: Litwa, Francja, Chile. Wrocław: Polskie Towarzystwo Ludoznawcze, 1995. ISBN 83-904914-2-7.(пол.)
  • Małgorzata Kośka. Ignacy Domeyko. Warszawa: DiG, 1998. ISBN 83-7181-062-8.(пол.)
  • Jadwiga Garbowska, Krzysztof Jakubowski. Ignacy Domeyko: (1802—1889). Warszawa — Lida: Towarzystwo Kultury Polskiej Ziemi Lidzkiej, 1995. ISBN 83-901353-6-1.(пол.)
  • Zdzisław Jan Ryn. Ignacio Domeyko — ciudadano de dos patrias. Antofagasta: Universidad Catolica del Norte, 1994.(парт.)
  • Zdzisław Jan Ryn. Ignacy Domeyko — obywatel świata. Kraków, Jagiellonian University Press, 2002. ISBN 83-233-1552-3. review, Polish language (пол.)
  • Paz Domeyko Lea-Plaza. Ignacio Domeyko. La Vida de un Emigrante. Santiago, Chile.2002. Random House Mondadori (Editorial Sudamericana). ISBN 956—262-161-8.(гішп.)
  • Paz Domeyko. A Life in Exile. Ignacy Domeyko 1802—1889. Sydney, Australia 2005. ISBN 0-646-44728-9.(анг.)

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Асабістыя прылады