Піяры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Піяры
па-лацінску: Ordo Clericorum Regularium Pauperum Matris Dei Scholarum Piarum
Абрэвіятура S.P., Sch.P.
Дэвіз Pietas et literae (Пабожнасьць і вучонасьць)
Дата ўтварэньня 25.03.1617
Тып рэлігійны ордэн
Штаб-кватэра Piazza dei Massimi, 4,
Рым, Італія
Матчына кампанія Рымскі папа
Колькасьць супрацоўнікаў 1,356 (2020)
Сайт www.scolopi.org

Піяры (па-лацінску: patres scholarum piarum — айцы пабожных школ) — каталіцкі манаскі ордэн.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ордэн Піяраў быў заснаваны ў 1597 годзе гішпанскім сьвятаром Юзафам Каласансам. У гэты год ў Рыме, у гарадзкім раёне за Тыбрам, Каласанс адкрыў першую бясплатную і агульнадаступную пачатковую школу ў Эўропе. У 1612 годзе «Пабожныя школы» былі перанесены ў дом пры касьцёле сьв. Панцеляймона, гэты дом і стаў генэральным (галоўным) домам ордэну.

У 1621 годзе ордэн зацьверджаны рымскім Папам Грыгорыюсам XV. На чале ордэна стаіць генэрал, 4 асыстэнты і 4 кансультанты.1631 г. Першая група піяраў перайшла праз Альпы, даючы пачатак Пабожным Школам у Цэнтральнай Эўропе.

У 1646 годзе Папа Інакенцыюс X моцай брэве ад 16 сакавіка зьменшыў статус ордэну Пабожных Школаў да ступені брацтва без шлюбаў. У 1656 годзе Папа Аляксандар VII вярнуў Пабожным Школам статус кангрэгацыі са звычайнымі шлюбамі. У 1669 годзе Папа Клімэнт IX узвысіў Пабожныя Школы да статусу ордэна з урачыстымі шлюбамі.

Мэта і адукацыя піяраў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэтай піяраў было выхаваньне і навучаньне дзяцей і моладзі праз стварэньне шырокай сеткі сваіх калегіюмаў, а не палітычная ці місіянэрская дзейнасьць. Піярскі калегіюм узначальвалі рэктар (займаўся адміністрацыйнымі справамі) і прэфэкт (загадваў вучэбнай часткай). Вучэбны курс падзяляўся на 7 клясаў: праформа (вучылі пісаць, чытаць і пачаткам арытмэтыкі), інфіма (тыя ж самыя прадметы і катэхізіс), граматыка (латынь і пераклады з яе, матэматыка), сынтаксіс (латынь, пераклады з яе і напісанmне на ёй лістоў), паэзія (пераклады з латыні, красамоўства), рыторыка (рыторыка, латынь, гісторыя) і філязофія (лёгіка, мэтафізыка, этыка, геамэтрыя). Выкладчыкі мелі званьне магістраў ці прафэсараў. Навучаньне было бясплатнае, плата бралася толькі за канвікт (інтэрнат). Найбольш зьбяднелыя вучні ўтрымліваліся за кошт ордэна, але павінны былі выконваць шэраг прац па школьнай гаспадарцы.

Піяры ў Рэчы Паспалітай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1641 годзе кароль Уладзіслаў Ваза папрасіў Каласанса прыслаць піяраў у Рэч Паспалітую, каб пазбавіцца ад манаполіі езуітаў у галіне адукацыі. У 1642 годзе піяры прыбылі ў Варшаву. У 1736 годзе ў краіне былі створаны 2 правінцыі ордэна — Каронная (Польская) і Літоўская.

Падабенства вучэбнай праграмы піяраў да езуіцкай і менш строгая дысцыпліна рабілі іх навучальныя ўстановы папулярнымі. У 1722 годзе віленскі біскуп Канстантын Казімер Бжастоўскі запрасіў піяраў у Вільню, а мерацкі староста А. Сапега ахвяраваў ім палац і 2 іншыя мураваныя будынкі.

Кляштары і рэзыдэнцыі піяраў пры падтрымцы магнатаў і шляхты зьявіліся таксама ў Шчучыне (1726), Вярэнаве (1730, пераведзены ў 1756 годзе ў Ліду) і Геранёнах (1730), Зэльве (1739), Лужках (1741), Віцебску (1751), Драгічыне Надбускім (1773), дзе хутка ўтвараліся і калегіюмы.

Значныя перашкоды стварэньню сеткі піярскіх устаноў чынілі езуіты, якія бачылі ў піярах сваіх канкурэнтаў. Для павышэньня канкурэнтаздольнасьці піярскай адукацыі пад кіраўніцтвам правінцыяла Кароннай правінцыі С. Канарскага ў 1740-50-я гг. праведзена рэформа піярскіх навучальных устаноў, у 1750-60-я г. яна закранула і Літоўскую правінцыю. Былі пашыраны курсы матэматыкі, прыродазнаўчых і сьвецкіх гуманітарных навук, уведзены француская і нямецкая мовы і інш. Выкладаць новыя прадметы павінны былі адмыслова падрыхтаваныя асобы па новых падручніках (перакладзеных ці напісаных піярамі), тэрмін навучаньня складаў 6 гадоў. Значны ўплыў на вучэбныя праграмы піяраў у Рэчы Паспалітай зрабіла француская культура, шэраг прадметаў выкладаўся па-француску, лепшыя выхаванцы накіроўваліся на стажыроўку ў Францыю.

Пасьля скасаваньня ў 1773 г. ордэну езуітаў і стварэньня Адукацыйнай камісіі піяры адыгралі вялікую ролю ў рэфармаваньні сыстэмы асьветы краіны ў 1770-80-я гг.: падрыхтавалі вялікую колькасьць праектаў рэформ, пісалі падручнікі (А. Каменскі, А. Паплаўскі, М. Пракаповіч). За заслугі ў галіне адукацыі піярам было дазволена ў 1775 набываць новыя зямельныя ўладаньні, у 1783 іх школы ў Польшчы вылучаны ў асобную акругу (вучылішчы піяраў у ВКЛ увайшлі ў яе склад у 1790 г.). У канцы 18 ст. на тэрыторыі ВКЛ дзейнічала 18 кляштараў піяраў.

Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай на далучаных да Расейскай імпэрыі землях створана Віленская навучальная акруга, у 1804 годзе піярскія навучальныя ўстановы былі ўключаны ў гэту акругу і атрымалі статус павятовых вучылішчаў. Адкрываць новыя школы піярам не дазвалялася (выключэньнем было заснаваньне ў 1822 г. Полацкай вышэйшай піярскай вучэльні). Піярскія навучальныя ўстановы працягвалі займаць адно з вядучых месцаў у акрузе: у 1803 г. у піяраў вучыліся 1234 юнакі, у 1816—1245, у 1822—1401. Піяры займалі шэраг прафэсарскіх пасад у Віленскім унівэрсытэце: С. Юндзіл, Ф. Серафімовіч, Ф. Галянскі. У 1831-34 гг. пасьля паўстаньня 1830-31 гадоў навучальныя ўстановы піяраў былі пераўтвораны ў 5-клясныя сьвецкія павятовыя вучэльні ці зачынены. Літоўская правінцыя пяіраў скасавана ў 1843 годзе.

Сьвятыя з ордэну Піяраў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1748 г. — заснавальнік ордэну Юзаф Каласанс бэатыфікаваны.
  • 1767 г. — Папа Клімэнт IX кананізаваў заснавальніка ордэну Юзафа Каласанса.
  • 1890 г. — Папа Леон XIII абвясьціў Пампілія Марыю Піроцьці SP благаслаўлёным.
  • 1934 г. — Папа Піюс XI булаю «Caritas Dei» ад 19 сакавіка абвясьціў Пампілія Марыю Піроцьці SP святым.
  • 1948 г. — Папа Піюс XII Апостальскім лістом «Providentissimus Deus» ад 13 жніўня абвясьціў св. Юзафа дэ Каласанса апекуном хрысьціянскіх агульнаадукацыйных школаў ва ўсім сьвеце.
  • 1995 г. — 1 кастрычніка Папа Ян Павал II абвясьціў благаслаўлёным а. Пятра Казані SP і трынаццаць гішпанскіх піяраў-пакутнікаў, якія загінулі ў часы грамадзянскай вайны (1936 г.).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

А. Самусік. Піяры // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 5: М — Пуд. — 592 с. — ISBN 985-11-0141-9 — С. 510.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Найбольш важныя падзеі з гісторыі Ордэна
  • Шчучынская парафія ордэна піяраў
  • Ордэн піяраў на Беларусі
  • Лідзкі піярскі калегіум
  • Самусік А. Ф. Вучэбна-метадычныя выданні Віленскай піярскай друкарні ў канцы 1750-х — пачатку 1770-х гг. // Матэрыялы міжнароднага кангрэса «500 гадоў беларускага кнігадрукавання», Мінск, 14-15 верасня 2017 г. : у 2 ч. / Нац. б-ка Беларусі; склад. А. А. Суша. Мінск, 2017. Ч. 1 : ХІІІ Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні. С. 184—189.
  • Самусік А. Ф. Лідскі піярскі калегіум // Ліда і Лідчына : да 685-годдзя з дня заснавання горада : мат-лы рэсп. нав.-практ. канф., 3 кастр. 2008 г. / Мін. Ад. РБ, Лід. раён. вык. кам-т, Гр. дзярж. ун-т ; рэдкал. : А.П. Худык [і інш.]. Ліда, 2008. С. 40-43.
  • Самусік А. Ф. Станаўленне гуманітарна-прыродазнаўчай сістэмы адукацыі ў піярскіх калегіумах Беларусі ў першай палове XVIII стагоддзя // Весці Нацыянальнай Акадэміі навук. Серыя гуманітарных навук. 2006. № 5. Ч. 1. С. 94-96.