Канут Русецкі
| Канут Русецкі | |
К. Русецкі. Аўтапартрэт, паміж 1831—1840 |
|
| Нарадзіўся: | 20 студзеня 1801 Сьцябякі каля Панявежа |
|---|---|
| Памёр: | 21 жніўня 1860 Вільня |
| Заняткі: | мастак, пэдагог |
| Вучоба: | Віленскі ўнівэрсытэт |
| Плынь: | пераходная ад клясыцызму да рамантызму |
Кану́т Русе́цкі (па-польску: Kanuty Rusiecki, па-летувіску: Kanutas Ruseckas; 20 студзеня 1801, вёска Сьцябякі Панявескага павету Ковенскай губэрні — 21 жніўня [ст. ст. 9 жніўня] 1860, Вільня) — мастак і пэдагог; прадстаўнік клясыцызму[1].
Зьмест |
[рэдагаваць] Жыцьцяпіс
Нарадзіўся ў зьбяднелай шляхецкай сям’і віленскага судзьдзі Яна Русецкага і Тарэзы з Рамановічаў. Першапачатковую адукацыю атрымаў у бэрнардынскай школе ў Трашкунах (1809—1815).
У 1816 пачаў вучобу ў Віленскім унівэрсытэце — спачатку на факультэце права, таксама вучыўся архітэктуры на фізыка-матэматычным факультэце. У 1818 паступіў у школу мастацтваў пад кіраўніцтвам Яна Рустэма і з тае пары цалкам прысьвяціў сябе мастацтву. Займаўся таксама скульптурай у Казімера Ельскага. Дэбютаваў на першай выставе вытанчаных мастацтваў у Вільні (1820). Падчас вучобы ва ўнівэрсытэце быў зьвязаны зь філяматамі.
Пазьней вучыўся ў Парыжы (па-француску: E'cole des Beaux-Arts, 1821—1822) і з 1823 у Рыме ў Акадэміі Сьвятога Лукі. Падчас вучобы ў Рыме быў нефармальным правадыром мясцовых польскіх артыстаў, першым прадставіў праграму польскага рамантычнага мастацтва.
Вярнуўшыся ў Вільню ў 1831, даваў прыватныя ўрокі маляваньня. У 1834 стаў настаўнікам у віленскім дваранскім пансыёне пры гімназіі, пазьней у Дваранскім інстытуце. У яго клясе атрымалі першыя ўрокі выяўленчага мастацтва Альберт Жамет, Альфрэд Рэмер, Тадэвуш Гарэцкі, Ян Зянкевіч. З 1840-х рокаў жыў і працаваў у Беларусі[3].
Быў жанаты з Антанінай Чарвінскай, меў пяцёра дзяцей — Ганну, Баляслава, Тадэвуша, Міхала і Прасьпера. Пахаваны на Бэрнардынскіх могілках(lt) на Зарэччы ў Вільні[4].
[рэдагаваць] Творчасьць
Пісаў карціны на рэлігійныя тэмы, пэйзажы і акварэльныя партрэты. Таксама капіраваў італійскія палотны, паўтараў мастакоў італійскага Рэнэсансу. Падчас вучобы за мяжой пісаў творы з міталягічнымі і рэлігійнымі матывамі, партрэты, рымскія пэйзажы. У сваіх карцінах выкарыстоўваў выразны малюнак і гладкую паверхню[4].
Аўтар твораў «Італьянец, які ўсьміхаецца» (1823), «Клятва карбанарыяў» (1826), «Уцёкі ў Эгіпет» (1828), аўтапартрэту, партрэту сына Баляслава (1843), «Жняя» і «Партрэт бацькі» (1845), «Ліцьвінка зь вербамі» (1847), «Літоўская рыбачка» (1856), «Млын Патоцкага ў Поплавах» (1855), «Селянін зь венікамі» (1851) і інш. Аўтар сэрыі пэйзажаў Белавескай пушчы, ваколіцаў Наваградку, Ашмяншчыны. 330 твораў захоўваецца ў Летувіскім мастацкім музэі і экспануецца ў Віленскай мастацкай галерэі.
У катэдральным саборы сьв. Станіслава і сьв. Уладзіслава ў Вільні знаходзяцца тры вялікія карціны Русецкага — «Зьвеставаньне Найсьвяцейшай Багародзіцы», «Уцёкі ў Эгіпет», «Таемная вячэра» (1855) і інш. Падчас кансэрвацыйных працаў у 1927 высьветлілася, што цяперашнія скрыжаваныя далоні выявы Маці Божай Вострабрамскай зьяўляюцца вынікам панаўленьня абразу, выкананага К. Русецкім[4].
Па сьмерці мастака яго сын Баляслаў захаваў майстэрню, а ў 1913 перадаў творы бацькі ў віленскі музэй. Невядомы лёс большай часткі вялікіх карцін з прыватных калекцый, а таксама раскіданых па летувіскіх касьцёлах твораў. Па меркаваньні Ўладаса Дрэмы, аўтара біяграфіі мастака, зьнікла значная частка твораў Русецкага ці, прынамсі, лёс шматлікіх твораў невядомы[4].
[рэдагаваць] Галерэя
- Асобныя працы Канута Русецкага
-
Партрэт сына Баляслава
[рэдагаваць] Крыніцы і заўвагі
- ^ Рамуальд Бадзін. Русецкі Канут Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 136.
- ^ Лабачэўская В. Віленскія пальмы // Наша вера. — 1999. — № 1.
- ^ Календарыюм // Czasopis. — 2010. — № 7—8.
- ^ a b c d Kasperavičienė Audronė, Surwiło Jerzy...
[рэдагаваць] Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.
- Kasperavičienė Audronė, Surwiło Jerzy. Przechadzki po Wilnie. Zarzecze. Cmentarz Bernardyński. — Wilno: Efekt, 1997. — 132 с.
- Календарыюм // Czasopis. — № 7—8. — 2010.
- Лабачэўская В. Віленскія пальмы // Наша вера. — 1999. — № 1.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Канут Русецкі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў