Француская мова
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Француская мова — адна з раманскіх моваў гала-раманскай падгрупы. Родная мова большасьці насельніцтва ў Францускай Рэспубліцы, Рэспубліцы Гаіці, Манака, а таксама каля чвэрці насельніцтва Канады.
Зьмест |
[рэдагаваць] Франкафоны ў свеце
У сьвеце на францускай мове размаўляюць ад 173 (1998) да 290 мільёнаў чалавек (2005). Колькаснае разьмеркаваньне франкафонаў прадстаўлена ў наступнай табліцы:
-
Кантынэнты «Сапраўдныя» франкафоны «Частковыя» франкафоны Агульная колькасьць франкафонаў Афрыка 32 189 500 46 740 000 78 929 500 Эўропа 67 856 500 8 200 000 76 056 500 Амэрыка 10 481 000 4 064 000 14 450 000 Азія 1 672 000 1 560 000 3 232 000 Акіянія 467 000 45 000 512 000 Разам 112 666 000 60 612 000 173 278 000
[рэдагаваць] Статус францускай мовы
Француская мова зьяўляецца афіцыйнай мовай многіх краін сьвету і шырока ўжываецца ў некаторых іншых краінах. Нацыі, якія карыстаюцца францускай мовай, аб’яднаныя словам «франкафанія». Па-за лінгвістычным аспэктам, Галоўны савет па франкафаніі спрыяе рознабаковым сувязям паміж адной трэцяй краін сьвету. Гэта й вызначае агульны стан францускай мовы ў сьвеце.
Між тым, на міжнароднай арэне роля францускай мовы памяншаецца, асабліва ў параўнаньні з ангельскай мовай. Тым ня менш, француская мова застаецца адной з афіцыйных моваў наступных міжнародных арганізацыяў:
- СГА
- НАТА
- Афрыканскі зьвяз
- Эўрапейскі Зьвяз
- Эўрапейскі зьвяз радыё ды тэлебачаньня
- Эўрапейскае касьмічнае агенцтва
- Міжнародны суд
- Міжнародны крымінальны суд
- Міжнародны алімпійскі камітэт
- Міжнародная фэдэрацыя футбольных асацыяцый(ФІФА)
- Міжнародная фэдэрацыя плаваньня
- Міжнародная фэдэрацыя аўтамабіляў
- Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва
- Міжнародны сэкрэтарыят вады
- Міжнародная гідраграфічная арганізацыя
- Міжнародная асацыяцыя паліталёгіі
- Міжнароднае бюро вагаў ды вымярэньняў
- Сусьветны паштовы зьвяз
- Інтэрпал
Француская мова — адна з шасьці афіцыйных ды дзьвюх працоўных моваў ААН ды яе агенцтваў.
Францускую мову выкладаюць у многіх унівэрсытэтах сьвету. Найбольш яна распаўсюджаная ў сфэрах дыпляматыі, журналістыкі, юрыспрудэнцыі ды вышэйшай адукацыі.
Краіны ды іншыя тэрыторыі, дзе француская мова мае статус адзінай афіцыйнай мовы:
- Бэнін
- Буркіна-Фасо
- Кот д'Івуар
- Француская Рэспубліка (у т. л. усе замежныя тэрыторыі й дэпартамэнты Францыі)
- Габон
- Гвінэя
- Малі
- Манака
- Нігер
- Дэмакратычная Рэспубліка Конга
- Рэспубліка Конга
- Сэнэгал
- Тога
Краіны ды іншыя тэрыторыі, дзе француская мова мае статус адной з афіцыйных моваў:
- Каралеўства Бэльгія (Валёнія й Брусэль) (поруч зь нідэрляндзкай ды нямецкай)
- Рэспубліка Бурундзі (поруч з мовай кірунді)
- Рэспубліка Камэрун (поруч з ангельскай мовай)
- Федэральная Ісламская Рэспубліка Каморскія вастравы (поруч з арабскай мовай)
- Канада (поруч з ангельскай мовай, у правінцыі Квэбэк мае статус адзінай афіцыйнай, у правінцыі Нью-Брансуік мае статус афіцыйнай поруч з ангельскай).
- Рэспубліка Джыбуці (поруч з арабскай мовай)
- Экватарыяльная Гвінэя (поруч з гішпанскай мовай)
- Рэспубліка Гаіці (поруч з крэольскай мовай Гаіці)
- Італьянская Рэспубліка (поруч з італьянскай і франка-правансальскай мовамі)
- Вялікае Герцагства Люксэмбург (поруч зь нямецкай мовай)
- Рэспубліка Мадагаскар (поруч з малагасійскай мовай)
- Востраў Марыс (поруч з ангельскай ды крэольскай марысійскай мовай)
- Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка (поруч з мовай санго)
- Руандзійская рэспубліка (поруч з ангельскай ды мовай кін'ярванда)
- Рэспубліка Сэйшэльскія вастравы (поруч з ангельскай ды сейшэльскай крэольскай мовай)
- Швайцарская Канфэдэрацыя (раманская Швайцарыя) (поруч зь нямецкай, італьянскай ды рэта-раманскай мовамі)
- Рэспубліка Чад (поруч з арабскай мовай)
- Вануату (поруч з ангельскай ды мовай біслама)
Краіны ды іншыя тэрыторыі, дзе шырока распаўсюджаная француская мова:
- Альжыр
- Андора
- Марока
- Маўрытанія
- Туніс
- Люізіяна, штат ЗША: француская мова (каюн) ня мае афіцыйнага статуса, але з 1968 году, з моманту заснаваньня Рады па разьвіцьці францускай мовы ў Луізіяне (CODOFIL), ужываецца поруч з ангельскай.
Краіны ды іншыя тэрыторыі, дзе ўжываецца француская мова:
- Ліван
- Камбоджа
- Віетнам
- Лаос
- Індыя (Пандзішэры)
- Дамініка
- Сэнт-Люсі
- Ізраіль (у альжырскіх, мараканскіх, тунізійскіх, францускіх суполках)
- Канадзкія правінцыі: Антарыё (4,4% франкафонаў), Востраў прынца Эдуарда (4,3% франкафонаў), Манітоба (4,1% франкафонаў), Новая Шатляндыя (3,8% франкафонаў), Альбэрта (2% франкафонаў), Саскачэван (1,9% франкафонаў), Брытанская Калюмбія(1,5% франкафонаў), Ньюфаундленд і Лябрадор (0,4% франкафонаў).
- Тэрыторыі ЗША (каля 2 мільёнаў франкафонаў):
- штат Мэн (квэбэкскія ды акадыйскія суполкі на поўначы ў графстве Арустук),
- Вэрмонт (маленькая квэбэкская суполка на поўначы ў графствах Гран-Ісль, Франклэн, Арлеан, Эсэкс),
- Нью-Гэмпшыр (маленькая квэбэкская суполка на поўначы ў графстве Кус),
- штат Масачусэтс (маленькія квэбэкскія й акадзійскія суполкі на поўначы графстваў Ворчэстэр ды Мідлсэкс),
- Канэктыкут (маленькая квэбэкская суполка на поўначным усходзе ў графстве Ўіндхам),
- штат Нью-Ёрк (маленькая квэбэкская суполка на поўначы штата ў графствах Сэн-Лоўрэнс, Франклін, Клінтан, Эсэкс, а таксама ў горадзе Кохоэс на захадзе штата),
- Флорыда (вялікая гаіційская суполка ў графстве Маямі-Дэйд, а таксама маленькая суполка квэбэкскіх пэнсыянэраў).
[рэдагаваць] Дыялекты францускай мовы
Групы францускіх дыялектаў:
- паўночная група: нарманскі, пікардыйскі, а таксама валёнскі дыялект (Бэльгія)
- заходняя група: анжуйскі, гало ды інш.
- паўднёва-заходняя група: пуацевінскі ды інш.
- цэнтральныя дыялекты
- паўднёва-ўсходняя група: бургундзкі, франш-канційскі
- усходняя група: латарынгскі, шампанскі дыялекты
У аснову літаратурнай францускай мовы быў пакладзены франсійскі дыялект ([Іль-дэ-Франс]).
Сёньня на тэрыторыі Францыі назіраецца распад дыялектаў і ўтварэньне рэгіянальных варыянтаў францускай мовы.
Прыклады францускіх рэгіяналізмаў:
- у Канадзе і Швайцарыі замест moufle (рукавічка) кажуць mitaine;
- у Канадзе пра нешта надзвычай дарагое кажуць dispendieux, а замест ангельскага запазычаньня week-end (выходныя) ужываюць fin de semaine;
- у францускай Нармандыі замест poignée de porte (дзьвярная клямка) могуць сказаць clenche, замест serpillière (анучка для падлогі) — toile, замест à midi (апоўдні) — ce midi або dans l'heure de midi і г. д.;
- у францускай Пікардыі замест той жа serpillière (анучка для падлогі) можна пачуць wassingue, якую ў Швэйцарыі назавуць panosse, а ў Канадзе - moppe (англіцызм) ці vadrouille;
- на поўдні Францыі замест emballer (спакаваць) ці envelopper (завярнуць) скажуць plier.
Існуюць таксама нацыянальныя варыянты францускай мовы ў Бэльгіі (валёнскі дыялект), Швайцарыі, Канадзе, а таксама некаторыя (збольшага, фанэтычныя ды лексычныя) адметнасьці ў краінах Афрыкі.
У Луізіяне (ЗША) і на Гаіці, а таксама на Малых Антыльскіх і Маскарэнскіх вастравах на базе францускай мовы склаліся крэольскія мовы.
[рэдагаваць] Адметнасьці францускай мовы
У францускай мове яскрава выражаныя многія агульныя рысы раманскіх моў:
1. У фанэтыцы й фаналёгіі:
- рэдукцыя ненаціскных (асабліва канцавых) галосных
- зьмены націскных галосных
- падзеньне інтэрвакальных ды канцавых зычных
- спрашчэньне груп галосных
- агульнае скарачэньне даўжыні слова
Вакалічная сыстэма характарызуецца супрацьстаўленнем галосных па пад'ёме (адкрыты й закрытыя [е] ды [о]), шэрагу (пярэдні ды задні [а]), лабіялізацыі, назалізацыі, адсутнасцю дыфтонгаў, пазыцыйнай даўжынёй галосных.
Кансанантная сыстэма бяднейшая за іншыя раманскія мовы (менш палаталізаваных фанэм, адсутнасць афрыкат).
Фанэмы вызначаюцца трываласьцю дыфэрэнцыйных прызнакаў, у рэалізацыі - выразнай артыкуляцыяй, адносна невялікімі пазыцыйнымі зменамі.
У францускай мове аксітанальны націск (падае на апошні склад слова, а дакладней, фанэтычнага слова). Адметнасць францускага маўлення - утварэнне адзінага фанэтычнага слова з агульным націскам з граматычных груп.
2.Марфалёгія: большая схільнасць францускай мовы да аналітычнага тыпа праяўляецца ў аналітычных формах складаных часоў (passé composé, passé immédiat, future immédiat, plus-que-parfait, passé antérieur, futur antérieur), станаў, ступеней параўнаньня. Праяўляецца тэндэнцыя да марфалягічнай нязменнасьці слова. Адпаведна, такія граматычныя значэньні як род, лік, склон выражаюцца з дапамогай сынтаксісу; часта ўжываюцца службовыя словы (3 віды [артыкль|артыкляў], дэтэрмінатывы (займеньнікавыя прыметнікі) mon, ce і г.д., прыдзеяслоўнікавыя займеньнікі je, tu, il і г.д., поруч з самастойнымі займеньнікамі moi, toi, lui).
Сыстэму дзеяслова ўтвараюць 4 лады, 3 станы і разгалінаваная сыстэма часовых форм, якія выражаюць а)значэньні абсалютнага ды адноснага часу, б)актуальнасць дзеяньня (passé simple - passé composé) в)абмежаванасьць дзеяньня ў часе (passé composé - imparfait).
3.Сынтаксіс характарызуецца наступнымі тэндэнцыямі:
- двухсастаўнасьць сказа,
- дзеяслоўнасьць выказніка,
- шырокае выкарыстаньне канструкцый S-V-O,
- сцяжэньне сынтаксічных груп,
- фіксаваны і прагрэсіўны парадак слоў.
4.Лексыка: базавы лексычны фонд складаюць словы лацінскага паходжаньня (акрамя таго, з літаратурнай лацінскай мовы былі запазычаныя многія словаўтваральныя мадэлі ды сынтаксычныя абароты), а таксама пэўная колькасьць гальскіх (гальскі субстрат) ды франкскіх слоў (франкскі суперстрат).
Таксама ў францускай мове шмат запазычаньняў з арабскай, ангельскай, італьянскай, гішпанскай ды іншых раманскіх моў. Колькасьць запазычаньняў у размоўнай францускай мове (прыблізна 35000 слоў) ацэньваюць у 13 % (гэта 4 200 слоў). Рэйтынг запазычаньняў выглядае наступным чынам:
- 1054 слоў - англіцызмы
- 707 - італьянізмы
- 550 - старагерманізмы
- 481 - словы з былых гала-раманскіх моў
- 215 - арабізмы
- 164 - германізмы
- 160 - словы з мёртвай кельцкай мовы
- 159 - гішпанізмы
- 153 - галяндызмы
- 112 слоў з персідскай мовы ды санскрыту
- 101 слова з моў амерыканскіх індзейцаў
- 89 слоў азіяцкага паходжаньня
- 56 слоў афра-азіяцкага паходжаньня
- 55 слоў славянскага ды балцкага паходжаньня
- 144 слоў зь іншых моў.
(Крыніца: Henriette Walter, Gérard Walter, Dictionnaire des mots d'origine étrangère, 1998).
Адметнай рысай францускай лексыкі зьяўляюцца так званыя этымалягічныя дублеты, збольшага лацінскага паходжаньня. Гэта словы, якія паходзяць з аднаго караня, але адно зь іх, размоўнае, у выніку моўнай эвалюцыі дэфармавалася, а другое, "навуковае", было запазычана у адукаваных асяродках ў "чыстым" выглядзе. Сярод этымалягічных дублетаў пераважаюць пары "размоўны" назоўнік /"навуковы" прыметнік, напр.: mère / maternel frère / fraternel cheveu / capillaire foi / fidèle froid / frigide œil / oculaire sûreté / sécurité і г.д.
[рэдагаваць] Пісьмовая француская мова
Француская пісьмовасць грунтуецца на лацінскім алфавіце, да якога дадалі лігатуры ды дыякрытычныя знакі.
Пісьмовая форма значна адрозьніваецца ад вуснай і вызначаецца схільнасьцю да іншага, сынтаксічнага, моўнага тыпу. Гэта зьвязана з тым, што правапіс францускіх слоў, збольшага, грунтуецца на гістарычным прынцыпе, а разьвіцьцё францускай мовы з 5 ст. характарызавалася пераходам ад сынтаксічнага (клясычная лацінская мова) да аналітычнага моўнага тыпу.
[рэдагаваць] Гісторыя францускай мовы
Гісторыя францускай мовы пачынаецца з акупацыі Галіі рымскімі вайскамі пад камандаваньнем Юлія Цэзара ў 59 да н. э. У той час насельніцтва Галіі складалі шматлікія кельцкія плямёны, якія размаўлялі на розных мовах. Пасьля захопу Галіі пачынаецца доўгі працэс раманізацыі гэтага краю, у выніку чаго лацінская мова была прынятая галамі. Падчас раманізацыі лацінская мова моцна зьмянілася. У першую чаргу, гэта закранула яе фанэтычную ды граматычную сістэмы. Мяркуюць, што найстаражытнейшым тэкстам на romana lingua, старафранцускай мове, зьяўляецца "Страсбурская клятва" (842). Першае сьведчаньне існаваньня "раманскай мовы" падаецца ў 813 годзе падчас Турскага сіноду, калі епіскапам раяць чытаць пропаведзі на народнай мове, бо інакш іх не разумеюць прыхаджане. Першы мастацкі тэкст на старафранцускай мове - "Сэквэнцыя сьвятой Эўлаліі" (880–881), у якой бачаць вялікі ўплыў пікардзійскага дыялекту.
Адметнасьці старафранцускай мовы:
- 2 склоны назоўнікаў,
- радзейшае ўжываньне прыдзеяслоўнікавых займеньнікаў,
- больш вольны парадак слоў і г.д.
Перыядызацыя францускай мовы:
V–VIII стст.: гала-раманскі перыяд
IX–XIII стст.: старафранцускі перыяд
XIV–XV стст.: сярэднефранцускі перыяд
XVI ст.: ранненовафранцускі перыяд
XVII–XVIII ст.: клясычны новафранцускі перыяд
XIX–наш час: сучасны перыяд
Найважнейшыя падзеі ў гісторыі францускай мовы:
- 8 ст.: "Рэйхенаўскія глосы", адзін з першых пісьмовых помнікаў францускай мовы;
- 813 год: Турскі сінод;
- 842 год: "Страсбурская клятва", першы зьвязаны тэкст на францускай мове;
- 16 ст.: фармаваньне агульнанацыянальнай мовы
- 1539 год: Каралеўскім эдыктам Віле-Катрэ француская мова прызнаецца афіцыйнай мовай дзяржавы (насамрэч – мовай справаводства, навукі г.д.)
- 17 ст.: кадыфікацыя літаратурнай францускай мовы
- 20 ст.: значнае разыходжаньне паміж літаратурным і гутарковым маўленнем.
[рэдагаваць] Знакавыя мастацкія творы на францускай мове
- Песьня пра Раланда (La Chanson de Roland)
- Раман пра Ліса (Le Roman de Renart)
- рыцарскія раманы Крэцьена дэ Труа (Chrétien de Troyes)
- Гарганцюа і Пантагруэль (Gargantua) Франсуа Рабле
- Абарона ды ўхваленьне францускай мовы Жаашэна дзю Беле (Défense et illustration de la langue française)
[рэдагаваць] Літаратура
- Лингвистический энциклопедический словарь. Гл. ред. В. Н. Ярцева. М.: «Советская энциклопедия», 1990.
- Rapport 1997-1998 du Haut Conseil de la Francophonie, «État de la francophonie dans le monde», La Documentation française, 1999
| Раманскія мовы | |
|---|---|
| аксытанская • арагонская • арумынская • франкаправансальская • астурлеонская (астурыйская) • бургундзкая • каталянская • шампанская • карсыканская • далматынская • француская • фрыульская • галісійская • гасконская • істрыёцкая (істрараманская) • істрарумынска • італьянская • лядынская • сэфардзкая (лядына) • лігурыйская • лямбардзкая • мегленарумынская • нэапалітанская • нарманская • партугальская • румынская (малдаўская) • рэтараманская • сардынская • сыцылійская • гішпанская • валёнская | |
| Афіцыйныя мовы Эўразьвязу | ||
|---|---|---|
| ангельская | баўгарская | вугорская | гішпанская | грэцкая | дацкая | ірляндзкая | італьянская | латыская | летувіская | мальтыйская | нідэрляндзкая | нямецкая | партугальская | польская | румынская | славацкая | славенская | фінская | француская | чэская | швэдзкая | эстонская | ||

