Германскія мовы
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Германскія мовы складаюць адну з груп індаэўрапейскай моўнай сям’і. Ва ўсім сьвеце носьбітамі германскіх моваў зьяўляюцца каля 559 мільёнаў чалавек.
Германская група моваў складаецца з трох падгрупаў:
- паўночнай (дацкая, швэдзкая, нарвэская, ісляндзкая, фарэрская)
- заходняй (нямецкая, ангельская, нідэрляндзкая, ідыш, флямандзкая, афрыкаанс, фрыская)
- усходняй (гоцкая, бургундзкая, вандальская, гэпідзкая, гэрульская) — усе мовы гэтай падгрупы мёртвыя.
У лінгвістыцы прынята меркаваньне, што ўсе германскія мовы паходзяць ад колішняй адзінай прагерманскай мовы. Разьвіцьцё германскіх моваў зьвязанае зь міграцыяй германскіх плямёнаў. Першапачаткова яны насялялі поўдзень Скандынаўскай паўвыспы, паўвыспу Ютляндыя і тэрыторыю Шлезвіг-Гольштайн.
Ад астатніх індаэўрапейскіх моваў германскія адрозьніваюцца некаторымі рысамі. Сярод такіх падставовых адрозьненьняў у фанэтыцы — перасоўваньне зычных (закон Грыма). Прыкладам закону Грыма можа быць пераход гуку [т], які захаваўся ў беларускім "тры" да гуку [θ] у ангельскім "three". Для германскіх моваў характэрна вялікая ступень аналітызму (асабліва ў ангельскай, швэдзкай ды афрыкаанс). У пабудове сказу характэрны фіксаваны парадак словаў. У лексіцы прысутнічаюць запазычаньні з кэльцкай, лацінскай, грэцкай моваў, а таксама больш позьнія з францускай. Найбольшая ступень захаванасьці ўласнагерманскай лексікі — у ісляндзкай мове, дзе амаль няма запазычаньняў.
Найстарэйшым помнікам германскага пісьменства зьяўляюцца фрагмэнты гоцкага перакладу Бібліі, зробленага ў 4 стагодзьдзі.
Гісторыю разьвіцьця германскіх моваў прынята падзяляць на тры этапы:
- старажытны (ад узьнікненьня пісьма да 11 стагодзьдзя) — разгалінаваньне на асобныя мовы.
- сярэдні (12 стагодзьдзе — 15 стагодзьдзе) — разьвіцьцё пісьменства.
- новы (з 16 стагодзьдзя да сучаснасьці) — фармаваньне нацыянальных моваў.
Самай распаўсюджанай германскай мовай сёньня ёсьць ангельская, яна мае найбольшую колькасьць носьбітаў.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
- Структура германскай моўнай групы (па-ангельску)