Бэльгія
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Карале́ўства Бэ́льгія (па-нідэрляндзку: Koninkrijk België, па-француску: Royaume de Belgique, па-нямецку: Königreich Belgien) – краіна ў паўночна-заходняй Эўропе, мяжуе зь Нідэрляндамі, Нямеччынай, Люксэмбургам і Францыяй. Абмываецца Паўночным морам на паўночным усходзе.
|
|||||
| Нацыянальны дэвіз: па-галяндзку: Eendracht maakt macht па-француску: L'union fait la force па-нямецку: Einigkeit macht stark |
|||||
![]() |
|||||
| Афіцыйная мова | Нідэрляндзкая, француская, нямецкая | ||||
| Сталіца | Брусэль | ||||
| Найбуйнейшы горад | Брусэль | ||||
| Урад | Канстытуцыйная манархія Альбэрт II Ґуй Фэргофштадт |
||||
| Плошча - Агульная - % вады |
148-е месца ў сьвеце 30 528 км2 6,4 |
||||
| Насельніцтва - Агульнае (2005) - Шчыльнасьць |
79-е месца ў сьвеце 10 445 852 342/км² |
||||
| СУП - Агульны (2004) - на душу насельніцтва |
30 месца ў сьвеце $316,2 мільярду $29 707 |
||||
| Валюта | Эўра (EUR) |
||||
| Часавы пас - улетку |
CET (UTC+1) CEST (UTC+2) |
||||
| Незалежнасьць - Бэльгійская рэвалюцыя |
1830 |
||||
| Дзяржаўны гімн | The Brabançonne | ||||
| Аўтамабільны знак | ? | ||||
| Дамэн верхняга ўзроўню | .be | ||||
| Тэлефонны код | +32 |
||||
Краіна названая па этноніме кельцкага племені бэльгі. Форма кіравання - канстытуцыйная манархія. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны лад - федэрацыя.
Зьмест |
Гісторыя
Назва дзяржавы паходзіць ад племені бэльгаў кельцкага паходжання, якія засялялі гэтую тэрыторыю ў пачатку нашай эры. У 54 да н. Хр. вобласьць на поўначы Галіі, якая адпавядае сучаснай Бельгіі, была заваяваная войскамі Юлія Цэзара. Пасля падзеньня Заходняй Рымскай Імперыі ў V стагоддзі рымскую правінцыю Галію заваявалі германскія плямёны франкаў, што стварылі тут сваё каралеўства.
У сярэднявеччы Б. уваходзіла ў склад Бургундзкага герцагства
- 1477-1556 - дынастычны шлюб Марыі Бургундзкай прывёў да ўключэньня бургундзкіх уладаньняў у склад Сьвятой Рымскай Імпэрыі.
- 1556-1713 - у складзе Гішпаніі. Васьмідзесяцігадовая вайна паклала пачатак адасабленьню Бэльгіі ад пратэстанцкіх Нідэрляндаў.
- 1713-1792 - у складзе Сьвятой Рымскай Імперыі як аўстрыйскія Нідэрлянды.
- 1792-1815 - у складзе Францыі.
- 1815-1830 - у складзе Нідэрляндаў паводле рашэньня Венскага кангрэсу. Аднак шмат хто ў Бэльгіі быў незадаволены гвалтоўным аб'яднаньнем зь Нідэрляндамі (перадусім франкамоўнае насельніцтва і каталіцкае духавенства, што баяліся ўзмацненьня ролі нідэрляндзкай мовы і пратэстанцкай канфэсіі).
- 1830 - бэльгійская рэвалюцыя і ў тым жа годзе Бэльгія выйшла з складу нідэрляндзкага каралеўства дый атрымала незалежнасьць. Бэльгія становіцца нэўтральным каралеўствам на чале зь Леапольдам I.
У XIX стагоддзі вельмі інтэнсыўна разьвівалася эканоміка краіны. Б. стала першай краінай кантынэнтальнай Эўропы, дзе была пабудаваная чыгунка (Мэхелен-Брусэль, 1835 год). Цікава, што Бельгія дагэтуль застаецца адзінай краінай кантынэнтальнай Эўропы, дзе на чыгунках прыняты левабаковы рух, што зьвязана з тым, што першыя чыгункі будавалі тутака ангельцы.
Пры канцы XIX ст. Бэльгія стала каляніяльнай дзяржавай. У 1885-1908 Конга (цяпер - Дэмакратычная Рэспубліка Конга) зьяўляецца ўласным уладаньнем бэльгійскага караля Леапольда II (пад назвай "Незалежная дзяржава Конга"). Эксплюатацыя самымі бязьлітаснымі спосабамі калёніі была адной зь істотных крыніцаў назапашваньня капіталаў і развіцьця прамысловасьці Бэльгіі. З 1908 у выніку міжнароднага скандалу, зьвязанага з брутальнасьцю адміністрацыі ў Конга, калёнія мяняя праўны статус і атрымлівае назву Бельгійскае Конга.
Бельгія вельмі моцна пацярпела падчас Першай сусьветнай вайны, якую ў гэтай краіне дагэтуль называюць "Вялікай вайной". Хоць большая частка краіны была акупаваная, на працягу ўсёй вайны бэльгійскія і ангельскія войскі ўтрымлівалі невялікую частку краіны, заціснутую паміж Паўночным морам і ракой Ізэр.
Трагічная гісторыя места Іпр - падчас войнаў ён быў практычна цалкам разбураны, тут упершыню ў гісторыі войнаў быў ужыты атрутны газ (іпрыт).
1940-1944 гг. У гады Другой сусьветнай вайны немцы займаюць Бэльгію. Урад уцякае ў Ангельшчыну, караля Леапольда III дэпартуюць у Нямеччыну, бо ён падпісаў акт аб капітуляцыі. У 1944 гады войскі хаўрусьнікаў вызваляюць краіну.
1957 г. Уступленьне Бэльгіі ў Эўрапейскую эканамічную супольнасьць(ЕЭС).
31 ліпеня 1993 г. памёр кароль Бодуэн I. 9 жніўня яго трон успадкаваў брат, Альбэрт II.
2003 г. У выніку парлямэнцкіх выбараў прэм'ер-міністрам ізноў становіцца Гі Вергофстат.
Палітычная структура
Бэльгія - канстытуцыйная манархія (з моманту ўтварэньня) і федэрацыйная дзяржава (з 1980 году). Ачольнік дзяржавы - кароль, зараз - Альбэрт II (з 1993). Фактычны кіраўнік дзяржавы - прэм'ер-міністар, зараз - Вэрб Лётэрм. Зазвычай, прэм'ер-міністрам становіцца прадстаўнік партыі, якая набрала найбольш галасоў на парлямэнцкіх выбарах. Урад фармальна прызначаецца каралём. Таксама склад урада павінен быць зацьверджаны парлямэнтам. Канстытуцыя патрабуе захаваньня ва ўрадзе моўнага парытэту: палова міністраў павінна быць прадстаўнікамі нідэрляндзкамоўнай супольнасьці, палова - прадстаўнікамі франкамоўнай супольнасьці.
Федэральны парлямэнт - двухпалатны. Верхняя палата парлямэнту - сэнат (нідэрл. Senaat), ніжняя палата - палата прадстаўнікоў (нідэрл. Kamer van volksvertegenwoordigers). Абедзьве палаты абіраюцца прамым усеагульным галасаваньнем раз у чатыры гады. Права голасу маюць усе грамадзяне дзяржавы, што дасягнулі 18-гадовага веку. У сэнаце засядаюць 40 дэпутатаў, у палаце прадстаўнікоў - 150 дэпутатаў.
Б. - федэрацыйная дзяржава, часам яе называюць падвойнай федэрацыяй, бо Б. дзеліцца адначасова на тры акругі і тры моўных супольнасьці. У зону адказнасьці акругаў уваходзіць кіраўніцтва мясцовай эканомікай, грамадзкія працы (напрыклад, дарожнае будаўніцтва), пытаньні экалёгіі і г.д.), у зону адказнасьці моўных супольнасьцяў - перадусім пытаньні, зьвязаныя з культурай, у тым ліку адукацыя, навуковая дзейнасць і спорт.
Кожная акруга і кожная моўная супольнасьць мае свой парлямэнт і свой урад, аднак па ўзаемнай згодзе парлямэнт і ўрад Флямандзкай акругі і Нідэрляндзкамоўнай супольнасьці былі аб'яднаныя. Такім чынам у Б. ё шэсьць урадаў і шэсьць парлямэнтаў. Фэдэральны ўрад адказвае за каардынацыю дзеяньняў астатніх пяці ўрадаў, а таксама за пытанні агульнадзяржаўнай важнасьці, як то: абарона, замежныя справы, агульнадзяржаўная эканамічная і манэтарная палітыка, пэнсіі, ахова здароўя.
Судовая ўлада арганізаваная ў форме піраміды, асновай якой зьяўляецца міравы суд, кожнага кантону, а верхавінай - Вярхоўны суд. Б. падзеленая на судовыя кантоны і акругі. Кожная акруга мае суд першай інстанцыі, суд па пытаньнях працы і суд па гандлёвых пытаньнях. Таксама існуе пяць апэляцыйных судоў (у Брусэлі, Льежы, Монсе, Ганьдзе і Антвэрпэне) і ў кожнай правінцыі - суд прысяжных.
Акрамя Кантрольнай палаты і Дзяржаўнай рады, у Бельгіі ёсьць Арбітражны суд, створаны ў 1983 г. для ўрэгуляваньня канфліктаў у выпадку іх узнікненьня паміж рознымі інстытутамі федэральнай улады Бельгіі.
Б. уваходзіць у 70 міжнародных арганізацыяў.
Палітычны крызыс 2007
Пасьля апошніх фэдэральных выбараў 10 чэрвеня 2007 гады, партыі лібэралаў і хрысьціянскіх сацыялістаў беспасьпяхова спрабавалі сфармаваць нацыянальны ўрад (федэральны). Франкамоўныя партыі, дзейныя на бяднейшым поўдні Б. (Валёніі), пярэчылі супраць пашырэньня аўтаноміі рэгіёнаў, чаго як раз дамагаліся флямандзкія партыі, што прадстаўлялі багацейшую паўночную частку краіны.
Паўгады краінай кіраваў тэхнічны ўрад на чале з Гі Вэргофстатам.
20 сакавіка 2008, пасьля трохмесячных перамоваў, Вэрб Лётэрм стаў прэм'ер-міністрам новага кааліцыйнага ўрада, у які ўвайшлі пяць партыяў: дзьве флямандзкія і тры з франкамоўнай Валёніі.
Адміністрацыйнае дзяленне
У Б. раўналежна існуе падвойная сыстэма адміністрацыйнага дзяленьня
- Б. падзеленая на тры акругі, дзьве зь якіх дзеляцца на правінцыі:
o Флямандзкая акруга + Правінцыя Антвэрпэн + Правінцыя Лімбург + Правінцыя Ўсходняя Фляндрыя + Правінцыя Заходняя Фляндрыя + Правінцыя Флямандзкі Брабант o Валёнская акруга + Правінцыя Эно + Правінцыя Льеж + Правінцыя Люксэмбург + Правінцыя Намюр + Правінцыя Валёнскі Брабант o Брусэльская сталічная акруга
- Раўналежна з гэтым, Бельгія дзеліцца на тры моўных супольнасьці:
o Нідэрляндзкамоўная супольнасьць (Флямандзкая акруга і Брусэльская сталічная акруга) o Франкамоўная супольнасьць (Валёнская акруга і Брусэльская сталічная акруга) o Нямецкамоўная супольнасьць (частка правінцыі Льеж)
Геаграфія
Тэрыторыя Бэльгіі дзеліцца на тры геаграфічных раёны: прыбярэжная раўніна (нізкая Б., да 100 м над узроўнем мора) на паўночным захадзе, цэнтральнае плято (сярэдняя Б., 100-200 м над узроўнем мора) і Ардэнскае ўзвышша на паўднёвым усходзе (высокая Б., 200-500 м над узроўнем мора).
Нізкая Бельгія - гэта збольшага пяшчаныя выдмы і польдэры. Польдэрами завуцца нізінныя ўчасткі зямлі (не абавязкова ніжэй узроўня мора), што знаходзяцца пад пагрозай затапленьня і абароненыя ад паводак дамбамі, або, далей ад мора, палямі з асушальнымі каналамі. Польдэры адрозьніваюцца ўрадлівасьцю глебаў. Паміж заходнімі польдэрамі, Лісам і Шэльдай ляжыць Флямандзкая нізіна, месцамі ўзгорысты раён зь пяшчанымі глебамі. За Флямандзкай нізінай разьмешчаная геаграфічная вобласьць Кемпэн. Кемпэнскі ляндшафт у асноўным складаецца зь іглічных лясоў, лугоў і кукурузных палёў.
Сярэдняя Б. - раён паміж Кемпэнам і далінамі Самбры і Мааса. Гэта вобласьць гліняных раўнінаў, якія паступова падвышаюцца пры руху ў бок Самбры і Мааса. Тут - самыя ўрадлівыя глебы Б. У зьвязку з разьвітой урбанізацыяй гэтага раёну натуральныя ляндшафты рэдкія, аднак на поўдзень ад Брусэля дагэтуль захаваўся букавы лес плошчай у пяць тысячаў га(нідэрл. Zoniënwoud, фр. Fôret de Soignes). Да сярэдняй Б. належыць тэрыторыя правінцыі Эно і геаграфічнай вобласьці нідэрл. Haspengouw, фр. La Hesbaye (поўдзень правінцыі Лімбург і поўнач правінцыі Льеж). Гэтыя ўрадлівыя землі ў асноўным занятыя ральлямі і лугамі, паміж якімі ляжаць вялікія сельскія сядзібы (сялібы).
Высокая Б. адрозьніваецца нізкай шчыльнасьцю насельніцтва і багацьцем лясоў. З-за гарыстага рэльефу сельская гаспадарка тут не разьвітая, затое гэты рэгіён прыцягвае шматлікіх турыстаў. Высокая Б. пачынаецца на поўдзень ад далінаў рэк Самбра і Маас. Адразу за далінамі гэтых рэк пачынаецца геаграфічная вобласьць Кондроз (фр. Condroz) - нізкія халмы вышынёй у 200-300 мэтраў. Да гэтай вобласьці адносяцца часткі правінцыяў Эно, Льеж і Намюр. Далей разьмешчаныяя Ардэны - высокія халмы (або нават нізкія горы). Ардэны ў асноўным пакрытыя лесам, а сэрпантынныя дарогі зьвязваюць паміж сабой невялікія вёсачкі, жыхары якіх дагэтуль карыстаюцца валонскай гаворкай. Самая высокая кропка Ардэнаў (і ўсёй Б. - гара Ботранж фр. Botrange, 694 м над узроўнем мора).
Эканоміка
Бельгія ўваходзіць у Арганізацыю эканамічнага супрацоўніцтва і развіцьця(АЭСР) (Organization for Economic Co-operation and Development - OECD), у Эўрапейскі зьвяз(ЕС), краіна стала першым чальцом Эўрапейскага валютнага зьвяза ў 1999.
Аснова эканомікі Б. - сфэра паслугаў (перадусім транспарт і гандаль) і прамысловасьць.
Вытворчасьць сталі, цэмэнту і хімічных прадуктаў сканцэнтраваная ў даліне рэк Самбра і Маас. Найбуйнейшыя прамысловыя месты - Монс, Шарлеруа, Намюр і Льеж. Раней у гэтым раёне таксама вялася здабыча вугля, але ў 1980-е апошнія шахты былі зачыненыя. Цэнтр сталёвай прамысловасці - Льеж. Прадукцыя хімічнай прамысловасьці - угнаеньні, фарбавальнікі, фармацэўтычныя рэчывы, а таксама розныя плястмасы. Цэнтар нафтахімічнай прамысловасці разьмешчаны ў Антвэрпэне, у Брусэлі разьмяшчаецца штаб-кватэра буйнай хімічнай і фармацэўтычнай кампаніі Solvay.
Тэкстыльная прамысловасьць уключае перапрацоўку бавоўны, льна, поўсьці, сынтэтычных тканінаў. Адзін з важнейшых відаў прадукцыі тэкстыльнай прамысловасьці - дываны і коўдры. Галоўныя цэнтры тэкстыльнай прамысловасьці - Гент, Кортрэйк, Турнэ, Вэрв'е. Брусэль, Бруге і Мэхелен вядомыя як старадаўнія цэнтры вытворчасьці карунак.
Іншыя галіны прамысловасьці - апрацоўка дыямэнтаў (перадусім у Антвэрпэне), вытворчасьць цэмэнту і шкла, дрэваапрацоўка, харчовая прамысловасьць. Маецца некалькі аўтамабільных прадпрыемстваў.
Эканоміка Б. моцна арыентаваная на міжнародны рынак.
Асноўныя імпартныя тавары - прадукты сілкаваньня, машыны, неапрацаваныя дыямэнты, нафта і нафтапрадукты, прадукты хімічнай прамысловасьці, адзежа і тэкстыль. Асноўныя экспартныя тавары - аўтамабілі, прадукты сілкаваньня, жалеза і сталь, апрацаваныя дыямэнты, тэкстыль, плястмасы, нафтапрадукты і каляровыя мэталы.
У 1970 - 1980 гады эканамічны цэнтар краіны перамясьціўся з Валёніі у Фляндрыю. Гэта зьвязана з заняпадам традыцыйных галінаў эканомікі Валёніі - здабычы вугля і чорнай металюргіі. У цяперашні час здабыча вугля спыненая зусім, металюргія ж застаецца важнай галіной эканомікі, хоць яе значэньне моцна зьменшылася. Цяпер эканоміка Фляндрыі атрымлівае больш інвэстыцыяў. У Фляндрыі вялікая ўвага надаецца прыкладным навуковым даследаваньням. Узровень беспрацоўя ў Валёніі у два разу вышэй, чым у Фляндрыі.
Асноўная галіна энэргетыкі - атамная. У Б. маецца дзьве АЭС, адна непадалёк ад Антвэрпэна, другая - ў раёне Юі. Цяпер 75 % электраэнэргіі ў краіне вырабляецца на АЭС.
Б. валодае разьвітой транспартнай сыстэмай. Антвэрпэнскі порт - другі па велічыні порт у Эўропе. Таксама добра разьвіты ўнутраны транспарт.
Прадукцыя сельскай гаспадаркі складае менш за паўтара адсотка ВУП, аднак такі нізкі адсотак кажа не аб слабым разьвіцьці сельскай гаспадаркі, а аб моцным разьвіцьці астатніх галінаў эканомікі. Найважнейшыя расьліны - пшаніца, авёс, жыта, ячмень, цукровы бурак, бульба і лён. Жывёлагадоўля - у асноўным гадоўля буйнага рагатага быдла і свіньняў. Зь сельскай гаспадаркай цесна зьвязаныя такія традыцыйныя галіны харчовай прамысловасьці, як броварства і вытворчасьць сыру.
Па дадзеных на 2006 год, прыбытак на душу насельніцтва складаў $31 800. Нягледзячы на значную долю цяжкой прамысловасьці ў структуры эканомікі, сфэра паслуг складала 72,5% ВУП. Сельская гаспадарка ацэньвалася толькі ў 1,4% ВУП.
Навука і тэхніка
Уклад Б. у разьвіцьцё навукі і тэхнікі можна прасачыць на працягу ўсёй гісторыі гэтай краіны. Шаснаццатае стагоддзе ў Б працавалі такія навукоўцы, як картограф Герард Мэркатар (Gerardus Mercator), анатам Андрэас Вэзалі (Andreas Vesalius), траўнік Рэмбэрт Дадоэнс (Rembert Dodoens) і матэматык, інжынэр Сымон Стэвін (Simon Stevin).
У першай палове сямнаццатага стагоддзя валёнскі мэтад вырабу прутковага жалеза распаўсюдзіўся ў Швэцыі, і выкарыстоўваўся тамака на працягу 260 гадоў.
Дынамічна разьвіваная шчыльная бэльгійская чыгуначная сетка заахвоціла буйныя кампаніі, такія як La Brugeoise et Nivelles (цяпер BN аддзяленьне Bombardier Transportation), разьвіваць адмысловыя новыя тэхналёгіі. Эканамічна важная падземная здабыча вугля падчас Вялікай Індустрыяльнай рэвалюцыі вымагала спэцыялізаваных даследаваньняў у галіне горнае справы.
Канец дзевятнаццатага стагоддзя і дваццатае стагоддзе адзначыліся значнымі посьпехамі Бэльгіі ў прыкладнай навуцы і ў тэарэтычных фундамэнтальных дасьледаваньнях. Хімік-тэхноляг Эрнэст Гастон Сольвэ (Ernest Solvay) і інжынэр Зэноб Тэафіл Грам далі свае імёны навуковым паняткам: працэсу Сольвэ і дынама-машыне Грама ў 1860-х. Жоржу Лёмэтру прыпісваецца аўтарства тэорыі пашырэньня Сусьвету (побач зь іншымі навукоўцамі).
Тры нобэлеўскія прэміі па фізыялёгіі і мэдыцыне былі прысуджаныя бэльгійцам: Жулю Бардэ (Jules Bordet) у 1919 г. "За адкрыцьці, зьвязаныя з імунітэтам", Карнэю Хеймансу (Corneille Heymans) у 1938 г. "За адкрыцьцё ролі сінуснаго і аортальнага мэханізмаў у рэгуляцыі дыханьня", Альбэру Клёду, Крысьціяну дэ Дзюву, Джорджу Паладзе ў 1974 г. "За адкрыцьці, датычныя структурнай і функцыянальнай арганізацыі клеткі".
Бэльгійскі фізыкахімік Ільля Прыгожын быў намінаваны на нобэлеўскую прэмію ў 1977 годзе "За працы па тэрмадынаміцы незваротных працэсаў, асабліва за тэорыю дысіпатыўных структураў".
Насельніцтва
Насельніцтва Бельгіі складае каля 10 584 534 грамадзян па дадзеных на студзень 2007 гады.
Урбанізацыя
Амаль усё насельніцтва Бэльгіі - гэта гарадзкое насельніцтва - 97% у 2004 году. Бэльгія адрозьніваецца высокай шчыльнасьцю насельніцтва (342 чалавекі на км2), саступаючы па гэтым парамэтры ў Эўропе толькі Нідэрляндам і некаторым маленькім дзяржаўкам, такім як Манака. Самая высокая шчыльнасьць насельніцтва па краіне назіраецца ў раёне, абмежаваным гарадамі Брусэль-Антвэрпэн-Гент-Левэн (так званы "флямандзкі ромб", нідэрл. Vlaamse ruit). Самая нізкая шчыльнасьць насельніцтва - у Ардэнскіх горах (правінцыя Люксэмбург).
На 2006 год Флямандзкі рэгіён меў колькасьць насельніцтва каля 6 078 600 жыхароў з Антвэрпэнам (457 749), Гентам (230 951) і Бруге (117 251), як самымі густанаселенымі гарадамі.
Валёнія мела колькасьць насельніцтва 3 413 978 жыхароў з Шарлеруа (201 373), Льежам (185 574) і Намюром (107 178), як самымі густанаселенымі гарадамі.
У Брусэлі пражывае 1 018 804 у 19 сталічных акруговых муніцыпалітэтах, два зь якіх маюць больш чым 100 000 жыхароў.
Узроставая структура насельніцтва Б.
- 0-14 гадоў: 16.9% (хлопчыкі 892,995, дзяўчынкі 855,177);
- 15-64 гадоў: 65.7% (мужчыны 3,435,282, жанчыны 3,373,917);
- 65 гадоў і старэй: 17.4% (мужчыны 745,178, жанчыны 1,061,839).[6]
Сярэдні век
Агульны паказьнік: 50.0 гадоў
Мужчыны: 39.6 гадоў
Кабеты: 42.1 гадоў (паказчыкі за 2006г.)
Рост колькасьці насельніцтва
Колькасьць насельніцтва з 2005 г. да 2006г. вырасла на 0,13%.
Узровень нараджальнасьці ў Б. складае 10,38 нараджэньняў на 1 000 грамадзянаў.
На 1 000 грамадзянаў прыходзіцца 10,27 смерцяў.
Чыстая міграцыя ў Б. складае 1,22 мігранта на 1 000 жыхароў (па дадзеных за 2006 г.)
Сярэдняя працягласьць жыцьця Агульны паказьнік: 78.77 гадоў мужчыны: 75.59 гадоў кабеты: 82.09 гадоў (па дадзеных 2006 г.)
Агульны паказьнік плоднасьці (фэртыльнасьці)
У сярэднім бэльгійскія жанчыны маюць 1.64 дзіцяці па дадзеных 2006 г. Аналягічны паказьнік за 1994 ацэньваўся ў 1.50 дзіцяці.
Этнічны склад насельніцтва Дзве галоўныя групы, што складаюць насельніцтва краіны - флямандцы (каля 60 % насельніцтва) і валёны (каля 40 % насельніцтва). Флямандцы жывуць у пяці паўночных правінцыях Б. і размаўляюць на нідэрляндзкай мове і яе шматлікіх дыялектох. Валёны жывуць у пяці паўднёвых правінцыях, што складаюць Валёнію, размаўляюць на францускай, валёнскай і некаторых іншых мовах.
Пасьля незалежнасьці Б. была франкаарыентаванай дзяржавай, і адзінай дзяржаўнай мовай спачатку была француская, хоць флямандцы заўсёды складалі большасьць насельніцтва. Нават у Фляндрыі француская доўга заставалася адзінай мовай сярэдняй і вышэйшай адукацыі.
Пасьля першай сусьветнай вайны ў Бэльгіі паўстаў рух за эмансыпацыю нідэрляндзкамоўнага насельніцтва. Вынікам яго стала так званая "моўная звадка" (нідэрл. taalstrijd). Барацьба стала прыносіць плён ў шасьцідзясятых гадох XX ст. У 1963 быў прыняты пакет законаў, што рэгламэнтавалі выкарыстаньне моваў у афіцыйных установах. У 1967 упершыню быў зроблены афіцыйны пераклад канстытуцыі Б. на нідэрляндзкую. Да 1980 абедзьве галоўныя мовы краіны былі фактычна зраўняныя ў правах. З 1993 Бельгія была падзеленая на акругі, якія зьяўляюцца суб'ектамі фэдэрацыі. Адзінай афіцыйнай мовай на тэрыторыі Флямандзкай акругі зьяўляецца нідэрляндзкая.
Нягледзячы на дасягнутыя посьпехі, моўныя праблемы дагэтуль прыводзяць да эскаляцыі напружанасьці паміж дзьвюма галоўнымі групамі насельніцтва краіны. Так, у 2005 праблема падзелу дзьвюхмоўнай выбарчай акругі Брусэль-Хальле-Вільвордзе ледзь не прывяла да адстаўкі ўрада і палітычнага крызысу.
Найважнейшая нацыянальная меншасьць Б. - немцы. Іх колькасьць складае прыблізна 70 000 чалавек. Месцы кампактнага пражываньня немцаў (на ўсходзе Валёніі) уваходзяць у склад нямецкамоўнай супольнасьці, што маюць вялікую аўтаномію, перадусім у пытаньнях культуры.
Найбуйнейшыя групы мігрантаў - італійцы, выхадцы з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга (былое Бэльгійскае Конга), выхадцы з Турэччыны, Марока і арабскіх краін.
Зараз у Б. пражывае трохі больш за 100 000 выхадцаў з былога Савецкага Саюза. Самыя вялікія дыяспары чачэнцаў, армянаў, грузінаў.
Культура
Асаблівасьцю культурнага жыцця Б. зьяўляецца адсутнасьць адзінага культурнага поля. Фактычна культурнае жыццё канцэнтруецца ў межах моўных супольнасьцяў. У Бельгіі няма агульнадзяржаўнага тэлебачаньня, газэтаў і іншых сродкаў масавай інфармацыі. Таксама адсутнічаюць дзьвюхмоўныя ўнівэрсытэты (за выключэньнем Каралеўскай ваеннай школы) і буйныя навуковыя або культурныя арганізацыі.
Жывапіс
Яшчэ ў эпоху Рэнэсансу Фляндрыя праславілася сваім жывапісам (флямандзкія прымітывы). Пазьней у Фляндрыі жыў і працаваў Рубэнс (У Б. Антвэрпэн дагэтуль часта завуць местам Рубэнса). Аднак да другой паловы XVII ст. флямандзкае мастацтва паступова прыйшло ў заняпад. Пазьней у Бэльгіі разьвіваўся жывапіс у стылях рамантызму, экспрэсіянізму і сюррэалізму. Вядомыя бэльгійскія мастакі - Джэймз Энсор (экспрэсіянізм і сюррэалізм), Канстант Пэрмэке (экспрэсіянізм), аднак самы вядомы мастак Бэльгіі - Рэнэ Магрыт, які лічыцца адным з найважнейшых прадстаўнікоў сюррэалізму.
Літаратура
Натуральна, у літаратуры падзел па моўным прынцыпе выяўляўся наймацней. Франкамоўная літаратура імкнецца да францускай традыцыі, што зьвязана ў прыватнасьці з тым, што ў Б. працавалі шматлікія францускія літаратары (напрыклад Бадлер).
Больш складаная сітуацыя з літаратурай Фляндрыі. У XIX стагоддзі літаратура Фляндрыі раскалолася на дзьве плыні: прадстаўнікі адной пісалі па-француску, другой - пісалі па-нідэрляндзку. Працы прадстаўнікоў першай плыні можна назваць тыпова бэльгійскай літаратурай, бо зьяўленне такой літаратуры не было б магчымым ў аднамоўнай краіне.
Самы вядомы твор дадзенай групы - "Легенда аб Тылі Уленшпігеле і Ламе Гудзаке", напісаная фламандцам Шарлем дэ Кастэрам. Цяпер гэтая кніга перакладзеная на мноства моваў і атрымала мянушку "Біблія Фляндрыі". Аднак вялікая частка франкамоўнай флямандзкай літаратуры цяпер забытая: валёнам і тым больш французам яна не цікавая, а флямандцы яе не чытаюць з-за зьніжэньня ўзроўню ведання францускай мовы (раней, калі француская была адзінай дзяржаўнай мовай яе веданьне было неабходным; зараз жа нідэрляндзкая мова роўная ў правах з францускай).
Прадстаўнікі другой групы ў асноўным былі прыхільнікамі эмансыпацыі Фляндрыі і часьцяком былі нацыяналістамі. Самы вядомы прадстаўнік гэтай групы - паэт Гвіда Гезэльле. Ён выступаў ня толькі супраць францускай мовы, але і прынятага ў Нідэрляндох варыянту нідэрляндзкай мовы. Ягоныя вершы, напісаныя на заходнефлямандзкім дыялекце, не заўсёды добра зразумелыя цяперашнім флямандцам.
Некаторыя вядомыя бэльгійскія паэты: Гвіда Гезэльле (пісаў на флямандзкай), Эміль Вэрхарн (флямандзец, пісаў па-француску), Морыс Мэтэрлінк (флямандзец, пісаў па-француску), Пол Ван Остайен (паэт-наватар, пісаў па-нідэрляндзку).
Архітэктура
У Бэльгіі захавалася шмат выбітных узораў архітэктуры ад раманскага стылю (XI стагоддзе) да ар-нуво (пачатак XX ст.). Самы вядомы бэльгійскі архітэктар - Віктар Хорта (1861-1947), адзін з выбітнейшых архітэктараў ар-нуво. Найбольш цікавыя ў архітэктурным дачыненьні гарады: Бруге, Гент, Антвэрпэн, Брусэль, Мэхелен.
Бэльгійская кухня
Бэльгія славіцца сваёй кухняй. Бэльгійская ежа, як і сама Бэльгія, уяўляе сабой сумесь германскага і лацінскага ўплываў. Бэльгійцы заслужылі рэпутацыю аматараў вафляў і смажанай бульбы. Абедзьве гэтыя стравы ўзьніклі ў Б. Нацыянальныя стравы: смажанае мяса з салатай і смажаныя мідыі.
Брэнды бэльгійскай чакаляды і чакалядных цукерак, такіх як Callebaut, Côte d'Or, Neuhaus, Leonidas, Guylian і Godiva вядомыя ва ўсім сьвеце.
Транспарт у Бэльгіі
Б. - краіна невялікая. Магістральная сетка зьяўляецца адной з самых шчыльных у сьвеце (параўнальная з Лёс-Анджэлесам).
У Б. заахвочваецца выкарыстаньне цягнікоў, бо чыгунка зьяўляецца разгалінаванай і эфэктыўнай.
Марскія парты
Антвэрпэн (Antwerp) (адзін з самых вялікіх партоў сьвету)
Бруге(Bruges (Zeebrugge)) - адзін з найбуйнейшых партоў Эўропы.
Гент (Ghent)
Остэнде (Ostend)
Унутраныя парты
Брусэль Льеж
Узброеныя сілы Бэльгіі
Узброеныя сілы Бэльгіі былі створаныя ў 1830. Цяпер іх асабовы склад налічвае каля 41 000 чалавек. Прызыўны век - 16 гадоў (2005 год). Бюджэт Узброеных сілаў - € 2,7 мільярда. Доля УС складае 1,3% ад ВУП Бельгіі.
Міжнародныя адносіны Бэльгіі
25 ліпеня 1921 гады - стварэньне Бэльгійска-Люксэмбургскага эканамічнага зьвяза. Дамова аб стварэньні Мытнага зьвязу Бэнілюкс была падпісаная 5 верасьня 1944 урадамі трох краінаў у выгнаньні ў Лёндане і ўступіла ў сілу ў 1948 году. Зьвяз праіснаваў да 1 лістапада 1960, калі ён быў заменены Эканамічным зьвязам Бэнілюкс на падставе дамовы, падпісанай у Гаазе 3 лютага 1958.
4 красавіка 1949 Б. уступіла як краіна-заснавальнік у Арганізацыю Паўночнаатлантычнай дамовы (НАТО) з штаб-кватэрай у Брусэлі. 18 красавіка 1951 Б. разам з пяцьцю эўрапейскімі краінамі падпісала Дамову аб стварэньні Эўрапейскага аб'яднаньня вугля і сталі.
У 1957 г. шэсьць дзяржаў, уключаючы Б., заснавалі Эўрапейскую эканамічную супольнасьць (ЭЭС, Агульны рынак), у 1993 году афіцыйна пераназваную ў Эўрапейскую супольнасьць, і Эўрапейскую супольнасьць па атамнай энэргіі.
Шэнгенская дамова першапачаткова была падпісаная 14 чэрвеня 1985 пяцьцю эўрапейскімі дзяржавамі (Бэльгіяй, Нідэрляндамі, Люксэмбургам, Францыяй, Нямеччынай) і ўступіла ў сілу 26 сакавіка 1995.
Штаб-кватэра Эўрапейскай камісіі знаходзіцца ў Брусэлі. Эўрапарлямэнт праводзіць пленарныя паседжаньні ў Страсбурзе і Брусэлі. Эканамічны і сацыяльны камітэт, кансультацыйны орган ЭЗ, зьбіраецца раз на месяц у Брусэлі. Пленарныя сэсіі Камітэту Рэгіёнаў ЭЗ праходзяць у Брусэлі 5 разоў на год.
Зьнешнія спасылкі
| Краіны Эўропы |
|---|
| Азэрбайджан | Альбанія | Андора | Армэнія | Аўстрыя | Баўгарыя | Беларусь | Босьнія і Герцагавіна | Бэльгія | Ватыкан | Вугоршчына | Вялікабрытанія | Гішпанія | Грузія | Грэцыя | Данія | Ірляндыя | Ісьляндыя | Італія | Казахстан¹ | Кіпр | Латвія | Летува | Ліхтэнштайн | Люксэмбург | Малдова | Мальта | Манака | Нарвэгія | Нідэрлянды | Нямеччына | Партугалія | Польшча | Расея¹ | Рэспубліка Македонія | Румынія | Сан-Марына | Славаччына | Славенія | Сэрбія | Турцыя¹ | Украіна | Фінляндыя | Францыя | Харватыя | Чарнагорыя | Чэхія | Швайцарыя | Швэцыя | Эстонія |
| Спэцыяльныя тэрыторыі: Акратыры | Выспа Мэн | Гернсі | Гібралтар | Косава | Ян Маен | Джэрсі | Дэкелія | Свальбард | Фарэрскія выспы |
| ¹ Часткова знаходзіцца ў Азіі |
| п • а • р Арганізацыя Паўночнаатлянтычнай дамовы (NATO) | |
|---|---|
| Удзельнікі | Баўгарыя • Бэльгія • Вугоршчына • Вялікабрытанія • Гішпанія •
Грэцыя • Данія • Злучаныя Штаты Амэрыкі • Ісьляндыя • Італія • Канада • Латвія • Летува • Люксэмбург • Нарвэгія • Нідэрлянды • Нямеччына • Партугалія • Польшча • Румынія • Славаччына • Славенія • Турэччына • Францыя • Чэхія • Эстонія |
| Кандыдаты | Альбанія • Рэспубліка Македонія • Харватыя |


