Фэдэрацыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Фэдэра́цыя (па-лацінску: foederatio — аб’яднаньне, зьвяз) — форма дзяржаўнага ладу, пры якой часткі фэдэратыўнае дзяржавы зьяўляюцца дзяржаўнымі ўтварэньнямі, якія валодаюць юрыдычна вызначанай палітычный самастойнасьцю.

Асноўныя прыкметы фэдэратыўнае дзяржавы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У фэдэратыўнае дзяржаве, ў адрозьненьні ад унітарнай, маюцца дзьве сыстэмы вышэйшых ворганаў улады (фэдэральныя ды суб'ектаў фэдэрацыі); побач з фэдэральнай канстытуцыяй суб'еты фэдэрацыі маюць права прымаць свае нарматыўныя прававыя акты ўстаноўчага характару (на прыклад, канстытуцыі, статуты, асноўныя законы); яны надзеленыя правам прымаць рэгіянальныя законы; суб'екты фэдэрацыі, як правіла, маюць уласнае грамадзянства, сталіцу, герб ды іншыя элемэнты канстытуцыйна-прававога статусу дзяржавы, за выключэньнем дзяржаўнага суверэнітэту.

Пры гэтым суб'ект фэдэрацыі ня мае права выхаду са складу фэдэрацыі (сэцэсія) ды, як правіла, ня можа быць суб'ектам міжнародных адносінаў. Суб'екты фэдэрацыі могуць мець розныя найменьні, якія, часьцей, вызначаюцца гістарычнымі ці прававымі чыньнікамі: штаты, правінцыі, рэспублікі, землі або фэдэральныя землі (як у Нямеччыне ды Аўстрыі) ды іншае. Фэдэрацыю варта адрозьніваць ад канфэдэрацыі, якая зьяўляецца міжнародна-прававым зьвязам суверэнных дзяржаваў. Аднак на практыцы адрозьніць прававую прыроду тых ці іншых утварэньняў бывае вельмі цяжка. Да прыкладу, да гэтых часоў няма адзінага падыходу да таго, што ўяўляе сабой Эўрапейскі Зьвяз.

Сучасныя фэдэратыўныя дзяржавы на мапе сьвету

Рысы фэдэрацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Можна вылучыць найбольш агульныя рысы, якія характэрныя для большасьці фэдэратыўных дзяржаваў:

  • Тэрыторыя фэдэрацыі складаецца з тэрыторыяў ейных асобных суб'ектаў: штатаў, кантонаў, рэспублік.
  • У саюзнай дзяржаве вярхоўная заканадаўчая, выканаўчая ды судовая ўлады належаць фэдэральным дзяржаўным ворганам. Кампэтэнцыя між фэдэрацыяй ды ейнымі суб'ектамі разьмяжоўваюцца канстытуцыяй.
  • Суб'екты фэдэрацыі валодаюць правам прыняцьця ўласнае канстытуцыі, маюць свае вышэйшыя заканадаўчыя, выканаўчыя ды судовыя ворганы.
  • У большасьці фэдэрацый існуе адзінае саюзнае грамадзянства ды грамадзянства фэдэральных адзінак.
  • Асноўную агульнадзяржаўную зьнешнепалітычную дзейнасьць у фэдэрацыях зьдзяйсьняюць саюзныя дзяржаўныя ворганы. Яны афіцыйна прадстаўляюць фэдэрацыю ў міждзяржаўных адносінах (ЗША, ФРГ, Бразылія, Індыя ды іншыя).
  • Абавязковай прыкметай фэдэратыўнае формы лічыцца двухпалатная стуктура саюзнага Парлямэнту. Адная палата разглядаецца як ворган агульнасаюзнага прадстаўніцтва, дэпутаты ў яе выбіраюцца з усёй краіны. Другая палата закліканая прадстаўляць цікавасьці чальцоў фэдэрацыі.

Імітацыя фэдэрацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэарэтычна магчымая сытуацыя, калі каляніяльная імпэрыя можа "замаскаваць" сябе пад фэдэрацыю шляхам перадачы некаторых адміністрацыйных функцыяў ды сімбаляў самастойнасьці гвалтоўна далучаным правінцыям і абвяшчэньне іх складнікамі фэдэрацыі.

Віды фэдэрацыяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Згодна з асаблівасьцямі канстытуцыйна-прававога статусу суб’ектаў фэдэратыўнае дзяржавы вылучаюць сымэтрычныя ды асымэтрычныя фэдэрацыі. У першых суб’екты валодаюць аднолькавым канстытуцыйна-прававым статусам (да прыкладу, Фэдэратыўная Дэмакратычная Рэспубліка Этыёпія, Злучаныя Штаты Амэрыкі), у другіх — канстытуцыйна-прававы статус суб’ектаў розны (да прыкладу, Рэспубліка Індыя, Фэдэратыўная Рэспубліка Бразылія). Сучасныя навукоўцы спрачаюцца, да якого з прапанаваных тыпаў можна аднесьці Расейскую Фэдэрацыю. Справа ў тым, што абсалютна сімэтрычных фэдэрацыяў на сёньняшні дзень не існуе: усе яны валодаюць тымі ці іншымі прыкметамі асымэтрычнасьці.

«Мяккая фэдэрацыя»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Мяккая фэдэрацыя» — фэдэрацыя, суб’екты якой маюць права сэцэсіі. Суб’екты фэдэрацыяў могуць быць фэдэрацыямі, як тое было з СССР, ці цяпер можна назіраць на прыкладзе Босьніі і Герцагавіны. Права на выхад з фэдэрацыі маюць суб’екты такіх фэдэратыўных дзяржаваў, як Канада і Сьвяты Кітс і Нэвіс. Перад распадам СССР меркавалася, што «абноўлены» Зьвяз Сувэрэнных Дзяржаваў будзе таксама «мяккай фэдэрацыяй».