Канстытуцыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Канстыту́цыя (па-лацінску: constitutio — устанаўленьне) — асноўны закон дзяржавы. Вызначае грамадзкі і дзяржаўны лад, парадак і прынцыпы стварэньня прадстаўнічых органаў дзяржаўнае ўлады, выбарчую сыстэму і прававое становішча асобы, парадак арганізацыі, кампэтэнцыю органаў улады і кіраваньня, арганізацыю і асноўныя прынцыпы правасудзьдзя. Канстытуцыя мае вышэйшую юрыдычную сілу ў параўнаньні з усімі іншымі нарматыўна-прававымі актамі пэўнай нацыянальнай прававой сыстэмы.

Зьмест

Канстытуцыі на тэрыторыі Беларусі [рэдагаваць]

29 верасьня 1529 г. у Вялікім Княстве Літоўскім увялі першы Статут — канстытуцыйны звод законаў, які ўлучаў цывільныя (грамадзянскія), зямельныя, крымінальныя, ваенныя і прыродаахоўныя артыкулы[1].

Статут ВКЛ 1588 году [рэдагаваць]

У 1588 годзе правазнаўцамі Вялiкага Княства Літоўскага на чале з канцлерам Астафеем Валовічам i падканцлерам Львом Сапегам распрацаваны статут ВКЛ. Ён быў зацьверджаны вялiкiм князем Жыгiмонтам III у студзені 1588 году. Заснаваны на Статутах 1529 і 1566 гадоў, пастановах соймаў і вялікакняскіх прывілеяў. Выкарыстоўваў дасягненьні эўрапэйскага права.

Статут фактычна зьяўляўся канстытуцыяй ВКЛ. Ён замацоўваў юрыдычна суверэнітэт дзяржавы, правы, абавязкі жыхароў, грамадзкі і дзяржаўны лад, рэлігійную талерантнасьць. Ён зьяўляўся асновай для прыняцьця судовых рашэньняў у краіне.

Статут быў надрукаваны на тагачаснай беларускай мове, што рабіла яго зразумелым для простых жыхароў дзяржавы: «Не обчим яким языком, але своим власным права списаные маем и каждого часу чого нам потреба ку отпору всякое крывды ведати можем».

На большай частцы Вялікага Княства Літоўскага Статут меў юрыдычную сілу да 1831 году, а ў Гарадзенскай, Менскай i Вiленскай губэрнях (Расейскай імпэрыі) — да 1840.

Канстытуцыя Рэчы Паспалітай [рэдагаваць]

3 траўня 1791 году Вялікі сойм (17881792) прыняў першую канстытуцыю ў Эўропе. У працы над праектам канстытуцыі працавалi самыя розныя асобы: нават кароль Станiслаў-Аўгуст прыняў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы гэтага вялiкага дакуманта. Нарады наконт канстытуцыi адбывалiся таемна ў каралеўскiм палацы, дзе жыў лекар караля ксёндз Сцыпiён Пiятолi. Канстытуцыя 3 траўня складалася з 11 артыкулаў. Былi лiквiдаваныя права «Liberum Veto», выбары караля шляхтай i абавязковасьць соймiкавых iнструкцыяў для паслоў, уводзiлася спадчынная манархiя, выканаўчая ўлада перадавалася каралю, якi падпарадкоўваўся Сойму. Становiшча сялян не было палепшаным. Канстытуцыя 3 траўня зрабiла крок да стварэньня цэнтралiзаванай унiтарнай дзяржавы: адзiнае войска, скарб i пад. З гэтым не пагадзiлiся паслы ВКЛ, якiя дамаглiся заключэньня 20 кастрычніка 1791 «Узаемнай гарантыi» ВКЛ i ПК, дзе былi абумоўленыя ўмовы раўнапраўнага ўдзелу прадстаўнiкоў ВКЛ i ПК у кiраваньнi краiнаю.

Канстытуцыі БССР [рэдагаваць]

3 лютага 1919 на Ўсебеларускім зьезьдзе саветаў была прынятая першая канстытуцыя БССР. Канстытуцыя БССР 1927 году мела выключна важнае значэньне для далейшага ўтварэньня нацыянальных саветаў і паляпшэньня іх працы. Яна разьвіла агульныя палажэньні Канстытуцыі рэспублікі 1919 году аб роўнасьці нацыянальнасьцей. Разам з гэтым яна ўтрымлівала шэраг нормаў простай дзейнасці. У артыкуле 15 Асноўнага Закону было прызнана за ўсімі грамадзянамі права карыстаньня роднай мовай на зьездах, у судзе, кіраваньні і ў грамадзкім жыцьці. Нацыянальным меншасьцям забясьпечвалася рэальнае права адукацыі ў школе на роднай мове. У дзяржаўных і грамадзкіх установах і арганізацыях усталёўвалася поўнае раўнапраўе беларускай, польскай, яўрэйскай і расейскай моваў. Было вызначаным, што найважнейшыя заканадаўчыя акты павінны друкавацца на беларускай, польскай, яўрэйскай і расейскай мовах.

Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь [рэдагаваць]

15 сакавіка 1994 на 13-й сэсіі Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня была прынятая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь

Крыніцы [рэдагаваць]

Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]

Commons-logo.svg  Канстытуцыясховішча мультымэдыйных матэрыялаў