Украіна
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
| Україна | |||||
|
|||||
| Нацыянальны дэвіз: няма | |||||
| Афіцыйная мова | украінская | ||||
| Сталіца | Кіеў | ||||
| Найбуйнейшы горад | Кіеў | ||||
| Урад | Рэспубліка Віктар Юшчанка Юлія Цімашэнка |
||||
| Плошча - Агульная - Адсотак вады |
44-е месца ў сьвеце 603 628 км² 7% |
||||
| Насельніцтва - Агульнае (2008) - Шчыльнасьць |
27-е месца ў сьвеце 46 372 700 78/км² |
||||
| СУП - Агульны (2007) - на душу насельніцтва |
28-е месца ў сьвеце $355,8 млрд $8059 |
||||
| Валюта | Грыўня (UAH) |
||||
| Часавы пас - улетку |
EET (UTC+2) EEST (UTC+3) |
||||
| Незалежнасьць -Атрыманая |
Ад СССР 24 жніўня 1991 |
||||
| Дзяржаўны гімн | «Ще не вмерла Україна» | ||||
| Аўтамабільны знак | UA | ||||
| Дамэн верхняга ўзроўню | .ua | ||||
| Тэлефонны код | +380 | ||||
Украі́на (па-ўкраінску: Україна) — дзяржава ўва Ўсходняй Эўропе, мяжуе зь Беларусяй на поўначы, Расеяй на ўсходзе, Вугоршчынай, Польшчай і Славаччынай на захадзе, Румыніяй і Малдовай на паўднёвым захадзе. Амываецца Чорным і Азоўскім морамі на поўдні.
Зьмест |
[рэдагаваць] Назва
- Асноўны артыкул: Назвы Ўкраіны
Існуюць дзьве асноўныя вэрсіі паходжаньня назвы Ўкраіны.
Першая вэрсія палягае ў тым, што назва «Ўкраіна» азначае «ля краю», ля мяжы (сугучна расейскаму «окраина»), бо ўкраінскі этнас сфармаваўся на польска-татарскім памежжы.
Прыхільнікі другой вэрсіі сьцьвяржаюць, што назва «Ўкраіна» паходзіць ад слова «краіна» і прыводзяць той факт, што гэтая назва зьяўляецца ў гістарычных дакументах значна раней, чым узьнікла казацтва.
[рэдагаваць] Гісторыя
- Асноўны артыкул: Гісторыя Ўкраіны
Тэрыторыя Украіны ў сучасных межах сфармавалася ў 1954 годзе, а дагэтуль яе часткі часам належалі да дзяржаў абсалютна розных культур.
[рэдагаваць] Даславянскі пэрыяд (да 8 ст.)
На ўзьбярэжжы Крыму з 8 ст. да н. э. узьнікаюць грэцкія калёніі, галоўныя зь якіх — Херсанес (каля Севастопаля) і Пантыкапей — паступова сталі цэнтрамі дзяржаўных фармаваньняў. Гэтыя землі з 1 ст. да н. э. трапілі пад уплыў Рыму.
На стэпавай частцы Украіны пануюць качавыя плямёны: кімерыйцы (9 ст. да н. э. — 7 ст. да н. э.), скіфы (7 — 3 ст.ст. да н. э.), сарматы (3 ст. да н. э. — 3 сг. зв.э.).
Аб насельніках паўночнай Украіны гэтага часу вядома зусім мала.
[рэдагаваць] Пэрыяд Кіеўскай Русі й Бізантыйскай імпэрыі (8 — 14 стст.)
З 4 ст. пачынаецца эпоха Вялікага Перасяленьня народаў. Праз украінскія стэпы праходзяць плямёны готаў, потым — гунаў, яшчэ пазьней — аланаў.
З 8 стагодзьдзя Паўночную і цэнтральную Украіну засяляюць усходнеславянскія плямёны, сярод якіх былі паляне, драўляне, севяране ды іншыя. Паступова на гэтых землях фармуецца гэтак званая Кіеўская Русь — першае ўсходнеславянскае дзяржаўнае ўтварэньне. З 862 году Кіеўскай Русьсю кіруе вараская дынастыя Рурыкавічаў. Найбольшы росквіт Кіеўскай Русі прыпадае на 10 стагодзьдзе, калі Кіеў пазбаўляецца ад хазарскай залежнасьці, а потым і цалкам зьнішчае Хазарыю як дзяржаву. Зрабіўшы гэта, Кіеў, аднак, адкрыў прычарнаморскія стэпы для пранікненьня качавых плямёнаў: печанегаў, торкаў ды полаўцаў (кіпчакоў), якія прынеслі старажытнарускай дзяржаве багата клапот.
З 12 стагодзьдзя Кіеўская Русь распадаецца на асобныя княствы. На тэрыторыі Ўкраіны найгалаўнейшымі княствамі былі Кіеўскае, Чарнігаўскае, Галіцкае ды Валынскае.
У 13 стагодзьдзі праз Кіеўскую Русь праходзяць орды мангола-татар. Карыстаючыся фэадальнай раздробленасьцю, яны досыць лёгка падаўляюць супраціў мясцовых князёў і абкладаюць рускія гарады даніной.
Антычныя гарады чарнаморскага ўзьбярэжжа пасьля распаду Рымскай імпэрыі трапляюць пад палітычны й культурны ўплыў Бізантыі. Найбуйнейшым горадам тут застаецца Херсанес (у сярэднявечча вядомы як Херсон). У 12 стагодзьдзі ў горнай частцы Крыму ўзьнікла дзяржава Феадора, на базе насельнікаў якой узьнікла народнасьць крымскіх грэкаў, або феадарытаў. Яе помнікамі зьяўляюцца пячорныя гарады Крыму — Чуфут-Кале, Эскі-Кермен ды іншыя. Стэпавы Крым ад 13 стагодзьдзя трапляе пад уладу татар.
[рэдагаваць] Польска-літоўскі й турэцкі пэрыяд (14 ст. — канец 18 ст.)
Ад 14 стагодзьдзя мангола-татарская дзяржава, галоўным чынам празь міжусобіцы, аслабляецца. Затое ўплыў Літоўскага княства, якое ўзьнікла ў 13 стагодзьдзі, істотна ўзмацніўся ад часоў княжаньня Гедыміна (пачатак 14 ст.). Ён устанавіў пратэктарат над Кіеўскім княствам.
У 1362 годзе літоўскі князь Альгерд разьбіў татар у бітве на Сініх Водах і далучыў Кіеў да Вялікага княства Літоўскага. Гэтая падзея мела вялікае сымбалічнае значэньне, бо Літва, як і Масква, прэтэндавала на званьне пераемніка Кіеўскай Русі, і на пачатку была бясспрэчным лідэрам у «зьбіраньні» рускіх земляў.
Напрыканцы 14 стагодзьдзя пачынаецца палітычная й культурная экспансія Польшчы. У 1387 годзе Польшча захапіла Галічыну.
З канца 15 стагодзьдзя ўзмацняецца Маскоўская дзяржава, якая ў канцы 15 — пачатку 16 стст. захапіла ў Літвы частку земляў.
З 15 стагодзьдзя на літоўска-крымскім памежжы ўзьнікае казацтва, якое аказала вырашальны ўплыў на фармаваньне ўкраінскага этнасу. Этнічная тэрыторыя Ўкраіны, выцягнутая з захаду на ўсход, і цяпер прыкладна адпавядае былой мяжы між Літвою (Польшчаю) ды Крымскім ханствам.
У 1569 годзе, карыстаючыся цяжкім становішчам Літвы, якая вяла вайну з Масковіяй, Польшча захапіла Валынь, Падляшша, украінскае Палесьсе і Кіеўшчыну, г.зн. усе ўкраінскія землі, якія дагэтуль належалі Літве.
У 1596 годзе была заключаная Берасьцейская вунія, паводле якой Кіеўская мітраполія перайшла пад уладу Рыма.
Палітыка апалячваньня ды акаталічваньня прывяла да антыпольскіх паўстаньняў на ўкраінскіх землях. Наймацнейшае зь іх, пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, пачалося ў 1648 годзе. Пасьля шэрагу паразаў Хмяльніцкі быў вымушаны перайсьці пад пратэктарат Масковіі, што адбылося ў 1654 годзе на Пераяслаўскай радзе. Гэтая падзея выклікала маскоўска-польскую вайну, у выніку якой да Масковіі адыйшлі значныя тэрыторыі, у тым ліку горад Кіеў.
Крым з 15 стагодзьдзя цалкам падпарадкоўваецца Крымскаму ханству, адной з рэштак Залатой Арды і пратэктарату Турцыі. На базе нашчадкаў мангола-татар, а таксама іншых народнасьцяў, тут фармуецца крымскататарскі этнас, які складаў большасьць на паўвостраве аж да сталінскай дэпартацыі 1944 году. Акрамя ўласна Крыму, ханства займала тэрыторыі ўкраінскага Прычарнамор’я і Прыазоўя, а таксама вялікую частку сёньняшняга Краснадарскага краю Расеі.
У 18 стагодзьдзі Польшча ды Крымскае ханства аслаблі й сталі ахвярамі агрэсіўных суседзяў. У выніку трох падзелаў Польшчы (1772—1795) украінскія землі Польшчы адыйшлі да Расеі, акрамя Галічыны, якая адыйшла да Аўстрыі.
Крымскае ханства было анэксаванае Расеяй у 1783 годзе.
[рэдагаваць] Пэрыяд Расейскай і Аўстрыйскай імпэрыяў (канец 18 ст. — 1917)
З канца 18 стагодзьдзя і да Першай Сусьветнай вайны ўкраінскімі землямі валодалі Расея й Аўстрыя.
На украінскіх тэрыторыях з канца 18 стагодзьдзя пачынаецца рух украінскага адраджэньня. Найбольш ён быў пашыраны на аўстрыйскіх тэрыторыях (Галічына) — празь меншую жорсткасьць тамтэйшага рэжыму — дзе дзейнічалі Іван Франко, Міхайла Грушэўскі ды іншыя выдатныя асобы ўкраінскага адраджэньня.
[рэдагаваць] Савецкі пэрыяд (1917—1991)
Першая сусьветная вайна прывяла да краху некалькіх імпэрыяў, у ліку якіх былі Расея й Аўстрыя. Такім чынам, у падняволеных народаў узьнік шанец на самавызначэньне.
17 сакавіка 1917 году, хутка пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расеі, была створаная Украінская Цэнтральная Рада. 20 лістапада 1917 году была створаная Украінская Народная Рэспубліка, а 25 студзеня 1918 году была абвешчаная яе незалежнасьць. На аўстрыйскай тэрыторыі была створаная Заходнеўкраінская рэспубліка, якая прыядналася да УНР.
У той жа час, 25 сьнежня 1917 году ў Харкаве бальшавікі старылі альтэрнатыўную УНР, якая ў 1919 годзе была пераназваная ва Ўкраінскую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку. Пачалася барацьба паміж гэтымі дзьвюма дзяржавамі. УССР апіралася на бальшавікоў, а УНР — спачатку на немцаў, а потым — на палякаў. У выніку Галічына й Валынь адыйшлі да Польшчы, Закарпацьце — да Чэхаславакіі, Буковіна й Бесарабія — да Румыніі, а на большай частцы Ўкраіны ўсталявалася савецкая ўлада. Крым быў уключаны ў склад РСФСР на правах аўтаномнай рэспублікі.
У 1922 годзе УССР ўвайшла ў склад СССР.
У 1934 годзе сталіца УССР была перанесеная з Харкава ў Кіеў.
У 1938 годзе ў выніку падзелу Чэхаславакіі Закарпацьце адыйшло да Вугоршчыны.
У верасьні 1939 году ўкраінскія землі, што належалі Польшчы, былі занятыя савецкай арміяй і далучаныя да УССР (аб'яднаньне Украіны (1939)). У 1940 годзе да УССР была далучаная Паўночная Буковіна й Паўднёвая Бесарабія.
У 1941—1942 гг. тэрыторыя Украіны была акупаваная нямецкімі войскамі. Нацысцкія ўлады ўсталявалі жорсткі акупацыйны рэжым. Былі зьнічшаныя сотні тысячаў мірных жыхароў. У 1943—1944 гг. Украіна была вызваленая ад нацыстаў.
Пасьля Вялікай Айчынай Вайны да Ўкраіны было далучанае Закарпацьце. Частка Галічыны была перададзеная Польшчы.
У 1954 годзе Украіне быў перададзены Крым.
[рэдагаваць] Сучасны (незалежны) пэрыяд (з 1991 г.)
24 жніўня 1991 году Вярхоўная Рада Ўкраіны абвесьціла незалежнасьць Украіны, якая была пацьвержаная на ўсеукраінскім рэферэндуме 1 сьнежня 1991 году. У сьнежні гэтага ж году было падпісанае белавескае пагадненьне аб скасаваньні СССР і стварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў, да складу якой ўвайшла й Украіна.
Першым прэзыдэнтам незалежнай Украіны стаў Леанід Краўчук.
Пасьля развалу СССР былыя савецкія рэспублікі, у тым ліку і Украіна, трапілі ў глыбокі крызыс, які прывёў да зьбядненья насельніцтва, гіпэрінфляцыі, масаваму беспрацоўю.
У 1992 годзе адбыўся царкоўны раскол, калі былы Мітрапаліт Украіны Філарэт абвесьціў сябе Кіеўскім Патрыярхам. Кіеўскі патрыярхат ня быў вызнаны ніводным зь іншых праваслаўных патрыярхатаў, але быў падтрыманы ўкраінскімі ўладамі, што паглыбіла раскол украінскага грамадзтва.
У 1994 годзе на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах перамогу атрымаў Леанід Кучма. Ён кіраваў краінай 10 гадоў.
28 чэрвеня 1996 году Вярхоўная Рада ўхваліла Канстытуцыю Ўкраіны.
У лістападзе 2004 году адбыліся прэзыдэнцкія выбары, на якіх перамогу атрымаў Віктар Януковіч. Але яго супернік Віктар Юшчанка ня вызнаў вынікі выбараў, заявіўшы аб іх фальсыфікацыі. Яго падтрымалі шырокія колы грамадзтва, асабліва ў заходняй частцы краіны, а таксама ЗША і краіны Эўразьвяза. Юшчанка пачаў кампанію грамадзянскага супраціву, вядомую як Аранжавая рэвалюцыя. Яе вынікам стала скасаваньне вынікаў выбараў і правядзеньне паўторнага галасаваньня, у якім перамог Юшчанка. Адначасна Вярхоўная Рада ўхваліла зьмены да Канстытуцыі, зьмяніўшы выбарчую сыстэму й пазбавіўшы Прэзыдэнта шэрагу паўнамоцтваў, у тым ліку права фармаваньня ўраду.
У сакавіку 2006 году адбыліся парлямэнцкія выбары, на якіх найбольшую колькасьць галасоў набрала Партыя Рэгіёнаў Віктара Януковіча. Але партыі Віктара Юшчанкі («Наша Украіна») ды яго паплечніцы пад час Памяранчавай Рэвалюцыі Юліі Цімашэнка разам набралі прыкладна такую ж колькасьць галасоў. У выніку вырашальнаю стала пазыцыя больш дробных партыяў. Кааліцыя між «памяранчавымі» партыямі не была створаная, а Сацыялістычная партыя Аляксандра Мароза перайшла ад «памяранчавага» блоку да Партыі Рэгіёнаў і разам зь імі ды камуністамі стварыла Антыкрызысную кааліцыю. Прэм’ер-міністрам Украіны стаў Віктар Януковіч. У траўні 2007 году Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка распусціў Вярхоўную Раду Ўкраіны і прызначыў датэрміновыя выбары. Праз супраціў апазыцыі, гэтыя выбары адбыліся толькі 30 верасьня. Паводле вынікаў гэтых выбараў, у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны была сфармавана кааліцыя з БЮЦ і НЎ — НС. Юлія Цімашэнка ізноў стала прэм’ер-міністам.
[рэдагаваць] Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
- Асноўны артыкул: Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Украіны
Тэрыторыя Ўкраіны ўключае:
- 24 вобласьці
- 1 аўтаномную рэспубліку (Крым)
- 454 гарады, у тым ліку 172 гарады абласнога (рэспубліканскага ў Крыме) падпарадкаваньня й 2 гарады дзяржаўнага падпарадкаваньня (Кіеў і Севастопаль)
- 490 раёнаў
- 118 раёнаў у гарадах
- 889 пасёлкаў гарадзкога тыпу
- 10272 сельскіх рад
- 28619 населеных пунктаў сельскага тыпу
Найбуйнейшай тэрытарыяльнай адзінкай Украіны зьяўляецца вобласьць. Падобны да абласнога статут мае аўтаномная рэспубліка (Крым) ды гарады дзяржаўнага падпарадкаваньня (Кіеў і Севастопаль), але гэты статут мае асаблівасьці, якія вызначаюцца асобнымі законамі.
Вобласьці, а таксама буйныя гарады Ўкраіны дзеляцца на раёны. Раёны складаюцца зь сельскіх рад.
Старшыні абласных і раённых дзяржаўных адміністрацыяў прызначаюцца Прэзыдэнтам Украіны; старшыні гарадзкіх, пасялковых ды сельскіх рад абіраюцца непасрэдна насельніцтвам адпаведных тэрытарыяльных адзінак. Старшыня (прэм’ер-міністар) Крыму прызначаецца Вярхоўнай Радай Крыму й узгадняецца з Прэзыдэнтам Украіны.
[рэдагаваць] Геаграфія
- Асноўны артыкул: Геаграфія Ўкраіны
Украіна займае плошчу 603,7 тыс. км² і з’яўляецца самай буйной краінай, што цалкам разьмешчаныя ў Эўропе (эўрапейская плошча Расеі значна большая, але Расея разьмешчаная ў Эўропе толькі часткова). Плошча тэрытарыяльных вод Украіны — 20 тыс. кв.км. Крайнія пункты Украіны:
- на захадзе: горад Чоп, Закарпацкая вобласьць
- на ўсходзе: сяло Чырвоная Зорка, Луганская вобласьць
- на поўначы: сяло Грымяч, Чарнігаўская вобласьць
- на поўдні: мыс Сарыч, Паўднёвы бераг Крыму
Геаграфічны цэнтар Украіны знаходзіцца ля мястэчка Добравялічкаўка Кіраваградзкай вобласьці.
Геаграфічныя суседзі Украіны — Расея, Беларусь, Польшча, Славакія, Вугоршчына, Румынія й Малдова. Агульная працягласьць дзяржаўнай мяжы Украіны — 6500 км. На поўдні Украіна мае выхад да Чорнага й Азоўскага мораў.
95% тэрыторыі Ўкраіны займаюць раўніны, у тым ліку 70% — нізіны і 25% — узвышша. На тэрыторыі Ўкраіны знаходзяцца два горныя масівы: Карпаты й Крымскія горы. На Керчанскай паўвысьпе ёсьць брудавыя вулканы. Найвышэйшы пункт Украіны — гара Гаверла (Карпаты) — 2061 м над узроўнем мора.
Найглыбшае возера Ўкраіны — Сьвіцязь (найбуйнейшае з Шацкіх вазёраў, валынскае Палесьсе): 58,4 м Найбуйшейшае возера Ўкраіны — Сасык (Кундук), Адэская вобласьць: 210 км²
Найдаўжэйшая рака Ўкраіны — Дняпро: 2285 км, па тэрыторыі Украіны — 981 км. Іншыя буйныя рэкі — Днестр, Паўночны Буг. Гэтыя рэкі належаць да басэйна Чорнага мора. Тэрыторыю Ўкраіны кранаюць таксама басэйны Дунаю (басэйн Чорнага мора), Дону (басэйн Азоўскага мора) ды Заходняга Бугу (басэйн Балтыйскага мора).
[рэдагаваць] Эканоміка
- Асноўны артыкул: Эканоміка Ўкраіны
За структураю ВВП асноўную частку эканомікі Украіны складае пераробчая прамысловасьць (40,23% агульнага аб’ёму вырабу ВВП). Сельская гаспадарка складае адпаведна 10,58%, транспарт і сувязь — 9,29%, гандаль — 8,83%.
[рэдагаваць] Эканамічны падзел
Тэрыторыя Ўкраіны падзяляецца на тры эканамічныя рэгіёны:
- усходні (данецка-падняпроўскі). Тут сканцэтраваная асноўная частка цяжкой прамысловасьці, разьмешчаныя найбуйнейшыя прамысловыя цэнтры
- заходне-цэнтральны. Найбольш разьвітая лёгкая й харчовая прамысловасьць
- паўднёвы. Пашыванае судабудаваньне, партовая індустрыя, а таксама рэкрэяцыйная дзейнасьць
[рэдагаваць] Дэмаграфія
[рэдагаваць] Агульныя зьвесткі
Агульная колькасьць насельніцтва Ўкраіны, паводле зьвестак перапісу 2001 году, складае 48 млн 457 тыс. чалавек. Гэта на 3 мільёны менш, чым у 1989 годзе, калі праводзіўся папярэдні перапіс.
Гарадзкое насельніцтва складае 32,6 млн чалавек або 67,2% ад агульнай колькасьці насельніцтва. Суданосіны між гарадзкім і сельскім насельніцтвам з 1989 году не зьмяніліся.
Колькасьць гарадоў ва Ўкраіне — 454; гэта на 20 болей, чым у 1989 годзе. Ва Ўкраіне 5 гарадоў з насельніцтвам больш за мільён жыхароў: Кіеў, Харкаў, Днепрапятроўск, Данецк і Адэса.
Дынаміка зьмены ўзроставага складу насельніцтва за апошняе дзесяцігодзьдзе была абумоўленая зьніжэньнем нараджальнасьці й зьніжэньнем сярэдняй працягласьці жыцьця. Праз гэтыя фактары зьнізілася доля жыхароў як наймалодшага, так і найстарэйшага (больш 80 гадоў) узросту. Адбаваецца працэс старэньня насельніцтва.
[рэдагаваць] Нацыянальны й моўны склад
Нацыянальны склад насельніцтва Ўкраіны ў параўнаньні з 1989 годам зьмяніўся на карысьць тытульнай нацыі: 37,5 млн, або 77,8% жыхароў назвалі сябе ўкраінцамі, што на 5% больш, чым у 1989 годзе. Другім па колькасьці народам застаюцца расейцы: у 2001 годзе іх было 8,3 млн, або 17,3% (у 1989 годзе — 22,1%). Колькасьць беларусаў зьменьшылася ў параўнаньні з 1989 годам больш чым на 50%, але яны застаюцца трэцім па колькасьці народам Украіны: 275,8 тыс. жыхароў. Найбольш павялічылася за пэрыяд з 1989 па 2001 год колькасьць крымскіх татараў: у 2001 годзе іх было 248,2 тыс. чалавек — гэта ў 5,3 разоў больш, чым у 1989 годзе. Найбольшы адток насельніцтва адбыўся сярод габрэяў: у 2001 годзе іх засталося 103,6 тыс. — амаль у 5 разоў менш, чым у 1989 годзе.
Усяго паводле зьвестак перапісу 2001 году ва Ўкраіне пражывалі прадстаўнікі 130 розных нацыяў.
Насельніцтва розных нацыянальнасьцяў нераўнамерна разьмеркаванае па тэрыторыі Ўкраіны.
Украінцы складаюць большасьць ва ўсіх рэгіёнах Украіны, акрамя гораду Севастопалю (дзе іх 22,4%) і Крыма (24,3%).
Доля расейскага насельніцтва найбольшая ва ўсходніх і паўднёвых рэгіёнах: Севастопаль — 71,6%, Крым — 58,3%, Луганская вобласьць — 39%, Данецкая вобласьць — 38,2%; найменшая — у заходніх рэгіёнах: Ровенская вобласьць — 2,6%, Валынская — 2,4%, Івана-Франкоўская — 1,8%, Тэрнопальская — 1,2%.
Амаль ва ўсіх рэгіёнах Украіны ўкраінцы й расейцы зьяўляюцца дзьвюма найбольшымі паводле колькасьці народамі. Выключэньнямі зьяўляюцца:
- Закарпацкая вобласьць. Тут другой па колькасьці жыхароў нацыянальнасьцю пасьля ўкраінцаў зьяўляюцца венгры: 151,5 тыс.; гэта 12,1% насельніцтва вобласьці й 97% колькасьці ўкраінскіх венграў. Трэція па колькасьці румыны: 2,6% насельніцтва вобласьці;
- Чарнавіцкая вобласьць. Другой і трэцяй па колькасьці насельнікаў нацыянальнасьцямі зьяўляюцца адпаведна румыны (114,6 тыс. — гэта 12,5% насельніцтва вобласьці 76% усіх румынаў Украіны) і малдаване (67,2 тыс. — 7,3% насельніцтва вобласьці).
Даволі шматнацыянальнай зьяўляецца таксама Адэская вобласьць. Тут жыве 150,6 тыс. баўгараў (6,1% насельніцтва вобласьці й 74% колькасьці ўкраінскіх баўгараў), 123,7 тыс. малдаванаў (адпаведна 5% і 48%), а таксама 27,6 тыс. гагаузаў (1,1% і 87%).
У Крыму жыве 98% крымскіх татар Украіны; тут яны складаюць 12% насельніцства.
У Данецкай вобласьці пражываюць 77,5 тыс. грэкаў — гэта 85% ўсяго грэцкага насельніцтва Ўкраіны. Тут іх доля складае 1,6%.
67,5% насельнікаў Украіны назвалі ўкраінскую мову роднай. 29,6% назвалі такой расейскую мову.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Украіна — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Украіны |
||
|---|---|---|
| Аўтаномная рэспубліка |
|
|
| Вобласьці | Адэская • Валынская • Віньніцкая • Данецкая • Днепрапятроўская • Жытомірская • Закарпацкая • Запароская • Івана-Франкоўская • Кіеўская • Кіраваградзкая • Луганская • Львоўская • Мікалаеўская • Палтаўская • Ровенская • Сумская • Тэрнопальская • Харкаўская • Хэрсонская • Хмяльніцкая • Чаркаская • Чарнавіцкая • Чарнігаўская | |
| Абласныя цэнтры | Адэса • Віньніца • Данецк • Днепрапятроўск • Жытомір • Вужгарад • Запарожжа • Івана-Франкоўск • Кіеў • Кіраваград • Луганск • Луцак • Львоў • Мікалаеў • Палтава • Роўны • Сумы • Тэрнопаль • Харкаў • Хэрсон • Хмяльніцкі • Чаркасы • Чарнаўцы • Чарнігаў | |
| Гарады дзяржаўнага значэньня |
|
|
| Краіны Эўропы | ||
|---|---|---|
| Азэрбайджан · Альбанія · Андора · Армэнія · Аўстрыя · Баўгарыя · Беларусь · Босьнія і Герцагавіна · Бэльґія · Ватыкан · Вугоршчына · Вялікабрытанія · Гішпанія · Грузія · Грэцыя · Данія · Ірляндыя · Ісьляндыя · Італія · Казахстан¹ · Кіпр · Латвія · Летува · Ліхтэнштайн · Люксэмбург · Малдова · Мальта · Манака · Нарвэґія · Нідэрлянды · Нямеччына · Партуґалія · Польшча · Расея¹ · Рэспубліка Македонія · Румынія · Сан-Марына · Славаччына · Славенія · Сэрбія · Турцыя¹ · Украіна · Фінляндыя · Францыя · Харватыя · Чарнагорыя · Чэхія · Швайцарыя · Швэцыя · Эстонія | ||
| Непрызнаныя: | Абхазія · Косава · Нагорна Карабаская Рэспубліка · Паўднёвая Асэтыя · Паўночны Кіпр · Прыднястроўе · Сілэнд | |
| Залежныя тэрыторыі: | Акратыры і Дэкелія · Аляндзкія выспы · Выспа Мэн · Гернсі · Гібральтар · Ян Маен · Джэрсі · Шпіцбэрген · Фарэрскія выспы | |
| ¹ Часткова знаходзіцца ў Азіі | ||
| Краіны праграмы Ўсходняга партнэрства | |
|---|---|
| Эўрапейскі Зьвяз · Азэрбайджан · Армэнія · Беларусь · Грузія · Малдова · Украіна |