Гедымін
| Гедымін Вялікі | |
| Гедымін Вялікі(уяўны партрэт) Невядомы мастак, 1709 |
|
| 10-ы вялікі князь літоўскі | |
| Папярэднік | Віцень |
| Наступнік | Яўнут |
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзіўся | каля 1275 |
| Памёр | 1341 |
| Нашчадкі |
сыны: Манівід, Нарымонт-Глеб, Альгерд, Кейстут, Любарт-Фёдар, Карыят-Міхал, Яўнут-Іван дачкі: Альдона-Ганна, Данміла-Лізавета, Бірута (умоўнае імя), Марыя Старэйшую, Аўгустп-Анастасія, Марыя Малодшая і Яўхімія |
| Дынастыя | Гедымінавічы |
| Жонка | 1-я: Віда 2-я: Вольга Ўсеваладаўна 3-я: Леанідыя |
Ґедымін[1], Ґедзімін (у пісьмовых крыніцах Кгидимин, Кгедимин, Скиндимин, Jedimin, Giedimont, Giedymin[2]; каля 1275—1341) — вялікі князь літоўскі (1316—1341).
У часы Гедыміна Вялікае Княства Літоўскае зрабілася моцнай ўсходне-эўрапейскай дзяржавай, яго тэрыторыя павялічылася ўдвая. Апрача Вільні, мураваныя замкі зьявіліся ў Медніках, Лідзе, Крэве, Віцебску. Узмацнілася запазычаньне элемэнтаў заходне-эўрапейскай культуры. Адначасна Гедымін паклаў падмурак рускаму вэктару палітыкі ВКЛ, які разьвіваўся ў наступныя дзесяцігодзьдзі. Яго шматлікія нашчадкі ўтварылі дынастыю Гедзімінавічаў[3].
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Паходжаньне і радавод [рэдагаваць]
Позьняя традыцыя, зафіксаваная ў літоўскіх (беларускіх) летапісах, лічыла Гедыміна сынам Віценя, аднак у дыпляматычным ліставаньні Гедыміна з рыскім магістратам ён завецца братам Віценя[4]. Некаторыя сучасныя дасьледнікі лічаць, што Гедымін быў сынам ці зяцем яцьвяга Скаламенда, а іншыя — што ягоным бацькам быў Лютавер.
Гедымін меў тры шлюбы. Зь першай жонкай, жамойткай Відай, ён меў сыноў Вітаўта (іншым разам лічыцца мітычнай асобай), Манівіда, Нарымонта-Глеба. З другой, з полацкай князёўнай Вольгай Усеваладаўнай — Альгерда і Кейстута. З трэцяй, смаленскай ці тураўскай князёўнай Леанідыяй (яе на падставе зьвестак Тэадора Нарбута часам завуць Еўнай) — Любарта-Фёдара, Карыята-Міхала, Яўнута-Івана. Іхныя шматлікія нашчадкі ўтварылі дынастыю Гедымінавічаў. Апроч таго, меў 7 дачок — Альдону-Ганну, Данмілу-Елізавету, Біруту (умоўнае імя), Марыю Старэйшую, Аўгусту-Анастасію, Марыю Малодшую і Яўхімію.
Воін-Васіль Полацкі і Фёдар Кіеўскі часам лічацца братамі Гедзіміна і, адпаведна, сынамі Віценя, але хутчэй за ўсё ня мелі дачыненьня да роду Гедыміна, хоць і дзейнічалі ў хаўрусе зь ім.
Валадараньне [рэдагаваць]
Княжаньне Гедыміна распачалося паміж кастрычнікам 1315 году (апошняя згадка пра Віценя) і чэрвенем 1317 году. Пачатак ягонага валадараньня вызначыўся ўтварэньнем у Вялікім Княстве Літоўскім самастойнай Літоўскай праваслаўнай мітраполіі, падпарадкаванай беспасярэдне канстантынопальскаму патрыярху (існавала ў 1317—1330 гадох, цэнтар — Новагародак), і спробай нармалізаваць адносіны з каталіцкім Захадам.
Не пазьней за 1320 год Гедымін заснаваў мураваны замак у Вільні, які зрабіўся яго галоўнай рэзыдэнцыяй.Таксама ў гэтым жа годзе засанаваў Беласток. Каля 1321 году Гедымін збудаваў у Вільні касьцёл для манахаў-францішканаў і аднавіў іх касьцёл у Новагародку, збудаваны яшчэ Віценем і спалены ў выніку нападу крыжакоў.
У 1318 годзе сын Гедыміна Альгерд ажаніўся з дачкой апошняга віцебскага князя з Рагвалодавічаў, а ў 1320 годзе пачаў княжыць у Віцебску. У 1320 годзе шлюбам дачкі Гедыміна Марыі зь вялікім князем цьвярскім Дзьмітрыем Міхайлавічам быў замацаваны хаўрус зь Вялікім княствам Цьвярскім. У 1322 годзе другі зяць Гедыміна і яго намесьнік у Горадні Давыд Даўмонтавіч быў кароткі час князем Пскова, што прывяло да выйсьця Пскова з-пад кантролю Ноўгараду. Каля 1322 году пад уладу Вялікага Княства Літоўскага перайшлі Берасьцейшчына і Падляшша, пра што паведамляюць позьнія літоўскія (беларускія) летапісы (ускосна пацьвярджаецца пералікам ваяводаў Галіцка-Валынскага княства 1335 году, у якім адсутнічаюць ваяводы з гэтых зямель). У 1323 годзе адбыўся набег літоўскага войска на наўгародзкую воласьць Вялікія Лукі. Пад беспасярэднюю ўладу Гедыміна адыйшлі ў 1320-я гады Таропецкае і Ржэўскае княствы на поўначы Смаленскай зямлі.
У траўні 1323 году Гедымін праз Рыгу зьвярнуўся з шэрагам лістоў да Рымскай Курыі, Ганзэйскага хаўрусу, саксонскіх рэзыдэнцыяў францішканскага і дамініканскага ордэнаў. У гэтых лістах Гедымін, тытулаваны як «кароль Літвы і Русі, уладар і князь Жамойці», запрашаў у Вялікае Княства Літоўскае манахаў і майстроў розных спэцыяльнасьцяў, гарантаваў ім розныя прывілеі. 20 кастрычніка 1323 году Гедымін склаў мір з рыскім арцыбіскупам і магістратам Рыгі (гэтак званая Дамова 1323 году). Межы Вялікага Княства Літоўскага і Лівонскага ордэна абвяшчаліся адкрытымі для гандлю і вольнага перамяшчэньня людзей. Адносіны з Тэўтонскім ордэнам на прускай мяжы засталіся варожымі, у пачатку 1324 адбыўся шэраг нападаў на Жамойць, у ліпені — аблога войскамі Вялікага Княства Літоўскага ордэнскага замка Хрыстмэмэль. У кастрычніку 1324 году рымскі папа Ян XXII накіраваў сваіх легатаў, упаўнаважаных ахрысьціць Гедыміна. Аднак у апошні момант Гедымін адмовіўся ад прыняцьця каталіцтва, бо задаволіўся мірам з Тэўтонскім ордэнам, складзеным у лістападзе 1324 году з дапамогай легатаў. Адначасна вялікі князь наладзіў добрыя стасункі з Польшчай і ў 1325 годзе выдаў сваю дачку Альдону-Ганну за Казімера, сына караля Ўладзіслава Лакетка.
Полацкі князь Воін-Васіль і менскі князь Фёдар Сьвятаслававіч зваліся «братней» Гедыміна, гэта значыць былі ў васальнай залежнасьці ад яго, хоць і мелі высокі статус, бо зваліся «братамі» (відаць, малодшымі), а не «сынамі». З гэтага бачна, што пачатыя яшчэ пры Войшалку стасункі Вялікага Княства Літоўскага з Полацкай зямлёй не перапыняліся. Гэтыя князі ў 1326 годзе былі пасламі Гедыміна ў Ноўгарадзе (Воін-Васіль узначальваў яго), вынікам якога было складаньне міру з Ноўгарадам і аднаўленьне міру зь Інфлянтамі. Сфэра ўплыву Гедыміна на Русі няўхільна пашыралася. З 1327 па 1329 год у Пскове пасьля Давыда княжыў цьвярскі князь Аляксандр Міхайлавіч, які абапіраўся на падтрымку Гедыміна.
У 1326 годзе Гедымін накіраваў войска ў 1200 вершнікаў на чале з Давыдам Гарадзенскім, якое спустошыла зямлю варожага Польшчы Брандэнбурскага маркграфства. А ў 1328 годзе ўмяшаўся ў канфлікт паміж рыскім магістратам і Лівонскім ордэнам, напэўна, спадзеючыся, што гэта прывядзе да ліквідацыі ордэна. Увосень 1329 году ён на просьбу рыжанаў спустошыў уладаньні ордэна, а ўвесну 1330 году — уладаньні рыскага арцыбіскупа. Аднак закалот скончыўся паразай месьцічаў і дакананьнем імі міру з ордэнам (30 сакавіка 1330 году), што прывяло да аднаўленьня вайны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і крыжакамі. Супольны напад прускай і лівонскай галін ордэна на Жамойць адбыўся ўжо ў сакавіку 1330 году. У адказ у верасьні таго ж году Гедымін паслаў войска на дапамогу польскаму каралю, які ажыцьцявіў напад на Прусію. У далейшым напады ордэнскіх рыцараў на Вялікае Княства Літоўскае зрабіліся рэгулярнымі: яны адбываліся ў 1332, 1333 (да Полацку), 1334 (да Полацку), 1339, 1340.
Аднаўленьне вайны на захадзе не спыніла рускіх справаў Гедыміна, хоць і ўскладніла іх. Хаўрусьнік Гедыміна цьвярскі князь Аляксандар у 1329 годзе страціў Пскоў, але ў 1331 годзе ў другі раз атрымаў яго пры дапамозе Гедзіміна і заставаўся пскоўскім князем да 1337 году. У 1331 годзе Гедымін зрабіў няўдалую спробу правесьці на вакантную пасаду пскоўскага япіскапа свайго вылучэнца Арсенція. Пра памер уплыву Гедыміна на Русі ў гэты час сьведчыць тое, што другі кандыдат у япіскапы, якога Гедымін імкнуўся захапіць, праехаў у Ноўгарад з Валыні толькі вакольным шляхам праз Бранск і Таржок, прычым ля Кіева яго ледзь не захапіў кіеўскі князь Фёдар.
Хаўрусьнікамі Гедыміна ў той час былі смаленскі князь Іван Аляксандравіч (называў Гедыміна «братъ мой стареиший Кедименъ»[5]), казельскі князь Аляксандр Мсьціслававіч — зяць Гедыміна. У 1331 годзе Гедымін аддаў сваю дачку Яўфімію за галіцка-валынскага князя Баляслава-Юрыя. У 1333 годзе сын Гедыміна Нарымонт-Глеб быў запрошаны князем у Ноўгарад, што было праявай палітычнага зьвязу паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Ноўгарадам, накіраванага супраць маскоўскага валадара Івана Каліты. Аднак Гедымін пазьбягаў наўпростага супрацьстаяньня з Масквой і ў 1333 годзе аддаў дачку Аўгусту за Сямёна Гордага, сына Каліты. Да 1338 году Нарымонт зьехаў з Ноўгараду і пачаў княжыць у Полацку і, магчыма, таксама ў Пінску, але захаваў сваіх намесьнікаў у шэрагу воласьцяў, падараваных яму ноўгародцамі (Ладазе, Арэшку, Карэле і палове Капор’я).
Літоўскія летапісы паведамляюць пра заваяваньне Гедымінам Кіеўскай зямлі, але гэты сюжэт большасьць дасьледнікаў лічыць мітычным. Тым часам у Кіеве ў 1322—1363 гадох княжыў Фёдар — хутчэй за ўсё брат Гедыміна (роднае імя Фёдара было, імаверна, Міндоўг). Запісы канцылярыі маскоўскага мітрапаліта Феагноста называюць князя Фёдара «братам Гедыміна»[6]. Існуюць зьвесткі, што князь Фёдар падпарадкоўваўся татарскаму баскаку. У 1340 годзе памёр апошні галіцка-валынскі князь Баляслаў-Юры, што дазволіла ўладкавацца на Валыні малодшаму сыну Гедыміна Любарту. Канчатковы падзел галіцка-валынскай спадчыны паміж Вялікім Княствам Літоўскім, Ардой і Польшчай адбыўся ўжо пасьля сьмерці Гедыміна. Ён загінуў узімку 1341—1342 гадоў, напэўна, пры аблозе ордэнскага замка Баэрбург. На падставе чэскай крыніцы існуе вэрсія пра атручваньне Гедыміна[7].
Галерэя [рэдагаваць]
- Вялікі князь Гедымін у мастацтве
-
Уваход Гедзіміна ў Кіеў. З кнігі Л. Ходзькі «La Pologne», 1824
-
Гедымін будуе Віленскі замак. М. Э. Андрыёлі, 1882
-
Лізьдзейка тлумачыць сон Гедыміна. М. Э. Андрыёлі, 1882
-
Пахаваньне Гедыміна. К. Альхімовіч, 1888
| Папярэднік Віцень |
Вялікі князь літоўскі 1316—1341 |
Наступнік Яўнут |
Глядзіце таксама [рэдагаваць]
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Ґедымін = Giedymin // Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
- ^ М. І. Ермаловіч. Гедзімін // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 501.
- ^ Вячаслаў Насевіч. Гедзімін // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 520.
- ^ Вячаслаў Насевіч. Гедзімін // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 519.
- ^ Liv-, Est-, und Kurlandisches Urkundenbuch. T. 2, №746. P. 332.
- ^ Ф. М. Шабульдо. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. — Киев: «Наукова Думка», 1987. [1]
- ^ М. І. Ермаловіч. Гедзімін // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 502.
Літаратура [рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
- Хто такі Гедзімін // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- Hiedymin // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998.— 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Гедымін — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
||||||||||