Жыгімонт Аўгуст
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Жыгімонт Аўгуст, Жыгімонт ІІІ у Польшчы Зыгмунт II (1 жніўня 1520 — 7 ліпеня 1572) — вялікі князь літоўскі (1544—1572) і кароль польскі (1548—1572). Сын Жыгімонта Старога і Боны Сфорца.
У 1522 годзе сойм ВКЛ даў гарантыю Жыгімонту Старому, што пасьля яго сьмерці Жыгімонт Аўгуст будзе абраны вялікім князем. У 1526 пасьля сьмерці апошніх мазавецкіх князёў Бона Сфорца намагалася перадаць Мазавецкае княства Жыгімонту Аўгусту, але яно было далучаная проста да Польшчы. На сойме ВКЛ у кастрычніку 1529 году Жыгімонт Аўгуст абраны вялікім князем пры жыцьці бацькі, а 18 сьнежня на польскім сойме Жыгімонт Стары дамогся абраньня сына польскім каралём. Каранаваны ў Кракаве 20 лютага 1530, але рэальная ўлада ў Польшчы і ВКЛ засталася ў Жыгімонта Старога.
У 1543 годзе быў арганізаваны шлюб Жыгімонта Аўгуста з дачкой спадчаньніка Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі Фэрдынанда — эрцгерцагіняй Лізаветай.
У 1544 Жыгімонт Аўгуст пачаў рэальнае кіраваньне ў ВКЛ, але Жыгімонт Стары захоўваў правы кантролю за расходамі зь велікакняжацкага скарбу.
У 1547 Жыгімонт Аўгуст пабраўся шлюбам з Барбарай Радзівіл. У выніку гэтага шлюбу браты Барбары Мікалай Радзівіл Руды і Мікалай Радзівіл Чорны занялі пануючае становішча ў ВКЛ, і пэўны час Жыгімонт Аўгуст быў пад іх уплывам. Жыгімонт Стары і Бона Сфорца былі супраць гэтага шлюбу, як і значная частка польскіх магнатаў.
Пасьля сьмерці бацькі ў 1548 годзе Жыгімонт Аўгуст стаў поўнаўладным каралём і вялікім князем. Заключыў тайную дамову аб узаемнай дапамозе з каралём Чэхіі і Вугоршчыны Фэрдынандам I Габсбургам. Гэты хаўрус быў замацаваны, калі пасьля сьмерці Барбары, у 1551 годзе, Жыгімонт Аўгуст пабраўся шлюбам з эрцгерцагіняй Кацярынай, сястрой сваёй першай жонкі. Але пазьней адмовіўся ад хаўрусу з Габсбургамі.
Зьнешняя палітыка Жыгімонта Аўгуста была накіраваная на захаваньне мірных стасункаў з суседнімі дзяржавамі. Прусія заставалася васалам Польшчы. Стасункі з Швэцыяй палепшыліся, калі ў 1568 годзе трон там заняў Юхан III, швагр Жыгімонта Аўгуста. Але адносіны з Маскоўскай дзяржавай былі кепскія, Іван IV пачаў нічым не абгрунтаваную Лівонскую вайну 1558—1582 гадоў, якая падштурхнула ВКЛ да заключэньня Люблінскай уніі 1569 году.
Унутраная палітыка Жыгімонта Аўгуста была накіраваная на паляпшэньне становішча і павелічэньне ўплыву сярэдняй шляхты. На сойме 1562—1563 гадоў падтрымаў рэформу скарбу, судоў і войска. Вяртаў сабе землі раздадзеныя магнатам з 1504 году. У выніку рэформаў былі павялічаныя прыбыткі дзяржаўнага скарбу. Садзейнічаў правядзеньню Валочнай памеры ў ВКЛ. Пачаў стварэньне ваенна-марскога флёту Польшчы і стварыў Марскую камісію. У час яго праўленьня пашырылася Рэфармацыя розных плыняў. Праводзіў палітыку талерантнасьці ў адносінах да ўсіх канфэсіяў. Віленскім прывілеем 1563 году пацьвердзіў роўнасьць правоў праваслаўнага і каталіцкага баярства ВКЛ. Зацьвердзіў Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566 году. У апошнія гады свайго ўладараньня пад ціскам каталіцкай царквы дазволіў дзейнасьць езуітаў у Польшчы з 1564 году і ў ВКЛ з 1569 году, што сталася пачаткам Контррэфармацыі. Быў мэцэнатам, падтрымліваў мастакоў, архітэктараў, музыкаў, актораў. Яго ўладарста было пэрыядам росквіту Адраджэньня ў ВКЛ.
Памёр не пакінуўшы нашчадкаў, на ім скончылася мужчынская галіна дынастыі Ягелонаў. У сваім палітычным тастамэнце раіў шляхце прытрымлівацца хаўрусу з Францыяй і абраць на пасады караля і вялікага князя францускага прынца. Гэта было ажыцьцяўлёна на элекцыйным сойме ў 1573 годзе — быў абраны Генрык Валезы.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Жыгімонт Аўгуст — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў

