Ягайла
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Яга́йла (у хросьце - Якуб, у каранацыі на польскі трон - Уладзіслаў II, 1348(?) - 1 чэрвеня 1434) - вялікі князь Вялікага княства Літоўскага ў 1377-92, кароль Польшчы ў 1386-1434.
Зьмест |
[рэдагаваць] Біяграфія
Сын Альгерда (малодшы з 11 яго сыноў) і цьвярской князёўны Ульляны, унук Ґедыміна. Заснавальнік дынастыі Ягелонаў.
На вялікакняжацкі пасад прызначаны воляю бацькі. Быў хаўрусьнікам Залатой Арды, аднак у час Кулікоўскай бітвы 1380 г. не аказаў дапамогі Мамаю. У 1380 г. заключыў сэпаратныя пагадненьні з Тэўтонскім і Лівонскім ордэнамі, апошняму перадаў землі Жамойціі. Аднак сталыя пагрозы з боку крыжакоў і Маскоўскага княства вымусілі Ягайлу пайсьці на хаўрус з Польшчай.
[рэдагаваць] Каранацыя
Каб умацаваць краіну ад нападаў, Ягайла шукаў хаўрусу з суседнімі дзяржавамі. Была магчымасьць выбраць збліжэньне ці з Масквой, ці з Польшчай. Яшчэ пры канцы 1382 году Ягайла праз сваю маці Ульляну правёў перамовы з Масквою і нават дасягнуў папярэдняй дамоўленасьці з маскоўскім князем Дзьмітрам Іванавічам. Прадугледжвалася, што Ягайла прыме хрысьціянства ўсходняга абраду і ажэніцца з дачкой маскоўскага ўладара Соф'яй. Але калі Масква запатрабавала ад яго прызнаць сябе васалам («малодшым братам») князя Дзьмітра Іванавіча і ахрысьціць у праваслаўе «ўсю Літву», Ягайла аддаў перавагу блоку з Польшчай, з пасламі якой вяліся перамовы яшчэ ў 1383 годзе. Унія Вялікага Княства і Кароны тады адпавядала інтарэсам абодвух бакоў. Яна дазваляла аб'яднаць сілы абедзвюх дзяржаваў супроць агульнага ворага - крыжакоў. Нямецкая экспансія ў Польшчы дасягнула пагражальных памераў. Для палякаў важна было забясьпечыць спакой сваіх межаў і з боку Вялікага Княства, бо ліцьвіны толькі за адзін паход у 1376 годзе вывелі з Польшчы 23 тысячы палонных. У пэрспэктыве польскія магнаты разьлічвалі, відаць, на сваё дамінаваньне ў вялікай суседняй дзяржаве. Іх асабліва вабілі абшары Валыні ды Падольля.
У студзені 1385 году віленская дэлегацыя правяла перамовы ў Кракаве, а ўлетку польскія ўпаўнаважаныя прыехалі ў Вялікае Княства. Акт уніі быў падпісаны 14 жніўня ў княскай вежы Крэўскага замка (цяпер Ашмянскі р-н). Ягайла атрымаў права ажаніцца з адзінаццацігадовай польскай каралеўнай Ядзьвігай і стаць каралём Польшчы. Узамен ён абавязваўся прыняць каталіцтва і ахрысьціць у яго братоў, сваякоў ды іншых падданых, вызваліць палонных хрысьціянаў (палякаў), заплаціць 200 000 фларынаў за зрыў пагадненьня аб шлюбе Ядзьвігі з Вільгельмам Габзбургам, вярнуць забраныя і назаўсёды далучыць свае землі да Каралеўства Польскага.
Да канчатковага зацьверджаньня вуніі дайшло ў 1386 годзе, пасьля таго як Ягайла паўторна (у праваслаўі быў хрышчаны пад імем Якуба) ахрысьціўся на Вавельскай катэдры ў Кракаве пад імем Уладзіслава, узяў шлюб з Ядзьвігай і 4 сакавіка ўрачыста каранаваўся. Афіцыйна ён пачаў тытулавацца «каралём Польшчы, вярхоўным князем Літоўскім і дзедзічам Рускім», паклаўшы пачатак каралеўскай дынастыі Ягайлавічаў (Ягелонаў). Пры каранацыі абяцаў аб’яднаць сваю дзяржаву з Польшчай, далучыць да рымска-каталіцкай царквы ня толькі паганскую Жмудзь, якая складала каля 8% насельніцтва княства, але і праваслаўных ліцьвінаў. Палякі ў хаўрусе зь Беларуска-Літоўскай дзяржавай бачылі залог утварэньня вялікай і магутнай Польшчы, сродак уратаваньня сваёй краіны ад анархіі, што паўстала ў пэрыяд міжкаралеўя.
На наступны год адбыўся абрад сымбалічнага хросту беларускіх паганцаў, які атрымаў назву Ягайлавага хросту: Ягайла зь Ядзьвігай прыехалі ў Вільню, дзе зьнішчылі паганскія сымбалі (непагасны агонь у гонар Пяруна, абагаўляных зьмей, высеклі сьвятарныя гаі), раздавалі навахрышчаным белыя суконныя сьвіткі, скураныя боты і грошы (таму асобныя паганцы хрысьціліся па 2 разы і больш). У Вільні Ягайла заснаваў каталіцкія біскупства і 7 плябаній (прыходаў). У час паездак па Беларусі ён закладаў касьцёлы і кляштары, напрыклад, у мястэчку Абольцы (Талачынскі раён), вёсцы Быстрыца (Астравецкі раён), якія пашыралі тут каталіцкую веру. Булай Папы Урбана VІ у 1388 у Вільні было створанае каталіцкае біскупства, якое пазьней было падпарадкаванае Гнёзьненскай мітраполіі.
[рэдагаваць] Унутраная палітыка
Вяртаючыся ў Польшчу, Ягайла пакінуў намесьнікам у Літоўскай Русі свайго брата Скіргайлу. З мэтай умацаваньня сваёй апоры і пашырэньня каталіцтва сярод фэўдалаў Беларуска-Літоўскай дзяржавы Ягайла выдаў у 1387 г. прывілей, паводле якога фэўдалам, што прынялі каталіцтва, даваліся дадатковыя правы і вольнасьці. Гэта выклікала незадавальненьне праваслаўных, што выкарысталі князі Кейстут і яго сын Вітаўт. Ягайла зьняволіў іх у Крэўскім замку, дзе Кейстут памёр, а Вітаўт уцёк адтуль і з дапамогай крыжацкага войска захапіў уладу ў Вялікім княстве Літоўскім, а Скіргайлу саслаў намесьнікам у Кіеў. Зімой 1390 г. войскі Ягайлы пасьля 10-дзённай аблогі авалодалі Берасьцейскім замкам, які абаранялі войскі Вітаўта. У выніку кампраміснага Остраўскага пагадненьня 1392 г. Ягайла адмовіўся ад велікакняжацкай пасады і прызнаў пажыцьцёвым гаспадаром (вялікім князем) Беларуска-Літоўскай дзяржавы Вітаўта (у хросьце Аляксандар), а сам застаўся ў Каралеўстве Польскім. У 1387 г. яго намаганьнямі да Польшчы далучана частка Галіцкай Русі, што да таго належала Вугоршчыне.
У 1400 ён рэарганізаваў Кракаўскі ўнівэрсытэт (заснаваны ў 1364 г. Казімірам III) на ўзор Парыскага ўнівэрсытэту, і з таго часу ён завецца Ягелонскім.
[рэдагаваць] Вонкавая палітыка
На працягу 1409-1411 Ягайла вёў «вялікую вайну» супраць нямецкіх рыцараў, якія захапілі паўночна-ўсходнія землі Польшчы. У час Грунвальдзкай бітвы (22 ліпеня 1410) ён узначальваў усе саюзныя войскі (91 харугва, каля 32 тыс. чалавек). У выніку гэтай бітвы армія крыжакоў была разгромленая і фактычна перастала існаваць, загінула 50 тыс. нямецкіх рыцараў, у тым ліку гросмайстар Ульрых фон Юнгінгэн. Вынікі перамогі замацаваны Тарунскім мірам 1411 г. Гэта спыніла аґрэсію Тэўтонскага ордэну і абумовіла яго хуткі заняпад як дзяржавы, судзейнічала эканамічнаму разьвіцьцю Польшчы і Беларуска-Літоўскай дзяржавы, якія атрымалі магчымасьць шырэй удзельнічаць у міжнародным гандлі на Балтыйскім моры.
[рэдагаваць] Гарадзельская вунія
На Гарадзельскім сойме 1413 г., які юрыдычна замацоўваў канфэдэрацыю Вялікага княства Літоўскага і Польскага каралеўства, было вырашана, што Вялікае Княства Літоўскае бяз волі караля і сэнату не абірае сабе князя, у сваю чаргу Польшча бязь ведама Вялікага Княства не абірае сабе караля. Адна з грамат гэтай уніі прадугледжвала прыём у польскія гербавыя брацтвы 47 сем’яў фэўдалаў Беларуска-Літоўскай дзяржавы. Адначасова Ягайла і Вітаўт абяцалі прызначаць на дзяржаўныя пасады пераважна фэўдалаў-католікаў, якія прынялі польскія гербы, і даваць ільготы каталіцкім установам. Але унія гарантавала захаваньне адасобленасьці ўлады вялікага князя. Гэтым пакладзены пачатак палітычнага хаўрусу Польшчы з Беларуска-Літоўскай дзяржавай.
Пасьля сьмерці Вітаўта вялікім князем у Беларуска-Літоўскай дзяржаве стаў брат Ягайлы Сьвідрыгайла, які быў заступнікам праваслаўнай царквы і распачаў вайну з Польшчай. Супраць яго выступіў падтрыманы палякамі брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч, які абвясьціў сябе вялікім князем, а Сьвідрыгайлу выгнаў у Малдавію. Ягайла абяцаў, што ня будзе ператвараць праваслаўныя цэрквы ў касьцёлы, дасьць усім свабоду веравызнаньня і пакіне ўсе саслоўі ў іх правах.
[рэдагаваць] Сьмерць
Ягайла памёр на 86-м годзе жыцьця ў час міжусобіц паміж Сьвідрыгайлам і Жыгімонтам І. Ад першых дзьвюх жонак (Ядзьвігі і Ганны) Ягайла не меў дзяцей, ад жонкі Сафіі Друцкай меў 2 сыноў - Уладзіслава і Казімера. Першы сын у 10-гадовым узросьце быў выбраны каралём Польшчы (пад апекаю маці) пад імем Уладыслава III, у 15-гадовым узросьце стаў каралём і Вугоршчыны, а ў 21 год загінуў у баі супраць туркаў пад Варнай. Другі сын у 1440 г. выбраны вялікім князем Вялікага княства Літоўскага, а у 1447 пад імем Казіміра ІV выбраны каралём Польшчы.
[рэдагаваць] Вынікі кіраваньня
48-гадовае караляваньне Ягайлы было пэрыядам значных палітычных, эканамічных і культурных посьпехаў у гісторыі Польшчы і Беларусі. Гісторыкі славяць Ягайлу за шчодрасьць, цьвярозасьць (піў толькі ваду), аднак папракаюць за тое, што занадта прыслухоўваўся да парад вяльможаў і шляхты.
[рэдагаваць] Літаратура
Тарасаў К. Памяць пра легенды: Постаці беларускай мінуўшчыны / Маст. А.У.Александровіч і інш.. — 2-е выд., дап. — Мн.: Полымя, 1993. — 270 с. — ISBN 5-345-00706-3
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Ягайла — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Игорь Литвин: «Затерянный мир, или малоизвестные страницы белорусской истории», §16 Наследники Ягайлы и его наследие (мастацкі твор)
- Гэты тэкст напісаны пры дапамозе матэрыялаў старонкі Гісторыя Беларусі. Асобы.
| Папярэднік: Кейстут |
Вялікі князь літоўскі 1382-1392 |
Наступнік: Вітаўт |
| Папярэднік: Ядзьвіга |
Кароль польскі 1386–1434 |
Наступнік: Уладыслаў III |