Жыгімонт Ваза
| Жыгімонт Ваза швэдз. Sigismund Vasa польск. Zygmunt III Waza |
|
| Жыгімонт Ваза. Невядомы мастак, XVI ст. | |
| Кароль польскі | |
| Каранацыя | 27 сьнежня 1587 |
| Папярэднік | Стэфан Баторы |
| Наступнік | Уладзіслаў Ваза |
| Вялікі князь літоўскі | |
| Каранацыя | 27 сьнежня 1587 |
| Папярэднік | Стэфан Баторы |
| Наступнік | Уладзіслаў Ваза |
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзіўся | 20 чэрвеня 1566, Грыпсгольм |
| Памёр | 30 красавіка 1632, Варшава |
| Дынастыя | Вазы |
| Жонка | Ганна Габсбург Канстанцыя Габсбург |
| Бацька | Юган III Ваза |
| Маці | Кацярына Ягелонка |
| Подпіс | |
Жыґімонт[1] IV Ваза (швэдз. Sigismund Vasa, польск. Zygmunt III Waza; 20 чэрвеня 1566, Грыпсгольм у Швэцыі — 30 красавіка 1632, Варшава) — кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1587—1632), кароль швэдзкі (1592—1599).
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Сын караля Швэцыі Югана III Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта Старога. 3 1568 году спадчыньнік швэдзкага стальцу.
Абраны каралём і вялікім князем на элекцыйным сойме 1587 году, пасьля сьмерці Стэфана Баторыя, дзякуючы падтрымцы Ганны Ягелонкі, канцлера і гетмана вялікага кароннага Яна Замойскага. Перамог іншага кандыдата, аўстрыйскага эрцгерцага Максіміляна. Але на элекцыйным сойме не было паслоў ад Вялікага Княства Літоўскага. Каб дамагчыся падтрымкі сваёй кандыдатуры ў Вялікім Княстве 28 студзеня 1588 году зацьвердзіў новую рэдакцыю Статуту.
Унутраная палітыка [рэдагаваць]
Намагаўся аднавіць пазыцыі каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай, але гэта не дало жаданых вынікаў. Падтрымаў Берасьцейскую унію 1596 году. Але мусіў спрыяць прыняцьцю пастановаў соймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631 гадоў, якія гарантавалі правы праваслаўных.
Збліжэньне Жыгімонта Вазы з Габсбургамі выклікала ў Польшчы незадавальненьне большасьці шляхты. Кароль стварыў вакол сябе кола зь езуітаў, іншаземцаў і шэрагу магнатаў.
Намаганьні Жыгімонта Вазы ўвесьці ў Рэчы Паспалітай абсалютную манархію, перадачу стальца ў спадчыну, спробы зьменшыць ролю паслоў соймавых выклікалі незадавальненьне шляхты. Пасьля рокашу 1606 году Сойм зацьвердзіў шляхецкія вольнасьці, непарушнасьць абраньня караля і несупынную прысутнасьць сэнатараў дзеля кантролю за ягонымі дзеяньнямі.
Вонкавая палітыка [рэдагаваць]
Арыентаваўся на Габсбургаў і Сьвятую Рымскую імпэрыю, што замацавалі два шлюбы з аўстрыйскімі эрцгерцагінямі, сёстрамі, Ганнай і Канстанцыяй.
У 1592 годзе пасьля сьмерці Югана III заняў швэдзкі сталец. Палітыка аднаўленьня пазыцыяў каталіцкай царквы ў Швэцыі цалкам правалілася. У 1599 годзе швэдзкая пратэстанцкая групоўка скінула яго са стальца і абрала рэгентам, а з 1604 году і каралём, яго дзядзьку Карла IX. Да канца свайго жыцьця Жыгімонт Ваза імкнуўся вярнуць сабе швэдзкую карону, уцягнуў Рэч Паспалітую ў доўгі канфлікт са Швэцыяй.
Падтрымліваў прапанову групоўкі магнатаў і шляхты аб ажыцьцяўленьні аб’яднаньня Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай на правах трэцяга ўдзельніка фэдэрацыі разам з Польшчай і Вялікім Княствам. Падтрымаў Ілжэдзьмітрыя І, Ілжэдзьмітрыя IІ, даваў ім дапамогу і дазволіў вэрбаваць войска ў Вялікім Княстве і Польшчы.
У 1600 годзе пачаў вайну Рэчы Паспалітай са Швэцыяй 1600—1629 гадоў. Войска Рэчы Паспалітай атрымала перамогу ў Кірхгольмскай бітве 1605 году, аднак скарыстаць посьпех з прычыны малалікасьці ня здолела, і вайна працягвалася. Пасьля запрашэньня царом Васілём Шуйскім у Маскоўшчыну швэдзкага корпусу дзеля барацьбы з войскамі Ілжэдзьмітрыя II пачаў вайну Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай 1609—1618 гадоў. У выніку паразы маскоўскага войска каля Клушына ў 1610 годзе Васіль Шуйскі быў скінуты са стальца, маскоўскія баяры і гараджане абвясьцілі царом сына Жыгімонта Вазы — Уладзіслава[2].
Жыгімонт Ваза спрабаваў праводзіць актыўную палітыку на поўдні. Падтрымліваў імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі супраць Чэхіі і Трансыльваніі, што выклікала несупынныя напады на Ўкраіну і поўдзень Польшчы хаўрусьнікаў Трансыльваніі крымскіх татараў і туркаў. У 1620 годзе польскае войска разьбілі туркі каля Цацоры. Але ў Бітвы пад Хоцінам 1621 году войска Рэчы Паспалітай атрымала перамогу над імі, якой аднак не скарысталася.
Вынікі кіраваньня [рэдагаваць]
Зьнешнія і ўнутраныя палітычныя пляны Жыгімонта Вазы не ўдаліся, шмат у чым яго палітыка спрыяла далейшаму заняпаду Рэчы Паспалітай і зьмяншэньню яе ролі ў эўрапейскім палітычным жыцьці[3][4].
Галерэя [рэдагаваць]
- Партрэты караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы
-
Марцін Кобэр, каля 1590
-
Пітэр Паўль Рубэнс, каля 1624
-
Невядомы мастак, каля 1645
-
Невядомы мастак, XVII ст.
-
Партрэт на манеце ў 1 грош 1626 году, Віленская мынца
| Папярэднік Стэфан Баторы |
Вялікі князь літоўскі 1587—1632 |
Наступнік Уладзіслаў Ваза |
| Кароль польскі 1587—1632 |
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Жыґімонт = Žygimont // Слоўнік беларускай мовы (клясычны правапіс) / Уклад. калектыў супрацоўнікаў выдавецтва «Наша Ніва». — Наша Ніва, 2001.
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Жыгімонт III // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 379.
- ^ Анатоль Грыцкевіч. Жыгімонт III Ваза // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 629
- ^ Žyhimont III Vaza // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. P. 227.
Літаратура [рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
- Žyhimont III Vaza // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998.— 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Жыгімонт Ваза — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
||||||||||
|
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||