Міндоўг
| Міндоўг | |
| Міндоўг (уяўны партрэт). З хронікі А. Гваньіні «Апісаньне эўрапейскай Сарматыі» (1578) | |
| 1-ы вялікі князь літоўскі | |
| Каранацыя | 6 ліпеня 1253 |
| Наступнік | Транята |
| Асабістыя зьвесткі | |
| Нарадзіўся | 1195? |
| Памёр | 12 верасьня 1263 |
| Нашчадкі | Войшалк, Рукель, Рупек |
Міндо́ўг (па-лацінску: Mindowe[1]; 1195? або каля 1200[2] — 1263) — заснавальнік[3] і першы гаспадар Вялікага Княства Літоўскага (1248[4]—1253), першы і апошні кароль Літвы (1253—1260). Імаверна, сын Рынгольда (сучасная навука лічыць яго мітычнай асобай[5]).
Узначаліў абарону жыцьцёвай прасторы балта-славянскага сымбіёзу (палітычнага хаўрусу) на Панямоньні[6], утварэньне якога выклікала ваенная пагроза звонку[7].
Зьмест |
Біяграфія[рэдагаваць]
Першы пісьмовы ўспамін пра Міндоўга датуецца 1219 годам, калі ў Галіцка-Валынскім летапісе ён называецца адным са «старэйшых» князёў у Літве. Адсюль вынікае, што ён нарадзіўся дзесьці на мяжы XII—XIII стст.[8]
Дзейнасьць Міндоўга ў ролі кіраўніка Вялікага Княства Літоўскага можна падзяліць на чатыры храналягічныя адцінкі[9]:
- 1248—1254 гады — канфлікт з Галіцка-Валынскай дзяржавай;
- 1251—1260 гады — хаўрус Вялікага Княства Літоўскага з Інфлянцкім ордэнам;
- 1254—1258 гады — залежнасьць ад Галіцка-Валынскага княства;
- 1258—1263 гады — аднаўленьне і ўмацаваньне незалежнасьці Вялікага Княства Літоўскага.
Па аб’яднаньні летапіснай Літвы з Наваградзкім княствам і ўтварэньня новай дзяржавы Міндоўг, які быў паганцам, мусіў прыняць хрысьціянства. Паводле Густынскага летапісу, ужо ў 1246 годзе ва ўласнай рэзыдэнцыі ў Наваградку ён ахрысьціўся ў праваслаўе, аднак палітычная сытуацыя змусіла Міндоўга праз пэўны час яшчэ раз зьмяніць веравызнаньне і навярнуцца ў каталіцтва. За абяцаньне прыняць хрысьціянства рымскага абраду і аддаць у валоданьне інфлянцкім рыцарам частку Жамойці ў 1251 годзе Міндоўг атрымаў падтрымку магістра Інфлянцкага ордэну і перамог кааліцыю. Такім чынам, Міндоўг першы выкарыстаў Жамойць як разьменную манэту ў палітычнай гульні з крыжакамі, даўшы пачатак і прыклад аналягічным дзеяньням наступных кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага[10].
Далейшым крокам Міндоўга да збліжэньня з Заходняй Эўропай было прыняцьце каралеўскага тытула. Ліцьвінскія паслы прасілі ў Папы Рымскага Інацэнт IV дазволу на каранацыю свайго князя і сустрэлі з боку першасьвятара поўнае разуменьне[11]. 6 ліпеня 1253 году Міндоўг прыняў тытул караля ў рэзыдэнцыі ў Наваградку, які тады быў праўдападобна сталіцай Вялікага Княства Літоўскага.
Міндоўг атрымаў ад Папы Рымскага каралеўскую карону. Афіцыйна княства рабілася каралеўствам, што стварала падставы для стабільнасьці ў стасунках з эўрапейскімі дзяржавамі. У 1255 годзе Папа Рымскі прызнаў Міндоўгавага сына ягоным пераемнікам і дазволіў каранацыю, і гэта яшчэ больш умацавала пазыцыі Міндоўга ў хрысьціянскім сьвеце. Аднак гэтакай эўрапейскай арыентацыі Міндоўг трымаўся ня доўга. Ужо на пачатку 1260-х гадоў ён разарваў пагадненьне з Інфлянцкім ордэнам, а потым і з Папам ды пачаў адкрытую вайну супраць сваіх былых хаўрусьнікаў.
У канцы жыцьця Міндоўг карыстаўся неабмежаванай уладай у Вялікім Княстве Літоўскім, што выклікала супраць яго змову князёў жамойцкага Траняты, полацкага Таўцівіла, нальшанскага Даўмонта. У выніку, Міндоўга забілі разам з сынамі Рупекам і Руклем[12].
Вядомыя граматы[рэдагаваць]
Агулам сучасныя дасьледнікі ведаюць дзесяць г. зв. «Дакумэнтаў Міндоўга», час стварэньня якіх датуецца 1253—1261 гадамі (толькі адзін фальсыфікат паходзіць з XIV ст.). Паводле зьместу названыя акты падзяляюцца на тры групы: 1-я — прывілей рыскім купцам (дак. № 1); 2-я — справа зямельных дараваньняў Інфлянцкаму ордэну (дак. № 2, 4—10) ; 3-я — надзяленьне зямлёй літоўскага біскупа Хрысьціяна (дак. № 3)[13]. Згодна з апошняй працай, прысьвечанай праблеме аўтэнтычнасьці дакумэнтаў, шэсьць зь іх вызначаюцца як сапраўдныя (№ 1—5, 8), а астатнія чатыры (№ 6, 7, 9, 10) як фальсыфікаты, выкананыя зацікаўленым бокам — Інфлянцкім ордэнам[14].
Сьпіс дакумэнтаў:
- Дазвол рыскім купцам на бязмытны гандаль у Літве (1253);
- Дараваньне Інфлянцкаму ордэну земляў у Жамойці (ліпень 1253);
- Дараваньне земляў літоўскаму біскупу Хрысьціяну (1254);
- Дараваньне Інфлянцкаму ордэну зямлі Селёніі (кастрычнік 1255);
- Ліст да Папы з просьбай зацьвердзіць дараваньне Селёніі (кастрычнік 1255);
- Паўторнае дараваньне Інфлянцкаму ордэну земляў у Жамойці (1257);
- Дараваньне ордэну ўсёй Жамойці (1257);
- Дараваньне ордэну Дайноўскай зямлі, Скаловіі і Жамойці (7 жніўня 1259);
- Дараваньне Літвы ордэну ў выпадку безпатомнай сьмерці Міндоўга (сяр. чэрвеня 1260);
- Паўторнае дараваньне Селёніі з апісаньнем яе межаў (7 жніўня, 1261).
Ацэнкі[рэдагаваць]
Трывалым і даволі шкодным стэрэатыпам гістарычнага мысьленьня зьяўляецца этнічны імпэратыў у матывацыі дзейнасьці Міндоўга, калі ад пачатку прымаецца, што ён (і яго наступнікі) мелі мэтай стварыць дзяржаву абавязкова этнічна балцкую або этнічна славянскую[15].
Мноства гістарычных прыкладаў, а таксама лёгіка дзеяньняў Міндоўга (як і яго наступнікаў) паказвае, што ён ня быў адэптам дзяржаўнасьці абавязкова этнічна балцкай або ўсходнеславянскай. Міндоўг пашыраў свае ўладаньні і ўмацоўваў сваю ўладу для сябе самога і кроўных нашчадкаў, карыстаючыся зручным выпадкам і падручным матэрыялам[16].
З прычыны браку асабістых зьвестак пра Міндоўга існуе шэраг нявырашаных пытаньняў датычна ягонай біяграфіі: невядомы дакладны час і месца нараджэньня, імя бацькі, дакладнае месца знаходжаньня ягонага родавага ўладаньня ў Літве і г. д.
Памяць[рэдагаваць]
Беларусь[рэдагаваць]
На ўезьдзе ў Наваградак знаходзіцца Гара Міндоўга (вуліца Менская, колішняя Траецкая), якую яшчэ ў XVII ст. апісвалі як месца пахаваньня першага вялікага князя і адзінага караля Літвы.
У 2008 годзе ўлады Наваградку выказалі намер паставіць у гістарычным цэнтры места конны помнік Міндоўгу. Над праектам коннай статуі працуе менскі скульптар Генадзь Буралкін. Ён прапануе адліць з бронзы Міндоўга зь мячом на кані і ўстанавіць гэтую кампазыцыю на каменным пастамэнце. У наш час ідзе збор грошай на ўсталяваньне помніка[17].
Летува[рэдагаваць]
З 1991 году з нагоды каранацыі Міндоўга 6 ліпеня ў Летуве адзначаецца Дзень дзяржавы. У 2003 годзе ў гэты дзень у Вільні адбылося ўрачыстае адкрыцьцё помніка каралю Міндоўгу каля галоўнага будынка Нацыянальнага музэя Летувы і новага моста над Вяльлёй — моста імя караля Міндоўга.
Галерэя[рэдагаваць]
- Міндоўг у мастацтве
-
Хрост Міндоўга. Фрагмэнт карціны «Бласлаўлёны Віт», XVII ст.
-
Каранацыя Міндоўга. Гравюра з кнігі Л. Ходзькі «La Pologne», 1824
-
Міндоўг. Мастак Я. Павісьляк, кан. XIX ст.
| Папярэднік — |
Вялікі князь літоўскі 1245—1263 |
Наступнік Транята |
Крыніцы[рэдагаваць]
- ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях = Mindowe, rex Lithowiae, in litteris et testimonies / НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; уклад., пер. на бел. мову, камэнт. А. Жлуткі. — Менск: Тэхналогія, 2005.
- ^ Mindoŭh // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. P. 155.
- ^ Вячаслаў Насевіч. Міндоўг // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 312
- ^ Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 184.
- ^ Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 40.
- ^ Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 175.
- ^ Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 177.
- ^ Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 190.
- ^ Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 192.
- ^ Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 206.
- ^ Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 201.
- ^ Вячаслаў Насевіч. Міндоўг // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 313.
- ^ Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 26—27.
- ^ Maleczyński K. W sprawie autentyczności dokumentów Mendoga z lat 1253—1261 // Ateneum Wileńskie, r.11. — Wilno, 1936. S. 1—60.
- ^ Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 163—164.
- ^ Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Мн.: Беларуская навука, 1998. С. 43.
- ^ Алена Дзядзюля. Далучайся да рэстаўрацыі Наваградскага замка! // «Звязда» № 74, 17 красавіка 2010.
Літаратура[рэдагаваць]
- Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях = Mindowe, rex Lithowiae, in litteris et testimonies / НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; уклад., пер. на бел. мову, камэнт. А. Жлуткі. — Менск: Тэхналогія, 2005. — 136 с., 16 л. факсiм. — ISBN 985-458-113-6.
- Краўцэвіч А. Міндаўг. Пачатак гаспадарства = Mindauh. The Birth of the State. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2005. — 163 с. — ISBN 985-02-0797-3. [1]
- Краўцэвіч А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Мн.: Беларуская навука, 1998.— 208 с. ISBN 985-08-0249-9.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Mindoŭh // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998.— 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
- Алесь Жлутка. Каранацыя Міндоўга і заснаванне першага біскупства ў дакументах ХІІІ ст. // «Наша Вера» № 2 (24), 2003.
- Жанна Некрашэвіч-Кароткая. Кароль праз ласку хроснай купелі // «Наша Вера» №1(39)/2007.
- Дзярновіч Алег. Што з’явілася спачатку — вялікі князь літоўскі ці Вялікае Княства Літоўскае // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы. Вып. 2. — Мн.: Изд. центр БГУ, 2010. — С. 30—43.
- Аляксей Шаланда. Паходжанне і лёс роду Міндоўга = The Origin and the destiny of Mindoŭh gens // «Герольд Litherland». №1—2 (9—10). — Горадня, 2003. — С. 3—9. [2]
- Віталь Карнялюк. Міндоўг у школьных падручніках Беларусі, Польшчы і Расеі = Mindoŭh in the school textbooks of Belarus, Poland and Russia // «Герольд Litherland». №1—2 (9—10). — Горадня, 2003. — С. 9—12. [3]
- Аляксей Шаланда. Баярства Міндоўга: склад і паходжанне = Noblemens of Mindoŭh: structure and the origin // «Герольд Litherland». №1—2 (9—10). — Горадня, 2003. — С. 12—23.
- Вячаслаў Насевіч. Каранацыя Міндоўга ў кантэксце падзей сярэдзіны ХІІІ ст. // Навагрудскія чытанні. Гісторыка-археалагічныя даследаванні Навагрудка — Ч. 2. — Навагрудак, 1993. — С. 10—16. [4]
- Вячаслаў Насевіч, Уладзімір Свяжынскі. Міндоўг знаёмы і незнаёмы: погляд літоўскага гісторыка (рэцэнзія) = Mindouh familiar and unfamiliar: view of the Lithuanian historia (review) // «Беларускі гістарычны агляд». Т. 6. Сш. 1—2 (10—11). — Мн., 1999. — С. 261—272.
- Генадзь Сагановіч. 1253. Каранацыя Міндоўга // Уладзімер Арлоў, Генадзь Сагановіч. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Мн., 1997.
- Пакаленне першае: Міндоўг (1230-ыя — 1250-ыя гады) // Насевіч В. Л.. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн.: Полымя, 1993. — 160 с.: іл. — ISBN 5-345-00627-Х.
- Анатоль Грыцкевіч. Каранацыя Міндоўга як дзяржаўны акт // Даклад на круглым стале «Каранацыя Міндоўга на караля і ўтварэнне новай дзяржавы на тэрыторыі Беларусі» / Скарынаўскі Цэнтр, 27 чэрвеня 2003.
- Мікола Купава. У гонар Міндоўга // «Наша Вера» № 3 (25), 2003.
- Хто такі Міндоўг // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць]
Міндоўг — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Міндоўг. Сайт «Беларусь невядомая». Праверана 13 кастрычніка 2010 г.
- 750-годзьдзе каранаваньня Міндоўга. Беларуская Атлянтыда. Радыё Свабода. Праверана 13 кастрычніка 2010 г.
|
||||||||||