Ваўкавыск
| Ваўкавыск | |||||
|
|||||
| Першыя згадкі: | 1005 | ||||
| Магдэбурскае права: | 1503 | ||||
| Вобласьць: | Гарадзенская | ||||
| Раён: | Ваўкавыскі | ||||
| Плошча: | ~79 км² | ||||
| Насельніцтва: | 46 400 (2008) | ||||
| Часавы пас: | UTC+3 | ||||
| Тэлефонны код: | +375 1512 | ||||
| Паштовы індэкс: | 231900 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 53°10′ пн. ш. 24°28′ у. д. / 53.167° пн. ш. 24.467° у. д.Каардынаты: 53°10′ пн. ш. 24°28′ у. д. / 53.167° пн. ш. 24.467° у. д. | ||||
|
Ваўкавыск на мапе Беларусі
Ваўкавыск
|
|||||
| Афіцыйны сайт | |||||
Ваўкавы́ск — места ў Беларусі, на рацэ Рось. Адміністрацыйны цэнтар Ваўкавыскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва 46,4 тыс. чал. (2008). Вузел чыгунак на Баранавічы, Масты, Вялікую Бераставіцу, Сьвіслач і аўтамабільных дарог на Масты, Слонім, Ружаны, Вялікую Бераставіцу.
Ваўкавыск — даўняе магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Наваградчыны).
Зьмест |
Назва[рэдагаваць]
Тапонім «Ваўкавыск» утварыўся ад назвы рэчкі Ваўкавыя[1]. Таксама існуе меркаваньне, што назва места мае славянскае паходжаньне і ўтварылася ад дзьвюх асноваў. Значэньне першай «воўк» не выклікае сумневаў, другая зьяўляецца не зусім зразумелай: «выя» (старадаўнерускае «шыя»), «выць» або «высь» (вышыня). На думку беларускага географа В. Жучкевіча, «высь» — пераробка з «выйску». Паводле сьведчаньняў Ю. Сташэўскага, назву паселішчу надалі паводле найменьня служылых людей вялікага князя, якія ў часе паляваньня мусілі выць па-воўчаму і такім чынам прыцягваць ваўкоў[2].
Варыянты назвы места ў гістарычных крыніцах: Волковысекъ, Вълковысек, Волковыйск[3].
Гісторыя[рэдагаваць]
Археалягічныя матэрыялы, выяўленыя на гарадзішчах Муравельнік, Швэдзкая гара і Замчышча, сьведчаць пра тое, што першыя паселішчы на тэрыторыі Ваўкавыску ўзьніклі яшчэ ў Х ст. Тым часам першы пісьмовы ўспамін пра яго зьмяшчаецца ў рукапісным патэрыку «Туровской епископи заветъ блаженного Владимира» і датуецца 1005 годам. Пастанова мясцовых уладаў ад 1994 афіцыйна замацавала гэтую дату як афіцыйны час заснаваньня места[4]. Пад 1252 Ваўкавыск згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе як памежная фартэцыя, сталіца удзельнага княства. Гэтую дату падаюць як першы пісьмовы ўспамін пра места сучасныя энцыкляпэдычныя даведнікі[1][5]. У 1258 паселішча захапіў князь галіцкі Даніла Раманавіч.
У 2-й пал. ХІІІ ст. Ваўкавыск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе знаходзіўся ў валоданьні вялікіх князёў Кейстута (2-я палова ХІV ст.), потым Вітаўта[5]. Цягам ХІV—ХVІІ ст. тут, імаверна, існаваў замак. У кан. ХІV ст. Ваўкавыск зрабіўся сталіцай павету[5]. 16 сакавіка 1410 тэўтонскія рыцары пад камандаю маршалка Ульрыха фон Юнгінгена авалодалі местам. 15 ліпеня 1410 Ваўкавыская харугва брала ўдзел у Грунвальдзкай бітве. У 1430 вялікі князь Вітаўт заснаваў у месьце касьцёл Сьв. Мікалая.
У 1503 вялікі князь Аляксандар надаў Ваўкавыску Магдэбурскае права, з гэтага часу месьцічы карысталіся гербам: «у блакітным полі выява галавы ваўка»[6]. У 1507 места увайшло ў склад Наваградзкага ваяводзтва. Станам на 1513 тут было 9 вуліцаў[5].
У Трынаццацігадовую вайну двойчы ў 1655 і 1662 маскоўскія захопнікі руйнавалі Ваўкавыск. У 1736 на сродкі Е. Ліноўскага тут утварылася місія езуітаў, у 1747 пры ёй адкрылася школа. У 2-й пал. ХVІІІ ст. у Ваўкавыску дзейнічалі кляштары піяраў і марыявітак. Станам на 1792 у месьце было каля 1000 будынкаў, дзейнічалі касьцёл і вуніяцкая царква. У 1794 паўстанцы Т. Касьцюшкі на некаторы час вызвалілі места з-пад расейскай акупацыі.
- Сымболіка гістарычнай Ваўкавышчыны
-
Пячатка магістрату з гербам места, 1633
-
Пячатка магістрату, XVIII ст.
-
Пячатка з гербам павету
-
Рэканструкцыя мескага гербу А. Цітова
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Ваўкавыск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе застаўся цэнтрам павету. Цягам 1795—1861 у месьце працавалі 4 суконныя мануфактуры.
У вайну 1812 году ў Ваўкавыску разьмяшчалася штаб-кватэра камандуючага 2-ім Заходнім расейскім войскам генэрала Багратыёна. З чэрвеня да 3 (15) лістапада места займала напалеонаўская армія.
У 1844 у Ваўкавыску існавалі драўляныя касьцёл і царква, прыходзкая вучэльня, 2 лякарні, аптэка. У 1845 места атрымала новы расейскі герб. Станам на 1860 у Ваўкавыску было 492 дамы, 2 школы, касьцёл Сьв. Вацлава, царква, 7 жыдоўскіх малітоўных дамоў, сынагога, цагельня, гарбатня, 2 млыны, лякарня, 58 крамаў. У 1885 празь места прайшла чыгунка Баранавічы — Беласток; адкрылася чыгуначная станцыя. На 1891 у Ваўкавыску працавалі 19 прамысловых прадпрыемстваў. У 1907 места ператварылася на буйны чыгуначны вузел. У Першую сусьветню вайну ў 1915 Ваўкавыск занялі нямецкія войскі. Цягам 1919—1920 места займалі польскія войскі і бальшавікі.
Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Ваўкавыск апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе застаўся цэнтрам павету Беластоцкага ваяводзтва. Станам на 1939 у месьце працавалі чыгуналіцейны завод, 2 лесапільні, 2 цагельні, іншыя дробныя прадпрыемствы.
У 1939 Ваўкавыск увайшоў у БССР, дзе 15 студзеня 1940 зрабіўся цэнтрам раёну Беластоцкай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 14 ліпеня 1944 места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
20 верасьня 1944 Ваўкавыск далучылі да Гарадзенскай вобласьці. 3 сакавіка 1963 ён атрымаў статус гораду абласнога падпарадкаваньня. 12 красавіка 2001 адбылося афіцыйнае зацьверджаньне гербу і сьцяга места. У 2004 у Ваўкавыску праводзіўся рэспубліканскі фэст працаўнікоў сельскай гаспадаркі «Дажынкі».
- Места на старых фатаздымках
Насельніцтва[рэдагаваць]

- XVIII стагодзьдзе: 1792 — 2127 чал.
- XIX стагодзьдзе 1815 — 818 чал.; 1844 — 2,5 тыс. чал.; 1849 — 2267 чал.; 1860 — 3472 чал., зь іх 1503 каталікі, 451 праваслаўны, 1518 юдэяў[7]; 1889 — 7071 чал. (3894 муж. і 3177 жан.), у тым ліку 1628 праваслаўных, 2425 каталікоў, 16 пратэстантаў, 2982 юдэі, 20 магамэтанаў; паводле стану: 263 шляхцічы, 3 праваслаўнага духавенства, 1 каталіцкага духавенства, 48 грамадзянаў нашчадкавых і асабістых, 138 купцоў, 5396 мяшчанаў, 216 цэхавых, 102 сяляніны, 20 асаднікаў, 868 вайсковага стану, 15 замежных падданых[8]; 1891 — 8057 чал., зь іх 2752 каталікоў, 1934 праваслаўныя, 16 пратэстантаў, 3332 юдэі, 23 магамэтаніны[7]; 1897 — 10323 чал.
- XX стагодзьдзе: 1914 — 16 754 чал.; 1939 — 16,7 тыс. чал.; 1969 — 21,5 тыс. чал.[1]; 1992 — 42 тыс.[1]
- XXI стагодзьдзе: 2005 — 42,8 тыс. чал.; 2006 — 46,3 тыс. чал.; 2008 — 46,4 тыс. чал.
Адукацыя[рэдагаваць]
У Ваўкавыску працуюць аграрны ды пэдагагічны каледжы, 2 гімназіі, 6 сярэдніх і музычная школы.
Культура[рэдагаваць]
Дзейнічаюць 5 бібліятэк, дом культуры, мэтадычны цэнтар, ваенна-гістарычны музэй ім. П. Баграціёна, цэнтар рамёстваў, кінатэтар.
Народныя калектывы «Натхненьне», «Вясельле», «Ютшэнка», «Медунiца», «Пяшчота», заслужаны тэатар драмы і камэдыі «Славуціч».
Спорт[рэдагаваць]
У Ваўкавыску працуюць 2 спэцыялізаваныя дзіцяча-юнацкія школы Алімпійскага рэзэрву, 2 дзіцяча-юнацкія спартовыя школы прафзьвязаў, фізкультурна-аздараўленчыя комплексы.
У месьце знаходзіцца адна з найлепшых у Беларусі мотакросавая траса, дзе праводзіліся два этапы чэмпіянату Эўропы ў клясе матацыклаў да 250 см³. і этап чэмпіянату сьвету на матацыклах з калыскамі. Рэгулярна праходзяць адкрытыя чэмпіянаты Беларусі у розных клясах матацыклаў.
Эканоміка[рэдагаваць]
Працуюць прадпрыемствы машынабудаўнічай і харчовай прамысловасьці.
| Пералік прамысловых прадпрыемстваў Ваўскавыску |
|---|
|
Транспарт[рэдагаваць]
Транспартная сыстэма Ваўкавыску ўлучае 2 чыгуначныя станцыі Ваўкавыск-Горад і Ваўкавыск-Цэнтральны, лякаматыўнае дэпо, вагоннае дэпо і дыстанцыю шляху «Баранавіцкага аддзяленьня БЧ», аўтавакзал, «Грузавы аўтапарк № 6», «Аўтобусны парк № 4», Ваўкавыскую філію ПУП «Аўтатранс № 9» Гарадзенскага аблспажыўсаюзу, ААТ «Ваўкавыскспэцаўтатранс».
Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць]
Ваўкавыск — цэнтар турызму дзяржаўнага значэньня[9]. Працуе вайскова-гістарычны музэй імя Баграціёна (з 1935). Спыніцца можна ў гасьцініцы «Бярозка».
Выдатныя мясьціны[рэдагаваць]
- Гістарычная забудова (XIX — пач. ХХ стст.; фрагмэнты)
- Касьцёл Сьвятога Вацлава (1846—1848)
- Могілкі: габрэйскія; старыя каталіцкія, капліца
- Сядзіба (XIX ст.)
- Царква Сьвятога Мікалая (1875)
Страчаная спадчына[рэдагаваць]
- Касьцёл Сьвятога Станіслава Косткі (XX ст.)
- Сынагога Вялікая (XIX ст.)
- Царква Сьвятых Апосталаў Пятра й Паўла (XIX ст.)
Вядомыя асобы[рэдагаваць]
- Барыс Батура (нар. 1947) — беларускі дзяржаўны дзяяч
- Бэнджамін Блюмэнфэльд (1884—1947) — шахматыст, шахавы тэарэтык
- Людвік Бянойт (1920—1992) — польскі актор тэатра і кіно
- Аляксандар Дзядзюшка (1962—2007) — беларускі і расейскі актор тэатра і кіно
- Уладзімер Каліноўскі (1889—1940) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, пасол польскага Сойму
- Станіслаў Плева (1925—2006) — польскі геафізык
- Тэрэза Таранская (нар. 1944) — польская журналістка і пісьменьніца
- Давыд Яноўскі (1868—1927) — шахматыст, шахавы тэарэтык
Крыніцы[рэдагаваць]
- ^ а б в г Валерый Шаблюк. Ваўкавыск // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 232.
- ^ Staszewski J. Słownik geograficzny. — Warszawa, 1959. S. 340.
- ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 55.
- ^ История на Волковысский райисполком. Официальный сайт
- ^ а б в г Валерый Грынявецкі. Ваўкавыск // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 394.
- ^ Ваўкавыск // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.
- ^ а б Wołkowysk // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893. S. 876.
- ^ Волковыск // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
- ^ Волковыск // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.
Літаратура[рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Харэўскі С. Маршруты па Беларусі: Ваўкавыская готыка // «Наша Ніва», 11 чэрвеня 2009 г.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
- Wołkowysk // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893. S. 875—879.
- Зверуго Я. Г. Древний Волковыск (X—XIV вв.) — Мн.: «Наука и техника», 1975. — 144 с.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць]
Ваўкавыск — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
||||||||