Любча
| Любча | |||||
Замак Радзівілаў |
|||||
|
|||||
| Магдэбурскае права: | 1590 | ||||
| Вобласьць: | Гарадзенская | ||||
| Раён: | Наваградзкі | ||||
| Насельніцтва: | 1,3 тыс. (2008) | ||||
| Тэлефонны код: | +375 1597 | ||||
| Паштовы індэкс: | 231425 | ||||
| Аўтамабільны код: | 4 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 53°45′07″ пн. ш. 26°03′26″ у. д. / 53.75194° пн. ш. 26.05722° у. д.Каардынаты: 53°45′07″ пн. ш. 26°03′26″ у. д. / 53.75194° пн. ш. 26.05722° у. д. | ||||
|
Любча на мапе Беларусі
Любча
|
|||||
Любча — мястэчка ў Беларусі, на левым беразе ракі Нёман. Уваходзіць у склад Наваградзкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва 1,3 тыс. чалавек (2008). Знаходзіцца за 26 км на паўночны ўсход ад Наваградку, за 49 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня (лінія Баранавічы — Ліда).
Любча — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Наваградчыны. Да нашага часу тут захаваўся замак Радзівілаў, сіламі энтузіястаў-валянтэраў вядзецца ягоная рэстаўрацыя.
Зьмест |
Гісторыя [рэдагаваць]
Першы пісьмовы ўспамін пра Любчу як аб’ект выправаў крыжакоў зьмяшчаецца ў нямецкіх хроніках і датуецца 1401. З 1507 мясьціна знаходзілася ў складзе Наваградзкага ваяводзтва. У 1517 уладальнікамі Любчы былі Г. Ельмановіч і М. Меляшковіч; апошні заснаваў тут мястэчка[1]. З 1528 паселішча знаходзілася ў валоданьні ваяводы віленскага А. Гаштольда, з 1574 — старосты жамойцкага Я. Кішкі, які ў 1581 заснаваў тут школу і арыянскі храм (з XVII ст. — кальвінскі збор).
У 1590 кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў Любчы Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі срэбная падкова з трыма залатымі крыжамі і двума срэбнымі рыбамі»[1]. У 1606 мястэчка перайшло да Радзівілаў, якія з мэтай эканамічнага ўмацаваньня і павелічэньня паселішча запрасілі сюды мяшчанаў зь Менску, Наваградку і інш. каралеўскіх местаў.
Цягам XVII ст. у Любчы ствараліся рамесныя цэхі, таксама існавала друкарня, заснаваная П. Б. Кмітам, дзе выдавалася мэдычная і гістарычная літаратура, паэтычныя творы і інш. У кан. XVI — пач. XVII стст. у мястэчку збудавалі мураваны замак. У 1644 Любча атрымала новы герб[1]: «у блакітным полі брама з дзьвюма вежамі; наверсе брамы, паміж вежамі, збройны рыцар, у правай руцэ меч, у левай — шчыт»[2]. У гэты час тут было 144 двары, рынак, 4 вуліцы.
За часамі Трынаццацігадовай вайны (1654—1667) у 1655 шматлікі загон запароскіх казакоў пад камандаю І. Залатарэнкі пераправіўся празь Нёман і прыступам узяў Любчанскі замак, фактычна цалкам яго разбурыўшы; казакі таксама разрабавалі мясцовую друкарню. На 1671 у мястэчку засталося 116 двароў, дзейнічалі кальвінскі збор і царква[1].
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Любча апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабілася цэнтрам воласьці Наваградзкага павету. У 2-й пал. XIX ст. мясьціна знаходзілася ў валоданьні Фальц-Фэйнаў. У кан. ХІХ ст. тут існавалі царква, 2 сынагогі, школа, 21 крама, праходзілі штотыднёвыя таргі[3].
Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Любча апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабілася цэнтрам гміны Наваградзкага павету. Станам на 1921 у мястэчку і суседнім фальварку было 108 двароў.
У 1939 Любча ўвайшла ў БССР, дзе з 1940 зрабілася цэнтрам Любчанскага раёну Баранавіцкай, з 1954 Гарадзенскай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 да 8 ліпеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У 1956 Любчанскі раён скасавалі.
- Мястэчка на старых здымках
Насельніцтва [рэдагаваць]
- XIX стагодзьдзе: 1830 — 468 муж., зь іх шляхты 5, духоўнага стану 1, мяшчанаў-юдэяў 226, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 234, жабракоў 2[4]; 1884 — 1,3 тыс. чал.[5]; 1897 — 3239 чал.
- XX стагодзьдзе: 1909 — 1,6 тыс. чал.[6]; 1921 — 937 чал.; 1996 — 1628 чал.; 1997 — 1545 чал.[7]
- XXI стагодзьдзе: 2006 — 1,4 тыс. чал.; 2008 — 1,3 тыс. чал.
Інфраструктура [рэдагаваць]
У Любчы працуюць школа, лякарня, 2 бібліятэкі, 7 крамаў і інш.
Забудова [рэдагаваць]
Картаграфічны матэрыял (каля 1645) дае ўяўленьне пра гістарычнае плянаваньне і забудову Любчы. Адметнасьць пляну — рэгулярныя асновы: простыя вуліцы, выразны падзел тэрыторыі на кварталы, разьмяшчэньне пляца ў цэнтры мястэчка на галоўнай восі кампазыцыі, якая бярэ пачатак ад замка. Стоячы на ўзгорку, замак нібы ўзначальваў мястэчка, якое месьцілася ў ягоным падножжы. Кірунак вуліцаў падпарадкоўваўся рацэ: яны паралельныя ці пэрпэндыкулярныя да яе. Канцы вуліцаў замыкаліся брамамі, у асобных месцах паміж імі былі платы. Шэсьць жылых кварталаў улучалі каля 150 дамоў. Сярэдзіну шырокага прастакутнага пляца (каля 1,5 га) займалі гандлёвыя рады і майстэрні рамесьнікаў. Уся забудова, за вылучэньнем асобных частак уязных брамаў, была драўлянай.
Рэгулярнае плянаваньне і забудова мястэчка — цікавы прыклад перайманьня мескай будаўнічай дзейнасьці фэадаламі. Гэтым Любча прыкметна адрозьнівалася ад іншых падобных паселішчаў Беларусі сярэдзіны XVII ст.
Эканоміка [рэдагаваць]
Прадпрыемствы харчовай прамысловасьці.
- Сельская гаспадарка «Прынёманскі»
Турыстычная інфармацыя [рэдагаваць]
Празь Любчу праходзіць турыстычна-экскурсійны маршрут «Дарогай замкаў»[8]. За 1,5 км на паўночны ўсход ад мястэчка месьціцца стаянка эпохі мэзаліту і больш позьняга часу.
Выдатныя мясьціны [рэдагаваць]
- Гістарычная забудова (XIX — пач. XX стст.; фрагмэнты)
- Замак Радзівілаў (XVI—XVII стст.)
- Касьцёл (1930-я)
- Могілкі габрэйскія
- Сынагога, габрэйская школа (ХIX ст.)
- Царква Сьвятога Прарока Ільлі (1910)
Страчаная спадчына [рэдагаваць]
- Сынагога (XIX ст.)
- Царква Сьвятога Ўладзімера (1889)
Вядомыя асобы [рэдагаваць]
Ураджэнцы [рэдагаваць]
- Сафія Ходаш (Гройсман) (нар. 1946) — адна з кіраўнікоў парфумнай карпарацыі IFF, аўтар сусьветна вядомых парфумаў «Трэзор»
- Мікалай Набокаў (1903—1978) — расейска-амэрыканскі кампазытар, стрыечны брат Уладзімера Набокава
- Міхал Дучыц, мастак[9]
Жыхары [рэдагаваць]
- Сымон Будны (~1530—1593) — беларускі пісьменьнік, публіцыст і кнігавыдавец, пратэстанцкі царкоўны дзяяч, навуковец-філёзаф
- Мікалай Вінар (1912—1977) — краязнавец[10]
- Януш Радзівіл (1612—1655) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікае Княства Літоўскага
- Салямон Рысінскі (?—1625) — беларускі паэт і адзін зь першых дасьледнікаў этнаграфіі
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ а б в г Уладзімір Бянько. Валерый Шаблюк. Любча // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 229.
- ^ Любча // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.
- ^ Любча // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона. Санкт-Петербург, 1890—1907.
- ^ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 413.
- ^ Lubcz // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 393.
- ^ Lubcz // Napoleon Rouba. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909; — Gdańsk, 1995.
- ^ Уладзімір Бянько. Валерый Шаблюк. Любча // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. С. 414.
- ^ Любча // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.
- ^ Віктар Сьвякла. Асобы // Фонд Любчанскі замак Праверана 28 сакавіка 2013 г.
- ^ Віктар Сьвякла. Рукапiсы не гараць. Мiкалай Вiнар // Tut.by, 2 траўня 2012 г. Праверана 28 сакавіка 2013 г.
Літаратура [рэдагаваць]
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010.— 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Lubcz // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 393—394.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Любча — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў- мяст. Любча на Radzima.org
- Любча: гісторыя і адраджэнне
- Любча на Globus.tut.by
|
|||||||||||||||||||
|
||||||||