Рыская мірная дамова 1921 году

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Рыскі мір 1921 году
Рыская мірная дамова 1921 году
Caricature for Riga Peace 1921.png
Карыкатура, 1921 г.
Тып дамовы Мірная дамова
Падпісаная
• месца
18 сакавіка 1921
Рыга (Латвія)
Набыла моц
• умовы
30 красавіка 1921
польска-расейскі падзел Беларусі ды Ўкраіны
Тэрмін дзеяньня неабмежаваны
Страціла моц 17 верасьня 1939 (74 гады таму)
Падпісанты Ян Домбскі
Адольф Ёфэ,
Эмануіл Квірынг
Бакі Польшча
Расейская СФСР,
Украінская ССР
Статус скасаваная
Мовы польская, расейская, украінская

Рыская мірная дамова 1921 году (Рыскі падзел) — пагадненьне пра спыненьне Польска-савецкай вайны 19191921 гадоў і нармалізацыю адносін. Дамове папярэднічала прэлімінацыйная мірная дамова 1920 году.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рыская мірная дамова была заключаная 18 сакавіка 1921 у Рызе паміж РСФСР і УССР з аднаго боку, і Польшчай з другога.

Беларускія дэлегацыі ні ад БССР, ні ад БНР не былі дапушчаныя да падрыхтоўкі і падпісаньня дамовы. Аднак польскі гісторык Зьдзіслаў Віньніцкі занатоўвае за Вадзімам Круталевічам, што фармальна бакі вайны не ваявалі зь Беларусьсю, таму беларуская дэлегацыя не магла быць бокам трактату [1]. Дэлегацыя БССР прысутнічала ў Рызе з самага пачатку перамоваў, але яе паўнамоцтвы не былі прызнаныя польскім бокам. Расейскі бок таксама ня быў зацікаўлены ва ўдзеле беларускіх прадстаўнікоў у працэсе выпрацоўкі пагадненьня, паколькі гэта магло разбурыць дыпляматычную камбінацыю і нават сарваць заключэньне міру (ва ўмовах нежаданьня РСФСР рыхтавацца да зімовай кампаніі). Ад імя БССР выступала РСФСР. БНР апэлявала да вядучых эўрапейскіх дзяржаваў праз Раду амбасадараў у Парыжы, але сябры Антанты падтрымлівалі Польшчу, якая была адным з асноўных элемэнтаў пасьляваеннай вэрсальскай сыстэмы.

Мала вядомым зьяўляецца факт, што ў сустрэчах камісіі па тэрытарыяльных справаў удзельнічаў у якасьці экспэрта беларускі камуніст Аляксандар Чарвякоў [2]. Паводле прэамбулы, расейская дэлегацыя падпісала трактат «з даверанасьцю» ўраду БССР і УССР [3]. Артыкул другі трактату прызнаваў «незалежнасьць» (у арыгінале: «niepodległość», «независимость») «Украіны» й «Беларусі» [4].

Вялікабрытанія на працягу савецка-польскай вайны неаднаразова рабіла захады па спыненьні вайны і выпрацавала прапановы па разьмежаваньні, — «лінія Кэрзана» павінна была ўсталяваць усходнюю граніцу Польшчы па мяжы расьсяленьня палякаў, з аднаго боку, і беларусаў і ўкраінцаў, з другога. Расея адмаўлялася ад ангельскага пасярэдніцтва і перамоваў з Польшчай да паразы Чырвонай Арміі пад Варшавай у жніўні 1920, якое прывяло да пералому ў вайне і, урэшце, перамогі Польшчы.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Канчатковы варыянт савецка-польскай граніцы прайшоў значна далей на ўсход ад лініі Керзана. Да Польшчы адыйшла 4,5-мільённая Заходняя Беларусь плошчай больш за 110 тыс. км². Кіраўнік савецкай дэлегацыі А. Іофэ, увогуле, прапаноўваў саступіць Польшчы ўсю тэрыторыю тагачаснай БССР (да Бярэзіны) наўзамен на тэрытарыяльныя саступкі ўва Ўкраіне, аднак польскі бок не прыняў гэтую прапанову.[5] Апроч таго, Расея пагадзілася вярнуць Польшчы розныя культурныя каштоўнасьці і выплаціць 30 млн руб. золатам. У далейшым савецкія выплаты па дамове рабіліся інструмэнтам міжнароднага ціску, напрыклад, пры спробе заключэньня савецка-польскіх гандлёвых пагадненьняў (1925)[6].

Рыскі мір не прызналі і асудзілі: кіраўніцтва БНР, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, дзеячы Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай партыі сацыялістаў-фэдэралістаў, прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі БССР (у тым ліку Янка Купала, Якуб Колас, Уладзімер Дубоўка), Першая (1921, Прага) і Другая (1925, Бэрлін) Усебеларускія канфэрэнцыі.

Таксама Рыскі мір не прызнала і асудзіла Украінская Народная Рэспубліка.

Канец вайны не прынёс супакою мірнаму насельніцтву памежжа. Рабункі, кантрабанда, атакі бальшавіцкіх банд не былі рэдкімі. Толькі ў 1924 годзе паліцыя зафіксавала на польска-савецкім памежжу 189 рабункаў і дывэрсійных нападаў ды 28 актаў сабатажу, у якіх удзельнічала каля 1000 чалавек. Верагодна, найбольшым гэтакім здарэньнем былі: бандыцкі напад на Стоўбцы, а таксама напад на цягнік каля Лунінца [7] [8]. Усі гэтыя акцыі мусілі засьведчыць, што польская адміністрацыя некампэтэнтная й ня можа гарантаваць бясьпеку сваіх грамадзян. У сувязі зь дзейнасьцю дывэрсантаў, польскія ўлады актывізавалі палянізацыю [8].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Zdzisław J. Winnicki, Szkice kojdanowskie, Wydawnictwo GAJT, Wrocław 2005, ISBN 83-88178-26-1, s. 114.
  2. ^ Zdzisław J. Winnicki, Szkice kojdanowskie, Wydawnictwo GAJT, Wrocław 2005, ISBN 83-88178-26-1, s. 108.
  3. ^ Zdzisław J. Winnicki, Szkice kojdanowskie, Wydawnictwo GAJT, Wrocław 2005, ISBN 83-88178-26-1, ss. 109-110.
  4. ^ Zdzisław J. Winnicki, Szkice kojdanowskie, Wydawnictwo GAJT, Wrocław 2005, ISBN 83-88178-26-1, s. 110.
  5. ^ А. Грыцкевіч. Слуцкае паўстанне. На крутым павароце гісторыі
  6. ^ В. М. Цынкевіч. Беларуска-польскія гандлёва-эканамічныя сувязі ў 1923—1939 гг. // Белорусский журнал международного права и международных отношений. №2, 2002.
  7. ^ Jerzy Paciorkowski, Płonąca granica, Policja 997, nr 12 (57), grudzień 2009, ISSN 1734—1167, s. 36. (пол.)
  8. ^ а б Jerzy Paciorkowski, Służba na wygnaniu, Policja 997, nr 1 (58), styczeń 2010, ISSN 1734—1167, s. 14. (пол.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]