Латвія
| Латвія Latvijas Republika |
|||||
|
|||||
| Нацыянальны дэвіз: «Tēvzemei un Brīvībai» («Бацькаўшчыне і Свабодзе») |
|||||
| Дзяржаўны гімн «Dievs, svētī Latviju!» |
|||||
| Афіцыйная мова | латыская | ||||
| Сталіца | Рыга | ||||
| Найбуйнейшы горад | Рыга | ||||
| Форма кіраваньня | Парляманцкая рэспубліка Андрыс Берзіньш Валдыс Дамброўскіс |
||||
| Плошча • агульная • адсотак вады |
124-е месца ў сьвеце 64 589 км² 1,57% |
||||
| Насельніцтва • агульнае (2010) • шчыльнасьць |
143-е месца ў сьвеце 2 217 969 34,3/км² |
||||
| СУП • агульны (2009) • на душу насельніцтва |
92-е месца ў сьвеце $32,234 млрд $14 254 |
||||
| Валюта | Латвійскі лат (LVL) |
||||
| Часавы пас • улетку |
EET (UTC+2) EEST (UTC+3) |
||||
| Незалежнасьць — абвешчаная — прызнаная — згубленая — абвешчаная — прызнаная |
Ад Расейскай імпэрыі 18 лістапада 1918 11 жніўня 1920 17 чэрвеня 1940 Ад СССР 4 траўня 1990 21 жніўня 1991 |
||||
| Аўтамабільны знак | LV | ||||
| Дамэн верхняга ўзроўню | .lv | ||||
| Тэлефонны код | +371 | ||||
Рэспу́бліка Ла́твія (па-латыску: Latvijas Republika) — краіна ў Паўночнай Эўропе, у цэнтры Прыбалтыкі. Латвія складзеная з чатырох гістарычных рэґіёнаў: Курзэмэ (Kurzeme) на паўднёвым захадзе, Відзэмэ (Vidzeme) на паўночным захадзе, Зэмгалэ (Zemgale) на паўночным усходзе і Латгалія (Latgale) на паўднёвым усходзе. На поўдні Латвія мяжуе зь Беларусяй і Летувой, на ўсходзе — з Расеяю, на поўначы — з Эстоніяй. З захаду краіна амываецца Балтыйскім морам. Латвія — сябра NATO і Эўрапейскага Зьвязу.
Зьмест |
Гісторыя [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Гісторыя Латвіі
У Сярэднявеччы вядомыя як Лівонія, землі сучаснае Латвіі з 13 стагодзьдзя належалі да крыжацкага Лівонскага Ордэну. Пасьля заняпаду Ордэну Латвія трапіла ў склад Рэчы Паспалітае. У 18 і 19 стагодзьдзях Латвія паступова была захопленая Расейскаю імпэрыяй.
18 лістапада 1918 году Латвія абвясьціла незалежнасьць ад ахопленай Рэвалюцыяй Расеі. З 1934 году Латвія была аўтарытарнай дзяржаваю.
17 ліпеня 1940 году Латвія была акупаваная савецкімі войскамі згодна з савецка-фашысцкім Пактам Молатава-Рыбэнтропа і ўключаная ў склад Савецкага Саюзу на правах рэспублікі. Да пачатку 1990-х гадоў Латвія была савецкаю рэспублікай, пакуль «Перестройка» зноў не абудзіла незалежніцкі рух у краіне.
21 жніўня 1991 году Латвія аднавіла свой сувэрэнітэт. Маладая дзяржава адразу ўзяла курс на эўраінтэґрацыю, не стала далучацца да пост-савецкага аб’яднаньня СНД. Напачатку 21 стагодзьдзя Латвія сталася чальцом NATO і Эўрапейскага Зьвязу.
Латвія складаецца з чатырох гістарычных рэгіёнаў: Курляндыі на захадзе, Відзэмэ на паўночным усходзе, Зэмгалэ як вузкага паса паміж Даўгавай і летувіскай мяжой, і Латгаліі на паўднёвым усходзе. Тэрыторыя Латвіі збольшага ўяўляе сабой лясісты марэнна-пагоркавы ляндшафт з шматлікімі азёрамі і доўгай паласой роўнага ўзьбярэжжа. Найдаўжэйшымі рэкамі зьяўляюцца Даўгава і Гаўя, найвялікшае возера плошчай 80,7 км² — Лубанс. Рыга з геаграфічнага пункту гледжаньня — цэнтар рэдказаселеных земляў.
Геаграфія [рэдагаваць]
Лясы займаюць 40% тэрыторыі Латвіі. Краявіды багатыя на халмы ды азёры. Узьбярэжжа Балтыйскага мора аднастайнае. З фаўны распаўсюджаныя алені, лісы, ласі, ваўкі, бабры.
Адміністрацыйны падзел [рэдагаваць]
Латвія дзеліцца на 109 раёнаў і 9 гарадоў асаблівага статусу.
Эканоміка [рэдагаваць]
Найважнейшая галіна прамысловасьці Латвіі — машынабудаўніцтва. Акрамя таго, важную ролю грае марское рыбалоўства, вытворчасьць мэблі і тэкстыльная прамысловасьць. Найважнейшыя эканамічныя партнэры Латвіі — краіны Паўночнае Эўропы, таксама важная роля належыць транзыту нафты і нафтавых прадуктаў зь Беларусі і Расеі. Традыцыйна вялікае значэньне мае турызм, што зноў перажывае рост пасьля атрыманьня незалежнасьці.
Транспарт [рэдагаваць]
Транспартная інфраструктура Латвіі добра разьвітая. Цэнтар транспартнай сеткі — сталіца Рыга.
Чыгунка [рэдагаваць]
За апошнія 10 гадоў чыгунка перажыла масыўнае зьніжэньне пасажырапатоку. Найбуйнейшае прадпрыемства чыгункі — LDZ (Latvijas Dzelzceli). Важнымі застаюцца таварныя перавозкі да балтыйскіх портаў, прадмесныя электрычкі у рыскай аґлямэрацыі, пасажырскія перавозкі з Рыґі ў Даўґаўпілс, а таксама з Рыґі ў Вільню, Коўна, Менск, Маскву і Санкт-Пецярбург.
Авіяцыйны транспарт [рэдагаваць]
Буйнейшы аэрапорт краіны знаходзіцца ў Рызе. Таксама там мяшкае найбуйнейшая авіякампанія Латвіі — Baltic International, што ажыцьцяўляе рэйсы ў Скандынавію, краіны Цэнтральнае Эўропы і іншыя краіны Прыбалтыкі.
Аўтамабільны транспарт [рэдагаваць]
Латвія мае прамяную сыстэму шаш з цэнтрам у Рызе. Важнае значэньне мае аўтастрада Via Baltica, што ідзе праз усю краіну з поўначы на поўдзень праз Рыґу.
Карабельны транспарт [рэдагаваць]
Марскі транспарт на Балтыцы — важны складнік транспартнае сыстэмы рэґіёну зь Сярэднявечча. Марскія порты Латвіі — Рыґа, Вэнтсьпілс і Ліепая. Паромныя маршруты злучаюць Латвію з краінамі Скандынавіі, Польшчаю, Нямеччынай. Акрамя таго, багата марскіх камунікацыяў ідуць уздоўж латыскага ўзьбярэжжа.
Насельніцтва [рэдагаваць]
У 2011 годзе насельніцтва Латвіі склала 2 067 887 чалавекі. Зь іх: 62,1% — латышы, 26,9% — расейцы, 3,3% — беларусы, 2,2% — украінцы, 2,2% — палякі, 1,2% — летувісы, 2,1% — іншыя этнічныя ґрупы (сярод іх эстонцы, немцы, лівы). У Латвіі дагэтуль здараюцца канфлікты вакол расейскае меншасьці, бо ейныя прадстаўнікі часта адмаўляюцца атрымліваць латыскае грамадзянства па ўстаноўленай працэдуры, якая прадугледжвае іспыт па латыскай мове, а латыскія ўлады парушаюць права расейцаў на навучаньне на роднай мове. Прыкладна палова расейскамоўных мае статус неграмадзянаў і пазбаўленыя права голасу на выбарах і іншых прэфэрэнцыяў.
| 1935 | 1959 | 1970 | 1979 | 1989 | 2000 | 2011 | ||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| Этнічнае паходжаньне | Колькасьць | % | Колькасьць | % | Колькасьць | % | Колькасьць | % | Колькасьць | % | Колькасьць | % | Колькасьць | % |
| Латышы | 1 467,0 | 77,0 | 1 297,9 | 62,0 | 1 341,8 | 56,8 | 1 344,1 | 54,0 | 1 387,8 | 52,0 | 1 370,7 | 57,66 | 1 284,2 | 62,1 |
| Расейцы | 168,3 | 8,8 | 556,4 | 26,6 | 704,6 | 29,8 | 821,5 | 32,8 | 905,5 | 34,0 | 703,2 | 29,58 | 556,4 | 26,9 |
| Жыды | 93,4 | 4,9 | 36,6 | 1,7 | 36,7 | 1,6 | 28,3 | 1,1 | 22,9 | 0,9 | 10,4 | 0,44 | 6,4 | 0,3 |
| Немцы | 62,1 | 3,3 | 1,6 | 0,1 | 5,4 | 0,2 | 3,3 | 0,1 | 3,8 | 0,1 | 3,5 | 0,15 | 3,0 | 0,1 |
| Палякі | 48,6 | 2,6 | 59,8 | 2,9 | 63,0 | 2,7 | 62,7 | 2,5 | 60,4 | 2,3 | 59,5 | 2,50 | 44,8 | 2,2 |
| Беларусы | 26,8 | 1,4 | 61,6 | 2,9 | 94,7 | 4,0 | 111,5 | 4,5 | 119,7 | 4,5 | 97,2 | 4,09 | 68,2 | 3,3 |
| Летувісы | 22,8 | 1,2 | 32,4 | 1,5 | 40,6 | 1,7 | 37,8 | 1,5 | 34,6 | 1,3 | 33,4 | 1,40 | 24,4 | 1,2 |
| Эстонцы | 6,9 | 0,4 | 4,6 | 0,2 | 4,3 | 0,2 | 3,7 | 0,1 | 3,3 | 0,1 | 2,7 | 0,11 | 2,0 | 0,10 |
| Цыганы | 3,8 | 0,2 | 4,3 | 0,2 | 5,4 | 0,2 | 6,1 | 0,2 | 7,0 | 0,3 | 8,2 | 0,34 | 6,5 | 0,3 |
| Украінцы | 1,8 | -- | 29,4 | 1,4 | 53,5 | 2,3 | 66,7 | 2,7 | 92,1 | 3,4 | 63,6 | 2,68 | 45,7 | 2,2 |
| іншыя | 4,2 | 0,2 | 1,8 | 0,1 | 2,7 | 0,1 | 3,8 | 0,2 | 29,4 | 1,0 | 25,0 | 1,1 | 26,3 | 1,3 |
| Усяго | 1 901,5 | 2 086,4 | 2 352,7 | 2 489,5 | 2 641,9 | 2 377,4 | 2 067,9 | |||||||
Культура і грамадзтва [рэдагаваць]
За сваю гісторыю Латвія трапляла пад культурныя ўплывы розных краін. Найбольш яскравы ўплыў краін Паўночнае Эўропы. Архітэктура старых месцаў тыповая для гарадоў Ганзы. Гэтаксама і сучасная латыская культура мае шчыльныя сувязі з швэдзкай, фінскай і, асабліва, нямецкай культурамі.
Важную ролю ў фармаваньні культурнага ляндшафту Латвіі адыграла расейскае панаваньне, што доўжылася амаль два стагодзьдзі. Расейская мова дагэтуль вельмі пашыраная ў краіне, асабліва ў гарадах і на ўсходзе, сярод расейцаў і іншых нацыянальных ґрупаў, што складаюць да 40% насельніцтва.
Частка сучаснай Латвіі вакол Даўгаўпілсу (Латґалія) гістарычна была населеная беларусамі, уваходзіла ў Полацкае княства і нават была ўключана ў склад Беларускае Народнае Рэспублікі ў 1918 годзе. Сам Даўґаўпілс мае адпаведную беларускую назву (Дзьвінск).
Акрамя таго, у Латвіі пражывае народнасьць ліваў 1500, перш за ўсё ў Рызе і некаторых прыморскіх вёсках.
Пануючаю ў Латвіі рэліґіяй у Латвіі пасьля Рэфармацыі сталася лютэранства, за выняткам пераважна каталіцкай Латґаліі. Сярод расейскамоўных латвійцаў пашыранае расейскае праваслаўе. Колькасьць рэґулярна наведваючых царкву ў Латвіі сёньня вельмі малая, ці не самая нізкая ў Эўропе. Латыская лютэранская царква вельмі кансэрватыўная і адмаўляе кабетам у праве прапаведаваць (нягледзячы на кароткачасовы прэцэдэнт высьвячэньня жанчын, цяпер гэта не практыкуецца), у чым яна супярэчыць з латыскай лютэранскаю царквой у эміґрацыі ў Швэцыі і іншых краінах. Вялікую ролю граюць абрады і элемэнты традыцыйных балцкіх вераваньняў.
Самае яскравае народнае сьвята ў латышоў — Купальле (Jānis, vasaras saulgrieži), зь якім таксама зьвязана шмат традыцыяў і звычаяў.
Латвія знакамітая сваёй культурай народных сьпеваў. Тыповая латыская форма сьпеваў — Дайны, чатырохрадковыя, невершаваныя сьпевы на розныя тэмы, ад міталягічных да побытавых сюжэтаў. Этноґрафамі было сабрана больш за мільён народных дайнаў, што ёсьць рэкордам, зважаючы на колькасьць насельніцтва невялікай Латвіі. Запіс дагэтуль перадаваных у вуснай форме дайнаў пачаў напрыканцы 19 стагодзьдзя Крыш'яніс Баронс; сабраная ім для гэтага Шафа Дайнаў дагэтуль зьяўляецца свайго кшталту нацыянальнай сьвятыняй.
Кожныя 5 гадоў у Рызе (за савецкім часам — за мяжой) праходзіць вялікі Сьпеўніцкі фэст, у якім бяруць удзел тысячы латыскіх і замежных хораў, хораў латыскае дыяспары. Сусьветна вядомы сымфанічны дырыжoр Марыс Янсанс нарадзіўся ў 1943 годзе ў Рызе.
Як і ў Эстоніі, меская культура і буйныя паны ў Латвіі былі да Рэвалюцыі 1917 году нямецкамоўнымі. Таксама нямецкамоўнаю была інтэліґенцыя. Падчас Другой сусьветнай Вайны па пагадненьні між нацысцкай Нямеччынай і ўжо часткова акупаванай Савецкім Саюзам Латвіяй, нямецкая меншасьць была вывезеная ў Нямеччыну. Таксама амаль не засталося ў Латвіі пасьля Другой сусьветнай вайны калісьці буйнае жыдоўскае грамады.
Цікавае [рэдагаваць]
Паводле некаторых навукоўцаў, у Латвіі ў 1510 годзе была ўстаноўленая першая калядная елка ў сьвеце. Іншая тэорыя адносіць гэтае вынаходніцтва да Страсбургу ў францускім Эльзасе.
Глядзіце таксама [рэдагаваць]
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Латвія — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
|||||||||||||||||
|
||||||||
|
|||||||||||||
|
||||||||