Садружнасьць Незалежных Дзяржаваў
Сьцяг СНД |
|||
|
|||
| Штаб-кватэра | Менск, Беларусь | ||
| Чальцы СНД |
10+1
|
||
| Працоўная мова | Расейская | ||
| Выканаўчы сакратар | |||
| Утворана | 8 сьнежня, 1991 | ||
| Афіцыйны сайт | cis.minsk.by | ||
Садружнасьць Незалежных Дзяржаваў (СНД, па-расейску: Содружество Независимых Государств, СНГ) — міждзяржаўнае аб’яднаньне большасьці былых саюзных рэспублік СССР.
Зьмест |
Чальцы Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў [рэдагаваць]
Краіны-ўдзельнікі:
Азэрбайджанская Рэспубліка
Рэспубліка Армэнія
Рэспубліка Беларусь
Грузія: 12 жніўня 2008 году Грузія заявіла аб жаданьні выхаду са складу СНД[1]. Паводле Статуту СНД (артыкул 9 разьдзелу I) дзяржава-чалец мае права выйсьці з Садружнасьці. Аб такім намеры яна апавяшчае пісьмова дэпазытара сучаснага Статуту за 12 месяцаў да выхаду. Пры гэтым абавязкі, узьніклыя ў пэрыяд удзелу ў сучасным Статуце, зьвязваюць адпаведныя дзяржавы да іх поўнага выкананьня[2]. 14 жніўня 2008 году парлямэнт Грузіі аднагалосна прагаласаў за выхад са складу СНД.[3] 9 кастрычніка 2008 году заяўка Грузіі аб выхадзе з СНД задаволеная[4]. 18 жніўня 2009 году Грузія афіцыйна пакінула СНД.
Рэспубліка Казахстан
Кыргыская Рэспубліка
Рэспубліка Малдова: Малдова канчаткова ратыфікавала Статут СНД 27 чэрвеня 1994 году, афіцыйна стаўшы, такім чынам, паўнапраўным чальцом арганізацыі[5].
Расейская Фэдэрацыя
Рэспубліка Таджыкістан
Туркмэністан: на казанскім саміце СНД, які адбыўся 26 жніўня 2005 году, Туркмэністан заявіў аб тым, што будзе ўдзельнічаць у арганізацыі ў якасьці «асацыяванага чальца».
Рэспубліка Ўзбэкістан
Украіна: Украіна дагэтуль не падпісала Статут СНД, таму дэ-юрэ яна не зьяўляецца дзяржавай-чальцом СНД, пры гэтым належыць да дзяржаваў-заснавальнікаў і дзяржаваў-удзельнікаў Садружнасьці[6].
СНД была заснавана кіраўнікамі БССР, РСФСР і УССР шляхам падпісаньня 8 сьнежня 1991 у Віскулях пад Берасьцем (Беларусь) Дамовы аб стварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў (вядома ў СМІ як Белавескія дамовы).
21 сьнежня 1991 да Дамовы далучыліся Азэрбайджан, Армэнія, Казахстан, Кыргыстан, Малдова, Таджыкістан, Туркмэністан, Узбэкістан, якія падпісалі сумесна зь Беларусьсю, Расеяй і Ўкраінай у Алматы Дэклярацыю аб мэтах і прынцыпах СНД.
Да ратыфікацыі парлямэнтамі сапраўднага чалецтва Азэрбайджан (да верасьня 1993) і Малдова (да красавіка 1994) былі асацыяванымі чальцамі СНД.
У кастрычніку 1993 сапраўдным чальцом СНД стала Грузія. 12 жніўня 2008 году прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі заявіў аб выхадзе краіны з СНД.
У жніўні 2005 Туркмэністан выйшаў з сапраўдных чальцоў СНД і атрымаў статус асацыяванага чальца-назіральніка.
Украіна, як і Туркмэністан, не ратыфікавалі Статут СНД. Гэта азначае, што фармальна яны чальцамі Садружнасьці не зьяўляюцца, хоць пры гэтым Украіна застаецца адной зь дзяржаваў-заснавальнікаў і ўдзельнікам СНД. 13 жніўня 2008 Украіна пацьвердзіла той факт, што не зьяўляецца чальцом СНД[7].
У сакавіку 1996 году Дзяржаўная Дума Фэдэральнага Сходу Расейскай Фэдэрацыі прыняла пастанову пра дэнансацыю Белавескіх дамоваў, аднак фактычна гэтае рашэньне наступстваў ня мела.
У шэрагу структур СНД (каардынацыйныя камітэты апаратаў прэзыдэнтаў, па статыстыцы, чыгунках і інш.) у якасьці назіральніка ўдзельнічае Манголія.
У розныя гады заяўлялі аб сваім намеры ўвайсьці ў СНД улады шэрагу непрызнаных самаабвешчаных дзяржаўных утварэньняў, аўтаномных рэгіёнаў, а таксама самастойных дзяржаваў. Такія дэклярацыі, аднак, дагэтуль ня мелі працягу ў выглядзе практычных крокаў. Заявы самаабвешчаных дзяржаўных утварэньняў, па ўсёй верагоднасьці, варта разглядаць як элемэнт змаганьня за атрыманьне самастойнасьці, паколькі аб рэальнай магчымасьці ажыцьцяўленьня такога кроку казаць не даводзіцца. Паводле Статуту СНД, для прыняцьця новага чальца гэтай арганізацыі з самастойным статусам патрабуецца згода ўжо існых удзельнікаў, што фактычна азначала б заахвочваньне сэпаратызму на тэрыторыі дзяржаваў-партнэраў і магло прывесьці да непрадказальных наступстваў.
Дэкляравалі жаданьне далучыцца да СНД:
- сьнежань 1991 і жнівень 1992 (парлямэнт), студзень 1996, травень 2006 — прэзыдэнт Рэспублікі Абхазія;
- жнівень 1993 — парлямэнт Нагорна-Карабаскай Рэспублікі;
- сьнежань 1991, травень 1992, студзень 1993 (парлямэнт), студзень 1994 і травень 2006 — прэзыдэнт Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі;
- сьнежань 1996 (прэзыдэнт), ліпень 1998 — парлямэнт і прэзыдэнт Чачэнскай рэспублікі Ічкерыя;
- 26 сьнежня 1991 — Татарстан («Дэклярацыя аб уваходжаньні Рэспублікі Татарстан у СНД»);
- сьнежань 1991 і травень 1992 (парлямэнт), сакавік 1994 — прэзыдэнт Рэспублікі Крым;
- люты 1995 — прэзыдэнт Рэспублікі Сэрбская Краіна ў Харватыі;
- 11 красавіка 1999 — прэзыдэнт Саюзнай Рэспублікі Югаславія;
- 2008 — Аўганістан[8].
Насельніцтва краін СНД на пачатак 2006 году склала 280 млн чалавек.
Глядзіце таксама [рэдагаваць]
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ М.Саакашвілі: Грузія выходзіць з СНД
- ^ Устав Содружества Независимых Государств (рас.)
- ^ Парламент Грузии одобрил выход из СНГ (рас.)
- ^ http://www.charter97.org/be/news/2008/10/9/10966/
- ^ Сведения о ратификации документов, принятых в рамках СНГ в 1991—2008 годах (.doc)(рас.)
- ^ МИД РФ: СОДРУЖЕСТВО НЕЗАВИСИМЫХ ГОСУДАРСТВ (справочная информация) (рас.)
- ^ Украина не считает себя членом СНГ(рас.)
- ^ Афганистан вступит в СНГ (рас.)
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Садружнасьць Незалежных Дзяржаваў — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
|
||||||||||||||||