Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь
| Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь | |
| Абрэвіятура | ВС РБ |
|---|---|
| Папярэднік | Вярхоўная Рада БССР |
| Наступнік | Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь |
| Дата ўтварэньня | 1991 |
| Дата спыненьня існаваньня | 1996 |
| Тып | парлямэнт |
| Юрыдычны статус | прадстаўнічы й заканадаўчы орган дзяржаўнай улады |
| Штабкватэра | вул. Савецкая, д. 11 |
| Месцазнаходжаньне | Менск |
| Афіцыйныя мовы | беларуская |
| 1-ы Старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь | Станіслаў Шушкевіч |
| 2-і Старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь | Мечыслаў Грыб |
| 3-і Старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь | Сямён Шарэцкі |
| Колькасьць супрацоўнікаў | 260 дэпутатаў |
| Колішняя назва | Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь |
Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь — найвышэйшы пастаянна дзеючы прадстаўнічы й заканадаўчы орган дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь у 1991—1996 гадох. Валодаў вяршэнствам і паўнатой заканадаўчай улады, ажыцьцяўляў яе ад імя народу ў межах і формах, вызначаных Канстытуцыяй і законамі РБ.
Зьмест |
Структура, паўнамоцтвы [рэдагаваць]
Складаўся з адной палаты (260 дэпутатаў). Дэпутаты выбіраліся грамадзянамі краіны на аснове ўсеагульнага выбарчага права тэрмінам на 5 гадоў (першыя выбары ў Вярхоўны Савет БССР, які зьяўляўся прадстаўнічым і заканадаўчым органам саюзнай рэспублікі да набыцьця ёю самастойнасьці, адбыліся ў 1938 годзе). Парадак дзейнасьці ВС, яго органаў і дэпутатаў вызначаўся Канстытуцыяй 1994 году, законам «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь», а таксама Рэглямэнтам Вярхоўнага Савету. Для арганізацыі работы Вярхоўнага Савету выбіраліся Старшыня, яго намесьнікі, ствараліся камісіі.
Штогод праводзіліся веснавая й асеньняя сэсіі, пры неабходнасьці — спэцыяльныя й нечарговыя пасяджэньні. Да кампэтэнцыі Вярхоўнага Савету належала прыняцьце Канстытуцыі й унясеньне ў яе зьмяненьняў і дапаўненьняў, прыняцьце законаў і пастаноў, кантроль за іх выкананьнем, назначэньне чарговых выбараў Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, правядзеньне рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, вызначэньне асноўных кірункаў унутранай і міжнароднай палітыкі Рэспублікі Беларусь, іншыя пытаньні.
Друкаваны орган ВС — газэта «Ведамасьці Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь».
Спыненьне дзейнасьці [рэдагаваць]
Дзейнасьць Вярхоўнага Савету спынена 27 лістапада 1996 году ў выніку праведзенага рэфэрэндума і прыняцьця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі), паводле якой функцыі былога вышэйшага прадстаўнічага органа адышлі да Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.
Старшыні Вярхоўнага Савету [рэдагаваць]
- Станіслаў Шушкевіч (1991 — 26 студзеня 1994)
- Мечыслаў Грыб (28 студзеня 1994 — 1996)
- Сямён Шарэцкі (10 студзеня — 27 лістапада 1996)