Берасьце

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.

Перайсьці да: навігацыя, пошук
Берасьце
Coat of Arms of Brest, Belarus.png Berastre stiag.png
Герб Берасьця Сьцяг Берасьця
Першыя згадкі: 1019
Магдэбурскае права: 1390
Былая назва: Брэст-Літоўск, Брэст-над-Бугам
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Берасьцейскі
Плошча: 72,9 км²
Вышыня: 141 м н. у. м.
Насельніцтва: 318 000 (2009)
Часавы пас:
• летні час
UTC+2
UTC+3
Тэлефонны код: +375 162
Паштовы індэкс: 224xxx
Геаграфічныя каардынаты: 52°05′ пн. ш. 23°42′ у. д. / 52.083° пн. ш. 23.7° у. д. / 52.083; 23.7 (G)Каардынаты: 52°05′ пн. ш. 23°42′ у. д. / 52.083° пн. ш. 23.7° у. д. / 52.083; 23.7 (G)
Берасьце на мапе Беларусі
Берасьце
Берасьце
Берасьце
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Wikimedia Commons

Бе́расьце, Бярэ́сьце (Брэст) — горад у Беларусі, на рацэ Заходні Буг пры ўпадзеньні ў яго ракі Мухавец. Адміністрацыйны цэнтар Берасьцейскай вобласьці і Берасьцейскага раёну. Плошча места 72,9 км². Насельніцтва 318 тыс. чал. (2009).

Знаходзіцца за 349 км ад Менску. Вузел аўтадарог і чыгунак, кірункаў на Варшаву, Менск, Лунінец, Ковель, Беласток. Канцавы порт на Дняпроўска-Бускім канале. Аэрапорт. Зьяўляецца буйным прамысловым, транспартным і культурным цэнтрам краіны. У Берасьці знаходзяцца Генэральныя кансуляты Рэспублікі Польшча, Расейскай Фэдэрацыі і Ўкраіны. Належыць да ліку найстарэйшых гарадоў Беларусі пасьля Полацку (862), Віцебску (947) і Турава (980).

Зьмест

[рэдагаваць] Назва

Упершыню згадваецца ў «Аповесьці мінулых гадоў» як горад Кіеўскай Русі пад назваю Берасьце (Берестье). Націск у назьве гораду трэба ставіць на першым складзе (так, як гэта яшчэ дагэтуль робяць некаторыя карэнныя жыхары старэйшага ўзросту ў навакольных вёсках). Пачынаючы з 17 стагодзьдзя пачала часьцей выкарыстоўвацца назва гораду Берасьце Літоўскі (па-польску: Brześć Litewski). У складзе расейскай імпэрыі назва гораду была Брест-Литовск (рас.) (па-беларуску: Брэст-Літоўск). Па адным з тлумачэньняў, назва Брэст зьявілася праз памылковае тлумачэньне з польскай мовы — польскі варыянт назвы Brześć трансьлітаравалі па-расейску як Бржесть, што пасьля з расейскай мовы трансфармавалася ў Брест і сучасную афіцыйную беларускую назву Брэст[Крыніца?]. Гэтая трансфармацыя назвы ў расейскай мове зафіксаваная ў справаздачах пра баявыя дзеяньні ў ваколіцах гораду расейскага палкаводца А. Суворава і інш. расейскіх чыноўнікаў: спачатку пісалі Бржесць, Бржесть, пазьней Бржест і Брест. Перад пачаткам 1-й Сусьветнай вайны грамадзяне гораду хадайнічалі перад Дзяржаўнай Думай аб вяртаньні гораду яго старажытнай назвы Берестье (па-беларуску: Берасьце). У 1921 годзе горад атрымаў новую назву — Брэст-над-Бугам (Brześć nad Bugiem), якая праіснавала да 1939 году.

Назвы на іншых мовах: пол.: Brześć, Brześć Litewski, Brześć nad Bugiem; ідыш: בּריסק, габр.: ברסט ליטובסק; укр.: Берестя, Бересть; рас.: Берестье, Бересть, Брест-Литовск, Брест.

[рэдагаваць] Гісторыя

Першыя гістарычныя згадкі пра горад у «Аповесьці мінулых гадоў» датуюцца 1019 годам. Гарадзішча старажытнага Берасьця знаходзілася на невялічкім мысе, які ўтварыўся на месцы сутокаў Мухаўца з Заходнім Бугам. У ХІХІІІ стст. належаў тураўскім, кіеўскім і ўладзімера-валынскім князям.

Герб Берасьця, 1845 год

У 1379 годзе горад разрабаваны і спалены тэўтонскімі рыцарамі. У 1390 годзе Берасьце першым з гарадоў Беларусі атрымаў магдэбурскае права. З 1413 году цэнтар эканоміі, прывілеем аднесены да галоўных местаў ВКЛ. У 1500 годзе разрабаваны крымскімі татарамі. З 1520 году цэнтар Берасьцейскага павету, з 1566 — цэнтар ваяводзтва. У 1596 годзе ў Сьвята-Мікалаеўскай царкве была падпісаная Берасьцейская унія, у выніку якой Праваслаўная Царква на тэрыторыі Рэчы Паспалітай (Кіеўская мітраполія) аднавіла еднасьць з Апостальскім Пасадам у Рыме.

Берасьцейскі чыгуначны вакзал у час Першай сусьветнай вайны, каля 1915 году
Мужчынская гімназія, у нашы дні гэта стары корпус Берасьцейскага Дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя А.Пушкіна (вул. Міцкевіча).

Пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе горад увайшоў у склад Расейскай імпэрыі. Пасьля далучэньня беларускіх зямель да Расеі горад Берасьце Літоўскі, ранейшы цэнтр Берасьцейскага ваяводзтва, быў ператвораны ў павятовы горад, уваходзіў з 1799 году ў склад Літоўскай губэрні, а з 1801 - у Гарадзенскай губэрні.

Першыя планы і праекты будаўніцтва крэпасьці на месцы старажытнага Берасьця зьвіліся ўжо адразу пасьля далучэньня гораду да Расейскай імпэрыі. З 30-х гадоў XIX-га стагодзьдзя ўлады Расейскай імпэрыі на месцы старога Берасьця будавалі крэпасныя пабудовы, пры гэтым былі разбураныя або істотна перабудаваныя шматлікія храмы, манастыры і помнікі гарадзкой архітэктуры. З 9 (22) сьнежня 1917 па 3 сакавіка 1918 году ў Берасьці праходзілі мірныя перамовы паміж Савецкай Расеяй і Нямеччынай, у выніку чаго адбылося падпісаньне Берасьцейскага міру. У 1919 годзе Берасьце захапілі палякі, горад стаў цэнтрам Палескага ваяводзтва.

21 чэрвеня 1929 году й 29 лістапада 1933 году да гораду далучылі часткі гмін Косічы й Камяніца Жыравіцкая [1] [2].

У 1930 годзе ў Берасьці пачаўся працэс над польскай апазыцыяй, якая выступала супраць маршала Юзафа Пілсудзкага. 22 верасьня 1939 у Берасьці-над-Бугам адбыўся савецка-фашысцкі парад, які прымалі Гудэрыян і Крывашэін, горад быў перададзены пад кіраваньне Чырвонай арміі і ўвайшоў у склад СССР і БССР пасьля падзелу Польшчы паводле пакту Молатава-Рыбентропа. Берасьце стаў адміністрацыйным цэнтрам Берасьцейскай вобласьці. 8 траўня 1965 году Берасьцейскай крэпасьці было нададзена ганаровае званьне крэпасьць-герой, з уручэньнем ордэна Леніна і мэдаля «Залатая Зорка». Берасьце — адзін з шасьці абласных цэнтраў Рэспублікі Беларусь.

[рэдагаваць] Адміністрацыйны падзел

Раёны: Ленінскі, Маскоўскі.

Мікрараёны: Адамкова, Аркадыя, Бярозаўка, Валынка, Вулька, Вычулкі, Граеўка, Гузьні, Дуброўка, Задворцы Новыя, Задворцы Старыя, Кіеўка, Кавалёва, Кацін бор, Лысая гара, Паўднёвы, Плоска, Пугачова, Рэчыца, Трышын, Усход.

Панарамны здымак жылога раёну Берасьця
Панарамны здымак жылога раёну Берасьця

[рэдагаваць] Насельніцтва

Насельніцтва гораду па стане на 1 студзеня 2009 году складала 318 тысячаў чалавек[3]. Пасьля павелічэньня плошчы гораду ў 2007 годзе насельніцтва гораду склала 313 тысячаў чалавек.

[рэдагаваць] Нацыянальны склад

Нацыянальнасьць Адсотак насельніцтва
1
Беларусы
75%
2
Расейцы
17%
3
Украінцы
6%
4
Палякі
1,3%
5
Жыды
0,15%

Крыніца

[рэдагаваць] Адукацыя

32 агульнаадукацыйныя школы, 6 гімназіяў.

Вышэйшыя навучальныя ўстановы: Берасьцейскі дзяржаўны тэхнічны ўнівэрсытэт, Берасьцейскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя А. С. Пушкіна

Прафэсійна-тэхнічныя вучэбныя ўстановы:

[рэдагаваць] Культура

У Берасьці дзейнічае тэатар драмы і музыкі, лялечны тэатар, кінатэатар «Беларусь», адбываецца міжнародны тэатральны фэстываль «Белая вежа» і фэстываль беларускага нацыянальнага кіно. У рэпэртуары Берасьцейскага лялечнага тэатра сёньня каля 30 спэктакляў для дзяцей і сем'яў.

[рэдагаваць] Спорт

У горадзе дзейнічаюць 18 дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. У мікрараёне Кіеўка разьмешчаны стадыён «Лякаматыў». У абласным спартыўным комплексе «Берасьцейскі» адбываюцца трэніроўкі і гульні футбольнага клюбу Дынама Берасьце. Найбольшую славу гораду прынёс гандбольны клюб БГК імя Мяшкова. Легкаатлетка з Берасьця Юлія Несьцярэнка стала алімпійскай чэмпіёнкай у бегу.

[рэдагаваць] Эканоміка

Берасьце — буйны прамысловы цэнтар Беларусі. Сёньня ў горадзе дзейнічае звыш 50 прадпрыемстваў прамысловасьці. У Берасьці працуюць электрамэханічны і электралямпавы заводы, завод газавага абсталяваньня «Брэстгазаапарат», прадпрыемства «Цветатрон» па вытворчасьці мікраэлектронікі, прадпрыемствы лёгкай і харчавальнай прамысловасьці.

[рэдагаваць] Транспарт

Берасьцейскі чыгуначны вакзал

Берасьце зьяўляецца адным з важнейшых транспартных вузлоў Беларусі. У 1981 годзе ў Берасьці зьявіліся першыя тралейбусы, на сёньняшні дзень колькасьць тралейбусных маршрутаў гораду дасягнула васьмі.

За 12 кілямэтраў на паўночны ўсход ад Берасьця знаходзіцца Берасьцейскі аэрапорт (міжнародны код — BQT), які быў уведзены ў эксплюатацыю ў 1976 годзе. У 1986 годзе Берасьцейскаму аэрапорту нададзены статус міжнароднага, магчымы пасажырапаток складае 400 чалавек у гадзіну.

[рэдагаваць] Інфармацыя для турыстаў

Сьвята-Ўваскрасенскі сабор

З савецкіх часоў сымбалем гораду стаў мэмарыяльны комплекс «Берасьцейская крэпасьць-герой», урачыстае адкрыцьцё якога адбылося 25 верасьня 1971. Пабудова мэмарыялу ажыцьцяўлялася пад кіраўніцтвам народнага архітэктара СССР У. А. Караля.

Старая забудова Берасьця

Музэі: Археалягічны музэй «Бярэсьце», музэй «Выратаваныя каштоўнасьці», музэй прыроды, музэй горада Берасьця, краязнаўчы музэй, музэй чыгуначнай тэхнікі, музэй авіяцыі і касманаўтыкі (у мікрараёне Ўсход), музэй абароны Берасьцейскай крэпасьці.

Храмы: Сьвята-Сімеонаўскі катэдральны сабор — старэйшы праваслаўны храм у новым горадзе, Сьвята-Мікалаеўская царква, Сьвята-Уваскрасенскі сабор, Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа.

[рэдагаваць] Пэрсаналіі

  • Аляксандар Цьвікевіч (1888) - юрыст, беларускі палітык, дыпламат, дзяяч БНР. Нарадзўся і вуыўся ў Берасьці.
  • Мэнахем Бэгін — ізраільскі прэм’ер-міністар, міністар замежных справаў, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру.
  • Вінцук Вячорка (1961) - адзін з лідараў БНФ. Нарадзіўся і вырас у Берасьці
  • Ігар Карнялюк (1962) — беларускі і расейскі музыкант і кампазытар, аўтар і выканаўца папулярных эстрадных песьняў «Есть билет на балет», «Дожди» ды інш., аўтар музыкі да сэрыялаў «Бандитский Петербург», «Мастер и Маргарита». Нарадзіўся ў Берасьці, дзе скончыў 8 класаў сярэдняй школы і музычную школу, там жа пачаў сьпяваць. Жыве ў Пецярбургу.
  • Эдуард Ханок (1940) — беларускі і расейскі музыкант і кампазытар, аўтар шматлікіх популярных у савецкія часы песьняў «А я лягу, прылягу», «То ли еще будет», «Малиновка», «Два поля», «Я у бабушки живу», «У леса на опушке», «Завіруха», «Жаўраначка» ды інш.
  • Алена Варабей (Лебенбаўм) — беларуская і расейская артыстка размоўнага жанру, парадыст, сьпявачка. Нарадзілася і вырасла ў Берасьці, дзе скончыла 8 класаў сярэдняй школы № 20 і музычную школу.
  • Уладзімір Яўгенавіч Солтан (09.01.1953-01.06.1997) - беларускі кампазітар, стваральнік знакамітай оперы "Дзікае паляваньне караля Стаха" (1989) паводле твору У.Караткевіча, за якую ён атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР у 1990 г., а таксама аўтар оперы “Пані Ядвіга”, дзіцячай оперы “Мілавіца”. Адным з апошніх яго твораў стала настальгічная музыка да тэлесэрыялу “Проклятый уютныный дом” ды інш. музычных твораў. Нарадзіўся і вырас у Берасьці. Памёр у Менску.
  • Юлія Несьцярэнка - спартсмэнка, алімпійская чэмпіёнка ў спрынце. Нарадзілася і вырасла ў Берасьці.

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. ^ Rozporządzenie Rady Ministrów z dnia 31 maja 1929 r. o rozszerzeniu granic miasta Brześcia n/Bugiem w powiecie brzeskim, województwie poleskiem, Dz. U. Nr 43, poz. 354 (пол.)
  2. ^ Rozporządzenie Ministra Spraw Wewnętrznych z dnia 15 listopada 1933 r. o rozszerzeniu granic miasta Brześcia n/Bugiem w powiecie brzeskim, województwie poleskiem, Dz. U. Nr 93, poz. 716 (пол.)
  3. ^ У 14 гарадах Беларусі колькасць насельніцтва перавышае 100 тыс. чалавек // Наша Ніва, 26 сакавіка 2009 г.

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg  Берасьцесховішча мультымэдыйных матэрыялаў