Аляксандар Сувораў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Аляксандар Сувораў

Аляксандар Васілевіч Сувораў — расейскі палкаводзец, тэарэтык ваеннай навукі, генэралісімус Расейскай арміі і генэрал-фэльмаршал Аўстрыйскай, граф Рымніцкі і Сьвятой Рымскай імпэрыі, князь Італійскі, князь і «кузэн» караля Сардыніі і П’емонту. Кавалер усіх расейскіх і шматлікіх замежных ордэнаў: прускіх Чорнага і Чырвонага Арла, сардынскіх Сьв. Зьвеставаньня і Сьв. Маўрыкія і Лазара, аўстрыйскага Марыі-Тэрэзіі, баварскага Сьв. Губэрта, францускага Сьв. Багародзіцы Кармэльскай. За ўсё жыцьцё не прайграў ніводнай бітвы.

Юнацтва і маладыя гады Суворава[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 13 (24) лістапада 1729 году ў Маскве ў сям’і прапаршчыка Праабражэнскага палка Васілія Іванавіча Суворава (17051775), хросьніка Пятра I. Атрымліваў хатнюю адукацыю. У дзяцінстве меў слабае здароўе, таму бацька рыхтаваў Суворава да грамадзянскай службы. Але Сувораў інтэнсіўна гартаваўся і вывучаў ваенную гісторыю, таму бацька пад уплывам генэрала Ганібала вырашыў задаволіць жаданьне сына паступіць на вайсковую службу. 3 лістапада 1742 году згодна з дваранскімі звычаямі таго часу залічаны мушкецёрам лейб-гвардыі Сямёнаўскага палка і ў 1748 годзе пачаў у ім ваенную службу ў чыне капрала. У 1749 ўзьведзены ў падпрапаршчыкі, у 1750 — у сяржанты, у 1754 пакідае Сямёнаўскі полк і прызначаны паручыкам Інгерманляндзкага пяхотнага палку. У студзені 1756 году прызначаны обэр-правіянтмайстарам і займаецца пытаньнямі арганізацыі тылавых падразьдзяленьняў, у кастрычніку — генэрал-аўдытар-лейтэнантам, а ўжо ў сьнежні — прэм’ер-маёрам. У лістападзе 1758 году праізьведзены ў падпалкоўнікі і прызначаны камэндантам гораду Мемель.

Пачатковы этап баявога шляху[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Сувораў удзельнічаў у баявой сутычцы 14 (25) ліпеня 1759 году — з эскадронам драгун ён атакаваў нямецкіх драгун і прымусіў іх адступіць. Пасьля гэтага Суворава прызначаюць дзяжурным штаб-афіцэрам пры камандзіры дывізіі Ферморы. На гэтай пасадзе ўдзельнічае ў першай сваёй буйнай бітве — у бітве пад Куненсдорфам (1759) падчас Сямігадовай вайны (17561763). Потым, у 1760 годзе ўдзельнічае ва ўзяцьці Бэрліну. У 1761 годзе камандаваў асобнымі атрадамі, мэтай якіх было спачатку прыкрыць адыход расейскіх войскаў да Брэслаўлю і бесьперапынна нападаць на прускія войскі. Падчас шматлікіх сутычак адзначыўся як таленавіты і сьмелы партызан і кавалерыст. Сярод ягоных дясягненьняў у гэты час былі захоп у выніку нечаканага набегу і зьнішчэньне вялікіх запасаў сена навідавоку ў непрыяцеля, пры Бунцальвіцы зь невялікай колькасьцю казакоў Сувораў захапіў прускі пікет, адбіў пасланы супраць яго атрад гусар і ў запалу перасьледу іх дасягнуў непрыяцельскіх акопаў, так што мог разгледзець намёты каралеўскай кватэры ў лягеры. Удзельнічаў у баях ля Ландсьберга, Бірыштайна, в. Вяйсентына, Наўгарта, в. Келец, ва ўзяцьці Гальнаў, дзе быў паранены, і крэпасьці Колберг, прымусіўшы адступіць генэрала Платэна.

За гэтыя перамогі Сувораву было прысвоена званьне палкоўніка (1762), ён атрымаў прызначэньне ў Астраханскі пяхотны полк. У 1763 годзе палкоўнік Сувораў пераведзены ў Суздальскі пяхотны полк. На працягу службы ў Суздальскім палку Сувораў распрацоўвае «Палкавую (суздальскую) ўстанову» — свой першы літаратурны помнік ваеннай думкі.

Ваенная кар’ера пры Кацярыне ІІ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вайна з Барскай канфэдэрацыяй[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У кастрычніку 1768 году Сувораў атрымаў званьне брыгадыра і ў 1769 годзе быў напраўлены ў Польшчу, дзе правеў 4 гады. 2 (13) верасьня атрымлівае перамогу над польскімі канфэдэратамі ў бітве пры вёсцы Арэхава. У пачатку 1770 году Сувораву было прысвоена званьне генэрал-маёра. У красавіку 1770 году Сувораў, пераправіўшыся празь Віслу, пайшоў уначы да Клементову: сустрэўся з Машынскім, якога перамог, і перасьледваў палякаў, захапіўшы іх гарматы; разьбіў Машынскага паўторна, пры Апатаве, узяўшы ў палон да двухсот чалавек.

У сакавіку 1771 году Сувораў выйшаў зь Любліна з чатырма ротамі пяхоты, некалькімі гарматамі і зь пяцьцю эскадронамі; пераправіўся празь Віслу ля Сандаміру; разьбіў асобныя партыі канфэдэратаў, атакаваў Ландскрону (12 (23) траўня), авалодаў горадам, нягледзячы на моцны супраціў. Усьлед за тым ён уступіў нечакана ў горад Казімір, захапіў у палон лепшы польскі швадрон Маршала Жабы; расьсеяў канфэдэратаў, якія некалькі дзён абложвалі тры роты яго палка ў Красьніке. Перамог у бітве пры Замосьце (22 траўня (2 чэрвеня)) расьсеяў каля Краснастава атрад палкоўніка Навіцкага.

(12 (23) верасьня 1771 году пад Сталовічамі з 900 салдатамі разьбіў корпус гетмана Міхала Казімера Агінскага, які налічваў каля 5 тысячаў чалавек. Палякі страцілі каля 1000 чалавек, расейцы — каля 80. Гэта была найбольш буйная яго перамога ў кампаніі.

15 (26) красавіка 1772 году Сувораў пасьля аблогі авалодвае Кракаўскім замкам. Усьлед за тым Сувораў авалодаў Заторам (у дванаццаці мілях ад Кракава) і ўзарваў яго ўмацаваньні.

Сувораў у расейска-турэцкай вайне 1768—1774 гадоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паштовая марка СССР, 1980 (ЦФА 5127, Скот 4878)

Пасьля польскай кампаніі Сувораў некаторы час займаўся ўладкаваньнем расейска-швэдзкай мяжы ў Фінляндыі, аднак 4 (15) красавіка быў пераведзены на паўднёвы тэатар вайсковых дзеяньняў — у 1-ю армію генэрал-фэльдмаршала П. А. Румянцава, у корпус генэрал-аншэфа Салтыкова. Удзел Суворава ў той расейска-турэцкай вайне аказваецца ледзь не вырашальным для кампаніі 1774 году. Ужо 10 (21) траўня Сувораў быў пасланы Салтыковым да Туртуркая на выведку. Дзейнічаць Сувораву з двума тысячамі салдат прыйшлося на нязначным участку. І адразу ж ледзь было ён не дагадзіў у палон, калі раптоўнай начной атакай туркі рынуліся на расейскі лягер. Адбіўшы набег туркаў, Сувораў нягледзячы на загад Румянцава адыходзіць, самавольна вырашыў узяць моцна ўмацаваны Туртукайскі гарнізон. Начной атакай ён накіраваўся на варожую крэпасьць, пры гэтым быў моцна кантужаны ў выніку разрыва гарматы. Дзякуючы перамозе былі спынены турэцкія зносіны паміж Сілістрыей і Рушчуком, засьцярожаны атрады, пасыланыя ад вусьця Аргіса. Ваенная Калегія за парушэньне воінскай дысцыпліны прысудзіла Суворава да сьмяротнага пакараньня, але імпэратрыца Кацярына II адмяніла прысуд, напісаўшы: «Пераможцаў ня судзяць».

Між тым туркі зноў умацавалі Туртукай, карыстаючыся нерашучасьцю Румянцава. Таму 17 (28) чэрвеня 1773 году Сувораў зноў бярэ Туртукай, атрымаўшы перамогу над турэцкім войскам, якое было ў 4 разы больш за сувораўскае.

У верасьні 1773 году Сувораў кіраваў абаронай гораду Гірсава, які расейскія войскі трымалі за Дунаем, і 3 (14) верасьня адбіў наступ турэцкіх войскаў і нанёс ім значныя страты.

У сакавіку 1774 году атрымаў званьне генэрал-паручыка. 9 (20) чэрвеня 1774 году разам з генэралам М. Каменскім Сувораў, маючы 18-тысячны атрад, нанёс турэцкім войскам (40 тысячаў) рашучую паразу пры Казлуджы, што значна паўплывала на вынік вайны вайны і дасягненьне міру ў Кучук-Кайнарджы.

Між дзьвюма расейска-турэцкімі войнамі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У жніўні 1774 году па загадзе Кацярыны ІІ Сувораў быў накіраваны ўдзельнічаць у задушэньні бунту Пугачова, але галоўныя сілы паўсталых апынуліся разьбітыя войскамі генэрал-аншэфа П. Паніна да яго прыбыцьця, яму прыйшлося толькі суправаджаць палоннага Пугачова ў Сімбірск, дзе ён здаў яго Паніну. У першай палове 1775 году Сувораў займаўся ліквідацыей атрадаў мяцежнікаў, затым адпачываў у Маскве.

У 1776 годзе Сувораў спачатку прызначаны камандзірам Санкт-Пецярбурскай дывізіі, а затым камандзіраваны ў Крым як камандуючы Маскоўскай дывізіі ў склад войскаў генэрал-паручыка А. А. Празароўскага. З 1778 — камандуючы Кубанскім корпусам. На гэтых пасадах кіраваў будовай Кубанскай умацаванай лініі і ўзмацненьнем абароны Крыму, прадухіліў у 1778 годзе высадку турэцкага дэсанта ў Ахтыарскай (Адэскай) бухце, чым была сарваная спроба Турцыі разьвязаць новую вайну ў нявыгадным для Расеі міжнародным становішчы. У траўні 1779 году прызначаны камандуючым Маларасейскай дывізіяй у Палтаве, затым камандзірам памежнай дывізіі ў Наварасейскай губэрні.

У 17801782 гадах Сувораў рыхтуе паход супраць Персіі, які, аднак, не ажыцьцявіўся, і ў 1782 годзе Сувораў накіраваны камандаваць Кубанскай дывізіяй. Пасьля далучэньня Крыму да Расеі (1783) Сувораву было даручана падавіць супраціў тых нагайскіх татараў, якія паднялі паўстаньне супраць далучэньня да Расеі. Ён разграміў асноўныя сілы татар ля Крэмянчускай крэпасьці пасьля няўдалага штурму імі Ейску. Пасьля гэтага і татары, і Порта канчаткова прызналі падданства Крыму і Кубані расейскай імпэратрыцы.

Пасьля перамогі над татарамі Сувораў камандаваў войскамі Ўладзімерскай і Санкт-Пецярбурскай дывізіяў, у 1786 годе атрымлівае званьне генэрал-аншэфа.

Падаўленьне паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У траўні 1794 году Сувораў накіраваны ў Падолію дзеля падрыхтоўкі другой польскай кампаніі. 7 (28) жніўня ён залічаны ў склад арміі генэрал-аншэфа Н. В. Рэпніна і ўзначаліў паход на Варшаву.

6 (17) верасьня пры Крупчыцы разьбіў 17-тысячны корпус генэрала Серакоўскага, які адступіў. Другі раз Сувораў (колькасьць войска 8 тыс. чалавек) зразіўся з войскамі Серакоўскага, а таксама Касінскага (13 тыс. чалавек) пад Берасьцем 8 (19) верасьня і поўнасьцю іх разграміў. Сярод расейцаў загінула каля 1 тыс. чалавек, сярод паўстанцаў — палякаў і беларусаў — 5 тысячаў загінула і каля 7 тысячаў трапіла ў палон. Страта цэлага корпусу выклікала маральны надлом сярод удзельнікаў паўстаньня.

Тым часам Фэзен паланіў Касьцюшку і далучыўся да Суворава ў Станіслававе са сваімі 10 тыс. салдатамі. Войска Суворава пачало складаць 17 тыс. чалавек, і 15 (26) верасьня ім была атрыманая перамога ў баі пад Кабылкай.

24 кастрычніка (4 лістапада) войскі Суворава пачалі штурм прадмесьця Варшавы Прагі, якую абаранялі 30 тыс. чалавек (без уліку ўзброеных гараджан) і 104 гарматы. Горад быў узяты за тры гадзіны. З польскга боку было каля 16 тысячаў загінуўшых, з расейскага — 540 чалавек. 29 кастрычніка (9 лістапада) на берэзе Віслы магістрат паднёс Сувораву хлеб-соль і гарадзкія ключы, якія сымбалізавалі капітуляцыю Варшавы. Пасьля польскай кампаніі Сувораў атрымаў званьне фэльдмаршала.

А. В. Сувораў у часы Паўла I. Замежныя паходы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сямейнае жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сямейнае жыцьцё Суворава было няўдалым. Ажаніўся ён у 1774 годзе на княжне Варвары Іванаўне Празароўскай. Але адносіны з жонкай былі дрэннымі. У 1779 годзе Сувораў, выкрыўшы здраду жонкі, пачынае шлюбаразводны працэс, але затым прыпыняе яго. У 1784 годзе поўнасьцю разрывае адносіны з жонкай.

Меў дачку — Натальлю Аляксандраўну (1775) і сына — Аркадзя Аляксандравіча (1784), які загінуў у р. Рымнік, ратуючы чалавека.

Сувораў як тэарэтык ваеннай навукі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сувораў вялікі ня толькі як палкаводзец, які ня ведаў паразаў, ён быў стваральнікам ваеннай дактрыны і новай стратэгіі і тактыкі войнаў. Свае погляды Сувораў разьвіў у «Палкавой установе» (1765), «Навуцы перамагаць» (1795), занатоўках і інструкцыях. Сувораў быў праціўнікам распаўсюджанай у той час у эўрапейскіх войсках кардоннай сыстэмы вядзеньня войнаў, якая зводзілася да распыленьня сілаў, павольных вайсковых дзеяньняў, залішніх стратаў. Сувораў зыходзіў з таго, што вайна служыць перадпачаткам міру, таму яна павінна быць па магчымасьці хуткай. Вайсковы посьпех, па Сувораву, забясьпечваўся спалучэньнем трох вырашальных фактараў — вакамэра, быстрыні і націску. Тактычным прыёмам Суворава было шырокае выкарыстаньне манэўру, выбар якога адбываўся з улікам суперніка, мясцовасьці і становішча. Сувораў прапаноўваў выкарыстоўваць засяроджваньне асноўных сілаў на галоўным участку бітвы, дамагаючыся перавагі ў кірунку вырашальнага ўдару і забясьпечваючы разгром суперніка па частках, а затым яго перасьлед. Сувораў выхоўваў войскі ў духу наступальнай тактыкі, вялікую ўвагу надаваў навучаньню салдатаў прафэсыйным навыкам і стала клапаціўся аб маральным духу войскаў. Сувораў, па словах Дзяніса Давыдава, «паклаў руку на сэрца салдата і вывучыў яго біцьцё».

Сувораўскія афарызмы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Мы расейцы і таму пераможам.
  • Салдат ня злодзей.
  • Дзе пройдзе алень, там пройдзе і салдат.
  • Лёгка ў навуцы — цяжка ў паходзе, цяжка ў навуцы — лёгка ў паходзе.
  • Непрыдатны той салдат, што адказвае «Не магу ведаць».
  • Бязьдзейнасьць — корань усяму злу, асабліва вайскоўцу чалавеку.
  • Сам гінь — таварыша ратуй.
  • Служба і сяброўства — дзьве паралельныя лініі: не сыходзяцца.
  • Хто напалоханы — напалову пабіты.
  • Вучэньне сьвятло, а невуцтва — цемра.
  • Справа майстра баіцца.
  • Дысцыпліна — маці перамогі.
  • Усякі ваяр павінен разумець свой манэўр.
  • За вучонага трох невучоных даюць.
  • І ў ніжнім званьні бываюць героі.
  • Страляй рэдка, ды трапна.
  • Куля — дура, штык — малайчына.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Аляксандар Сувораўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў