Вітаўт
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Вітаўт (у хрышчэньні Аляксандар; 1350 — 27 кастрычніка 1430) — князь Вялікага княства Літоўскага ў 1392—1430 гадах. Сын князя Кейстута. Напачатку быў князем гарадзенскім, потым князем троцкім.
Зьмест |
[рэдагаваць] Біяграфія
Калі польскія фэадалы, выкарыстоўваючы Крэўскую унію 1385 і каранацыю вялікага князя Ягайлы на польскі трон, наважыліся падпарадкаваць сабе летувіскія, беларускія і ўкраінскія землі, Вітаўт узначаліў супраць іх барацьбу патрыятычных сіл Беларуска-Літоўскай дзяржавы. З дапамогай рыцараў Лівонскага ордэна ён скінуў намесьніка Ягайлы на літоўскі трон — свайго стрыечнага брата Скіргайлу і стаў правіць дзяржавай незалежна ад польскага караля. У выніку ўзброенай барацьбы, а потым кампраміснага пагадненьня 1392 году зь Ягайлам літоўскія фэадалы адстаялі сваю самастойнасьць, а Вітаўт пажыцьцёва прызначаны гаспадаром (вялікім князем) Беларуска-Літоўскай дзяржавы.
[рэдагаваць] Унутраная палітыка
Вітаўт праводзіў палітыку цэнтралізацыі дзяржавы і ўмацаваньня велікакняжацкай улады. Да дзяржаўнага кіраваньня (удзел у соймах і радзе) ён далучаў ваенна-служылае саслоўе, за службу раздаваў шляхце землі.
[рэдагаваць] Вонкавая палітыка
За Вітаўтам Вялікае княства Літоўскае актыўна падтрымлівала сэпаратысцкія тэндэнцыі расейскіх княстваў (Цьвярскога, Разанскага), што выступалі супраць аб’яднаўчай і цэнтралізаванай палітыкі Масквы.
Вітаўт умешваўся ў справы нямецкага ордэна і неаднаразовымі перамогамі ледзь не ліквідаваў яго. Для дасягненьня палітычных мэтаў і замацаваньня хаўруса з Тэўтонскім ордэнам двойчы (у 1384 і 1389) аддаваў яму Жмудзь.
Вёў пастаянную барацьбу супраць татараў, ачысьціў ад іх усю тэрыторыю паміж Дняпром і Азоўскім морам і адтуль некалькі тысяч татараў перасяліў у Літву. У 1399 пацярпеў паразу ад тамэрланаўскага палкаводца Эдыгея на р. Ворскле, у выніку праваліліся яго пляны панаваньня над усімі землямі Русі і Залатой Арды. Нягледзячы на гэта, Вітаўт захаваў кантроль Беларуска-Літоўскай дзяржавы над Паўночным Прычарнамор’ем. Але паразу на Ворскле выкарыстала Польшча, прымусіўшы Вітаўта падпісаць новую унію.
[рэдагаваць] Рэлігійныя справы
Падпісаўшы пад націскам польскага кліру ў 1401 г. Віленска-Радамскую, а ў 1413 г. Гарадзельскую уніі, Вітаўт фактычна даў каталікам перавагі ў дзяржаўным жыцьці краіны, што стала адной з прычын працяглай нацыянальна-рэлігійнай барацьбы ў Беларуска-Літоўскай дзяржаве і значна аслабляла яе. Каб дагадзіць праваслаўнай большасьці насельніцтва Літоўскай Русі, ён заснаваў у Вялікім княстве Літоўскім пасаду мітрапаліта, незалежнага ад Маскоўскай дзяржавы. Першым мітрапалітам праваслаўнай царквы Княства на Новагародзкім саборы быў выбраны былы кіеўскі мітрапаліт Рыгор Цамблак.
[рэдагаваць] Вайсковыя здабыткі
Вітаўт значна пашырыў тэрытарыяльныя межы дзяржавы. У 1395 г. ён уключыў у склад сваей дзяржавы г. Смаленск, у выніку вайны зь Вялікім Маскоўскім княствам у 1408 г. вызначыў мяжу па рэках Угра і Ака.
У час Грунвальдзкай бітвы 1410 г. Вітаўт узначальваў літоўска-беларускія войскі (Полацкая, Віцебская, Гарадзенская, Пінская, Ваўкавыская, Лідзкая, Новагародзкая, Смаленская, Слонімская, Старадубская, Кіеўская, Амсьціслаўская і інш. харугвы), якія былі асноўнай сілай у разгроме крыжакоў. Пасьля гэтай перамогі паводле Мельнскай дамовы 1422 г. Вялікаму княству Літоўскаму вернутая Жмудзь.
[рэдагаваць] Вынікі ўладараньня
За Вітаўтам Беларуска-Літоўская дзяржава дасягнула найбольшай магутнасьці і памераў: ад Пскоўскай мяжы да Чорнага мора і ад Акі і Курска да Галіцыі. З мэтай узмацніць міжнародны прэстыж дзяржавы і сваё становішча ён двойчы (у 1429 і 1430 гг.) рабіў захады і ўчыняў зьезды наймагутнейшых валадароў Эўропы, каб прыняць каралеўскі тытул і карону. Але гэтаму перашкаджалі маґнаты Польшчы, якія не адмовіліся ад намеру аб’яднаць Польшчу зь Літвою.
Падчас княжаньня Вітаўта беларускім гарадам Берасьцю (1390) і іншым было прадастаўлена самакіраваньне паводле магдэбурскага права.
У 1420-я гады Віцебск, Полацак і Вільню наведаў Гіеранім Праскі — паплечнік Яна Гуса. У 1422 г. на дапамогу нацыянальна-вызваленчаму руху гусітаў у Чэхію прыбыў намеснік Вітаўта, унук Альгерда, Жыґімонт Карыбутавіч з 5-тысячным беларускім войскам. На чале сваіх гусіцкіх паплечнікаў у 1424 ён заняў Прагу, дзе абвесьціў сябе каралём і пэўны час імкнуўся ўмацаваць сваю ўладу. Але з-за ўскладненай сітуацыі ў Вялікім княстве Літоўскім вярнуўся на бацькаўшчыну.
Пасьля сьмерці Вітаўта вялікім князем быў прызначаны Сьвідрыгайла. У хуткім часе яго скінуў і заняў велікакняжацкі трон брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч.
[рэдагаваць] Народная памяць
Памяць пра вялікага князя Вітаўта стала замацавалася ў беларускай тапаніміі XVI—XVIII стст. Дасьледчыкі адзначаюць, што ў дакумэнтах гэтага пэрыяду фігуруе дастаткова шмат назваў геаграфічных ды іншых аб’ектаў, зьнітаваных зь імем Вітаўта. Прывядзем для прыкладу некаторыя зь іх:
- Вітаўтаў Брод (Бабруйшчына)
- Вітаўтаў дуб (Бешанковіччына)
- Вітаўтава Дарога, Вітаўтаў (Вітаў) Шлях (у розных частках Беларусі)
- Вітаўтаў Мост (на рацэ Цна пад Менскам)
- Вітаў Мост (Смалявіччына)
- Вітаўтавы Талеркі (камень з шасьцю адшліфаванымі паглыбленьнямі на Полаччыне)
- Вітаўтавы Відэльцы (камень на беразе ракі Вушачы)
- Вітаўка (поле на Бярэзіншчыне)
- Вітаўтава Студня (Барысаўшчына)
- Вітаў Лог (у тым жа рэгіёне)
[рэдагаваць] Літаратура
- Гэты тэкст напісаны пры дапамозе матэрыялаў старонкі Гісторыя Беларусі. Асобы.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Вітаўт — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
| Папярэднік: Ягайла |
Вялікі князь літоўскі 1392—1430 |
Наступнік: Сьвідрыгайла |
