Адам Станкевіч
| Адам Станкевіч | |
![]() Кс. Адам Станкевіч (не пазьней за сакавік 1925 г.) |
|
| Род дзейнасьці | каталіцкі сьвятар, выдавец, літаратуразнаўца |
|---|---|
| Дата нараджэньня | 6 студзеня 1892 |
| Месца нараджэньня | в. Арляняты, Ашмянскі павет, Віленская губэрня |
| Дата сьмерці | 29 сьнежня 1949 |
| Месца сьмерці | Тайшэт, Іркуцкая вобласьць, СССР |
Ада́м Станке́віч (6 студзеня 1892 па новым стылі — 29 сьнежня 1949) — беларускі каталіцкі сьвятар, літаратуразнаўца, выдавец, дзяяч беларускага адраджэньня ў Заходняй Беларусі. Кандыдат кананічнага права (1918).
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Нарадзіўся ў вёсцы Арляняты Ашмянскага павету Віленскай губэрні (цяпер Смаргонскі раён, Гарадзенская вобласьць) у сялянскай сям’і беларусаў-католікаў Вінцука і Антаніны Станкевічаў. Пачаў адукацыю ў царкоўна-прыходзкай школе ў в. Баруны, але праз год яго перавялі ў Гальшанскую народную школу. Далей вучыўся ў гарадзкой вучэльні ў Ашмянах[1]. Скончыў Віленскую духоўную сэмінарыю (1914) і духоўную акадэмію у Санкт-Пецярбурзе (1918). Супрацоўнічаў зь беларускімі часопісамі «Сьветач» і «Дзяньніца». 24 — 25 траўня 1917 году у Менску ўдзельнічаў у зьезьдзе беларускага каталіцкага духавенства. Адзін зь першых пачаў ужываць беларускую мову ў багаслужэньні. 3 1919 году выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі. У 1922 — 1928 гадох быў абраны паслом да польскага Сойму зь ліста Блёку нацыянальных меньшасьцяў. Пасьля зноў выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі, адкуль у 1933 годзе быў звольнены польскімі ўладамі. Да 1935 году працаваў у гандлёвай школе ў Вільні.
Апекваўся дзіцячымі прытулкамі, узначальваў Камітэт дапамогі ахвярам вайны, у 1924 годзе старшыня Таварыства беларускай школы, у 1926 годзе старшыня Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры. Быў галоўным рэдактарам і выдаўцом газэты беларускіх каталікоў «Крыніца», а потым выдаваў часапіс «Chryścijanskaja Dumka» ў 1927—1938 гадох. У 1928 годзе сумесна зь іншымі дзеячамі заснаваў Беларускае каталіцкае выдавецтва. За дзейнасьць па беларусізацыі Касьцёла ў 1938 годзе высланы польскімі ўладамі зь Вільні ў Слонім тэрмінам на 5 гадоў. Увосень 1939 году, пасьля заняцьця Заходняй Беларусі савецкімі войскамі, вярнуўся ў Вільню, дзе стаў дырэктарам Беларускай дзяржаўнай прагімназіі. Там жа перажыў Другую сусьветную вайну, будучы сьвятаром касьцёла сьвятога Міхала. Арыштаваны савецкімі ўладамі 7 сьнежня 1944 году, але неўзабаве адпушчаны. Паўторна арыштаваны 13 красавіка 1949 году, прысуджаны да 25 гадоў лягераў. Адпраўлены ў Азярлаг (лягер сыстэмы ГУЛАГ у Тайшэце, Іркуцкая вобласьць, Расея), дзе і памёр у той жа год. Пахаваны 10 сьнежня 1949 году на могілках палітзьняволеных каля вёскі Шаўчэнка Тайшэцкага раёну.
Творы [рэдагаваць]
- Doktor Francišak Skaryna — pieršy drukar biełaruski (1525 — 1925). Wilnia, 1925
- Biełaruskaja mowa ŭ škołach Biełarusi XVI i XVII st. Wilnia, 1928
- Rodnaja mowa ŭ światyniach. Wilnia, 1929
- Вітаўт Вялікі і Беларусы. Вільня, 1930
- Francis Bahušewič: Jaho žyćcio i tworčaść:
- U tryccatyja uhodki (1900 — 1930). Wilnia, 1930
- Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня. Вільня, 1935
- Міхал Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песьня. Вільня, 1938
- Biełaruski chryścijanski ruch. Wilnia, 1939
- Хрысьціянства і Беларускі народ. Вільня, 1940
Літаратура [рэдагаваць]
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Аляксей Вайткун, Тацяна Жук, Марына Ліс (6 студзеня 2012) Рукапісы не гараць. Адам Станкевіч Культура. Tut.by. Праверана 6 студзеня 2012 г.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Адам Станкевіч — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- АДАМ СТАНКЕВІЧ. Лявон Луцкевіч, Галіна Войцік, у тым ліку ў PDF-фармаце
- Адам Станкевіч — лідэр беларускага каталіцкага адраджэньня
- АДАМ СТАНКЕВІЧ. біяграфічны нарыс Уладзімера Арлова
- Імёны Свабоды: Адам Станкевіч
- “Ворагі Савецкага Саюза ніколі не былі маімі сябрамі...”: палітычная і грамадская аўтабіяграфія
- Нарадзіліся 6 студзеня
- Нарадзіліся ў 1892 годзе
- Асобы па альфабэце
- Памерлі 29 сьнежня
- Памерлі ў 1949 годзе
- Станкевічы
- Нарадзіліся ў Арлянятах
- Беларускія каталіцкія сьвятары
- Беларускія літаратуразнаўцы
- Беларускія парлямэнтарыі Польскай Рэспублікі (1918—1939)
- Выкладчыкі Віленскай беларускай гімназіі
- Рэпрэсаваныя ў БССР
- Перасьледы каталіцтва ў Беларусі
