Іван Луцкевіч
| Іван Луцкевіч | |
| Ян Герман Луцкевіч | |
![]() |
|
| Дата нараджэньня | 9 чэрвеня 1881 |
|---|---|
| Месца нараджэньня | |
| Дата сьмерці | 20 жніўня 1919 |
| Месца сьмерці | |
| Ян Герман Луцкевіч | |
герб «Навіна» |
|
| Асабістыя зьвесткі | |
| Род: | Луцкевічы |
| Бацькі: | Ян Баляслаў Зоф’я Эмерыкава з Лычкоўскіх |
| Рэлігія: | рыма-каталік |
Іва́н Луцке́віч, Ян Герман Луцкевіч гербу «Навіна» (9 чэрвеня 1881, Шаўлі Ковенскай губэрні, Расейская імпэрыя — 20 жніўня 1919, Закапанэ, Польшча; псэўданімы: Ян Міхальчык; Нашанівец; Шчасны; Palissander Нев.) — беларускі палітычны і грамадзкі дзяяч, публіцыст, археоляг. Пачынальнік беларускага нацыянальнага руху. Брат Антона Луцкевіча.
Зьмест |
[рэдагаваць] Жыцьцяпіс
Нарадзіўся 9 чэрвеня [ст. ст. 28 траўня] 1881 ў сям’і ўдзельніка паўстаньня Кастуся Каліноўскага, змагара за Рэч Паспалітую Абодвух Народаў.
У 1890 пачаў вучобу ў Лібаўскай гімназіі, у 1897—1902 — у Менскай гімназіі. У 1905 скончыў юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэта, адначасова ў 1902 — маскоўскі Археалягічны інстытут.
У 1903 быў адным з заснавальнікаў Беларускай рэвалюцыйнай грамады (пазьней Беларуская сацыялістычная грамада). За палітычную дзейнасьць у 1903 трапіў у астрог. У 1904-1905 працягваў вучобу ў Венскім універсітэце.
Актыўна ўдзельнічаў у рэвалюцыйных падзеях 1905 року ў Менску. Пад пагрозай арышту выехаў у пачатку 1906 у Вільню, дзе да 1908 знаходзіўся на нелегальным становішчы.
Паводле яго ініцыятывы былі выдадзеныя беларускія газэты «Наша доля» і «Наша Ніва», створаныя кнігавыдавецкія суполкі «Наша хата» (1908) і Беларускае выдавецкае таварыства (1913), а ў 1916—1918 выходзіла газэта «Гоман». У 1916—1920 гг. зь яго ініцыятывы ў Вільні адкрываецца Беларускі клюб, вакол якога гуртуецца аматарская драматычная дружына пад кіраўніцтвам Францішка Аляхновіча. У 1919 паводле ініцыятывы Івана Луцкевіча ў Вільні адбылося адкрыцьцё першай беларускай гімназіі, дзе ён выкладаў краязнаўства і беларусазнаўства.
Цяжка хварэў на сухоты. Каханая Юліяна Мэнке ў 1919 змагла завезьці яго на курорт у польскае Закапанэ, але было ўжо позна. Памёр у Закапаным (Польшча). Магілу Івана Луцкевіча выкрасьлілі з рэестраў прыблізна ў 1963. Прах Івана Луцкевіча, прывезены з Польшчы ў 1991, быў перазахаваны на віленскіх могілках Роса.
[рэдагаваць] Палітычная дзейнасьць
Іван Луцкевіч — змагар за незалежную Беларусь. Быў адным зь першых, хто зразумеў неабходнасьць дзяржаўнай незалежнасьці Бацькаўшчыны і разам з братам Антонам стаў ініцыятарам абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.
Выступаў за аднаўленьне на Беларусі царкоўнай уніі дзеля паяднаньня рэлігійнага і грамадзка-палітычнага рухаў у адзіным нацыянальна-адраджэнскім працэсе.
[рэдагаваць] Навуковая дзейнасьць
Аўтар навукова-публіцыстычных прац па гісторыі, мастацтве, кніжнай культуры Беларусі. Аўтар аповесьці «Дым і попел» — апісаньня знойдзенай ім рукапіснай кнігі беларускіх татараў «Аль-Кітаб» — помніку старабеларускай літаратуры XVI ст., пісаны арабскай графікай.
У калекцыях Івана Луцкевіча былі рэдкія экспанаты, якія пазьней сталі асновай створанага ў 1921 року першага Беларускага нацыянальнага музэю ў Вільні.
[рэдагаваць] Літаратура
- 28 траўня (9 чэрвеня) 1881. Нарадзіўся Іван Луцкевіч // Уладзімер Арлоў, Генадзь Сагановіч. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Мн., 1997.
- Сакрат Яновіч, Вітальд Ёсіп Кавалёў. «Наша пошта» // «Ніва» (Беласток) № 5 (1655), 31 студзеня 1988 г. — С. 7.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Łuckievič, Ivan // Zaprudnik, Jan. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998.— 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
